Вы тут

Здабыткі агульнай гісторыі


Новыя кнігі Уладзіміра Ліхадзедава былі прэзентаваны падчас урачыстага адкрыцця выстаўкі «Вайна і мір. Беларусь памятае. Вяртанне» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Гэта трэці — завяршальны — этап маштабнага культурна-гістарычнага праекта, арганізаванага Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя прымеркавана да 75-годдзя Вялікай Перамогі.


— Пра гэтую выстаўку можна расказаць літаральна ў трох словах, — заўважыў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі падчас цырымоніі адкрыцця. — Перш за ўсё яна пра Вялікую Перамогу, пра тое, як у перыяд ад 1812 да 1945 года загартоўвалася не сталь, а дух народа-пераможцы. Пра незалежнасць, якую сваёй працай, потам і крывёю здабылі нашы дзяды і прадзеды. І, нарэшце, пра паплечніцтва, пра ўсіх бескарыслівых і самаадданых людзей, якія не дзеля грошай і славы, а па закліку сэрца робяць справу, што потым становіцца агульным здабыткам, агульнай гісторыяй. Выстаўка нібы падводзіць вынік гэтай каласальнай сумеснай працы.

У экспазіцыі прадстаўлены прадметы з асабістага збору краязнаўцы і калекцыянера, публіцыста, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава, якія збіраліся не адно дзесяцігоддзе. Рукапісныя дакументы, карты, старадрукі, рэдкія кнігі, перыядычныя выданні — усё расказвае пра жыццё беларусаў у розныя гістарычныя перыяды, у часы мірнага жыцця і  ліхалецця. Цэнтральную частку займаюць каля 30 кніг серыі «У пошуках страчанага» і іншых выданняў Уладзіміра Ліхадзедава, дзе змешчаны ўнікальныя дакументальныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць гістарычнае мінулае беларускай зямлі ў перыяды вайны і міру з 1812 па 1945 гг. Прэзентаваны таксама некалькі навінак: Выдавецкі дом «Звязда» прадставіў кнігі «Блокада» (пра беларусаў — жыхароў і абаронцаў — блакаднага Ленінграда) і «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Важная частка апошняй — красамоўны аповед пра выгляд і становішча беларускіх мястэчак і гарадоў да вайны, падчас і пасля яе. У ліку новых выданняў — «Беларусь шматнацыянальная». Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Альфа кніга».

Падчас урачыстага адкрыцця выстаўкі старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч распавёў:

— Больш чым 1,3 мільёна жыхароў Беларусі ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод беларусаў 446 Герояў Савецкага Саюза, прытым чацвёра з іх уганараваны гэтым званнем двойчы. Больш як 400 тысяч беларусаў атрымалі баявыя ордэны і медалі. Яны любілі Беларусь і сваім прыкладам паказвалі, як гэта трэба рабіць... Мір і спакой, які мы сёння маем, трэба не толькі захоўваць, але і адстойваць, бо мы атрымалі гэтую спадчыну не дарэмна і згубіць яе права не маем.

Сярод найкаштоўнешых экспанатаў — арыгінальныя літаграфіі ўдзельніка напалеонаўскай кампаніі, мастака-баталіста Фабера дэ Фора, баявыя лісткі за 1944 год, «Прывiлей караля польскага i вялiкага князя лiтоўскага Жыгiмонта Вазы», напісаны старабеларускай мовай і датаваны пачаткам XVII стагоддзя. Араганізатары адзначылі: некаторыя прадметы перададзены Уладзімірам Ліхадзедавым у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Між тым усе ўдзельнікі адкрыцця атрымалі ў падарунак сувеніры — рэпрынты старых паштовак з выявамі беларускіх гарадоў і мястэчак і копіі старонак «Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў».

Выстаўка «Вайна і мір. Беларусь памятае. Вяртанне» будзе адкрыта для наведвальнікаў да 30 снежня.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.