Вы тут

Толькi летась на Гродзеншчыне пабудавана i мадэрнiзавана паўсотнi спартыўных аб'ектаў


Згодна са статыстыкай, фiзкультурай займаецца кожны пяты жыхар рэгiёна. Пры гэтым у вобласцi вызначаны i прыярытэтныя кiрункi. У некаторых з iх, такiх як барацьба, цяжкая i лёгкая атлетыка, гродзенцы маюць трывалую школу i добрыя поспехi на сусветнай арэне. Сёння ёсць намер узняць на новы ўзровень гiмнастыку, веласпорт i пляжныя гульнi. Як Гродзеншчына будзе дамагацца новых спартыўных вышынь? Пра гэта iшла размова з начальнiкам упраўлення спорту i турызму Гродзенскага аблвыканкама Алегам Андрэйчыкам.


Замянiць старыя пляцоўкi

Хоць вобласць мае добрую спартыўную базу — больш за тры тысячы спартыўных збудаванняў, — многiя з iх патрабуюць удасканалення. Гэта звязана з новымi падыходамi ў спорце. Напачатку ўзялiся за стадыёны. Работа па мадэрнiзацыi iдзе ў Ваўкавыску — там з'явяцца сучаснае пакрыцце, лёгкаатлетычныя дарожкi. У рамках трансгранiчнага праекта вядзецца рэканструкцыя стадыёна ў Шчучыне. Пачалася мадэрнiзацыя цэнтральнага стадыёна «Нёман» у Гродне. Там кладзецца пакрыццё апошняга пакалення, якое менш траўманебяспечнае.

— Таксама не забываем пра звычайныя пляцоўкi — за пяць гадоў iх зроблена больш за 30. Яны невялiкiя, з добрым штучным пакрыццём. Разам з тым вядзецца ўстаноўка вулiчных трэнажораў. За пяцiгодку пастаўлена больш за 40 комплексаў, на якiх можна праводзiць паўнавартасныя трэнiроўкi. Гэтым шляхам мы будзем iсцi надалей, бо варкаўты запатрабаваны, — лiчыць суразмоўнiк.

Усяго за мiнулы год у вобласцi пабудавана i мадэрнiзавана каля 50 спартыўных аб'ектаў.

З «Iмпульсам», «Лiдарам» i тэнiсным кортам

У вобласцi iдуць па шляху стварэння буйных спартыўных комплексаў, якiя дазваляюць адначасова ахапiць вялiкую колькасць аматараў фiзкультуры i спорту. У пачатку года ўступiў у строй комплекс «Iмпульс» у горадзе атамшчыкаў — Астраўцы, а зусiм нядаўна адкрыўся фiзкультурна-аздараўленчы комплекс у Навагрудку «Лiдар».

Як расказаў Алег Андрэйчык, цяпер у Гродне iдзе будаўнiцтва вялiкага тэнiснага цэнтра з чатырма закрытымi кортамi i двума адкрытымi. Гэта корты новага пакалення, якiя ўзводзяцца на аснове лёгкай паветраапорнай канструкцыi. Гродзенцы першыя ў краiне пачалi выкарыстоўваць падобныя тэхналогii — такiм чынам тут пабудаваныя хакейны комплекс i футбольны манеж. Аб'ект хутка ўзводзiцца i даволi эканамiчны. Таксама ў горадзе дзейнiчае дзiцячая спартыўная школа тэнiса, а з уводам тэнiснага цэнтра дзецi будуць трэнiравацца круглы год.

У планах — будаўнiцтва ў Гродне вялiкага спартыўнага комплексу па гульнявых вiдах спорту з асноўнай арэнай, трыбунамi на дзве тысячы месцаў, трэнiровачнымi заламi i лёгкаатлетычным манежам, дзе можна праводзiць спаборнiцтвы самага высокага ўзроўню. Пакуль такога аб'екта ў вобласцi няма, хоць калектываў, якiя выступаюць на сур'ёзным узроўнi, нямала: гэта i каманда па хакеi на траве «Рытм», i чатыры баскетбольныя каманды вышэйшай лiгi, i валейбольная каманда, i гандбольная. Яны павiнны мець сваю пляцоўку, лiчыць Алег Андрэйчык. Тут можна будзе праводзiць заняткi аматараў, зборы камандаў з суседнiх краiн, мiжнародныя турнiры. Менавiта лагiстыка стала прычынай стварэння праекта, iдэя якога ўзнiкла яшчэ ў 1980-я гады i вось у наступныя некалькi гадоў павiнна здзейснiцца.

