Вы тут

Мікола Чарняўскі: Мець асабісты погляд на прызванне


Паступовыя змены ў жыцці грамадства пэўным чынам адбіваюцца і на перакананнях, на думках пісьменнікаў, асабліва тых, якія ствараюць на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. З Міколам Чарняўскім, празаікам, паэтам, публіцыстам, аўтарам шматлікіх твораў для дзяцей, паразмаўлялі пра бачанне мінулага і сучаснасці, а таксама пра спадзяванні ды будучыню.


Фота Кастуся Дробава.

— Якім вам бачыцца сённяшняе становішча пісьменнікаў? Што хвалюе вас і калег?

— Улічваючы ўсе акалічнасці, якія склаліся апошнім часам у нашым жыцці, адчуваецца нейкая адарванасць: і ад людзей, ад літаратурных стасункаў. Не разгубленасць ды безнадзейнасць, а часовая адарванасць, што, я ўпэўнены, хутка мінецца. Бо не сакрэт, што настрой, які пануе ў грамадстве, так ці інакш, але перадаецца і пісьменніку, якому, кажуць, наканавана быць барометрам гэтага грамадства, адчуваць, чым яно дыхае.

Але, бадай, галоўнай праблемай застаецца тое, як годна ўзняць на ранейшую вышыню статус пісьменніцкай прафесіі, вярнуць той давер і павагу, якімі карыстаўся творца ў ранейшага пакалення чытачоў. Мабыць, маюць рацыю большасць маіх таварышаў па творчасці і калег па Саюзе пісьменнікаў, што адзінае выйсце — плённа працаваць. Як яно будзе надалей, больш ясна пакажа барометр грамадскай думкі.

Не сакрэт таксама, што ў пісьменнікаў, апрача праблем агульных, хапае і асабістых: як выдаць кнігу, ці атрымае яна фінансавую падтрымку, як яе прымуць чытачы, крытыка, ці будуць выданні трапляць у патрэбнай колькасці ў бібліятэкі…

— У прыватнасці, вашы кнігі заўсёды можна знайсці ў кнігарнях і бібліятэках. Якімі тыражамі яны выдаюцца? Над чым працавалі апошнім часам?

— Лічбы вельмі розныя. Апошнія 6—7 гадоў супрацоўнічаю з «Народнай асветай». Яны выдаюць кнігі па 1—2 тысячы экзэмпляраў. А вось, напрыклад, у выдавецтве «Чатыры чвэрці» кніга сатыры і гумару «Гарэм на балконе» выйшла тыражом 99 экзэмпляраў. Рады і  гэтаму, бо ведаю: усё залежыць ад фінансавых магчымасцей выдавецтва. З майго ж боку не было ніякай фінансавай падмогі.

Мне падабаецца пісаць пра тое, што ведаю асабіста. Так, летась пабачыла свет выданне «На парозе дабрыні і болю». Гэта літаратурныя партрэты, успаміны пра пісьменнікаў розных пакаленняў, з якімі мяне зводзіў лёс. Кніга ў 900 экзэмпляраў пайшла па бібліятэках, нават тэлефанавалі і дзякавалі з некаторых гарадоў і мястэчак. Другая частка, прысвечаная паэтам і празаікам сучаснага пакалення, сябрам па жыцці і творчасці, выйшла зусім нядаўна пад назвай «Свая ёсць песня…», якую «пазычыў» у Казіміра Камейшы, адшчыкнуўшы палову ад яго радка «Свая ёсць песня ў кожным часе». У кнізе, як і ў папярэдняй, можна знайсці шмат такога, што, упэўнены, чытачу невядома, але ж выйшла яна тыражом у 150 экзэмпляраў, значыць, да многіх не дойдзе. Да таго ж выданне можа быць карысным дапаможнікам нават для навучання. Бо калі настаўнік ведае больш, чым ёсць у школьнай праграме, ён можа праводзіць урокі цікавей, і вучань даведаецца тое, што не знайсці ў тым жа інтэрнэце.

— Наколькі цікава выкладалі літаратуру вашы настаўнікі?

— У старэйшых класах выкладчыкам літаратуры савецкага часу быў Георгій Раманавіч Голухаў, які якраз кіраваў літаратурным гуртком. А яго жонка Клаўдзія Трафімаўна вяла ўрокі рускай літаратуры, але мінулых стагоддзяў. Дык на яе занятках мы засыналі, бо надта ж нудна і аднастайна выкладала, не зважаючы, слухаем мы яе ці не. А на ўроках Георгія Раманавіча пачуваліся добра і раскавана, даведваліся такія гісторыі з літаратуры, якія ажыўлялі яе.

