Трапіць у атмасферу мінулага стагоддзя, апынуцца ў працоўным пакоі паэта і вучонага Пятра Глебкі запрашае Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. З нагоды 115-гадовага юбілею пісьменніка ў межах сумеснага праекта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Выдавецкага дома «Звязда» «На хвалі часу, у плыні жыцця», прымеркаванага да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання «Маладняк», у сеціве на канале YouTube выкладзена відэаэкскурсія па мемарыяльным кабінеце Пятра Глебкі.
Навуковы супрацоўнік бібліятэкі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Віктар Свякла распавядае гісторыю стварэння мемарыяльнага кабінета, паказвае ўнікальныя кнігі з асабістай бібліятэкі паэта. Адзін з самых багатых асабістых кнігазбораў пісьменніка налічвае больш чым 3800 выданняў на беларускай, украінскай, рускай і іншых мовах. На ўрачыстасці, прымеркаванай да адкрыцця бібліятэкі ў 1967 годзе, у шэрагу іншых знакамітых асоб прысутнічаў і Пятро Глебка. Тады ён і выказаў намер, каб пасля яго смерці ўсе кнігі былі перададзены ў гэтую ўстанову. Разам з кнігазборам у бібліятэку перадалі і абсталяванне кабінета. Супрацоўнікі бібліятэкі ўзнавілі інтэр’ер. На кватэры творцы па вуліцы Карла Маркса памяшканне выглядала менавіта так: і мэбля, і ўпрыгожанні, і партрэты, і бюст пісьменніка работы Заіра Азгура займаюць свае звыклыя месцы.
Дарэчы, на бюсце Пятро Глебка выяўлены ў вышыванцы. Ёсць уласная вышыванка Глебкі з чырвоным арнаментам і сярод экспанатаў кабінета. Гавораць, што была ў яго вышыванка і з блакітным...
А кнігі пісьменнік збіраў на працягу ўсяго жыцця. З рарытэтаў — старадрук 1804 года выдання і «Статут ВКЛ», выдадзены ў 1811 годзе.
Усімі кнігамі, якія былі ўласнасцю Пятра Глебкі, любы чытач бібліятэкі можа карыстацца, папярэдне іх замовіўшы.
У кабінет паэта можна трапіць і на рэсурсе libglebka.basnet.by, а калі будуць знятыя абмежаванні і ЦНБ НАН Беларусі адкрыецца для чытачоў, экскурсію можна будзе замовіць не толькі віртуальную, але і рэальную.
Яна БУДОВІЧ
Ваенны карэспандэнт павінен быць гатовы да ўсяго!
Камарын: аб чым маўчыць Днепр.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?