Вы тут

Справа на трыльёны еўра. Чым адметны ліпеньскі саміт ЕС?


Першы пасля доўгага перапынку з прычыны пандэміі каранавіруса «афлайнавы» саміт Еўрасаюза, які адбыўся ў Бруселі, дакладна ўвайшоў у гісторыю. Прынамсі, так яго ахарактарызаваў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Нарада ў вярхах пачалася ў пятніцу раніцай, працягвалася ў суботу, рабочая нядзеля доўжылася да раніцы панядзелка, а потым перагаворы аднавіліся ў той жа дзень увечары. Усяго трыццаць хвілін не хапіла лідарам еўрапейскіх краін, каб пабіць рэкорд саміту-2000 у Ніцы. Тады абмяркоўвалася прынцыповае пытанне — аб змяненні заканадаўства ЕС напярэдадні прыёму ў Еўрасаюз 10 новых краін-членаў. Фактычна старая Еўропа вырашала, ці патрэбна ёй Еўропа новая, посткамуністычная. Брусельскі саміт у ліпені 2020-га па сваім парадку не выглядаў гэтак жа лёсавызначальна, але насамрэч перамены, якія ён абяцае ЕС, могуць у доўгатэрміновай перспектыве стаць такімі ж уражальнымі. Аб чым жа дамовіліся прэзідэнты і прэм'еры?


Ашчадная пяцёрка

Арганізатары ліпеньскага надзвычайнага саміту Еўрасаюза зрабілі ўсё для таго, каб абараніць здароўе кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў 27 краін, якія зляцеліся ў Брусель. Строгі рэгламент нашэння масак (на пленарных пасяджэннях і тым больш падчас індывідуальных зносін у перапынках на каву-брэйк), забарона рукапацісканняў, скарачэнне дэлегацый амаль утрая, бесперапынная дэзынфекцыя памяшканняў палаца «Еўропа». Кожнаму з удзельнікаў, нягледзячы на высокі статус, кіраўнік Еўрасавета Шарль Мішэль загадаў выконваць сацыяльную дыстанцыю ў 1,5 метра. Кандыцыянеры як патэнцыйныя разносчыкі інфекцыі ў цэнтральнай зале «Еўропы» на час пленарных выступленняў былі адключаны. У залу, якая разлічана на 330 чалавек, дазволілі ўваход толькі 31 удзельніку.

«Гэта момант ісціны для Еўропы. Мы перажываем беспрэцэдэнтны крызіс аховы здароўя, а таксама эканамічны і сацыяльны крызіс, яны патрабуюць значна большай салідарнасці і амбіцый», — адазваўся аб саміце прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, адпраўляючыся ў Брусель. «Справа не толькі ў фінансавых аб'ёмах або фінансавых пазіцыях. Мы рыхтуем эканамічны і сацыяльны адказ усім нашым еўрапейскім грамадзянам», — заявіў, у сваю чаргу, прэм'ер Італіі Джузэпэ Контэ.

Яшчэ да пачатку саміту было зразумела, што ён будзе няпросты. У Еўрасаюзе склаліся некалькі супрацьлеглых лабісцкіх груп, і кожная змагаецца за свае ідэі. Розныя падыходы і інтарэсы 27 дзяржаў ЕС у тым, што датычыцца фінансавых прапаноў па антыкрызісным аднаўленні, падзялілі ўдзельнікаў сустрэчы на «поўнач», «поўдзень» і «ўсход». Галоўным нязгодным аказаўся прэм'ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ. На яго нават скардзіўся кіраўнік урада Венгрыі Віктар Орбан. «Я не люблю шукаць вінаватага, але гэты галандзец — сапраўдны адказны за хаос», — цытавала агенцтва Reuters венгерскага прэм'ера. Пра ўпартасць Рутэ ў адстойванні сваёй пазіцыі паведамляў на сваёй старонцы ў Facebook і Джузэпэ Контэ. Яшчэ ў мінулую суботу ён заявіў, што краіны павінны прыйсці да пагаднення ў нядзелю, паколькі зацягванне перагавораў нікому не выгадна. Але ж і нядзельныя спробы дамовіцца не мелі плёну.

«Мы пачынаем трэці дзень перагавораў, і ён, напэўна, будзе вырашальным», — казала ў нядзелю канцлер Германіі Ангела Меркель. Але ў ноч на панядзелак страсці яшчэ больш напаліліся. Еўрапейскія СМІ паведамлялі, што прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон так выйшаў з сябе, што нават ударыў кулаком па стале. Прычына ўсё тая ж — нежаданне Нідэрландаў, Швецыі, Даніі і Аўстрыі падпісваць план аднаўлення еўрапейскай эканомікі. Больш за тое, да групы гэтых краін, якая была названая «ашчаднай чацвёркай» (яны катэгарычна выступалі супраць грашовых «падарункаў» і патрабавалі зрэзаць прапанаваны пакет дапамогі амаль удвая), далучылася яшчэ адна — Фінляндыя. Такім чынам пазіцыя нязгодных у ходзе перагавораў нават умацавалася, а шанцы зацвердзіць каштарыс антыкрызісных выдаткаў панізіліся. Справа ў тым, што дакументы на саміце ЕС лічацца зацверджанымі не простай большасцю галасоў і не дзвюма трацінамі, а толькі пры ўмове аднагалоснага адабрэння.

