Вы тут

Сiрочы хлеб. Пра пытаннi, якiя лепш не задаваць. Бо нiхто не адкажа


Я засталася без бацькi, калi мне было няпоўныя адзiнаццаць. Мы пахавалi яго ў канцы лютага, а праз тры тыднi яму б споўнiлася пяцьдзясят тры. Памятаю, калi людзi са спачуваннем казалi: якi малады, маўляў, памёр, — мне здавалася гэта дзiўным, бо пяцьдзясят гадоў уяўлялiся цэлай вечнасцю. Цяпер, праз трыццаць пяць, разумею, як мала ён пражыў. I разумею, як мала было тады мне, каб заставацца сiратой. Менавiта так, па-вясковаму жорстка i праўдзiва, мяне хтосьцi з вясковых кабет назваў, яшчэ калi труну не вынеслi з хаты.


news.yahoo.com

Сказаць, што я, самая малодшая, была бацькавай любiмiцай, — нiчога не сказаць. Што б ён нi рабiў, я заўжды круцiлася побач, бо ведала: ён абавязкова прыдумае штосьцi цiкавае. Напрыклад, абганяючы бульбу, лёгка ўскiне мяне верхам на каня, i я буду кiраваць па градках, а ён будзе iсцi за плугам. Цi, прыехаўшы з ракаўскага кiрмашу, дзе прадаў парасят, дастане з-пад пiнжака двух трусiкаў — чорненькiх, з блiскучымi карычневымi вочкамi. Або, вяртаючыся з работы, падбярэ бадзяжнае кацяня. Мама будзе абурацца (хутчэй для парадку), а ён, пяшчотна ўсмiхаючыся, будзе глядзець, як я спрабую накармiць новага гадаванца. Бывала, ён прыходзiў з работы крыху «дзюбнуўшы», i гэта было... весела. Ён садзiў мяне на жывот, i мы ў два дурныя галасы гарлалi на ўсю хату: «Шумел камыш, деревья гнулись...» I праца ў яго была цiкавая, i, як здавалася, самая найлепшая — страхавы агент. Ён цэлымi днямi хадзiў па навакольных вёсках са сваёй нязменнай папкай, у якой захоўвалiся бланкi страхавых полiсаў. Паглядзець на iх збiзку было немагчыма: бацька хаваў iх ад «следапытаў» у адмысловай шуфлядзе, такой тугой i цяжкай, што нават сам яе ледзь выцягваў. Але затое ён прыносiў каляндарыкi Дзяржстраха — на кожны вiд страхавання iх было па некалькi штук, i ў малодшых класах дзякуючы iм я была аўтарытэтам, бадай што, большым, чым дачка паштальёнкi Марынка, бо яна паштоўкi перад Новым годам прадавала, а я каляндарыкi раздавала ўсiм ахвотным бясплатна. У самой жа была цэлая калекцыя, акуратна складзеная ў цыратовую сiнюю папку, якую мне бацька падарыў, купiўшы сабе новую... Я проста абажала глядзець з бацькам тэлевiзар — хакей цi парад з якой нагоды. Ён уладкоўваўся на канапе, а я падкочвалася яму пад бок — i гэта была мая асабiстая крэпасць, якая, здавалася, заўсёды абаронiць i нiкому не дасць у крыўду...

