Вы тут

Як працуе найлепшы педагагічны атрад Мінска


Летась у рамках Усебеларускага злёту студэнцкіх атрадаў «Час руху!» Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі падвёў вынікі конкурсу «Працоўны семестр». Згодна з імі зводны педагагічны атрад Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка «Сузор'е» стаў пераможцам у намінацыі «Найлепшы педагагічны атрад Мінска». Таксама ў адпаведных намінацыях перамаглі яго камандзір, студэнт чацвёртага курса філалагічнага факультэта БДПУ Павел ЛАПАЦІНСКІ, і камісар, студэнтка чацвёртага курса таго ж факультэта Дар'я ГАЛАВАШ. Маладыя людзі не першы год у студатрадаўскім руху, таму могуць падрабязна расказаць пра свой вопыт і натхніць іншых на такі занятак.


Па­вел Ла­па­цін­скі (у цэнт­ры) з атра­дам.

— Яшчэ да паступлення я цікавіўся студэнцкімі атрадамі: два гады быў валанцёрам у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», дапамагаў важатым з арганізацыяй вольнага часу школьнікаў, — падзяліўся дваццацігадовы Паша. — Зразумела, у будучыні хацелася і самому паехаць туды ў якасці важатага. Таму на другім курсе ўступіў у педатрад «Сузор'е» і адразу стаў яго камандзірам. Маёй асноўнай задачай на працягу двух гадоў было раскрыць найлепшыя здольнасці кожнага ў камандзе, падтрымаць, калі трэба, а таксама знайсці падыход да ўсіх дзяцей. Мы прыдумвалі для іх розныя гульні, цікавыя конкурсы, арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы. Імкнуліся, каб летні адпачынак быў яркі і незабыўны.

У каманду «Сузор'я» трапляюць толькі працавітыя, мэтанакіраваныя і творчыя маладыя людзі. Тыя, хто мае выдатныя поспехі ў вучобе, а таксама з'яўляецца лідарамі грамадскіх арганізацый.

 — Штогод з імі праводзяцца псіхалагічныя трэнінгі, майстар-класы ў рамках «Школы важацкага майстэрства». У першую чаргу студэнты хочуць тыя веды, якія яны атрымалі ва ўніверсітэце, апрабаваць на практыцы, — дадаў суразмоўнік.

Дваццаціаднагадовая Дар'я са школьных гадоў марыла пра работу важатай у дзіцячым цэнтры «Зубраня». Да паступлення сачыла за педагагічным атрадам «Сузор'е» ў сацсетках, бачыла, якія яркія эмоцыі засталіся ў тых, хто ўжо прайшоў праз свой першы працоўны семестр. На першым курсе дзяўчына прайшла сумоўе ў гэты атрад і паехала ў «Зубраня» амаль на месяц.

— З таго часу сваё лета праводзіла там. Складана было толькі першы раз. Перад кожным працоўным семестрам з намі праводзілася навучанне. Нягледзячы на тое што цяпер я ўжо дастаткова вопытная ў гэтай сферы, штораз наведвала іх з задавальненнем. У «Зубраняці» я была адказная за дзяцей шасці — адзінаццаці гадоў. Гэта мая любімая ўзроставая катэгорыя: такія дзяўчынкі і хлопчыкі заўсёды вельмі ўдзячныя, паважліва ставяцца да нас, ахвотна ўзаемадзейнічаюць. Энергія ў іх б'е праз край, на месцы не сядзяць ні хвіліны! Мне больш за ўсё падабалася працаваць з імі над тымі праектамі, да якіх трэба было грунтоўна рыхтавацца, дзе задзейнічана шмат сіл. Вядома, праз пэўны час гэта выклікала невялікую стомленасць, аднак усмешкі і павага дзяцей — самае прыемнае для мяне ў такім вопыце, — кажа Дар'я.

Ка­мі­сар Да­р'я Га­ла­ваш.

Адпачывалі важатыя, збіраючыся на вячэрніх сходах пасля рабочага дня: абмяркоўвалі цікавыя падзеі, слухалі прапановы адно аднаго, падтрымлівалі, шукалі адказы на хвалюючыя пытанні. На думку Дашы, менавіта занятасць у «Зубраняці» дапамагла раскрыць ва ўсіх студэнтаў з атрада такія якасці, як камунікабельнасць і ініцыятыўнасць.

— Па-іншаму проста немагчыма! Бо дзеці заўсёды хочуць бачыць побач з сабой самага вясёлага, адказнага, адным словам — клёвага педагога. Дарэчы, я стараюся падтрымліваць сувязь з маімі «зубранятамі» і цяпер. Здараецца, сустракаю іх у школах ці на вуліцах Мінска, — кажа дзяўчына.

Сёлета камандзірам педагагічнага атрада «Сузор'е» стала трэцякурсніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ дзевятнаццацігадовая Ева ПАЛОНСКАЯ.

Ева Па­лон­ская пад­час пра­цоў­на­га се­мест­ра.

— Лічу сябе творчай асобай: вельмі люблю танцаваць, спяваць, добра іграю на гітары. А яшчэ імкнуся быць актыўнай усюды, таму калі на другім курсе даведалася пра магчымасць папрацаваць у педагагічным атрадзе ў «Зубраняці», адразу ж запісалася. Конкурс у каманду быў два чалавекі на месца, глядзелі на сярэдні бал паспяховасці ў вучобе, а таксама на нашы здольнасці і ўменні. Трэба было прыдумляць творчыя нумары, удзельнічаць у конкурсах, нават рашаць розныя лагічныя задачы. Такім чынам я апынулася ў дзіцячым цэнтры ў якасці важатай амаль на ўсё лета. Першая мая змена прайшла з дзецьмі шасці — адзінаццаці гадоў, другая — з маленькімі футбалістамі з Расіі шасці — васьмі гадоў, трэцяя — з падлеткамі шаснаццаці — сямнаццаці гадоў. Я адкрыты чалавек, таму адразу знайшла з выхаванцамі агульную мову. Кожны наш дзень быў напоўнены яркімі падзеямі, і мне радасна ад таго, што «зубранятам» спадабалася праводзіць са мной летні адпачынак. Дарэчы, да атрымання досведу ў гэтым месцы я працавала ў іншых дзіцячых лагерах і санаторыях і магу сказаць, што атмасферу ў «Зубраняці» нельга параўнаць ні з чым, — падкрэслівае суразмоўніца.

Пасля працоўнага семестра Ева і іншыя студэнты з атрада падтрымліваюць сувязь паміж сабою, сустракаюцца на розных мерапрыемствах.

— Такі вопыт, безумоўна, дае безліч карысных навыкаў, якія спатрэбяцца ў жыцці, а таксама шмат знаёмстваў. Нам як будучым педагогам гэта вельмі важна для далейшага станаўлення ў прафесіі. Спадзяюся, сітуацыя з каранавірусам не перашкодзіць нам улетку так жа крута адпачыць і папрацаваць, як і ў папярэднія гады. Дарэчы, некаторыя мае знаёмыя і аднагрупнікі таксама зацікавіліся студатрадаўскім рухам і ўжо гэтым летам плануюць паехаць у «Зубраня» разам з намі.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзены героямі

Загаловак у газеце: «Сузор'е» клёвых педагогаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Кожны дзень тут, як і ў звычайнай школе, праходзіць па раскладзе.

Грамадства

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

Як валанцёрскі рух падтрымлівае чатырохлапых «сяброў».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам трэба звярнуць увагу на знакі, якія пасылае лёс.