Стаўка на веларух, плаванне i пляжны спорт

Гродзенцы пачынаюць пашыраць спартыўны дыяпазон. Тут звярнулi ўвагу на плаванне. Iмклiва развiваецца i адпаведная база: плавальныя басейны з'явiлiся ў Астраўцы, Навагрудку. Летась у Мастах пасля доўгага перапынку адкрыты басейн, летам такi ж аб'ект будзе здавацца пасля рэканструкцыi ў Смаргонi. Зараз праектуецца спартыўна-забаўляльны цэнтр з комплексам басейнаў у Слонiме. Плануецца, што ён будзе будавацца ў наступным годзе. Як зазначыў кiраўнiк абласнога спартыўнага ведамства, усе новыя школы цяпер узводзяцца з басейнамi.

Iмклiва развiваецца ў краiне веларух. Рэгiён можна лiчыць першапраходцам у гэтым кiрунку. За пяць гадоў у вобласцi абсталявана больш за 150 кiламетраў веламаршрутаў, якiя адпавядаюць усiм мiжнародным стандартам. Iх сетка расце, на трацiну павялiчылася пракатная база. Развiваецца не толькi звычайны веларух, але i спартыўны, у тым лiку маўнцiнбайк. Для гэтага створана адпаведная траса ў парку актыўнага адпачынку «Каробчыцкi Алiмп». Тут, дарэчы, трэнiруецца нацыянальная зборная. Таксама будуецца траса для дзiцячых трэнiровак.

Выходзiць на новы ўзровень пляжны спорт. Днямi комплексы пляцовак для пляжных гульняў адкрыты на тым жа «Каробчыцкiм Алiмпе», на турыстычнай базе «Прывал», а ўвогуле ўзводзяцца ў кожным раёне. Як зазначыў суразмоўца, днямi ў Шчучыне адбудзецца фiнал чэмпiянату Рэспублiкi Беларусь па пляжным футболе, дзе за першае i трэцяе месца будуць спаборнiчаць каманды Гродзенскай вобласцi. Сёння палову зборнай каманды Беларусi складаюць гульцы Прынёманскага рэгiёна.

Медальны рэкорд

Летась вобласць устанавiла свой рэкорд — за год на мiжнародных чэмпiянатах было заваявана 92 медалi. Папярэднi рэкорд 2015 года быў пабiты амаль удвая. Як паведамiў Алег Андрэйчык, вельмi шмат з'явiлася маладых амбiцыёзных спартсменаў, здольных дасягнуць высокiх вынiкаў. Сёння Гродзеншчына — гэта радзiма не толькi славутых Вольгi Корбут, Iвана Цiхана, Аляксандра Курловiча, Янiны Карольчык, Канстанцiна Лукашыка, Iвана Ядэшкi, Андрэя Барбашынскага. Успыхваюць новыя зоркi, такiя як Яўген Каралёк — двухразовы чэмпiён свету на велатрэку, Алег Юрэня — леташнi чэмпiен свету па веславаннi на байдарках i каноэ, i iншыя.

Рэгiён прэтэндуе на самае вялiкае прадстаўнiцтва сярод абласцей краiны на летнiх Алiмпiйскiх гульнях у Токiа, якiя маюць адбыцца ў будучым годзе. У спiсах кандыдатаў амаль 60 спартсменаў у 13 вiдах спорту. Заваявана восем лiцэнцiй — у легкай атлетыцы, веславаннi на байдарках, плаваннi, гiмнастыцы. Дарэчы, у Гродне ўзнаўляецца славутая школа гiмнастыкi: калiсьцi тут зiхацелi Корбут i Ваўчэцкая, а на II Еўрапейскiх гульнях бронзавым прызёрам стала гродзенская гiмнастка Настасся Алiстратава. Моцныя пазiцыi рэгiён мае па вольнай i грэка-рымскай барацьбе: больш за палову складу нацыянальнай зборнай у гэтых вiдах спорту менавiта за гродзенцамi.

— Мы першымi з рэгiёнаў пайшлi па шляху матывацыi i стымулу для спартсменаў, — падкрэслiў суразмоўца. — Прынята рашэнне абласнога Савета дэпутатаў аб выдзяленнi 125 iмянных стыпендый для перспектыўных маладых спартсменаў, якiя атрымлiваюць iх штомесяц на працягу года. Яшчэ 80 стыпендый выплачваюцца з мясцовага бюджэту раёнамi вобласцi.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв’ю: icmos.ru

Загаловак у газеце: Ад варкаўтаў да мега-комплексаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».