Краіны-донары з «ашчаднай пяцёркі» выступілі супраць планаў Бруселя выдзеліць найбольш пацярпелым ад пандэміі краінам 500 мільярдаў еўра з агульнага пакета аб'ёмам 750 мільярдаў на аснове бязвыплатнай субсідыі. Яны патрабавалі строгага кантролю над тым, як дзяржавы — рэцыпіенты дапамогі будуць яе выкарыстоўваць. Прэм'ер-міністр Нідэрландаў настойваў нават на праве вета па нацыянальных праграмах аднаўлення эканомікі.

Гэтаму катэгарычна пярэчылі асабліва пацярпелыя ад каранакрызісу Італія і Іспанія. «Такое вета недапушчальнае як з юрыдычнага, так і з палітычнага пункту гледжання», — адрэагаваў кіраўнік урада Італіі Джузэпэ Контэ. Прэм'ер-міністр Швецыі Стэфан Лёвен раней заяўляў, што для пагаднення па галоўным еўрадакуменце неабходна многае змяніць. «Мы па-ранейшаму дастаткова далёкія адно ад аднаго», — заўважаў шведскі прэм'ер, маючы на ўвазе зусім не антыкавідную дыстанцыю. Вырашальным днём стаў панядзелак, 20 ліпеня.

«Зялёнае» аднаўленне

Пасля перагаворнага марафону, які доўжыўся амаль 90 гадзін, кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 27 краін ЕС дасягнулі пагаднення па бюджэце супольнасці на 2021—2027 гады аб'ёмам 1 трыльён 74,3 мільярда еўра і фондзе аднаўлення эканомікі пасля пандэміі каранавіруса ў памеры 750 мільярдаў. Такім чынам, на працягу сямі наступных гадоў Еўрасаюз атрымае сумарныя фонды ў 1,824 трыльёна еўра, што амаль удвая перавышае бюджэт перыяду 2014—2020 гадоў.

Як заявіў на прэс-канферэнцыі Шарль Мішэль, упершыню ў гісторыі Еўрасаюза шматгадовы бюджэт супольнасці прывязаны да кліматычных задач. «Дасягнутае пагадненне — гэта нашмат больш, чым грошы. Гэта рабочыя месцы, здароўе і дабрабыт еўрапейцаў», — дадаў ён. Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен адзначыла, што «аднаўленне ЕС будзе «зялёным». «Бюджэт пакрые «зялёную здзелку». Мы інвестуем у будучыню Еўрасаюза. У Еўропы зараз ёсць шанц выйсці з крызісу мацнейшай», — адзначыла яна.

750-мільярдны пазабюджэтны фонд аднаўлення эканомікі атрымаў назву «ЕС новага пакалення». Гэтыя сродкі Еўракамісія мяркуе прыцягнуць у выглядзе крэдытаў, атрыманне якіх павінна быць цалкам завершана да канца 2026 года. Тэрміны пагашэння ўсёй сумы разлічаны на перыяд да 31 снежня 2058-га. Абавязковая ўмова пры асваенні сродкаў з гэтага фонду — не менш за 30 % ад усіх прадстаўленых кожнай з краін супольнасці субсідый і крэдытаў павінны ісці на «пазітыўныя кліматычныя праекты». Яны накіраваны на ўкараненне «зялёных» тэхналогій, альтэрнатыўнай энергетыкі, энергазберажэння — усяго, што будзе спрыяць выкананню задачы Еўракамісіі па будаўніцтве да 2050 года ў ЕС эканомікі з нулявымі вугляроднымі выкідамі.

З гэтых грошай паміж краінамі ЕС 390 мільярдаў еўра могуць быць размеркаваны ў выглядзе грантаў (бязвыплатная дапамога), 360 мільярдаў — у выглядзе льготных крэдытаў. Праекты для фінансавання ў рамках гэтага фонду павінны зацвярджацца Еўракамісіяй і Саветам ЕС. Грошы, якія выдзяляюцца ў выглядзе грантаў, павінны быць цалкам размеркаваны да 2023-га. Самы вялікі іх аб'ём атрымае Італія — амаль 209 мільярдаў еўра (81 мільярд у выглядзе грантаў і амаль 128 мільярдаў — ільготных пазык).

