19 верасня, субота

Вы тут

Старшы аператыўны дзяжурны, падпалкоўнік міліцыі: Змена чымсьці нагадвае бліц у шахматах...


Аператыўна-дзяжурная служба — адзін з самых няпростых участкаў дзейнасці міліцыянераў. Што ні здарыцца ў горадзе — са сваімі бедамі людзі ідуць перш за ўсё сюды. Наколькі ж складана ў ёй працуецца?


Старшы аператыўны дзяжурны, падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Кажура служыць у гэтым падраздзяленні Фрунзенскага РУУС сталіцы вось ужо амаль чатырнаццаць гадоў. Да таго дзесяць гадоў правёў у атрадзе міліцыі асобага прызначэння.

— Шчыра кажучы, да арміі нават і не думаў, што стану міліцыянерам. Нават не было каго спытаць пра службу. Гэта цяпер інтэрнэт пад рукой, а ў пачатку 1990-х адзінай крыніцай падобнай інфармацыі былі сваякі і знаёмыя. А ніхто з іх у міліцыі не служыў. Калі быў у звальненні падчас службы, пабачыў, як на чыгуначным вакзале працуюць супрацоўнікі атрада міліцыі асобага прызначэння. Якраз у гэты час у іх з'явілася новая форма, якая ўражвала, ды і само падраздзяленне было легендарнае. Да таго ж у маім вайсковым падраздзяленні за паўгода да звальнення ў запас некалькі чалавек паспрабавалі прайсці адбор у АМАП. Ні ў кога з іх не атрымалася. Пасля вырашыў праверыць свае сілы сам — і іспыт здаў.

Аляксандр Кажура адслужыў у АМАП 10 гадоў. Упершыню прымераў там афіцэрскія пагоны, пасля таго як скончыў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Штуршком да перамены характару работы сталі змены ў асабістым жыцці. Патрабаваўся ўжо іншы графік — таму Аляксандр Кажура і перавёўся ў Фрунзенскае РУУС.

— Я думаў, што тут будзе больш руціны. Нічога падобнага. Насельніцтва Фрунзенскага раёна — паўмільёна чалавек. Фактычна яно супастаўнае з другім па велічыні горадам Беларусі — Гомелем. Ды і новыя дамы пастаянна будуюцца. Таму і колькасць зваротаў у аператыўна-дзяжурную службу вельмі высокая. Вольнага часу тут амаль не бывае. Фактычна 24-гадзінная змена чымсьці нагадвае «бліц» у шахматах. Сеў за пульт, націснуў кнопку — і пайшлі адзін за другім выклікі. Толькі ўначы іх становіцца менш.

Мая асноўная задача — быць, па сутнасці, камандным цэнтрам падчас раскрыцця злачынства. Гэта значыць акумуляваць сабраную інфармацыю, прымаць рашэнне, каго накіраваць, пракантраляваць, як працуе следча-аператыўная група на месцы, прасачыць, якія доказы сабраны на месцы падзей.

Галоўная задача аператыўна-дзяжурнай службы — спрыяць таму, каб процізаконны ўчынак быў раскрыты «па гарачых слядах». Канешне, калі гэта патрабуе прыцягнення вузкіх спецыялістаў, дамагчыся такога выніку складана. Але калі гаворка ідзе пра вулічнае злачынства ці кватэрны крадзеж — то атрымліваецца менавіта «па слядах».

«А раніцай яны прачнуліся»

Гістарычна склалася, што ў Фрунзенскім раёне няшмат буйных прадпрыемстваў. Асноўная іх частка сканцэнтравана на процілеглых канцах горада. Можна сказаць, што гэта, па сутнасці, адзін вялікі спальны раён. Такая акалічнасць уплывае на спецыфіку злачынстваў і інцыдэнтаў.

