Вы тут

«Як зоры важаць час…». Па матывах творчасці Васіля Зуёнка


Калыска паэтычнага дару Васіля Зуёнка — невялікі лапік зямлі з вёскай Мачулішча і яе ваколіцамі і краявідамі, што ў Крупскім раёне на Міншчыне. Вёска знешне непрыкметная, піша В. Зуёнак у  нядаўнім лісце да нас, аднак знакамітая «водным, крынічным багаццем: з аднаго боку — рэчка Нача, з  другога — амаль ля самых хат — яе прыток Талінка. Па талай вадзе разлівалася яна ў сапраўднае возера, куды прыходзілі на нераст метровыя шчупакі, а па восені — плёсам-мачылам, дзе “спрадвеку лён мачылі…” Хата ж у нас  — таксама знакамітая: да нашага ўсялення была карчма. А ў хаце — сёстры-пявунні Зіна і Каця са школьнымі чытанкамі, багатымі на вершы, і аматар іх паслухаць тата, дарэчы, лірычна настроены (асабліва калі выбіраліся з ім у  лес ці на сенажаць, што квяціста збягала ад узгорыстага сасняка да Начы — наперагонкі з падгорнымі крыніцамі), і мама — у  светлым, заўсёдным клопаце… “Так і тут” нараджалася пачуццё, чуйнае да паэзіі, пранесенае (ужо ва ўспамінах) праз усе наступныя часы і дарогі…»


Родная вёска паэта — месца гістарычнае: тут некалі праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Спрадвечная сялянская зямля...

Мачулішча...

Відаць, і пры Ярыле

Ільны ў нас сеялі,

Вымочвалі ў

Мачыле.

Бель-кужаль пралі, ткалі, вышывалі,

Кашулі ў кайстры

Напамінкам клалі...

Ужо ў першых зборніках вершаў «Крэсіва» (1966) і «Крутаяр» (1969) В.  Зуёнак не толькі расказвае пра земляробчы ўклад жыцця сваіх землякоў, але і  імкнецца зазірнуць у свет іх перажыванняў, акрэсліць гістарычны лёс, карыстаючыся сваімі, індывідуальнымі, колерамі і фарбамі. Мы бачым яго вобразна-метафарычны замес — насычаны, густы, ёмісты:

Мачулішча —

блакіт палёў,

Нябёс,

Блакіт вачэй —

блакіт туманны

Слёз.

Паэтычная асацыятыўнасць, набліжаючыся да праўды жыцця, уключае і  сацыяльна-гістарычны змест, частка адлюстроўвае цэлае, ахопліваючы яго глыбінны чалавечы сэнс.

Аўтар імкнецца, не адрываючыся ад жывой, эмпірычнай канкрэтыкі жыцця, шукаць і знаходзіць «другі план», закліканы дапамагчы разгадаць сэнс штодзённага існавання. Ён нібыта ўзнаўляе нейкі старажытны міф пра вечнага аратага, міф, які ў сваім духоўна-практычным значэнні дайшоў да нашых дзён, блізкі нам глыбінным высакародным зместам. За гэтым «вечным аратым» адчуваецца наш сучаснік — жывы чалавечы характар як сукупнасць устойлівых уласцівасцей і зменлівых адносін, якія складаюць выразнае біясацыяльнае адзінства, што знаходзіць выяўленне ва ўсім жыццёвавытворчым укладзе чалавека.

Адказваючы на нашы пытанні, В.  Зуёнак заўважае: «Самае галоўнае ў  паэзіі — праўдзівасць. Праўдзівасць у  кожным слове. Праўдзівасць змястоўная, праўдзівасць эмацыянальная. У кожным слове заставацца самім сабой. Не хавацца за прыдуманую маску. Праз сваё слова шчыра прызнацца сабе самому, а праз сябе — усім далучаным да яго: хто ты і што ты, які ты ёсць. Не проста помніць, а жыць усведамленнем, што спачатку было Слова. І Слова было Бог. Паэзія — Боскае пакліканне: спавядацца перад Словам, як перад Богам».

