Вы тут

Пераасэнсаванне этнічнай спадчыны ў работах Машы Мароз


Якое значэнне мае матэрыяльны і  духоўны досвед мінулых пакаленняў для сучаснага грамадства? Ці магчыма існаванне традыцыйнай культуры ў нязменнай форме? Ці ёсць голас, які здольны гучаць у рэзананс з калектыўнай свядомасцю? Адказы на пытанні можа падказаць выстаўка пад назвай «Доўгая дарога дамоў» у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.


Фота з сайта sb.by.

Выставачны праект мастачкі і дызайнеркі Машы Мароз — даследаванне ўплыву сацыяльных і ідэалагічных норм сучаснай Беларусі на спадчыну традыцыйнай культуры і калектыўную памяць. Экспазіцыя ўяўляе сабой інсталяцыю з аб’ектаў, лічбавай графікі ды відэа і спалучае культурныя коды розных эпох, часам несумяшчальныя. У штучна створанай прасторы палескай хаты кожны прадмет невыпадковы, мае значэнне і вартасць. У выніку атрымаўся своеасаблівы макет з матэрыялаў, якія паўсюль. Сярод іх — банерная тканіна і пластык. На жаль, гэта тое, што падмяняе сёння матэрыялы натуральнага паходжання. Сапраўды, працэс непазбежны, але ж усё залежыць ад таго, з якой мэтай якую сыравіну выкарыстоўваць. Мастачка адзначае: больш за ўсё хацелася ажыццявіць ідэю з 3D-друкам. Увогуле ж, з пункту гледжання матэрыялізацыі задуманага, усе творы на выстаўцы знарок немудрагелістыя.

— Гэтым праектам я паспрабавала адлюстраваць сітуацыю, у якой апынулася наша народная культура, а таксама і грамадства, — расказвае Маша Мароз, — бо культура — гэта люстра ўсіх працэсаў, што маюць месца ў грамадстве. Тое, што адбываецца сёння ў гэтым кірунку, часам не прыносіць радасці. На жаль, многае руйнуецца, знікае. А значыць, губляецца памяць. Вядома, жыццё не стаіць на месцы, усё павінна трансфармавацца, але трэба знаходзіць сучасную мову, каб працаваць з той жа традыцыяй, бо яна жывая і працягвае існаваць толькі калі атрымлівае развіццё.

Безумоўна, усё залежыць ад кожнага чалавека. Мастачка заўважае: з-за таго, што на працягу мінулага стагоддзя адбываліся працэсы культурнага сцірання, у свядомасці людзей не адкладвалася разумення: тое, што яны маюць,  — сапраўды важна. «Навязваліся думкі кшталту “дзесьці лепей” ці “нашае не мае вартасці”. Таму без адпаведнай дзяржаўнай падтрымкі, без шырокай адукацыйнай дзейнасці вельмі складана ўявіць сапраўднае захаванне і развіццё нацыянальнай культуры. Усё вельмі ўзаемазвязана», — падкрэслівае творца.

Маша Мароз спадзяецца, праз дзесяцігоддзе-два сітуацыя будзе паляпшацца ў тым ліку за кошт таго, што ў сферы, звязаныя з развіццём культуры, прыходзіць маладзейшае пакаленне. Яно гатова працаваць, у яго хапае цікавых ідэй, маладыя ўважлівыя да сябе, да радзімы і яе мінулага. Гэта спрыяльныя ўмовы для асабістага развіцця, чым можа пахваліцца не кожнае пакаленне.

Выстаўка — толькі частка мастацкага працэсу, які бачыцца аўтарцы галоўнай мэтай дзейнасці. «Хацелася б, каб наведвальнікі экспазіцыі задумаліся пра сваё стаўленне да народнай культуры і зразумелі, што яе рэальнасць можа вельмі адрозніваецца ад калькаваных уяўленняў», — выказвае спадзяванне мастачка.

У далейшым Маша Мароз плануе працягваць працу над тэмай этнічнай спадчыны. Менавіта ёй прысвечана асэнсаваная творчасць на працягу больш як 10 гадоў. Звычайна мастачка сумяшчае працу над некалькімі праектамі адначасова. Зараз адзін з іх — стварэнне калекцыі вопраткі на аснове пераасэнсавання беларускага касцюма, а таксама сакральна-бытавых прадметаў з Палесся. Пераасэнсаванне этнікі — лейтматыў творчасці Машы Мароз. Звярнуць увагу на праблему трактовак беларускага народнага касцюма гэткім чынам прасцей, бо мода — сацыяльная з’ява, дастаткова зразумелая шырокаму колу, лічыць мастачка. Праект мае шанц стаць моцным інструментам асветы ў гэтым кірунку. Дарэчы, калекцыя будзе суправаджацца кароткім фільмам пра Палессе. Праект мае адбыцца ўвосень.

Пазнаёміцца з выставачным праектам Машы Мароз «Доўгая дарога дамоў», які праводзіцца ў рамках праграмы НЦСМ па падтрымцы маладых мастакоў і куратараў, можна да 2 жніўня.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».