Вы тут

З невядомасці: Янка Купала ў ЗША


Падчас архіўна-пошукавай працы аўтара гэтых радкоў адзін твор з ранняй паэтычнай спадчыны Янкі Купалы нечакана ўзбуйніўся ў сваёй дыпламатычнай ролі, пашырэнні вядомасці маладой беларускай літаратуры ва ўсім свеце.


Падарожжа праз акіян

Гаворка ідзе пра верш «Памяці Шаўчэнкі» («Ад гасцінца да гасцінца…»), апублікаваны ўпершыню ў «Нашай Ніве» 12 (25) сакавіка 1909 года. Асноўныя матэрыялы перадавіц гэтага выпуску газеты былі прысвечаны памяці класіка ўкраінскай літаратуры. Сярод іх — і паведамленне аб правядзенні 26 лютага ў Пецярбургу вечара-канцэрта, на якім прысутнічала беларуска-літоўская дэлегацыя. Выступілі прадстаўнікі рэдакцыі «Нашай Нівы» і выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», а Леанід Сеўрук прачытаў верш «Памяці Шаўчэнкі», які «напісаў наш малады паэта Янук Купала».

Ужо праз месяц (!) пасля віленскага друку — 15 красавіка 1909 года — Купалаў верш быў апублікаваны ў  ЗША. Пра гэта парупілася газета «Свобода» (НьюЁрк), найстарэйшае перыядычнае выданне ўкраінскай працоўнай эміграцыі (у асноўным выхадцаў з АўстраВенгрыі), што бесперапынна выходзіць да нашых дзён з 15 верасня 1893 года.

Верш «Памяці Шаўчэнкі» змешчаны на 5-й старонцы, прысвечанай навінам грамадска-культурнага жыцця замежных краін і ўкраінскай дыяспары ў ЗША. Публікацыі твора Янкі Купалы папярэднічае наступны тэкст: «Беларусы Тарасу Шаўчэнку. Беларуская газета “Наша Ніва”, якая выходзіць у Вільні, прысвяціла ў № 11 ад 25 сакавіка гэтага года ўступны артыкул памяці нашаму слаўнаму Кабзару і змясціла яго партрэт. Пасля гэтага артыкула ідзе верш, які мы тут даслоўна прыводзім». Імя беларускага аўтара ў гэтай публікацыі названа не было.

Рукапісы не гараць

У 2010 годзе ва Украіне была выдадзена кніга-альбом «Вернутыя шаўчэнкаўскія рарытэты». Візуальны корпус выдання стварае найцікавейшая фотакапійная калекцыя: арыгінальныя гравюры, рукапісы, здымкі, выданні і лісты Тараса Шаўчэнкі, а таксама дакументы і матэрыялы, вывезеныя з Украіны ў 1943-м. Апошнім прытулкам гэтага вялікага збору, які доўгі час лічыўся страчаным, была Украінская вольная акадэмія навук (УВАН) у ЗША. Часткова матэрыялы былі перададзены ў Інстытут літаратуры імя Т. Р. Шаўчэнкі ў 1992—1996 гг. Самая каштоўная частка матэрыялаў была вернута ў Кіеў у 2006-м.

Усе дакументы і матэрыялы размеркаваны па раздзелах: «Тарас», «Рарытэты», «Родныя. Сябры. Паслядоўнікі. Даследчыкі», «Любоў і нелюбоў да паэта» і інш. Укладальнікі выказалі спадзяванне, што «ўвядзенне ў  навуковы ўжытак усяго масіву калекцыі не толькі ўзбагаціць наяўную шаўчэнкіяну, але і падштурхне да далейшых росшукаў тых матэрыялаў, якія лічацца страчанымі». Можам канстатаваць, што выказаныя спадзяванні ўжо спраўдзіліся, прытым не толькі ў акрэсе нацыянальнай культуры, але і ў праекцыі на гісторыю беларускага пісьменства.

Для беларускай навукі сенсацыйнай публікацыяй «Вернутых шаўчэнкаўскіх рарытэтаў» з’яўляецца невядомы белавы аўтограф верша «Памяці Шаўчэнкі», які ў кнізе значыцца пад № 262 (раздзел «Любоў і нелюбоў да паэта»). Пад ім, верагодна, рукой Янкі Купалы пазначана месца і час напісання, які не супадае з традыцыйным датаваннем, — Вільня, 15 лютага 1909 года. На аўтографе рэзалюцыя з подпісам «К исполнению дозволено», дата (26 лютага 1909 года) і пячатка аб уплаце гербавага збору.