Маштаб, узбуйненне, гіпербалізацыя ў паэта не супярэчаць праўдзе жыцця, у адлюстраванні якога ён імкнецца да шырокіх сацыяльных абагульненняў, да стварэння ёмістых умоўна-асацыятыўных вобразаў.

Ралля — аснова,

Зерня ўток няспынна

Кідаю я рукою агрубелай, —

І тчэцца,

тчэцца мудрая тканіна —

Жыццё...

У творах В. Зуёнка хораша, гарманічна ўзаемадзейнічаюць, пераплятаюцца і  спалучаюцца ў адзінае цэлае думка і  эмоцыя, развага і пачуццё. Яны звяртаюць на сябе ўвагу знітаванасцю асобы паэта з земляробчым светам, з яго адвечнымі жыццядайнымі сіламі, своеасаблівым пантэізмам, прасякнутым глыбокімі душэўна-чалавечымі клопатамі і памкненнямі. У вершах выяўляюцца думкі і пачуцці людзей працы, стваральнікаў чалавечага шчасця і дабрабыту, услаўляецца прыгажосць родных краявідаў, вернасць народным традыцыям і каштоўнасцям. Яны перадаюць водар густых мачулінскіх бароў, прыгажосць вясковага ўлоння, спаконвечны кругаварот у  прыродзе, адлюстроўваюць адчуванні чалавека, які арганічна ўжыўся ў гэтае асяроддзе і стаў тут сваім.

Паэзія В. Зуёнка грунтуецца на ўласным успрыманні, разуменні асобных з’яў і працэсаў, усяго свету, у якім «травінкі ў  лёдзе» і «ўзнацкі шлях», што вядзе ў родную вёску, летні гром і соль, якую здабываюць у салігорскіх шахтах, займаюць сваё натуральнае і незаменнае месца. У метафарычных словавобразах чутны бурлівасць ручаёў, пошум ветру, крык журавоў у прасторы палёў, гоман лесу. Пры гэтым вельмі важна адзначыць, што навакольная прырода ў паэзіі В. Зуёнка цесна звязана з унутранай прыродай лірычнага героя, абумоўліваючы яго натуральнасць і чалавечнасць. «Ахвярнік прашчурскіх бароў» — казаў пра свайго героя сам паэт. Мікола Аўрамчык, адзін з літаратурных настаўнікаў В. Зуёнка, чыё мастацкае слова «дапамагала акрыляцца» яго «рыфмалетуценням», несумненна, меў рацыю, калі, рэкамендуючы маладога творцу да прыняцця ў Саюз пісьменнікаў, падкрэсліваў: «Якія б тэмы ні закрануў паэт, ён заўсёды падыходзіць да вырашэння іх па-свойму, не збіваючыся на трафарэт і банальнасць. Адным-двума трапнымі штрыхамі В. Зуёнак умее ажывіць, здавалася б, надакучлівую, шмат разоў перапетую тэму, знайшоўшы нейкі новы ход ці паварот пры яе вырашэнні. Нават у малых прыродаапісальных рэчах ён стварае своеасаблівы настрой і лірычны малюнак». Назіранне трапнае.

Вельмі плённым этапам росту, інтэнсіўных пошукаў і адкрыццяў сталі для В. Зуёнка, як і для многіх іншых беларускіх паэтаў, 1970—1980-я гг., калі ўзнялася цана на сапраўднасць пачуцця, вызначылася перспектыўная тэндэнцыя: ад «зерняў праўды» — да «праўды зерня», да новай, больш глыбокай, канцэпцыі рэчаіснасці. Найбольш чулыя паэты ўжо не маглі задавальняцца «зернем праўды», абаяннем непасрэднасці. Эмпірычнае засваенне новых з’яў саступае месца імкненню ўлавіць сутнасць сучасных канфліктаў, раскрыць іх.

