Вы тут

Таццяна Сівец: Прамовіць тое, што важна


Некалькі гадоў таму паэтэса, пісьменніца і перакладчыца Таццяна Сівец пакінула літаратурнае асяроддзе і стала галоўным рэдактарам газеты «Медыцынскі веснік». Паразмаўлялі з ёй пра змены ў жыцці, творчасці і рэчаіснасці


— Калі вы зразумелі, што літаратура, праца са словам для вас — не проста хобі?

— Відаць, яшчэ ў школе, калі адчула сапраўдную роднасць беларускай мовы. Літаратура, творчасць і  мова для мяне знітаваныя ў адно. Бо толькі на беларускай мове, у якой закладзена ўсё: ад генетычнага кода нашага народа да псіхалогіі беларусаў — айчынны творца можа напоўніцу выказацца, праявіць і  сябе, і тое вялікае, што завецца Радзімай. Я памятаю гэтае абсалютна дзіцячае адчуванне, калі прамаўляеш словы і адчуваеш прыемны смак беларускай мовы. У маім дзяцінстве не было столькі цукерак, колькі ў сённяшніх дзяцей... (Усміхаецца.) Ды і мовы беларускай доўгі час не было. Калі свой першы верш я  напісала па-беларуску, гэта сталася для мяне праявай унутранай беларускасці. Тады мне трапіўся часопіс «Бярозка» і для мяне сталі адкрыццём творы Анатоля Сыса, Вольгі Куртаніч, многіх іншых — тады яшчэ маладых творцаў, якія з першымі кніжкамі толькі ўваходзілі ў літаратуру. Іх мова, свежы позірк на свет і  ўнутраная свабода захаплялі. Адкрываць для сябе свабоду ў дваццаць гадоў — адчуванне неверагоднае. Калі гэтага вопыту не было ў маладосці, яго цяжка займець праз гады.

Першыя вершы былі жаданнем наблізіцца да адчування свабоды, якую я ўбачыла ў згаданых творах. Пасля з’явілася прага сказаць штосьці сваё. І вось гэта, мне здаецца, у любога творцы галоўнае: табе ёсць, што сказаць.

Быў цікавы час — дзевяностыя… Калі вяртаюся да яго — адчуванне, што гэта гадоў сто таму  — настолькі імкліва змяніўся свет. У мяне ў  буквары яшчэ быў партрэт Леніна. Памятаю, што ў першым класе яшчэ дужа перажывала з-за таго, што Ленін памёр. І  вось, прыходзяць новыя падручнікі, з’яўляюцца новыя партрэты, інфармацыя пра тое, што наша гісторыя пачалася не з 1917 года... І гэта ўсё адначасова звальваецца на чалавека ў  дзесяць-адзінаццаць гадоў. Цяперашнія дзеці паступова ўваходзяць у нацыянальную культурную прастору. На маё пакаленне гэта ўсё проста ўпала. Я патрапіла, як і многія, у гэтую плынь і, натуральна, пачала больш востра ўспрымаць змены вакол. Мы ў школе пачалі размаўляць па-беларуску, чытаць вершы, «ЛіМ» — так спрабавалі асэнсаваць сучаснасць — настолькі яна была нечаканая, незразумелая.

Аднак мне заўсёды шанцавала на настаўнікаў. Воляю лёсу трапіла ў літаратурнае аб’яднанне, якое вёў вядомы пісьменнік Артур Вітальевіч Вольскі. Да твораў маладых ён ставіўся настолькі даткліва, што ніколі не казаў: «Выкраслі гэта, гэта кепска», а раіў: «Вось так будзе лепш». І гэты прыклад чалавека, які не адмаўляў твайго ўнутранага права сказаць, але паказваў, як гэта зрабіць лепш, больш выразна і моцна, стаў для мяне вельмі прынцыповым. І калі мне даводзіцца часам рэдагаваць вершы маладых аўтараў, я трымаюся гэтага ўзору.

— Якія чаканні былі ў вас на пачатку творчага шляху? Якой вам бачылася будучыня?