Аўтограф суправаджае невядомы раней дакумент № 261: «Добавление к программе Вечера-Концерта 26 февраля 1909 г. в Зале Дворянского Собрания стих Янука Купала прочитает автор — Памяти Шевченка». Дазвол на чытанне верша даў памочнік Санкт-Пецярбургскага граданачальніка 26 лютага 1909 г., пра што сведчаць афіцыйны штамп, пячатка і ўласнаручны подпіс чыноўніка.

Узнікае інтрыгоўнае пытанне: хто ж на самай справе чытаў верш «Памяці Шаўчэнкі» на вечары-канцэрце ў Доме дваранскага сходу ў Пецярбургу 26 лютага 1909 г. Дакумент на імя граданачальніка сведчыць, што быў заяўлены і атрымаў афіцыйны дазвол на дэкламацыю твора сам аўтар, а «Наша Ніва» называе Леаніда Сеўрука…

Выяўленыя і сістэматызаваныя намі факты адносна першай публікацыі верша Янкі Купалы ў ЗША ў 1909 годзе, нечаканай захаванасці яго аўтографа ў заакіянскай краіне не толькі служаць адлікам фарміравання новага культуралагічнага дыскурсу, але і зыходна надаюць яму дакументальнай важкасці, вызначаюць новыя ракурсы навуковага бачання і архіўных росшукаў. Пры гэтым актуалізуюцца і абнаўляюцца метадалагічныя напрацоўкі і літаратуразнаўчы вопыт разгляду праблем міжнароднага супрацоўніцтва, культурнага пасрэдніцтва, крос-культурных камунікацый, мультыкультурнасці і г. д.

«На свет цэлы…»

Выдавецкай традыцыяй украінска-амерыканскай газеты «Свобода» былі т. зв. «Калядныя дадаткі», адзін нумар якіх выходзіў у студзені кожнага года. Святочная нагода прадвызначала размяшчэнне цікавых матэрыялаў. У  1910 годзе адной сярод такіх публікацый быў аб’ёмісты, больш за чвэрць усяго выдання, аглядны артыкул «Беларусы». Выяўлены намі сёння, ён бачыцца своеасаблівым гістарычным падарункам, важным эпізодам у нацыянальнай рэпрэзентацыі сусветнага маштабу.

Хоць аўтар не ўказаны, знаёмства з тэкстам пераконвае: перад намі канцэптуальна і зместава моцна перапрацаваная брашура Дзмітра Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне» (Кіеў, 1908). Украінскі гісторык быў адным з нешматлікіх аўтараў, якія з пачатку ХХ ст. даволі паслядоўна трымалі пад увагай факты культурна-асветніцкай дзейнасці беларусаў. Назавём толькі некалькі фактаў біяграфічнага характару, якія маюць дачыненне да гісторыка-літаратурнага працэсу: Дзмітро Дарашэнка быў асабіста знаёмы з Францішкам Багушэвічам, пра што потым напісаў успаміны; на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў падтрымліваў цесную сувязь з адным з ідэолагаў беларускага адраджэння  — Антонам Луцкевічам; па запрашэнні рэдакцыі «Нашай Нівы» пабываў у Вільні. Вынікам гэтага візіту стаў шэраг публікацый, у тым ліку на старонках названага выдання.

У кіеўскай публікацыі пасля невялікага экскурсу ў гісторыю, звароту да сучаснага літаратурнага, грамадскакультурнага жыцця і ролі ў ім «Нашай Нівы» аўтар сам робіць наступныя высновы: «Беларускі рух вельмі малады і яшчэ вельмі слабы. Якая будзе яго далейшая доля — сказаць цяжка. Яму ўжо зараз даводзіцца вытрымліваць націск асімілятарскіх захадаў з двух бакоў — польскага і расійскага. Але той поспех, які сустрэла першая беларускай газета, можа служыць добрым прадвесцем для беларускага адраджэння, што ідзе пад лозунгам самага шырокага дэмакратызму і шырокіх вызвольных ідэй».

У нью-ёркскім допісе даецца кароткі экскурс у старажытную мінуўшчыну Беларусі, гісторыю ўкраінскабеларускіх культурных узаемадачыненняў. Прыводзяцца факты актывізацыі асветніцкай дзейнасці ў ХІХ стагоддзі, нацыянальнай грамадскай працы і выдавецкай дзейнасці ў Пецярбургу і Вільні пачатку ХХ стагоддзя, украінска-беларускіх узаемін апошняга часу, перакладчыцкай дзейнасці. Прынцыповае адрозненне еўрапейскай і амерыканскай публікацый — змена ацэнак і акцэнтаў, дамінаванне пазітыўнай эмоцыі, аптымізм у поглядах на перспектывы беларускай культурнай працы.