У дзверы літаратуры грукаецца — на новым узроўні сталасці — іншая праблематыка, звязаная з вялікімі «быційнымі» пытаннямі чалавечага існавання. Паэзія паўстала перад неабходнасцю даследаваць сэнс і сутнасць таго, што адбываецца, пазнаць заканамернасці, глыбінныя прычыны і  сувязі сучасных сацыяльных канфліктаў і супярэчнасцей (адсюль, між іншым, яе зварот да ўмоўных форм). Узнікла вострая патрэбнасць на значныя мастацкія абагульненні, яркія характары, у якіх маглі б адлюстравацца тэндэнцыі і заканамернасці жыцця і часу.

Тады і выходзяць кнігі паэта «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Вызначэнне» (1987) і іншыя. Чытаючы іх, бачыш: В. Зуёнак адчувае неабходнасць уважліва даследаваць змест з’яў і падзей рэчаіснасці, асобу чалавека, імкнецца да аналізу, філасофскай медытацыі.

Паэт задумваецца над сэнсам і тайнамі чалавечага жыцця і смерці, гісторыі, адвечнымі чалавечымі якасцямі, ад якіх залежыць лёс прыроды, планеты і самога чалавека. Знешне яго вершаваныя формы часта выглядаюць традыцыйна, нават старамодна (у параўнанні, скажам, з так званымі «метафарыстамі»), але гэта толькі на першы погляд. Асаблівасці формы ў В. Зуёнка строга падпарадкаваны змястоўным задачам тэксту. Лірычнае дзеянне падкрэсліваецца, узмацняецца сродкамі гнуткай, выразнай, па-сапраўднаму экспрэсіўнай паэтыкі.

Яго вершаваным медытацыям уласцівы глыбокі ўнутраны драматызм.

Паэт звычайна хоча паставіць з’яву ў  сістэму свету, асэнсаваць яе месца і ролю ў гэтай сістэме, як мага паўней раскрыць маральна-псіхалагічны і палітычны вопыт сучасніка. Чалавек у яго — не толькі частка грамадства, але і частка прыроды і гісторыі, аб’яднаных пачуццём узаемазалежнасці і адзінства, якое з’яўляецца адной з перадумоў і запарук яго свабоды, самадастатковасці і сілы. Лёсавызначальны знак чалавека — неспакой, пошук, працавітасць, напоўненая высокім духоўна-маральным зместам.

Лірычнае перажыванне паэта спавядальнае па сваёй сутнасці. У асобе лірычнага героя арганічна спалучаюцца прыватнае і агульнае, мінулае, сённяшняе і  будучае. Адсюль — грунтоўнасць мастацкай канцэпцыі і той «запас трываласці» ў яго вершах, які некалі адзначыў у адным з артыкулаў А. Грачанікаў («Літаратура і мастацтва». 1969. 31 каст.).

Шмат гаворыць пра В. Зуёнка як тонкага мастака слова і глыбокага філосафа верш «Змярканне». Уявіце сабе чалавека, які адвячоркам, калі аціх руплівы працоўны дзень з яго мноствам клопатаў і  турбот, выйшаў у прастор жытняга поля, услухаўся ў яго звонкую цішыню.

Усюды лад, усюды згода

І цішыня на той мяжы.

Над полем спелым хлебны водар

Бушуе, быццам у дзяжы.

Ад неба вечнасцю таемнай —

Калі прад ім ты толькі сам —

Сурова вее.

І нядрэмна,

Адточана,

звініць каса,

Што над табой была узнята,

Калі адчуў ты першы раз

Вось гэту вышыню над хатай,

Адчуў, як зоры важаць час...

Калі чытаеш гэтыя радкі, міжволі прыгадваецца думка паэта з яго вядомага эсэўспаміну «Саюз: наш і мой», напісанага ў  2014 г.: «Паэзія — не знешняя, штучна створаная “прыгажосць” са слоў, хай сабе і заплеценых у вянок радкоў, строф, вершаў, — а тая энергія, што выпраменьваецца імі, незаўважна, але адчувальнанасычана». Энергія верша «Змярканне» незаўважна захоплівае цябе ў палон, падпарадкоўвае сабе, далучае да Вечнай духоўнай сутнасці. Тут ізноў маем справу з лірычнай медытацыяй, філасофскім маштабам паэтычнага мыслення. Аўтар выразна перадае духоўна-псіхалагічны стан свайго героя.

