Вы тут

36 гадоў без Караткевіча


Пісьменнік, паэт, рамантык, філосаф, патрыёт. Сёлета бацьку беларускага гістарычнага дэтэктыву магло б споўніцца 90 — менавіта гэту дату айчынныя выдаўцы, літаратары і чытачы будуць адзначаць у лістападзе. Магло б, але... 25 ліпеня 1984 года Уладзімір Сямёнавіч пайшоў з жыцця — дарэчы, у адзін дзень з Высоцкім, таксама Уладізмірам Сямёнавічам.


Мы ж, нашчадкі, працягваем любіць, чытаць і, канешне, успамінаць аднаго з самых яркіх аўтараў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. На ўспамін «Звязда» падрыхтавала невялікую падборку мастацкіх твораў, у якіх Караткевіч і сёння застаецца з намі.

Кнігі

Безумоўна, яны перадусім. Паводле звестак «Белкнігі», нават праз 36 гадоў пасля адыходу ў нябыт Уладзімір Караткевіч уваходзіць у лік самых чытаных і прадаваных аўтараў. Летась перавыданне «Каласы пад сярпом тваім» стала «Кнігай года». А за першае паўгоддзе 2020-га ў топе, на 5 і 4 месцы сярод дзесяці лідараў продажу — «Каласы пад сярпом тваім» і «Дзікае паляванне караля Стаха» (абедзве кнігі — выдавецтва «Папуры», 2018). Зрэшты, што тут доўга расказваць — творы Караткевіча трэба чытаць, і пажадана на беларускай, выходзячы далёка за межы школьных хрэстаматый.

Фільмы

Безумоўна, ва ўсіх на слыху «Дзікае паляванне караля Стаха» — стужку часта называюць першым савецкім містычным трылерам. Рэжысёрская работа Валерыя Рубінчыка, да якой у самога аўтара і сцэнарыста было шмат пытанняў, тым не менш атрымала ў 1980-1983 гг шэраг значных кінаўзнагарод на міжнародных фестывалях у Італіі, Францыі, Канадзе, ЗША і Бельгіі.

Куды менш шанцоўны лёс у «Жыцця і ўзнясення Юрася Братчыка» — сцэнарый стаў асновай для раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», а вось сама стужка не была выпушчаная ў пракат і больш за 20 гадоў праляжала на паліцы. Арыгінальная назва і мантаж стужцы былі вернутыя толькі ў 1989-м.

Шмат гадоў ходзяць размовы пра экранізацыю «Каласоў...» і новую версію «Чорнага замку Альшанскага», але пакуль так і застаюцца размовамі. А вось пазнаёміцца з Караткевічам-сцэнарыстам больш падрабязна можна хоць сёння ў Музеі беларускага кіно — там можна замовіць і паглядзець, напрыклад, знятыя пры яго ўдзеле малавядомыя дакументальныя стужкі «Сведкі вечнасці» і «Будзь шчаслівая, рака» (1964), «Памяць каменя» (1966) і «Родная зямля» (1972), а таксама мастацкія фільмы. Хоць, мабыць, найсвяжэйшага — кароткаметражкі Аляксандра Меліхаўца «Паляшук» (2019) паводле апавядання Караткевіча — тут яшчэ няма.

Выявы

Караткевіч-мастак — такім яго ведалі нямногія, пакуль выдавецтва «Мастацкая літаратура» не ўключыла ў 25-томнік твораў класіка цэлы том малюнкаў, шаржаў, аўтапартрэтаў ягонага аўтарства. Частка з іх дагэтуль захоўваецца ў сямейным архіве, частка знаходзіцца ў фондах навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН РБ і дэманструецца, напрыклад, падчас «Бібліяночы»...

А пакуль вы дойдзеце да кнігарні альбо знойдзеце ўжо рарытэтны асобнік коміксаў паводле «Дзікага палявання караля Стаха», нагадаем, дзе можна паглядзець класіку наўпрост у вочы — маем на ўвазе не мемарыяльныя дошкі, а сучасныя графіці. Адно з іх — у Мінску, на тусовачнай вуліцы Кастрычніцкай, 23 — з’явілася ў 2015-м, перанесенае на сцяну з вядомага фотаздымка — партрэта Уладізміра Сямёнавіча з кацянятамі (яго зрабіў калісьці фотамастак Валянцін Ждановіч), а сёлета было абноўленае, цяпер там партрэт пісьменніка з сабакам. Другое змешчана на сцяне музея Уладзіміра Караткевіча ў Оршы. Яшчэ адзін стрыт-арт-аб’ект, мурал ад мастака Алеся Благія, «прызямліўся» на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Рагачове, дзе калісьці жыў дзядзька пісьменніка і дзе былі створаныя многія любімыя чытачамі творы.

Музыка

Паводле твораў Уладзіміра Караткевіча створаныя дзве нацыянальныя оперы — «Сівая легенда» (кампазітар Дзмітрый Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (Уладізмір Солтан), больш як 40 радыёспектакляў і пастановак — пачынаючы з «Млына на Сініх Вірах» 1959 года, музычны аўдыяспектакль «Ладдзя роспачы» («Стары Ольса», 2004) і канцэртная праграма «Быў.Ёсць.Буду» нацыянальнага канцэртнага аркестру пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, а таксама мноства песень.

Упэўненыя, што вы чулі хоць адну з іх — «Дзе мой край», «Мора», «Скрыпка дрыгвы», «Ворагам», «Павешаным у 1863-м»... А вось лірычныя версіі Галіны і Барыса Вайханскіх маглі і не чуць. Між тым, у вядомай пары аўтараў-выканаўцаў не адна, а пяць розных песень на вершы Уладзіміра Сямёнавіча. Паслухайце, напрыклад, гэтую — «Нават сцюжным зімовым вечарам...»

Ад каменю да зор

Першы помнік Уладізміру Караткевічу з’явіўся ў Оршы да 925-годдзя горада — яго адкрылі 27 чэрвеня 1992 года ў цэнтральным парку (хоць паводле гарадской легенды, спачатку помнік стаяў акурат на месцы згарэлага ў вайну дома, дзе сям’я пісьменніка жыла з 1939-га). У 1994 годзе быў усталяваны помнік у Віцебску, у 2011-м — у Кіеве на вуліцы Кацюбінскага, 5, каля пасольства Беларусі, а адносна нядаўна, у 2017-м, скульптурная кампазіцыя «Прысвячэнне паэту», правобразам якой стаў Караткевіч у юнацтве, адкрылася ў Мінску на Асмалоўцы. Сёлета, у юбілейны год пісьменніка, плануецца паставіць у Рагачове помнік аднаму з яго герояў Гервасію Выліваху, які паводле аповесці «Ладдзя роспачы» не пабаяўся сыграць у шахматы з самой Смерці.

Пяць гадоў таму намаганнямі супрацоўнікаў аршанскага музея і беларускага прадстаўніцтва Міжнароднага зорнага каталогу на небасхіле, у сузор’і Льва, з’явілася нават зорка імя Караткевіча. А вось вуліцы яго імя, як у Астраўцы, Віцебску, Гродне, Рагачове, Століне і Оршы, у Мінску дагэтуль няма... Дакладней, ёсць, але названая яна ў гонар іншага Караткевіча — Дзмітрыя, аднаго з кіраўнікоў мінскага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мо, наспеў часць выправіць гэта ўпушчэнне?

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота mininform.gov.by, archives.gov.by, taktak.by, kiev-foto.info

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».