Вы тут

Маёр міліцыі Андрэй Абрамовіч: Мая задача як бацькі — выхаваць дзяцей добрымі людзьмі


«Дзяцей з радзільні выпісвалі па чарзе. Я два месяцы быў у дэкрэтным адпачынку, пакуль усіх дома дачакаўся», — згадвае падзеі шасцігадовай даўніны маёр міліцыі Андрэй Абрамовіч. — На службе да сітуацыі паставіліся з разуменнем. А як інакш? Не кожны дзень у калегі трайняты нараджаюцца!


Андрэй Міхайлавіч — старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі. Мужчыне — 41 год, 17 з якіх працуе ў Заводскім РУУС сталіцы:

— Прыйшоў сюды пасля арміі, служыў ва ўнутраных войсках. Калі мяне пытаюць, кім яшчэ мог стаць, паціскаю плячыма. Нават уявіць сябе без формы цяжка.

І гэта нягледзячы на тое, што пасля школы Андрэй Міхайлавіч скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, факультэт тэхнічнага сэрвісу ў АПК. Своечасова зразумеў — не яго.

— Першы рабочы дзень у міліцыі запомніўся. Было шмат новай інфармацыі, а новае заўсёды здаецца складаным. З вопытам усё становіцца на свае месцы, — упэўнены суразмоўца.

Згадвае маёр і тое, як пазнаёміўся з будучай жонкай. Пару звяла менавіта служба:

— Працаваў тады ўчастковым інспектарам міліцыі. Пайшоў правяраць вартавую ахову хлебазавода. З будынка выйшла дзяўчына — прыгожая, загарэлая. Як высветліў пазней, яна толькі прыехала з мора. Таццяна — інжынер-тэхнолаг.

Праз год маладыя людзі пажанілася. Вяселле было пышнае, каля 160 гасцей паклікалі! Святкавалі на малой радзіме жаніха.

— Гуляла, як кажуць, уся вуліца. Гэта цяпер мода пайшла на ціхія сціплыя вечары ў коле сям'і. Раней было інакш, — кажа міліцыянер.

На пытанне, колькі жывуць у шлюбе, Андрэй Міхайлавіч, як і большасць мужчын, задумваецца:

— Зараз падлічу, — усміхаецца. — Разам мы ўжо 12 гадоў.

Андрэй Міхайлавіч і Таццяна Валер'еўна выхоўваюць двух сыноў і дачку.

— Мы з жонкай вельмі хацелі дзяцей. Але трайняты — нечаканы падарунак, — прызнаецца шматдзетны тата. — На першым УГД сказалі, што будуць двайняты. Праз тыдзень — што трайняты. Памятаю, прыгразіў: «Таццяна, больш на УГД не пойдзем!» (смяецца).

Міліцыянер згадвае, што пра падарунак лёсу спачатку расказалі толькі самым блізкім, каб не сурочыць. Аб тым, што не справяцца, нават і думкі не было. І не такія задачы вырашалі! На курсы для будучых бацькоў не хадзілі: не было вольнага часу. Ды, калі шчыра, вопыт было ў каго пераняць — бабулі і дзядулі заўсёды на падхваце.

— Я адразу сказаў жонцы: «Ты хацела дачку — ты яе называеш, я хацеў сына — імя яму даю я. Наконт трэцяга можам паспрачацца». За пяць хвілін мы назвалі траіх дзяцей, — дзеліцца Андрэй Міхайлавіч.

Мужчына прызнаецца, што са з'яўленнем малых жыццё змяняецца кардынальна. Важна хутка перастроіцца. Тады пытанняў, як усё паспець, не ўзнікне.

— Усе дзеці вельмі розныя! Рома спакойны і добры — апошняе аддасць, калі папросіш. Арцём з Вікай — шустрыя, баявыя. Арцём старэйшы, адчувае гэта і паводзіць сябе як галоўны. Калі іх траіх паставіць побач — атрымаецца лесвіца, — ганарыцца тата. — У нас была падвойная каляска для хлопчыкаў, асобная — для Вікі. Каталася, як каралева (усміхаецца)! — Яна татава дачка, заўсёды са мной. Нават коскі заплесці давярае! У мяне, зразумела, атрымліваецца горш, чым у мамы, але я рэгулярна практыкуюся.

Андрэй Міхайлавіч кажа, што ў іх з жонкай розныя падыходы ў выхаванні малых:

— Матуля вельмі далікатная, адказная. Я адношуся да ўсяго прасцей. Лічу, што і той, і другі падыходы — правільныя. Яны паказваюць, што і на жыццё можна глядзець пад рознымі вугламі. Усякае бывае. Але галоўны інструмент выхавання — гэта, бясспрэчна, любоў.

Усе развівальныя практыкаванні з дзецьмі бацькі выконваюць на выхадных. Займаюцца з кожным паасобку, каб адно ў аднаго не падглядалі. У вольны час сям'я Абрамовічаў ходзіць у парк, любіць адпачываць на прыродзе:

— Нядаўна ездзілі з Раманам на рыбалку. У яго ёсць свая вуда, нават чарвякоў сам капае! Сыну падабаецца рыбачыць, ён атрымлівае задавальненне ад самога працэсу.

Андрэй Міхайлавіч нядрэнна гатуе. Любімае блюда — плоў.

— З лёгкасцю звару любы суп, — здзіўляе. — У нас ёсць хатнія нарыхтоўкі ў слоіках. Так мы эканомім час, які сёння на вагу золата.

Маёр кажа, што дзецям падабаецца яго прафесія.

— Просяць, каб я ўзяў іх з сабой на работу, паказаў зброю. Хлопчыкі любяць прымяраць фуражку. Вядома, малым яшчэ рана думаць пра будучую прафесію, спачатку хай у школу пойдуць (смяецца). Мая задача як бацькі — выхаваць дзяцей добрымі людзьмі. Усё астатняе — у іх руках.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».