Вы тут

Выявіць, запеленгаваць i нейтралізаваць. Як адбываецца радыёэлектронная барацьба


6 лiпеня восьмы дзень нараджэння адзначыў 16-ы асобны полк радыёэлектроннай барацьбы (з самалётнымi сродкамi). Часць для нашай краiны ўнiкальная — больш нiхто не можа выконваць аналагiчныя задачы, каб прымусiць замаўчаць радыёэлектронную апаратуру патэнцыйнага працiўнiка. Але чым жа яна жыве? Каб гэта высветлiць, карэспандэнт «Звязды» адправiўся ў Бярозу.


Пал­коў­нiк Юлiй Гвоздзь.

...Першы i зараз дзеючы камандзiр палка — палкоўнiк Юлiй Гвоздзь — з гонарам пералiчвае яго дасягненнi на вучэннях, у тым лiку спаборнiцтвах па палявой вывучцы сярод падраздзяленняў радыёэлектроннай барацьбы Узброеных Сiл Расii. Гэтыя спаборнiцтвы амаль заўжды ўнутрырасiйскiя, i толькi зрэдку на iх запрашаюць каманды дзяржаў-саюзнiц.

— Мы тройчы ездзiлi ў Расiю i ўсе тры разы займалi або другое, або першае месца, — згадвае Юлiй Гвоздзь. — Пры гэтым у нас усяго адзiн полк радыёэлектроннай барацьбы з самалётнымi сродкамi, а вось з расiйскага боку ўдзельнiчала паўтара дзясятка брыгад, якiя да таго ж маюць рэальны баявы досвед. Ад таго, як разгортваюцца нашы вайскоўцы, расiяне засталiся пад моцным уражаннем i нават прапанавалi зняць вучэбны фiльм для ўласных экiпажаў. Гэта многага каштуе.

Сакрэт поспеху палка — гэта не толькi тэхнiка, але i вельмi квалiфiкаваны асабовы склад.

— Наша дзейнасць не такая вiдовiшчная на першы погляд, як у тых жа лётчыкаў, але сувымерная па важнасцi, — кажа Юлiй Гвоздзь. — Мы зацiкаўлены ў тым, каб да нас прыходзiлi служыць спецыялiсты, падрыхтаваныя ў найлепшых тэхнiчных ВНУ краiны i, канешне ж, у Ваеннай акадэмii. З апошняй мы трывала супрацоўнiчаем, i мушу адзначыць, што ўзровень падрыхтоўкi выпускнiкоў iстотна вырас.

Але адна справа, калi на тэхнiцы працуе афiцэр, якi вучыўся гэтаму пяць гадоў i iшоў паступаць мэтанакiравана. Iншая — салдат тэрмiновай службы. Добра яшчэ, калi ён засвоiў тэхнiчную спецыяльнасць. А што рабiць, калi баец — заўзяты гуманiтарый?

— Магу прывесцi два прыклады, — прапануе Юлiй Гвоздзь. — У нас быў салдат з Белаазёрска, якi звольнiўся паўтара года таму. Ён скончыў БДУIР i усё схоплiваў лiтаральна на ляту. А, напрыклад, адзiн з нашых аператараў станцыi па адукацыi — выкладчык замежнай мовы. Ён калiсьцi трапiў да нас на тэрмiновую службу. I ў вынiку застаўся на другi кантракт запар. Як бачыце, тое, што чалавек — гуманiтарый, не перашкода. Уся справа насамрэч у наяўнасцi добрага аналiтычнага мыслення. Пры гэтым трэба адзначыць, што чалавеку з вышэйшай радыётэхнiчнай адукацыяй будзе, натуральна, прасцей асвойвацца.

Сёлета каля чвэрцi звольненых з палка ў запас салдат тэрмiновай службы паступiлi на кантрактную службу. Калiсьцi гэты шлях прайшоў i начальнiк станцыi старшы прапаршчык Аляксандр Ячнiк:

— Сёлета споўнiлася дзесяць гадоў, як я служу тут. Прыйшоў на тэрмiновую службу ў 16-ы асобны батальён РЭБ, на базе якога быў пасля сфармiраваны гэты полк, ды так i застаўся. Было спачатку крыху боязна — брат служыў у танкавых войсках, а што такое радыёэлектронная барацьба, нават i спытаць не было каго. Iнтэрнэт у тыя часы быў яшчэ не такi дасяжны, як цяпер. Але пакрысе асвоiўся. За гэты час мы атрымалi шмат новай тэхнiкi, на якой вельмi цiкава працаваць. Што да навучання асабовага складу, то, натуральна, людзi бываюць розныя. Нярэдка сутыкаюся з тым, што iнфармацыю схоплiваюць лiтаральна на ляту, а ў вачах заўважны агеньчык непадробнага iнтарэсу. Прынцып добрасумленнасцi дзейнiчае ў абодва бакi — калi салдат добра выконвае пастаўленыя задачы, то ён атрымлiвае ў якасцi заахвочвання дадатковыя днi да водпуску або звальненнi на некалькi сутак.

Аляксандр Ячнiк плануе стаць афiцэрам. Кажа, што не хоча спыняцца на званнi старшага прапаршчыка.

На ўездзе ў часць усталявана стэла, на якой выбiты тры словы — «разведаць, падавiць, абаранiць». Так можна коратка сфармуляваць асноўныя задачы палка. Рабiць гэта на найвышэйшым узроўнi дапамагло стварэнне яго на базе батальёнаў радыёэлектроннай барацьбы, якiя iснавалi раней. Як вынiк — на ўсiх вучэннях з сiламi радыёэлектроннай барацьбы пад кiраўнiцтвам начальнiка ўпраўлення радыёэлектроннай барацьбы Генеральнага штаба Узброеных Сiл полк ацэньваўся на «добра». Больш за тое, цягам шасцi апошнiх навучальных гадоў 16-ы асобны полк радыёэлектроннай барацьбы чатыры разы прызнаваўся найлепшай воiнскай часцю баявога забеспячэння ў Ваенна-паветраных сiлах i войсках супрацьпаветранай абароны. Тры разы з iх — запар.

