Вы тут

З іншага ракурсу. Роздумы пра чалавека на выстаўцы НЦСМ


Надышоў час, калі людзі, нягледзячы на спрыяльныя ўмовы для камунікацыі, аддаляюцца адзін ад аднаго не толькі духоўна, але нават і фізічна. Цесныя сувязі замяняюцца анлайн-стасункамі, штодзённыя сустрэчы — рэдкімі спатканнямі, а звыклыя эмоцыі — пошукам новых. Многае цяпер на стадыі змен і пераасэнсавання. Ці не час усвядоміць моцную ўзаемасувязь аднаго з адным, патрэбу ў роднаснай душы? Развагі мастакоў над рэчаіснасцю прадстаўляе выстаўка «Чалавеку патрэбны чалавек» у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.


«Іншыя геаграфіі» Маргарыты Сташулёнак

Назву экспазіцыі, прысвечанай эмпатыі ды ўзаемазалежнасці людзей, далі словы з фільма «Салярыс» Андрэя Таркоўскага. Што азначае дадзены выраз у эпоху індывідуалізму і што будзе азначаць у будучыні? Пошукі адказаў на гэтыя пытанні — зыходны пункт выстаўкі.

Як адзначае куратар Вольга Вішнёва, праект «Чалавеку патрэбны чалавек» прадстаўляе работы з фондаў НЦСМ, створаныя рознымі мастакамі ў розны час — з  1980-х гадоў да сённяшняга дня. Аднак, як і многія творы мастацтва, у новым кантэксце яны набываюць адмысловае гучанне. Сярод аўтараў — Зоя Літвінава, Леў Алімаў, Уладзімір Правідохін, Генадзь Родзікаў, Сяргей Крыштаповіч, Таццяна Радзівілка, Андрэй Скіцеў, Юрый Алісевіч, Аляксандр Вахрамееў, Вольга Нікішына, Аляксандр Кандыба, Тамара Шэлест ды іншыя. Увайшлі ў экспазіцыю і работы запрошаных мастакоў — Марыны Капілавай, Анастасіі Рыдлеўскай і Алега Яравенкі. Па словах Вольгі Вішнёвай, з апошнім ідуць перамовы аб перадачы твораў у фонды НЦСМ.

Мэтай выстаўкі бачыцца адлюстраванне шматграннасці чалавечых адносін. Як нельга лепш гэта дэманструе работа «Мікрараён» Пятра Драчова (1986). Асноўныя сімвалы твора — аднолькавыя квадраты (як азначэнне абмежаванай прасторы, з якой даводзіцца мірыцца гарадскому чалавеку) і прыступкі (як вобразатвор непазбежнай іерархіі, а таксама ўзыходжання ці, наадварот, сыходжання чалавека). Мнагалюднасць, абязлічанасць персанажаў і мінімальная колькасць колераў на палатне адсылаюць да савецкага перыяду, калі работа і была створана. Цалкам зразумелую мэту — паказ шчыльнасці жыхароў у шматпавярховіках — падкрэслівае дасканалае ўвасабленне. Глядач назірае за будзённымі справамі: у адным пакоі нешта святкуюць, у іншым глядзяць тэлевізар і чытаюць газету, недзе гатуюць вячэру, а там-сям гуляюць з дзецьмі. Не абыходзіцца без адзінокіх герояў — гаспадароў свайго лёсу, якія наўпрост існуюць у кватэрах, дзе амаль адсутнічае рух і не хапае так званай хатняй утульнасці, хоць, папраўдзе, некаторыя «сцэны» цяжка інтэрпрэтаваць… Патрэба ва ўвазе незалежна ад колькасці квадратных метраў і наяўнасці суседзяў за сцяной — лейтматыў работы Пятра Драчова.

Супрацьлеглая папярэдняй работа — «Спатканне» Ізраіля Басава (1982). Лаканічнасць і нібыта наўмысна падкрэсленая невыразнасць вобразаў двух герояў выводзяць на першы план іх эмоцыі і пачуцці. Паставы, жэсты, фон — усё падкрэслівае тое, да якой ступені адзін чалавек можа быць патрэбны другому. Але ці мае ён права патрабаваць узаемнасці?

