Вы тут

Музыка Ян Яраш: Я ўсё сам сабе ўжо даказаў...


Ён з тых маладых артыстаў, у асобе якіх гарманічна спалучаюцца талент, працавітасць і жаданне жыць па сваіх унутранных адчуваннях. Ён стапрацэнтна выкладваецца на сцэне, прычым не важна, вакальнае гэта шоу, сольны канцэрт альбо выступленне ў бары. Любіць эксперыментаваць і ведае, што ў кожнага свой час для поспеху, пошукаў і перамен. Падчас сустрэчы спявак падзяліўся думкамі пра музыку, падводныя камяні самапрасоўвання і прыярытэты…


— На вашым сайце можна сустрэць такія радкі: «Ян Яраш — гэта інтэлігентная музыка з арыентацыяй на сусветныя павевы». Што сёння для вас важна ў музыцы і наколькі гэта адрозніваецца ад тых часоў, калі вы толькі пачыналі як сольны артыст?

— У маёй творчасці асноўны пасыл — гэта музычнасць, прычым не важна, наколькі складана тое зрабіць. Таму што ў мяне было ўжо шмат праектаў, дзе я пераканаўся, як можна мудрагеліста закруціць нейкую ідэю і яе ніхто не зразумее. Хочацца як мага прасцей гаварыць пра складаныя рэчы. Гэта датычыцца перш за ўсё запісу музычнага матэрыялу. А вось падчас канцэртаў ужо можна дазволіць сабе эксперыментаваць. Напрыклад, адносна нядаўна мы рабілі канцэрт з Міхаілам Радунскім у суправаджэнні камернага аркестра, і для мяне гэта быў вельмі карысны вопыт, але я не раіў бы ісці на такія канцэрты тым, хто толькі пачаў знаёміцца з маёй творчасцю. І разам з тым рады, што прыйшлі тыя людзі, якія хацелі пачуць маю музыку менавіта ў такім ключы.

— Як паказаў чарговы адбор на «Еўрабачанне», ваша музыка адрозніваецца ад таго, што мы чуем сёння на эстрадзе... Можа, ведаеце, як выйсці на масавага слухача?

— Адбор на «Еўрабачанне» мне асабіста паказаў, што трэба было больш працаваць над рэкламай. Такіх высокіх адзнак журы я не чакаў. А потым ужо зразумеў: прадстаўляць Беларусь будзе VAL. Я бачу прычыну ў тым, што не меў настолькі шырокай піяр-кампаніі і каманды, якая б займалася маім прасоўваннем. Тая ж падтрымка, якую ім аказаў фестываль «Рок за Баброў» падчас прамога эфіру, у нас адсутнічала. Але калі б я мог прадбачыць, што журы ацэніць мяне так высока, то, вядома, мы дапрацавалі б і гэты кірунак. Не хапіла ўсяго каля 300 паведамленняў. Гэты вынік вельмі паказальны для мяне як для чалавека, які ўсяго дабіваецца сам.

— Няўжо пасля не ўзнікла думкі пашырыць каманду, наняць добрых піяршчыкаў...

— Не праблема знайсці піяршчыкаў і маркетолагаў, але такія спецыялісты каштуюць немалых грошай, і таму, лічу, да іх варта звяртацца, калі хочаш дасягнуць пэўнай мэты. На адбор ішоў, каб зразумець, як гэта — працаваць з музыкай такога фармату. Хоць, безумоўна, там і магчымасць самарэкламы ёсць. Але ўсё рабілася без нейкіх рэкламных бюджэтаў. Цікавіла, як прымуць мяне ў якасці творчай адзінкі людзі, якія з хваляваннем і душой ставяцца да «Еўрабачання». Ды і песня напісалася годная. Таму, вядома, крыху крыўдна, што ўсё магло б скласціся па-іншаму. Але ёсць стымул працаваць.

— Ведаю, вы пішаце музыку не толькі для сябе, але і для іншых маладых артыстаў. Як лічыце, што патрэбна сёння аўдыторыі, чым яе заваёўваць?