— Для нас самы напружаны час на працягу сутак — з 7 гадзін вечара да 2 ночы. Падчас яго адбываецца асноўная маса сямейна-побытавых скандалаў. Калісьці ў Фрунзенскім раёне па нагружанасці любую суботу можна было параўнаць з 1-м студзеня. Гэта з-за таго, што ў нашым грамадстве чамусьці існуе звычка адзначаць са спіртным канец чарговага працоўнага тыдня. Раніцай пасля чарговай такой гулянкі прачынаецца гаспадар кватэры — і не знаходзіць нейкіх каштоўных рэчаў. Тады звяртаецца да нас. Цяпер жа нейкай залежнасці ад дня тыдня няма, усё больш-менш нівелявана. І самыя страшныя злачынствы — тыя, якія адбываюцца за зачыненымі дзвярыма.

Целы ў маразільніку

У чэрвені інтэрнэт абляцела жахлівая навіна — у адной з кватэр былі знойдзены целы двух дзяцей. Адно з іх было на балконе, другое — у маразільніку. Калі прыехала следча-аператыўная група, 40-гадовая маці імкнулася яго схаваць. Была заведзена крымінальная справа. Якраз гэты выпадак выпаў на дзяжурства Аляксандра Кажуры.

— Дзесьці гадоў пяць таму здарыўся падобны інцыдэнт. У РУУС прыйшоў моцна ўсхваляваны чалавек і сказаў: я прыехаў да вас на аўтамабілі, у багажніку якога ляжаць дзіцячыя трупы. Адправілі мы туды супрацоўнікаў паглядзець, што там такое адбываецца. Яны пацвердзілі — так, там ляжаць замарожаныя тушкі птушак, а побач з імі — два цельцы. Але тады ніякага крыміналу не адбылося. Судова-медыцынская экспертыза вынесла свой вердыкт — гэта выкідышы. Узнікла лагічнае пытанне: як жа целы апынуліся дома? Пачалося разбіральніцтва. Высветлілася, што сужыцелька чалавека, які звярнуўся ў міліцыю, двойчы зацяжарвала, але вынасіць плод не здолела. Прычым па медыцынскую дапамогу яна не звярталася, а проста складвала целы ў маразільнік. Вось чарговы спадарожнік жыцця выпадкова і знайшоў іх. І павёз жудасны груз да нас...

Страшная тайна мінскай кватэры

— У аператыўныя дзяжурныя не бяруць людзей без досведу работы ў міліцыі, — працягвае Аляксандр Кажура. — Справа ў тым, што за 30—60 хвілін ты можаш атрымаць як тры, так і дзесяць паведамленняў. За суткі колькасць зваротаў становіцца трохзначнай. Прыкладна палова выклікаў патрабуе неадкладнага выбыцця групы — затрымання або следча-аператыўнай. Трэба кіраваць нарадамі, перадаваць прыкметы ў эфір, калі гэта неабходна. Але ж і іншыя злачынствы таксама не «чакаюць». І на прыняцце рашэння выпадаюць часам долі секунды. На сыходзе сутак стомленасць ужо сапраўды прысутнічае. І вось калі едзеш дадому, то ў думках праганяеш яшчэ раз мінулыя 24 гадзіны. Аналізуеш і наступны раз працуеш з улікам атрыманага досведу. Канешне, ёсць ведамасныя загады, як дзейнічаць у выпадку якога-небудзь злачынства. Гэта ўсё ўдасканалена гадамі. Па шаблоне працаваць, зразумела, увесь час ты не здолееш, але ў патрэбнае рэчышча гэта кіруе.

Суразмоўца згадвае жудасную гісторыю, якая здарылася ў пачатку яго службы ў Фрунзенскім РУУС. Неяк у дзяжурную часць звярнулася жанчына, якая паведаміла, што яе пляменніца з нейкай прычыны не прыехала на вяселле, ды і дома яе няма ўжо працяглы час. Бацька зніклай тлумачыў, што дачка выехала на вакзал. Здавалася б, адбыўся шараговы выпадак — чалавек знік без вестак. Як заўжды ў такім выпадку, былі ўзяты тлумачэнні, прынята заява, а на месца жыхарства чалавека паехала следча-аператыўная група. А праз некаторы час адтуль раздаўся вельмі дзіўны званок.