Маё бесклапотнае дзяцiнства скончылася ў няпоўныя адзiнаццаць гадоў, калi сцюдзёным лютаўскiм днём пад гукi аркестра труну з бацькам завезлi на пагорак пад чорнымi елкамi. Яно, дзяцiнства, не было нешчаслiвым — мама, старэйшыя брат i сястра, бабуля акружылi малую клопатам i зрабiлi ўсё, каб я не адчувала сябе сiратой. Але ўсё ж гэта было не тое. Я не кажу аб тым, як цяжка жыць на вёсцы, калi вялiкая гаспадарка, а гаспадара раптоўна не стала. З гэтым можна змiрыцца, нават па-фiласофску разважаць: маўляў, была добрая школа жыцця, якая загартавала i здароўе, i характар. Уменне без праблем забiць цвiк, запрэгчы каня цi навастрыць касу за плячыма не насiць, i хто яго ведае, калi i што ў гэтым жыццi можа спатрэбiцца. Не кажучы ўжо пра выпрацаваную менавiта ў першыя сiрочыя гады звычку не плакаць, не скардзiцца i заўжды шукаць выйсце нават са, здавалася б, бязвыхаднай сiтуацыi. I не ў матэрыяльным дастатку справа — наадварот, гэта быў яшчэ адзiн стымул вывучыцца, знайсцi добрую работу i купiць тое, што не магла купiць мама на сваю настаўнiцкую зарплату i капеечную пенсiю па страце кармiльца. Я пра iншае. Пра тое, што знiкла i ўжо нiколi не вярнулася тое пачуццё безумоўнай i неаспрэчнай абароненасцi, якое адчувала, калi тулiлася да бацькавых грудзей. Пра тое, як з зайздрасцю глядзела на аднакласнiц, калi яны пасля ўрокаў абмяркоўвалi, што падораць бацькам на 23 лютага. Пра тое, як горка плакала на выпускным, не таму, што развiтваюся са школай, а таму, што бацька не можа мной ганарыцца, бо не бачыць маiх поспехаў. Пра тое, як яго не хапала ўжо дарослай, як хацелася задаць яму пытаннi, якiя б, напэўна, растлумачылi незразумелыя ўчынкi мужчын, з якiмi спрабавала наладзiць адносiны. Пра тое, як кожны яго юбiлей — шэсцьдзясят, семдзесят, восемдзесят — я запальвала ў касцёле самую вялiкую свечку — адзiны падарунак, якi магла яму зрабiць, — i ўяўляла, як бы мы яго вiншавалi, як бы ён радаваўся, гледзячы на паспяховых дарослых дзяцей, унукаў, праўнукаў...

Бываючы на могiлках, гледзячы на яго партрэт, на якiм яму менш гадоў, чым зараз мне, я задаю пытанне — не, не лёсу, не Богу — яму самому. Чаму? Чаму не бярог сябе, абыякава да сябе ставiўся? Чаму, па дурасцi (апёк губу цыгарэтай) схапiўшы страшную хваробу i паспяхова яе вылечыўшы (пэўна, гэта быў шанц, яму было сорак чатыры, мне ўсяго два), — гэтым шанцам не скарыстаўся? Не кiнуў курыць, не з'яўляўся на абследаванне — нiводнага разу за восем гадоў, — а паперку з бальнiцы з рэкамендацыямi назiрацца кожныя паўгода надзейна схаваў у той тугой шуфлядцы, якую мог выцягнуць толькi ён сам. А яшчэ я часам пытаю яго, як бы ён паводзiў сябе, калi б ведаў, што яго любiмiца ў дванаццаць гадоў будзе сама баранаваць поле i горка плакаць, перабiраючы каляндарыкi ў сiняй цыратовай папцы...

Яна яго не крыўдую, на лёс таксама наракаць няма чаго. З чаго б гэта раптам напiсалася? Проста нядаўна з адным добра знаёмым i вельмi паважаным мной маладым чалавекам (да нядаўняга часу зусiм апалiтычным) мы паспрачалiся на тэму палiтыкi. Гаварылi пра тое, што адбываецца сёння ў краiне. Ён, якi мае нядрэнную работу, пабудаваў кватэру на льготных умовах, ездзiць на неблагой машыне, якую летась памяняў, даводзiў мне, што яму не хапае свабоды i што гэту свабоду ён гатовы баранiць на вулiцы. Я не аспрэчвала — яго жыццё, ён мае права рабiць i казаць, што лiчыць правiльным, — але ўсё ж палiчыла патрэбным крыху пакпiць з таго, што гэтая прага свабоды з'явiлася ў яго раптам пасля завiсання ў iнтэрнэце, а заадно папярэдзiць: на «вулiцы» магчымыя правакацыi, натоўп увогуле — страшная некiраваная сiла, раптам зачэпiць менавiта цябе? «Хай зачэпiць, галоўнае, каб гэта было недарэмна!» — з рэвалюцыйным запалам у вачах даводзiў ён. «Тата, ты хутка, я ўжо без цябе цэлы дом пабудавала!» — паклiкала майго апанента шасцiгадовая дачка, i вочы яго пацяплелi, ён пяшчотна, зусiм па-дзiцячы, усмiхнуўся, i яны пайшлi дабудоўваць дом...

Кагосьцi яна мне вельмi нагадала. Пашлi, Божа, розуму яе бацьку, а ёй шчаслiвага лёсу, у якiм не будзе сiрочага хлеба i пытанняў «чаму?» i «цi рабiў бы iнакш?», на якiя ёй нiхто нiколi не адкажа.

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».