Для вяртання вялізнага доўгу ў 750 мільярдаў еўра ЕС мае намер увесці «інавацыйныя падаткі», у прыватнасці, падатак на неперапрацаваны пластык, лічбавыя транзакцыі, асаблівы рэжым мытных пошлін на тавары з краін «з ніжэйшымі кліматычнымі стандартамі, чым у Еўрасаюзе». Гэта непазбежна прывядзе да росту цэн практычна на ўсе імпартныя пазіцыі — фактычна 90 % спажывецкіх тавараў на паліцах еўрапейскіх крам. Пытанне ў тым, ці ўдасца выкарыстоўваць узятыя ў крэдыт грошы так, каб яны прынеслі больш прыбытку, чым будзе каштаваць гэты абавязак.

Плюсы і мінусы

Прэзідэнт Францыі адзначыў, што лідары ЕС упершыню ў гісторыі дамовіліся размяшчаць агульныя даўгавыя абавязацельствы Еўрасаюза. Такім чынам, грошы ў доўг возьме ўвесь ЕС, а не асобныя яго краіны, як было раней. На практыцы гэта азначае, што агульную пазыку члены саюза будуць вяртаць па тым жа прынцыпе, па якім будуецца бюджэт супольнасці, — краіна плаціць у залежнасці ад таго, якую ўдзельную вагу мае яе эканоміка ў агульнаеўрапейскай і якой пакупной здольнасцю валодае яе насельніцтва.

Рашэнне аб фарміраванні агульнай пазыкі можа мець як пазітыўныя, так і разбуральныя наступствы для ўсяго еўрапейскага праекта. Сярод пазітыўных фактараў — дасягненне пагаднення, якое дазволіць у найбліжэйшыя гады ажывіць эканоміку мільярдамі пазыковых сродкаў, набыццё Еўрасаюзам іміджу «сацыяльнага праекта», які справядліва пераразмяркоўвае рэсурсы паміж багатымі і беднымі краінамі, і новы крок да павышэння ступені інтэграцыі супольнасці, атрымання прынцыпова новых паўнамоцтваў Бруселем і паслаблення пазіцый нацыянальных урадаў. Аднак прыцягненне ў эканоміку 750 мільярдаў танных дзяржаўных грошай не гарантуе ні яе эфектыўнасці, ні яе паўнавартаснага аднаўлення, у той час як даўгавы цяжар для ўсіх без выключэння краін ЕС значна ўзрасце, а ён і так ужо ў цэлага іх шэрагу перавышае 100 % ВУП.

Уся ідэя гэтага плана заключаецца ў тым, каб магутнай фінансавай плынню падштурхнуць эканоміку да аднаўлення і росту, а затым без асаблівага напружання аддаць падаткі. Аднак практыка як бізнесу, так і дзяржкіравання (згадаем нядаўнюю гісторыю сусветнага фінансавага крызісу, пасля якога ў Еўропе настаў вельмі цяжкі крызіс суверэннай запазычанасці) сведчыць, што падобная камбінацыя спрацоўвае далёка не заўсёды. Вельмі сур'ёзным «невядомым» у гэтым ураўненні застаецца магчымая другая хваля пандэміі. Нават без яе ўліку Еўракамісія прагназуе, што ў 2020 годзе спад ВУП супольнасці складзе 8,3 працэнта.

Ліпеньскі саміт яскрава паказаў, што фрагментацыя Еўрасаюза глыбокая і што нацыянальныя інтарэсы часта пераважаюць, адзначыў gazeta.ru кіраўнік аддзела макрааналізу Saxo Bank Крыстафер Дэмбік. «Гэтае пагадненне, верагодна, будзе мець глыбокія доўгатэрміновыя наступствы для функцыянавання ЕС, узмоцніць раскол паміж яго Поўначчу і Поўднем і нават, магчыма, падштурхне Нідэрланды да выхаду з ЕС. Давер паміж дзяржавамі-членамі, заснаваны на добрасумленным супрацоўніцтве, падарваны», — лічыць эксперт Saxo Bank.

Цікавая рэакцыя на гістарычную падзею непасрэдна грамадзян еўрапейскіх краін пасля вяртання іх лідараў. Напрыклад, стала вядома, што трынаццаць чалавек падалі скаргу канцлеру юстыцыі Фінляндыі на дзеянні прэм'ер-міністра краіны Саны Марын падчас саміту ЕС, паведаміла дзяржаўная тэлерадыёвяшчальная кампанія YLE. Аўтары большасці зваротаў лічаць, што прэм'ер краіны дзейнічала насуперак пазіцыі канстытуцыйнага камітэта парламента, калі ўхваліла ўзяцце новых крэдытаў у рамках пакета мер па аднаўленні эканомікі ЕС.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?