Вы тут

Базай для прафесiяналаў, трамплiнам для пачаткоўцаў стаў вяслярны канал у Брэсце


Брэсцкi абласны цэнтр алiмпiйскага рэзерву па веславаннi даўно зрабiўся не толькi спартыўным аб'ектам, але i сацыяльна-культурным цэнтрам зарэчнай часткi Брэста. А пасля таго як летась тут правялi галоўнае мерапрыемства праграмы святкавання тысячагоддзя, вяслярны канал сталi лiчыць амаль што другiм цэнтрам горада.


Традыцыi i сучаснасць

Цэнтр алiмпiйскага рэзерву стварылi ў 2007 годзе невыпадкова. Веславанне ў Брэсце пачало развiвацца больш за паўстагоддзя таму. Каля яго вытокаў у горадзе яшчэ ў 1950-я стаяў вядомы трэнер Уладзiмiр Пiлiпенка. Пазней прагучала iмя Сяргея Макаранкi, якi ў пары з Леанiдам Гейштарам стаў першым беларусам — залатым алiмпiйскiм прызёрам. I сёння выхаванцы брэсцкага вяслярнага канала на слыху: Хрысцiна Стараселец, Алег Юрэня, Настасся Янiна, Сяргей Валадзько.

За гады iснавання цэнтра тут праведзена мноства значных спаборнiцтваў. Можна, напрыклад, назваць чэмпiянат Еўропы па акадэмiчным веславаннi сярод дарослых спартсменаў у 2009 годзе. Праз год, у 1010-м, брэсцкi канал прыняў чэмпiянат свету сярод моладзi да 23 гадоў — так званы маладзёжны чэмпiянат. А ў 2017 годзе Еўрапейская федэрацыя акадэмiчнага веславання назвала Брэст месцам правядзення еўрапейскiх спаборнiцтваў 2018 года сярод моладзi. Чэмпiянат адбыўся ў вераснi, на яго прыехала каля 700 чалавек з трох дзясяткаў краiн-удзельнiц.

Пра ўсё гэта расказаў дырэктар дзяржаўнай спецыялiзаванай вучэбна-спартыўнай установы «Брэсцкi абласны цэнтр алiмпiйскага рэзерву па веславаннi» Павел ДЗЕНIСЮК. А таксама — пра тое, як iдзе пошук будучых зорачак спорту. Цяпер тут займаецца каля 700 дзяцей з абласнога цэнтра i раёнаў вобласцi. Трэнеры ладзяць пошукавыя экспедыцыi ў глыбiнку, каб выяўляць здатных да веславання хлопчыкаў i дзяўчынак. Калi такiя знаходзяцца i маюць жаданне займацца спортам сур'ёзна, iх забiраюць у Брэст, — тут ёсць магчымасць жыць i вучыцца ў абласным вучылiшчы алiмпiйскага рэзерву, а трэнiравацца на вяслярным канале. Прыкладаў можна прывесцi шмат. Таццяну Кухту, скажам, знайшлi ў Кобрынскiм раёне, яна сталела i набiралася майстэрства ў Цэнтры, потым стала чэмпiёнкай Еўропы. З маленькай дзяўчынкi-пачаткоўкi выгадавалi i Хрысцiну Стараселец. Залатыя медалi Хрысцiны — заслуга трэнераў Цэнтра. Займаюцца тут не толькi акадэмiчным веславаннем, але i веславаннем на байдарках, ёсць ужо i свае зорачкi i зоркi, сярод якiх Алег Юрэня.

