Вы тут

Як віцебскія студэнты ходзяць у паходы


Ужо больш за дваццаць гадоў у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава існуе цудоўная традыцыя — збірацца ў паходы. Яны прысвечаныя памяці былога студэнта гэтай установы Пятра Міронавіча Машэрава, які калісьці быў пачынальнікам і арганізатарам першага лыжнага паходу, прымеркаванага да 20-годдзя Чырвонай Арміі. Тады маршрут быў ваенізаваны і пралягаў праз Віцебск — Оршу — Магілёў — Мінск. Падчас яго праводзіліся спаборніцтвы па стральбе, бегу на лыжах.

Цяпер жа сярод удзельнікаў такога мерапрыемства, акрамя студэнтаў, можна ўбачыць і магістрантаў, і аспірантаў, і выкладчыкаў з розных факультэтаў, з рознымі захапленнямі, але ўсіх іх яднае любоў да паходаў.

Традыцыя адрадзілася ў 1998 годзе дзякуючы старшаму выкладчыку кафедры фізічнага выхавання і спорту Андрэю СЕРАБРАКОВУ. На пытанне, як узнікла ідэя хадзіць у паходы, ён адказаў, што пасля першага ж вопыту ў яго з'явілася моцнае жаданне зноў адправіцца ў шлях. Аднак толькі цяпер кіраўнік разумее, як цяжка арганізаваць такое мерапрыемства.


Паходы адбываюцца ўвосень і ўзімку. Восеньскія пешыя маршруты звычайна доўжацца на працягу двух-трох дзён. Загадзя агучваюцца план і схема руху, вызначаюцца месца для прывалу, колькасць кіламетраў, якія трэба прайсці. У абмеркаванні і планаванні мерапрыемства на пачатковым этапе ўдзельнічаюць і самі студэнты, што, бясспрэчна, развівае іх арганізацыйныя здольнасці. У паходзе кожны бярэ на сябе пэўную ролю: хтосьці адказвае за харчаванне, кагосьці абіраюць капітанам валейбольнай каманды, абавязкова прызначаюцца дзяжурныя. Традыцыйна наведваецца Сенненскі раён — радзіма Машэрава — вёскі Машканы і Шыркі: у першай знаходзіцца школа, у якой вучыўся Пётр Машэраў, а ў другой стаіць яго родная хата.

Зімой машэраўцы рыхтуюцца да трох-чатырохдзённага лыжнага паходу. Іх маршрут пралягае па Расонскім раёне, што на Віцебшчыне. Менавіта сюды ў далёкім 1933-м пераехала сям'я Машэравых, а пасля ў гэтых мясцінах Пётр Міронавіч працаваў настаўнікам. Тут у гады Вялікай Айчыннай будучы першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі стварыў і ўзначаліў камсамольска-маладзёжнае падполле, адначасова пад імем Дубняк займаўся арганізацыяй партызанскага руху. У 2019 годзе ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў памяць аб суайчынніку юнымі паслядоўнікамі Машэрава была пасаджана дубовая алея на тэрыторыі дома-музея партызанскай славы ў вёсцы Межна.

Менавіта ў дарозе група з дзесяці-пятнаццаці чалавек становіцца адзінай згуртаванай камандай, дзе ўсе разам вучацца жыць у прыродных умовах, удзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах, ствараюць творчыя нумары. Умовы экспедыцыі дапамагаюць удзельнікам раскрываць у сабе схаваныя таленты, развіваць сілу волі, калектывізм, таварыскасць, уменне прыйсці на дапамогу. Наведваючы мясціны, звязаныя з лёсам Пятра Міронавіча, віцебскія патрыёты аказваюць дапамогу пажылым і адзінокім, акультурваюць помнікі загінулым у Вялікай Айчыннай вайне. Хлопцы і дзяўчаты праводзяць сур'ёзную работу: ачышчаюць бетонныя надпісы, мыюць гранітныя пліты, фарбуюць агароджы, наводзяць парадак вакол помнікаў, могілак невядомым салдатам, адбываецца ўрачыстае ўскладанне кветак.