Адносна найноўшай літаратурнай творчасці адзначана: «Беларускае пісьменства з кожным разам становіцца больш багатым і прыгожым. Сярод наймалодшых паэтаў найбольш вылучаецца Янук Купала. Гэта яшчэ малады хлопец; ён выйшаў з народа і працуе простым работнікам на якойсці фабрыцы. Выдаў зборнік вершаў “Жалейка”, акрамя таго змяшчае ўсё новыя вершы ў “Нашай Ніве”. У творах Купалы прабіваецца галеча і крыўда беларускага народа, намаляваная цудоўнымі словамі». Калі ў кіеўскай брашуры Дзмітра Дарашэнкі верш публікаваўся на мове арыгінала са спасылкай на «Жалейку» (СПб., 1908), то ў амерыканскім допісе прыводзіцца яго пераклад:

А хто там іде, а хто там іде

Хто тую громаду велику веде? —

Білоруси.

А що вони несуть на зболïлих плечах,

На збитих ногах, на кервавих руках? —

Свою кривду.

 А кому несуть отту кривду усю

А кому несуть показати біду? —

На сьвіт цïлий.

А хто отсе ïх, не оден мілïон.

 Кривду нести навчив, розбудив ïх сон? —

Нужда, пужда.

А чого-ж, чого захотïло ся ïм,

Погордженим всïми, слïпим і глухим, —

Людьми зватися.

Выснова пасля дэманстрацыі верша: «Творы Купалы — гэта палымяны заклік да абароны ўсіх прыгнечаных, заклік да барацьбы за лепшую долю беларускага народа». Аўтарскае падагульненне да характарыстыкі сучаснага стану міжнародных адносін: «Супольная мінуўшчына і супольная сучаснасць лучаць украінцаў і беларусаў у адну моцную еднасць; да нашага саюзу належыць таксама трэці адроджаны народ, літоўцы, што здаўна жывуць разам з намі. Усе тры народы павінны сабе ва ўсім дапамагаць; мы, украінцы, што стаім паміж імі наймацней, маем у адносінах да нашых братоў найбольшыя абавязкі, павінны нашым суседзям дапамагаць найбольш».

Цікавая акалічнасць: на заканчэнне ў допісе пераказваюцца абставіны прысутнасці беларуска-літоўскай дэлегацыі на пецярбургскіх урачыстасцях 1909 года, зладжаных да гадавіны з дня смерці Тараса Шаўчэнкі. Гэта не можа не навесці на думку, што арганізатарам свабодаўскага допісу ў красавіку 1909-га з вершам «Памяці Шаўчэнкі» быў сам Дзмітро Дарашэнка. На карысць гэтай гіпотэзы працуе і факт новай публікацыі Купалавага твора, гэтым разам у перакладзе на ўкраінскую мову:

Від гостинця до гостинця

Від хати до хати

Грає кобза

Украïнцям

Про велике сьвято.

Вся широка і далека

Україна молодая

Свого кобзаря і батька

Сумно споминає.

Каждий його поважає

Бідний і богатий,

Тай сьпівають його піснï

Парубки, дïвчата.

Ой, бо пісня кобзарева

Від краю до краю

Пливе вольна, гомониста,

Перешкод не знає.

Сам він много мав недолï,

Кривди і терпіня,

Та не зрадив же він волï,

Волï і сумлïня.

Дух збудив в своïм народï

Своïм гучним словом,

Научив любити волю,

Рідний край і мову.

Його батьком охрестила

Вдячна Україна.

Ой, і нам будь батьком рідним,

Кобзарю Вкраïни.

Пливучи в даль твоя пісня

По гостинци вузькім,

Знайшла відгомін сердечний

В серци білорускім!

Такім чынам, украінскі гісторык Дзмітро Дарашэнка быў не толькі адным з першых даследчыкаў і папулярызатараў беларускай культуры, але і адным з першых перакладчыкаў, асабліва важна — заакіянскіх рэпрэзентантаў.

Мікола ТРУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.

Грамадства

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

Усё што трэба ведаць пра пляжны сезон

У апошнія тыдні на краіну абрынулася небывалая спякота... 

Калейдаскоп

Чым апырскаць памідоры ад фітафторы, калі на іх ужо завязі і кветкі

Чым апырскаць памідоры ад фітафторы, калі на іх ужо завязі і кветкі

Як і любую іншую хваробу, фітафтароз лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.

Культура

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»

Беразіно: цэнтр на шляху «з вараг у грэкі»

Радзімазнаўства. Адрасы пісьменства. Сумесны праект Мінаблвыканкама і «Звязды».