Вы тут

Купальскі вянок Паўлінкі


Штогод на пачатку ліпеня, у дзень нараджэння аднаго з галоўных аўтараў беларускай літаратуры, адбываецца свята. Купалаўскі музей традыцыйна ладзіць у сваім вязынскім філіяле пад Мінскам вялікі фестываль, прысвечаны класіку. Колькасць наведвальнікаў за апошнія гады ніколі не расчароўвала. Прыхільнікаў і пераемнікаў Купалавага пяра не разганялі ні дождж, ні сонца, ні занадта доўгая праграма.


Сцэна са спектакля «Паўлінка». Фота з сайта kupalauski.by

Але гэты год — час эксперыментаў. Таму сёлета святкаванне Купалавага дня адбываецца, па-першае, анлайн, а па-другое, супольнымі сіламі музея і тэатра.

З шостага да дванаццатага ліпеня на сайце Купалаўскага тэатра на асобнай старонцы адкрыты адмысловы праект «Паўлінка на Купалле».

Відэа, падрыхтаваныя для гэтага свята, падзелены на тры катэгорыі, быццам складнікі самога паняцця «Купалле»: «Папараць-кветка», «Паўлінка», «Свята».

Рубрыка «Папараць-кветка» складаецца з двух відэа і  прапануе паглыбіцца ў атмасферу старадаўняга купальскага свята. Купалле — самы час вяртацца да каранёў, да прыроды, родных традыцый і роднай літаратуры. Першая частка рубрыкі адпраўляе гледачоў у  падарожжа па Вязынцы — месцы нараджэння Янкі Купалы, сённяшнім філіяле Купалавага дома. Супрацоўніцы музея падчас экскурсіі распавядуць пра таемныя старонкі жыцця і творчасці песняра.

Шукаючы папараць-кветку, можна знайсці шмат іншых карысных раслін. Таксама ў межах рубрыкі ёсць магчымасць навучыцца плесці вянкі з зёлак, якія ў ноч на Купалле, як лічыцца, набываюць моцныя магічныя якасці і разам утвараюць выдатны абярэг ад нячысцікаў. Майстар-клас праводзіць сённяшняя выканальніца ролі Паўлінкі Марта Голубева.

Другая рубрыка праекта — «Паўлінка» — пераносіць гледачоў непасрэдна ў Купалаўскі тэатр. Яго супрацоўнікі таксама вырашылі скарыстацца анлайн-фарматам для таго, каб запрасіць у  закуліссе. Артысткі тэатра Зоя Белахвосцік і Крысціна Дробыш правядуць гледачоў праз усе таемныя памяшканні, у прыватнасці грымёркі і бутафорскі цэх, і па дарозе распавядуць, хто і  якім чынам, акрамя акцёраў і  рэжысёра, удзельнічае ў стварэнні кожнага спектакля. Таксама падчас экскурсіі можна будзе ўбачыць унікальную калекцыю афіш «Паўлінкі» за сто гадоў — з 1913 па 2013.

А пасля вандроўкі ў закуліссе, канечне ж, можна праглядзець і сам легендарны спектакль «Паўлінка». Гэтая пастаноўка ўжо на працягу многіх гадоў займае асаблівае месца ў рэпертуары Купалаўскага, нязменна адкрывае кожны тэатральны сезон і здабыла асаблівую любоў і наведвальнікаў, і супрацоўнікаў тэатра.

Трэцяя рубрыка праекта — «Свята» — найбольш забаўляльная. Тых, каго захапілі танцы акцёраў у спектаклі, купалаўцы запрашаюць паглядзець майстар-клас і навучыцца танцаваць лявоніху. Вынікі навучання прапанавана здымаць на відэа і выкладаць у сацыяльныя сеткі з хэштэгам #паўлінканакупалле. Найбольш паспяховым вучням абяцаюць падарунак.

І, вядома ж, ніякае свята не абыходзіцца без музыкі. Музычныя часткі ў фестывалі дзве. Па-першае, аркестр Купалаўскага тэатра запісаў невялікі канцэрт — Купальскі вянок Паўлінкі падборку кампазіцый з любімых спектакляў. Па-другое, да свята далучыцца ансамбль «Песняры», той самы, створаны Уладзімірам Мулявіным у 1969 годзе. Склад ансамбля змяніўся, але выбітныя песні, частка з якіх напісана на тэксты Янкі Купалы, засталіся.

Фестываль праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры, генеральнага партнёра тэатра — кампаніі Mastercard і партнёра музея — кампаніі «Белдзяржстрах». Замежныя гледачы таксама могуць далучыцца да праекта: усе відэа на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.

Рашэнне правесці супольны інтэрнэт-фестываль музея і тэатра зноў пацвярджае, што Купалава спадчына яднае людзей, якія з ёй працуюць.

Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.