— У нас праходзiць вельмi шмат вучэнняў на розных узроўнях, у тым лiку i з iншымi родамi i вiдамi войск, — працягвае Юлiй Гвоздзь. — На iх мы працуем у абстаноўцы, максiмальна наблiжанай да рэальнай баявой. Афiцэр радыёэлектроннай барацьбы мусiць пастаянна вучыцца. Асаблiва гэта важна з прычыны таго, што тыпы ваенных канфлiктаў мяняюцца. Яны становяцца гiбрыднымi i вымагаюць выкарыстання ўсё больш «разумнай» тэхнiкi. Вось, напрыклад, у Вялiкую Айчынную нават не на ўсiх самалётах былi ўстаноўлены кароткахвалевыя перадатчыкi. Цяпер жа няма нiводнага ўзору тэхнiкi, не абсталяванага сувяззю. А дзе варожая сувязь — там i мы, тыя, хто мусiць ёй процідзейнiчаць. I калi афiцэр, не звязаны з намi, бачыць на свае вочы, што пiлот суперсучаснага самалёта не можа «злавiць» цэль дзякуючы нам, — паверце, гэта ўражвае. Неяк увогуле адбыўся паказальны выпадак. Салдат апошняга перыяду службы ў вольны час выклаў з шышак надпiс «РЭБ — гэта сiла!» Пэўна, мы яму нешта такое прывiлi...

Восем гадоў таму полк фармiраваўся не на голым месцы. Так, былi i казармы, i памяшканнi для захоўвання тэхнiкi, i клуб, але... усё гэта патрабавала капiтальнага рамонту. Ён быў грунтоўна праведзены. Сярод выгод, якiя з'явiлiся, — гарачая вада ў кожнай казарме i сучасныя санiтарныя вузлы.

На ву­чэн­нях.

Кожны звольнены ў запас запаўняе спецыяльную анкету, у якой яго просяць выказацца аб месцы службы. Юлiй Гвоздзь зазначае, што негатыўных водгукаў не было нi разу. А бываюць i зусiм нечаканыя гiсторыi.

— Адзiн з падначаленых салдат завяршаў тэрмiн службы, калi яму было амаль 27 гадоў, — расказвае камандзiр узвода старшы лейтэнант Кiрыл Валiцкi. — Ён пасля школы працаваў у мясцовым СПК, пасля падаўся ў сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Чалавек сямейны. Адслужыў у нас год, за гэты час вельмi добра сябе зарэкамендаваў. I захацеў застацца на кантракт. Так чалавек знайшоў сябе. Вельмi прыемна назiраць, як людзi, з якiмi ты сутыкаешся штодня, iстотна прагрэсуюць. Ды i iндывiдуальны падыход нiхто не адмяняў.

Кiрыл Валiцкi згадвае сваё першае баявое дзяжурства. Ён параўноўвае яго з каравулам, дзе даводзiцца прыслухоўвацца да кожнага шолаху. I толькi калi змянiўся, то ўсвядомiў, якая ўсё-такi была ўскладзена адказнасць.

— Я служу пасля Ваеннай акадэмii крыху больш за год, але каб нешта паўтаралася кожны дзень, станавiлася руцiнай — такога няма. Усё вельмi разнастайна i часам нечакана.

Кап­лi­ца.

Не забываюцца ў палку i на духоўны складнiк. Тут дзейнiчае каплiца свяшчэннамучанiка Сергiя Фларынскага. Перыядычна сюды прыязджае святар. Але чаму памяць менавiта Сергiя Фларынскага ўшаноўваецца ў Бярозе?

— З 1894 года тут базiраваўся 151-ы Пяцiгорскi пяхотны полк. Святаром у iм быў Сергiй Фларынскi, — расказвае iнструктар па арганiзацыйна-масавай рабоце Валерый Няпарка. — Ён браў удзел у руска-японскай вайне, ваяваў i падчас Першай сусветнай. Меў некалькi ўзнагарод — медалёў i ордэнаў. А вось лёс у Сергiя Фларынскага аказаўся вельмi трагiчны. У 1918 годзе ён апынуўся ў горадзе Ракверэ. Гэта сучасная Эстонiя. На частцы яе тэрыторыi была абвешчана Эстляндская працоўная камуна, i 16 снежня 1918-га войскi Чырвонай Армii занялi горад. Праз тры днi протаiерэй Сергiй быў арыштаваны як прадстаўнiк старога рэакцыйнага рэжыму. Яго абвiнавачвалi i ў арганiзацыi барацьбы супраць савецкiх войскаў. 20 снежня ён быў дапытаны, i праз шэсць дзён вынеслi смяротны прысуд. Пратакол допыту заняў усяго адну старонку тэксту, напiсанага ад рукi. Напрыканцы яго Сергiй Фларынскi напiсаў: «Лiчу адно: вiна мая ў тым, што я святар, у чым i распiсваюся».

У 2002 годзе Сергiй Фларынскi быў прылiчаны Рускай Праваслаўнай Царквой да лiку свяшчэннамучанiкаў для агульнацаркоўнага шанавання. Эксгумацыя астанкаў святара адбылася ў 2003 годзе. I высветлiлася, што большая частка яго цела захавалася...

г. Бяроза

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.