Значную частку праекта займаюць тры работы мастака з Латвіі Марыса Чачкі: «ВВ 2015», «КА 2015», «КС 2015» (2015). Арганізатары падкрэсліваюць: работы творцы, які працуе ў аўтарскай тэхніцы, сумяшчаючы прыёмы жывапісу і графікі, — своеасаблівы візуальны дзённік, ілюстрацыі да дыялогаў з самымі рознымі людзьмі. Дзве вялікія літары, якія даюць назву творам,  — ініцыялы суразмоўцаў, дыялогі з якімі былі адмыслова ўспрыняты Марысам Чачкам як важны досвед і ў далейшым перакладзены на мову колеравых палёў і графічных рытмаў. Дыялог тут абагульнены да абстрактнага эмацыянальнага ўспаміну, таму гледачу прапаноўваецца гісторыі разглядаць, а не чытаць.

Прывабліваюць і выкананыя ў тэхніцы пераздымкі фота з цыкла «Алфавіт жэстаў» Ігара Саўчанкі (1990—1994). Творца выбіраў работы 1930—1960-х гг. з сямейных архіваў і пераздымаў выбраны ім асобны ўчастак фота, робячы свае акцэнты. Такім чынам, кожны са здымкаў страціў мэту і кантэкст, што былі закладзены першапачаткова. Своеасаблівае ўзаемадзеянне Ігара Саўчанкі з часам — сапраўднае ўмяшанне ў  гісторыю. Аўтар скіраваў існуючы сюжэт у  патрэбны бок і стварыў уласны наратыў. Так, жэсты сталі галоўнымі героямі. Ды ці не яны часам гавораць больш за словы?

Адна з найярчэйшых работ на выстаўцы — трыпціх Маргарыты Сташулёнак «Іншыя геаграфіі» (2007). Стыль мастачкі арыгінальны не ў апошнюю чаргу дзякуючы тэхніцы выканання. Адзін з метадаў, якім яна карыстаецца, — роспіс па ляўкасе. Цяпер яго выкарыстоўваюць рэдка, таму што гэта вельмі карпатлівая праца: на драўляныя дошкі наносяць некалькі слаёў грунту, затым чакаюць, калі папярэдні высахне, а пасля старанна шліфуюць. Але вынік сябе апраўдвае: работы даўгавечныя і набываюць паветраную празрыстасць. Творы Маргарыты Сташулёнак вылучаюцца сярод іншых выразнай казачнасцю, міфалагічнасцю. Мнагаслойнасць уласціва не толькі тэхніцы, але і сэнсаваму складніку: шматлікія схаваныя гісторыі робяць яго больш загадкавым, аднак гэтая таямнічасць толькі прываблівае, прымушаючы сачыць за любым «рухам» і ўглядацца ў кожную дэталь. Велічная прырода, разнастайныя пабудовы, людзі, няўхільна звязаныя адно з адным, — усё гэта дазваляе не толькі назіраць, але і будаваць на аснове ўбачанага пэўныя асабістыя канструкты.

Увогуле ж, канцэпцыя выстаўкі не вымушае звяртацца да канкрэтных кірункаў, ідэй, вобразаў. Таму ў экспазіцыю ўвайшлі, магчыма, даволі нечаканыя для праекта з такой назвай творы. Сярод іх — «Я злая» Антаніны Слабодчыкавай (2004). Руйнуючы каноны прыгажосці, смеючыся з яе, мастачка адлюстроўвае сваё бачанне прыгажосці — неадназначнай, непрапарцыянальнай, неэстэтычнай. Як правіла, Антаніна Слабодчыкава ўзнімае тэмы страху, памяці, абапіраючыся на ўласны жыццёвы і мацярынскі вопыт. Твор «Я злая» хутчэй пра сябе і для сябе, але ніхто не ведае, як чужыя роздумы і перажыванні адгукнуцца ў душы іншага.

Выстаўка «Чалавеку патрэбны чалавек» адкрыта для наведвання да 9 жніўня. Верагодна, для некаторых аматараў айчыннага мастацтва творы, што склалі экспазіцыю, не стануць адкрыццём. Але ўбачыць знаёмае з іншага ракурсу і знайсці нешта новае зможа кожны.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Жыццё Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната. Дзень інвалідаў адзначаюць у Беларусі

Кожны дзень тут, як і ў звычайнай школе, праходзіць па раскладзе.

Грамадства

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

«Куток надзеі» для безгаспадарчых сабак

Як валанцёрскі рух падтрымлівае чатырохлапых «сяброў».

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам трэба звярнуць увагу на знакі, якія пасылае лёс.