Кожны чарговы паход — гэта зборная каманда з так званымі навічкамі і бывалымі, якія
добра ведаюць гэтую «кухню» і могуць падказаць тое-сёе маладым, дапамагчы адаптавацца ў неспрыяльных умовах. Начлег праводзяць у прыватных дамах альбо памяшканнях, што выдзяляюць установы адукацыі. Калі паходная каманда размяшчаецца ў прыватным доме, то студэнты абавязкова аказваюць гаспадару неабходную дапамогу: носяць ваду, колюць дровы, расчышчаюць снег. Для прадстаўнікоў універсітэта мясцовыя школьнікі праводзяць цікавыя экскурсіі, арганізоўваюць дыскатэкі, ладзяць таварыскія спаборніцтвы паміж юнымі выхаванцамі ўстановы і гасцямі, абмен літаратурай і многае іншае.

— Не заўсёды ўсё запланаванае арганізатарамі праходзіла як мае быць, адбываліся і форс-мажорныя сітуацыі, — дзеліцца ўспамінамі Андрэй Іосіфавіч. — Нярэдка бывала, што падводзілі тыя, з кім дамаўляліся пра начлег у зімовы перыяд, калі не выкарыстоўваюцца палаткі. Даводзілася хутка шукаць выйсце.

Самае цікавае, — па словах адной з удзельніц былых паходаў, колішняй студэнткі Святланы Сідаравай, — гэта сама лыжная хада па лесе, возеры, калі кожны суладна ідзе адзін за адным. Маладыя людзі пераадольваюць вялікую адлегласць. Канешне, іх суправаджае транспарт. Звычайна гэта аўтобус, што прывозіць каманду да пэўнага месца, з якога пачынаецца маршрут, і чакае ўсіх на канчатковым пункце. Вядома, не ўсе могуць разлічыць свае сілы: прайсці не адзін дзясятак кіламетраў у грувасткім адзенні з вялікім заплечнікам, ды яшчэ на лыжах, не кожнаму пад сілу. Трэба разумець, што зіма, лёд, снег, колкі вецер у твар — не вельмі спрыяльныя ўмовы для гарадскога жыхара, які ўпершыню ў сваім жыцці аказаўся ў паходзе. І таму, калі чалавек разумее, што яму складана ісці з усімі, наступным разам ён можа застацца ў аўтобусе, напрыклад, у якасці кухара. На ім будуць гаспадарчыя абавязкі — развядзенне вогнішча, прыгатаванне вячэры і іншыя справы.

Можна ўявіць, як прыемна камандзе вяртацца да прыстанку, дзе ўжо чакаюць гарачая каша, духмяная юшка і падрыхтаваны лагер! А пасля паходнай вячэры гучаць песні і цікавыя гісторыі ля агульнага вогнішча... Уся стомленасць адразу знікае.

Падобныя патрыятычныя вандроўкі з'яўляюцца аддушынай для рознаўзроставых удзельнікаў, своеасаблівым перапынкам паміж штодзённымі аўдыторскімі буднямі. Машэраўцы расказваюць, што ў паходзе яны быццам пераносяцца ў далёкае мінулае сваіх бацькоў з піянерскімі вогнішчамі і гітарай, адначасова з гэтым кожны адчувае свой значны ўнёсак у агульную справу.

Па словах кіраўніка і арганізатара Андрэя Серабракова, усё больш людзей, якія хоць аднойчы пабывалі ў такім паходзе, не могуць адмовіцца наступны раз.

Анд­рэй Се­раб­ра­коў атрым­лі­вае ўзна­га­ро­ду ад уні­вер­сі­тэ­та як пе­ра­мож­ца ў на­мі­на­цыі «За ўнё­сак у па­тры­я­тыч­нае вы­ха­ван­не», 2019 год.

Сёння паміж былымі студэнтамі ВНУ склалася новая традыцыя: кіраўнік паходаў збірае раз на пяць гадоў усіх сваіх выпускнікоў, якія хадзілі з ім у вандроўкі. І сёлета якраз адбудзецца такая сустрэча, дзе будуць згадвацца самыя цудоўныя моманты спартыўнага мінулага, паходы, падчас якіх многія знайшлі сапраўдных сяброў, сваё каханне. І, нягледзячы на занятасць, пасады і ўзрост, дарослыя машэраўцы з задавальненнем згуляюць у валейбол і праспяваюць песні каля вогнішча. Яны падтрымліваюць гэтую традыцыю, бо любоў да паходаў, прывітая мудрым кіраўніком у студэнцтве, застаецца назаўсёды.

Надзея ЗУЕВА, г. Віцебск

Фота дадзена ВДУ імя П. М. Машэрава і ўдзельнікамі паходаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».