— Складанае пытанне, бо я і цяпер не магу сказаць, што займаюся літаратурай прафесійна. Ці можа чалавек лічыць сябе прафесійным пісьменнікам, калі ён гэтым не зарабляе?.. Для мяне пытанне адкрытае. Добра, што пісьменнікаў выключылі з  ліку тунеядцаў, але гэта, на жаль, прыцягнула ў   шэрагі пісьменніцкай суполкі шмат тых, каму трэба толькі «корачка».

— А ці была ў вас увогуле думка пра тое, што творчасцю магчыма зарабіць?

— Ілюзій наконт заробку грошай у мяне не было ад пачатку. Я, канечне, ведала гісторыі нашых класікаў, якія за першую кніжку купілі сабе калі не машыну, то прынамсі касцюм... За першую кніжку нічога сабе не купіла, як і за другую (Усміхаецца.). Сёння можна выдаць кніжку, нічога ў гэты працэс не ўкладаючы, але пасля ўсё адно давядзецца яе прадаваць, выступаць… А калі ў пісьменніка таленту да продажаў няма, яму жывецца больш складана.

Іншая справа, калі творчасць прыходзіць у жыццё: ад яе вельмі цяжка адмовіцца. Адмовіцца ад шчасця апошняй кропкі ў свядомым розуме немагчыма.

— А наколькі магчымы маркетынг і менеджмент у літаратуры? У праграме «Суразмоўцы» з Навумам Гальпяровічам вы казалі, што цяпер, калі б аказаліся галоўным рэдактарам «Маладосці» або «ЛіМа», зрабілі б усё па-іншаму. Як менавіта?

— Гэта няпростае пытанне. Вельмі паважаю працу сваіх калег, працу насамрэч непад’ёмную. Калі б я з цяперашнімі ведамі апынулася ў тым часе і на той пасадзе, больш увагі надавала б таму, каб слухаць аўдыторыю. Гэта вельмі важна — адчуваць унутраны попыт людзей яшчэ да таго, як яны самі сфармулявалі яго. Законы маркетынгу працуюць паўсюль аднолькава: мы павінны даць спажыўцу тое, чаго ў яго няма. Тады, калі сацсеткі не былі яшчэ настолькі папулярныя, у нас была магчымасць пэўную частку аўдыторыі, якая пазней сышла туды, прыцягнуць да літаратуры. Я шкадую, што не здолела… Але для гэтага трэба было мець веды і ў маркетынгу, і ў эканоміцы… Зрэшты, кожны павінен займацца сваёй справай: маркетолагі — думаць пра продажы, а творцы — весці за сабой аўдыторыю.

— Як змянілася літаратурная сітуацыя ў апошнія гады?

— Жыццё змяняецца — гэта асноўны закон Сусвету. Ёсць натуральныя фактары, якія прымушаюць літаратуру развівацца, у тым ліку законы рынку. Аднак застой — горшае, што можа напаткаць літпрацэс. Чым болей мусіць пераадольваць творчая асоба, тым больш яна расце ўнутрана.

За гэтыя гады ў айчынных творцаў з’явілася больш магчымасцей выйсці на міжнародны ўзровень. Можна камунікаваць з калегамі па ўсім свеце, і гэта добра адбіваецца на перакладчыцкім працэсе. Калі я перастварала тую ж азербайджанскую паэзію, то адкрыла для сябе цэлы пласт філасофскай лірыкі, якога няма ў  нашай літаратуры. І, пераклаўшы, увяла гэты кантэкст у нашую літаратуру.

Памянялася і стаўленне да класікаў. Цяпер мы глядзім на іх як на асоб са сваімі жарсцямі, марамі, каханнем. І гэта робіць літаратуру бліжэйшай да нас. І для сённяшніх творцаў вельмі важна адчуваць увагу чытача. Чаму сёння столькі творцаў сышло ў сацсеткі  — там адразу можна атрымаць водгук.

Рада, што ў нас не згублена традыцыя падтрымкі маладых аўтараў, выдання кніжак маладых. Часопіс «Маладосць» паставіў квоту да 35 гадоў. Я лічу, што гэта правільна: каб моладзь ведала, што гэта іх часопіс.

Свабода і незалежнасць — гэта вялікая адказнасць, яна вымагае ад нас пэўных дзеянняў. Пісьменнікі, як ніхто, адчуваюць адказнасць за кожнае сваё слова. Памятаю, Сяргей Жадан у інтэрв’ю расказваў, што, каб стварыць пэўныя тэксты, ён ездзіў па Украіне, быў на месцы ваенных дзеянняў, чытаў вершы пад кулямі. Бо нават пад кулямі людзі праглі паэтычнага слова. Таму што слова часам мае такую ж моц, як зброя.