— Калі выйшаў альбом «Время не лечит», то мне здавалася — вось там такі сум, і калі б я пачуў яго ў свае 16 гадоў, атрымаў бы задавальненне. Здавалася, што ўсе падлеткі перажываюць аднолькавыя праблемы ў такім узросце. І я шчыра быў здзіўлены, калі пралічыўся. Бо песні большы водгук атрымалі ў людзей майго ўзросту і нават старэйшых, таму што яны сутыкаліся з падобнымі перажываннямі і праблемамі. Мяне гэта здзівіла: калі яшчэ жыць неўзаемным каханнем, як не ў 16 гадоў? А сучасная моладзь шукае магчымасці весяліцца. Ёй патрэбны рух. Але тыя ж нейкія вострыя фразы ў тэкстах я не магу сабе дазволіць, бо маю пэўныя ўнутраныя рамкі. Яны не дазваляюць мне ўжываць тую ж ненарматыўную лексіку. Разам з тым у жыцці кожнага ёсць такія рэчы, як неўзаемнае каханне, жорсткасць, жаданні, памылкі, і хочацца пра гэта гаварыць, дайсці да таго самага сэнсу, але зрабіўшы прыгожа, завуаляавана. Магчыма, маё імкненне падаваць слухачу ўсё ў такой абгортцы крыху адштурхоўвае яго, бо трэба «корпацца» ў матэрыяле, каб дайсці да сэнсу.

— А можа, уся прычына ў тым, што вам падабаецца быць самім сабой, а не падстройвацца пад чужыя чаканні?

— Я не вельмі люблю піярныя справы, бо маю вялікае жаданне займацца музыкай, а не яе прасоўваннем. Разам з тым, безумоўна, хочацца, каб твае песні гучалі для людзей, а не проста пісаліся ў гаражы для сябе. Імкнуся быць пачутым, магчыма, навучыць нечаму людзей з дапамогай музыкі, паказаць важнае. Усё жыццё займаючыся музыкай, я да пэўнага моманту ўспрымаў яе як спорт, як рэч, якую трэба разумець як мастацтва. Але ж ад таго, што я змагу хутчэй за некага іграць на фартэпіяна, не залежыць, ці будуць мяне слухаць. Бо вялікую ролю тут адыгрываюць настрой і дух часу. Калі ты ў іх трапляеш і бачыш, што менавіта твая музыка патрэбная людзям, то ў цябе атрымліваецца прарвацца праз інфармацыйны пузыр. Трэба проста даць слухачам тое, чаго яны хочуць, — але каб у тваёй музыцы было тое, што і праз гады прыцягне іх увагу, каб яны знайшлі глыбіню. Цяпер я гляджу ў такім кірунку. Не хачу нейкіх апраўданняў кшталту «я такі геніяльны, а мяне ніхто не разумее». Я раблю тое, што мне здаецца цікавым. Напрыклад, мы зладзілі канцэрт з Міхаілам Радунскім, да якога я зрабіў пералажэнне ўласных песень у ноты, сам пісаў партытуры. Не ўпэўнены, што кожны вакаліст, які піша сам, робіць аранжыроўкі і зводзіць свае трэкі. Я ўсё сам сабе ўжо даказаў, таму магу эксперыментаваць і глядзець, якая будзе рэакцыя.

— Якая музыка знаходзіцца ў вашым плэйлісце?

— Гадоў пяць таму я вылучаў 50 артыстаў, якія пачыналі набіраць абароты. І тады пераслухаў, прааналізаваў шмат рознай музыкі, бо было цікава, што патрэбна, каб быць у плыні. Аднак трэба слухаць яе і дзеля эмоцый. Цяпер таксама актыўна з'яўляюцца розныя артысты, якія спрабуюць трапіць у струмень, таму трэба разумець, што ў свеце адбываецца. Мне падабаецца чуць некаторых рэп-выканаўцаў, як, напрыклад, Juіce WRLD, 6іx9іne, Travіs Scott. Ёсць сапраўды таленавітыя людзі, і я слухаю іх, каб злавіць атмасферу часу. Мне важна, на што арыентуюцца слухачы.

— Калі музыка ў прыярытэце, то дзеля яе варта ахвяраваць нечым у жыцці?

— Яна — гэта тое, дзеля чаго я гатовы пайсці на ахвяры. Але цяпер маю цудоўныя адносіны з чалавекам, які прымае мае праблемы і ўсе абставіны цяперашняй рэальнасці. Мая дзяўчына бачыць побач чалавека, якога трэба падтрымаць у яго пошуках. Складанасць стасункаў з творчымі людзьмі ў тым, што яны альбо знаходзяцца ў крызісе, альбо жывуць у пастаяннай гонцы, каб выжываць. Я таксама кідаюся з аднаго стану ў іншы і добра разумею, як няпроста чалавеку побач са мной.

— Ці хапае часу на нейкія захапленні акрамя музыкі?

— Я люблю катацца на снаўбордзе, але сёлета пакуль што не ўдалося нікуды выбрацца. Атрымліваў вялікае задавальненне ад будаўніцтва студыі, у якой мы з маёй дзяўчынай усё рабілі сваімі рукамі. Яшчэ мне падабаецца гатаваць, але не для сябе. Сярод маіх інтарэсаў і чытанне, хоць калі разумею, што кніга не чапляе, то без шкадавання яе адкладваю.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва спевака

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?