На новым, постсавецкім, этапе творчасці выйшлі кнігі паэта «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995), «Выбраныя творы» (2010), двухтомнік выбранага «Гронка цішыні» (1996, лірыка) і «Пяцірэчча» (1998, ліра-эпічная анталогія). Вершы пра дзяцінства, першыя клопаты, звязаныя з паствай, паходамі ў начное, пераплятаюцца ў гэтых кнігах з летуценна-рамантычнымі прыродаапісальнымі замалёўкамі, з выяўленнем красы і непаўторнасці прыродна-вясковага ўлоння, краявідаў роднай Крупшчыны. Творы пра цяжкое ваеннае ліхалецце і яго наступствы змяняюцца філасофска-аналітычнымі, поўнымі драматызацыі лірычнага мыслення. Грамадзянска-патрыятычная лірыка суседнічае ў паэта з інтымнай. Вершы, прысвечаныя нацыянальна-гістарычнаму мінуламу, далёкай старажытнасці, дапаўняюцца тонкімі медытацыямі і сентэнцыямі, заснаванымі на асэнсаванні хрысціянска-рэлігійных каштоўнасцей.

Паэт ідзе ў глыбіню, многія з яго апошніх вершаў прысвечаны асэнсаванню трагічна-балючых старонак нацыянальнай гісторыі, цяжкога лёсу беларускага этнасу на яе пакручастых шляхах, узыходжання да свабоды і дзяржаўнай незалежнасці. На працягу доўгіх дзесяцігоддзяў і стагоддзяў, сцвярджае аўтар, беларускі народ стаіць «Над безданню выжывання», самааддана змагаецца за сваё права быць. Мастацкі стыль В. Зуёнка густы, насычаны, кражысты. Паэт мысліць ёмістымі, каларытнымі, маштабнымі вобразнымі катэгорыямі: народ, вякоў скрыжаванні, лёс, прасторы нябёс, зямля, памяць сівых камянёў, маці-Радзіма, вечнасці вочы.

Калі гляджу на прасторы нябёс

З палётам мар-аблачынак

Ці згадваю Начы разлівісты плёс

З нерастам шчупачыным,

Калі чытаю старонкі палёў,

Ці думаю думы лясныя,

Ці слухаю памяць сівых камянёў, —

Як сэрца балюча ные:

Зямля мая, маці мая, няўжо

Мы лёс такі заслужылі,

Што будзем думаць на мове чужой

І песні складаць чужыя?..

Адказваючы на пытанне нядаўняй нашай анкеты «Як звычайна нараджаюцца вершы?», паэт заўважыў: «Вершы ўспыхваюць з нечаканай іскрынкі — пачутага ці згаданага слова, з нейкай мімалётнай дэталі-зачэпкі, — незалежна ад месца і  абставін… А там ужо разгортваецца само “паэтычнае дзейства”: падключаюцца назапашаныя эмоцыі і роздум. Усё набывае пэўную форму. І завершанасць — яе адчуваеш інтуітыўна: усё, кропка!..»

«Паэт, — падкрэсліў крытык-філосаф У. Калеснік, — шукае гармонію Сусвету ў прыродзе і ў сабе ды неўпрыцям сам становіцца Сусветам». Сказана быццам пра В. Зуёнка. Творчасць паэта грунтуецца на павазе да натуральнага, базавага, анталагічнага, творцы імпануе цэласнасць свету, у якім паяднаны зямное і нябеснае, духоўнае і прыроднае, паэзія і проза жыцця. Вершы В. Зуёнка сведчаць пра важкасць і каштоўнасць яго асабістага жыццёвага вопыту, які дыктуе тэмы — вечныя і  заўсёды новыя: вера ў дабро, чалавечнасць, стваральную працу і яе вынікі, здольнасць да маральнага ўдасканалення і сацыякультурнага самасцвярджэння.

Уладзімір ГНІЛАМЁДАЎ,

Мікола МІКУЛІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.