Дзецi прыходзяць сюды ў 10-12 гадоў. Iх навучанне пачынаецца з груп пачатковай падрыхтоўкi — там яны вучацца плаваць i займаюцца агульнай фiзiчнай падрыхтоўкай. Пасля гэтага пераходзяць у басейн на спецыяльныя вяслярныя трэнажоры, дзе, сядаючы ў сапраўдную лодку, асвойваюць асновы веславання. Тут трэнеры закладваюць выхаванцам тэхнiку, таму што на вадзе гэта зрабiць складаней. Спецыяльныя басейны з лодкамi знаходзяцца ў самiм цэнтры, што дае магчымасць займацца круглы год. Залы абсталяваны люстэркамi, што дазваляе дзецям бачыць свае рухi i выпраўляць памылкi. I толькi пасля залiку па плаваннi вясной юныя спартсмены атрымлiваюць магчымасць выйсцi на ваду канала i адчуць сябе сапраўднымi веслярамi.

Новы выгляд раёна

Варта сказаць, што названы аб'ект змянiў выгляд мiкрараёна Кавалёва, у якiм ён знаходзiцца. Раней тут былi проста зараснiкi ўздоўж Мухаўца. Цяпер жа адразу з моста адкрываецца вiд на стыльны будынак, якi вечарам прыгожа падсвятляецца. Акваторыя працягласцю больш за два кiламетры, дарожкi ўздоўж яе, адпаведнае добраўпарадкаванне ствараюць адзiны прывабны пейзаж. Цяпер гэта ўлюбёнае месца адпачынку мясцовых жыхароў.

Аграмадны будынак вяслярнага цэнтра змясціў у сабе адмiнiстрацыйны корпус, гасцiнiцу, кавярню, вялiкi трэнiровачны блок. Тут ёсць два вяслярныя басейны, тры трэнажорныя залы, адна з якiх выкарыстоўваецца выключна для прафесiйных спартсменаў. Маюцца фiтнес-зала, 25-метровы плавальны басейн, з якога пачынаюць заняткi спортам дзецi, медыцынскi блок. Такiм чынам, спартсмен можа забяспечыць сябе ўсiм, нават не выходзячы на вулiцу.

На брэсцкiм канале трэнiруюцца многiя вядомыя беларускiя спартсмены. Не раз тут бываў Раман Петрушэнка. У мiнулыя гады нярэдкiм госцем станавiлася i славутая Кацярына Карстэн. Акрамя таго, што сама спартсменка выходзiла на дыстанцыi спаборнiцтваў, яна была своеасаблiвым сiмвалам для пачаткоўцаў. Атрымаць узнагароду з рук легенды беларускага веславання для юных — найвышэйшая форма заахвочвання.

Працаваць на iмiдж

Цэнтр папаўняе свой бюджэт з дапамогай басейна, трэнажорных залаў, якiя наведваюць гараджане. Прыблiзна трэцяя частка калектыву — супрацоўнiкi пазабюджэтных ставак. Цэнтрам праводзiцца цэлы шэраг розных мерапрыемстваў культурнай, са-
цыяльнай i, вядома, спартыўнай тэматыкi. Iх мэта — працаваць на iмiдж, заяўляць пра сябе, рабiць аб'ект пазнавальным i вядомым для шырокай грамадскасцi. Як паказала практыка, справа таго вартая. Напрыклад, у свой час вялiкi рэзананс атрымала мерапрыемства, якое можна назваць днём таты: заклiкалi бацькаў з блiжэйшага мiкрараёна прыйсцi ў выхадны дзень з дзецьмi ды бясплатна пазаймацца спортам, патрэнiравацца. Тады прыйшло мноства маладых мужчын з сынамi i дочкамi, усе атрымалi шмат станоўчых эмоцый. Некаторыя адразу запiсалiся ў басейн, трэнажорную залу. Моладзь любiць вяслярны канал як месца цiкавых канцэртаў, флэшмобаў, дабрачынных акцый. Для мiкрараёна вялiкi спартыўны аб'ект стаў i галоўным культурным аб'ектам. Менавiта тут, на судзейскай вышцы, з'явiлася гарадская славутасць — трубач, якi абвяшчае поўдзень. Ну а калi летась над вадою прайшло вячэрняе шоу з нагоды тысячагоддзя горада, вяслярны канал стаў пазнавальным не толькi ў Брэсце.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Другi цэнтр горада

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».