Супрацоўнік крымінальнага вышуку расказаў, што сітуацыя незразумелая. У пакоі дзяўчыны надарваны шпалеры. Бацька паводзіць сябе неяк падазрона і сцвярджае, што ў кватэры ідзе рамонт. Але ў іншых памяшканнях нічога падобнага не было! Гэтая акалічнасць выклікала падазрэнне, і быў тэрмінова запрошаны судовы эксперт са спецыяльнай лямпай. Яна і паказала, што ўся кватэра была літаральна залітая крывёю, а з пакоя ў ванну спецыяліст заўважыў сляды валачэння. Бацька маўчаў. З'явілася версія забойства з расчляненнем. Нарады міліцыі прачэсвалі тэрыторыю на месцы цяперашняй Дамброўкі — у той час там былі толькі пусткі і рэшткі агародаў. Праз тыдзень знайшлі ўсе часткі цела. Пасля аказалася, што гэта бацька падчас канфлікту забіў дачку, а цела расчляніў і ўсё падаў так, нібыта яна сама з'ехала кудысьці.

— Пры гэтым трэба зазначыць, што вулічнай злачыннасці з цягам часу становіцца меней. Рабункі, разбоі — для нашага раёна гэта рэдкасць на фоне таго, што было яшчэ хоць дзесяць гадоў таму. Ахвярамі тады станавіліся ўладальнікі дарагіх мабільных тэлефонаў. Цяпер жа злачыннасць пакрысе сыходзіць у інтэрнэт. Канешне, крадзяжы з аўтамабіляў ёсць і дагэтуль, і, на жаль, нікуды яны не падзенуцца — у любы час будуць аматары пажывіцца чужым дабром. Ці вось нярэдка абкрадаюць п'яных: выпіў чалавек, ішоў дадому, заснуў на прыпынку ці пад кусцікам, прачнуўся, а кашалька пры ім больш няма.

Работа аператыўнага дзяжурнага амаль заўсёды звязана з чалавечым горам. Разам з тым рэдка, але знаходзіцца час і для гумару. Напрыклад, аднойчы паступіў выклік, што каля вуліцы Якубоўскага на снезе ляжыць тыгр. Першая ж думка — жывёла збегла з заапарка. А калі прыехаў нарад міліцыі, то высветлілася, што гэты тыгр насамрэч... цацачны. Проста яго памеры і афарбоўка былі такія ж, як у жывой істоты.

З саслужыўцам у войску. Фота з архіва героя.

Незвычайнае хобі

У Аляксандра Кажуры ёсць два хобі. Праз усе гады службы ў сілавых структурах ён пранёс юнацкую цікавасць да сельскай гаспадаркі і... кухарскай справы.

— Я калісьці хацеў паступаць у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Але бацькі пераканалі ў адваротным, ды і сам пасля неяк крыху «падастыў» да гэтай тэмы. Калі ажаніўся, пераехаў на пастаяннае месца жыхарства са сталіцы ў іншы горад, у прыватны дом. Там разам з жонкай я займаюся развядзеннем трусоў, курэй. Хутка планую завесці авечак.

Аляксандр Кажура прызнаецца, што вельмі любіць гатаваць. З асаблівай павагай ён ставіцца да страў французскай кухні. Падпалкоўнік міліцыі пералічвае тое, што не раз ствараў сваімі рукамі: гратэн, фандан, бешамель... Гэтае захапленне яўна большае за аматарскі ўзровень.

І будзем спадзявацца, што ў афіцэра ўсё атрымаецца.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота дадзена Фрунзенскім РУУС Мінска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

«А аднойчы нашу аператарку запрасілі замуж па тэлефоне». Чым жыве кантакт-цэнтр «Белпошты»?

«А аднойчы нашу аператарку запрасілі замуж па тэлефоне». Чым жыве кантакт-цэнтр «Белпошты»?

Тры кароткія лічбы — 154. Гэта нумар кантакт-цэнтра «Белпошты». Яго набіраюць тыя, хто сутыкаецца з пытаннямі датычна паслуг, якія аказваюць паштавікі. За кожным з такіх званкоў стаіць свая гісторыя.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.