Гэта галоўнае, да чаго мы сёння прыйшлі, — да цаны слова, да адказнасці за яго, да разумення, што нашы словы і ўчынкі здольны змяніць гісторыю.

— У «Суразмоўцах» вы распавядалі, што апошнія гады ў вашым жыцці былі перыядам асабістай перабудовы, таму вы чатыры гады не давалі інтэрв’ю. Азіраючыся на гэты час, ці змяніліся вашы творчыя прынцыпы?

— Творчыя прынцыпы, на шчасце, не мяняюцца. Яны, можа, выкрышталізаваліся. Але галоўны прынцып творчасці я ўжо агучыла: гэта свабода і праўдзівасць. Пішу пра тое, што мяне хвалюе, што мне падаецца важным. Напісала п’есу пра анкалогію — пра маладую перспектыўную журналістку, якая раптам зразумела, што ў яе рак малочнай залозы. Мяне проста агаломшыла, калі я, толькі дапісаўшы п’есу, пабачыла ў Фэйсбуку гісторыю Наташы Бардзілоўскай, літаральна тое ж, пра што я напісала. Гэта вельмі балючая тэма. У нас чамусьці існуе пэўнае табу на згадкі пра анкалогію: быццам, калі пра яе не гаварыць, цябе хвароба не закране. Але гэта не так. Такое можа здарыцца з  кожным. І гэта драма ўзроўню ўнутранай вайны: калі хвароба выкідае чалавека са звыклага жыцця, разбурае ўсе планы. І вельмі важна, каб чалавек з такім дыягназам не апынуўся ў вакууме.

Гаварыць варта пра ўсё. Таму што страх забівае творчасць. Год, калі я змяніла сваё жыццё, — яшчэ і  год выдання маёй кнігі, якая называецца «Разняволенасць». Для мяне гэта быў своеасаблівы маніфест. Доўга вагалася, таму што і  ў  маёй душы жыве ўнутраны цэнзар, і толькі ад градусу ўнутранай свабоды залежыць, ці дазволіш ты сабе перамагчы страх і прамовіць тое, што важна. Магчыма, за гэты час я стала больш свабоднай.

— Як творчасць уплывае на здароўе?

— Для мяне творчасць заўсёды была пэўнай тэрапіяй. Калі табе кепска, ты бярэш з паліцы кніжку аўтара, якому таксама баліць, і становіцца лягчэй. Іншы бок тэрапіі творчасцю — калі ты ўласны боль выліваеш у словы і такім чынам яго пражываеш. Творцы — людзі шчаслівыя: у іх ёсць магчымасць псіхатэрапіі без псіхатэрапеўта. У гэтым сэнсе літаратура лечыць нават пісьменнікаў (Смяецца.).

Многія баяцца заставацца сам-насам са сваімі думкамі. Страшна бывае зірнуць у вочы чалавеку, які адбіваецца ў люстэрку. І кніга — умоўны суразмоўца, дзякуючы якому чалавек ніколі не застаецца адзін. Але пры гэтым пазіраеш вачыма аўтара на сябе, пражываеш разам з ім праблему і сябе разумееш лепш.

— Як небанальна сказаць камусьці «Вы мой любімы пісьменнік»?

— Для пісьменніка найлепшае, калі вы прыйдзеце з яго кніжкай, якую купілі, а не просіце падарыць. Мне, напрыклад, адна жанчына сказала, што яе дачка шукала маю кнігу ў кнігарнях па ўсім горадзе — і знайшла. Я тады была неверагодна шчаслівая. А сама неяк напісала пра любімага паэта курсавую работу.

 — Калі б вы сёння сустрэліся з сабой, старэйшай на дзесяць гадоў, што б вы хацелі пачуць ад сябе?

— Галоўнае — што я жывая, у маіх блізкіх усё добра, наша незалежная краіна жыве. А фраза, якую я дакладна хацела б пачуць, такая: «Ты ўсё зрабіла правільна».

Гутарыла Дар’я СМІРНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».