Час ад часу ўспамінаю прыклад Артура Вольскага, якога згадваю ў кнізе «На парозе дабрыні і болю». Гэта першы пісьменнік, з якім я сустрэўся ў часы, калі пасля заканчэння школы ў 1960 годзе прыехаў у Мінск і зайшоў у «Вясёлку», дзе годам раней паспеў надрукавацца. У цяжкія 1990-я ён некалькі гадоў працаваў настаўнікам літаратуры ў адной са школ ва Уруччы. Як пісьменнік ён мог захапіць і зачараваць вучняў літаратурай, урокамі роднага слова. Была толькі адна праблема: не ўмеў пісаць планы, як таго патрабавала методыка школьнага навучання. Усё гэта я ўжо пазней пачуў ад настаўнікаў школы.

— Але ж і вы настаўнічаеце як кіраўнік літаратурнай суполкі для школьнікаў «Купалінка»…

— Цяжка прызнавацца, але пасля 25 гадоў існавання суполкі усё неяк пайшло на спад. У ранейшыя часы мы збіраліся ў Мінску, у літаратурных музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа, у памяшканні тэатра «Зьніч», я запрашаў пісьменнікаў, адбываліся вельмі цікавыя сустрэчы. Творы купалінцаў друкаваліся не толькі ў дзіцячых газетах і часопісах, траплялі ў «Маладосць» і «Вожык». Здаралася, былыя выхаванцы «Купалінкі», якія пазней скончылі тыя ці іншыя навучальныя ўстановы, вярталіся ў школы і самі станавіліся кіраўнікамі літаратурных гурткоў. Цяпер жа, калі пасяджэнні пачалі праходзіць за межамі сталіцы, людзям наўпрост стала складана прыязджаць. Вядома, сябры суполкі і цяпер займаюцца творчасцю, ладзяць святы, але літаратурных здабыткаў ужо меней. Але, можа, мне так здаецца, проста жадаецца, каб усё было як тады?

— Ці добра памятаеце свае першыя крокі ў літаратуры? Хто вам дапамагаў?

— Пісаць пачаў рана, у класе 3-м. Прыехаўшы студэнтам у Мінск, забраў з сабой усе вершы і, калі пачаў іх перачытваць, падумаў: прачытаюць сябрукі — смяяцца будуць. Тады я іх спаліў, цяпер шкадую… А першая кніга выйшла, калі мне было 20 гадоў, — сапраўдны цуд для таго часу. Сталася так: пры рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» працавала літаратурнае аб’яднанне. Калі на адным з пасяджэнняў разглядалі маю творчасць, Юрась Свірка прапанаваў выдаць мае вершы асобным зборнічкам. А Рыгор Барадулін стаў «хросным» бацькам, напісаўшы ў выдавецтва рэкамендацыйнае пісьмо, якое потым пайшло замест рэцэнзіі. Шмат чаму я  навучыўся ў Артура Вольскага і Васіля Віткі. Мы не саромеліся вучыцца, прыслухоўвацца да парад старэйшых таварышаў, а пры нагодзе — і радавацца, пачуўшы пахвалу ад іх. Бяда сённяшняга пакалення літаратараў у іх упэўненасці, што яны «самі з вусамі». Таму і мала чытаюць напісанае папярэднікамі.

— Што самі зараз чытаеце?

— Новы раман Уладзіміра Гніламёдава «Праўда жыве пасярэдзіне», у якім, я заўважыў, шмат аўтабіяграфічнага. Між тым Уладзімір Гніламёдаў адзначае: «Літаратура павінна “ўкладваць” у жыццё духоўныя інвестыцыі». Галоўнае — яна вучыць любіць жыццё. Калі б не гэта, не было б у ёй таго значнага, што стваралася ў самыя цёмныя часы. І героі гэтых твораў жывуць па сёння. Напрыклад, пакаленне пісьменнікаў, якое бачыла вайну, вырасла пасля яе, як нельга лепш паказала тагачасных герояў, іх сапраўднае жыццё, імкненні і перажыванні. Чытачы іх разумелі, ставіліся з асаблівым пачуццём. Часам задумваюся: а калі б у той перыяд перакінуць героя сённяшняга твора? Напэўна, яго паводзіны, стаўленне да жыцця, запатрабаванні былі б незразуметыя тым грамадствам.

— Прычына ў прагрэсе?

— Так, відаць, усё звязана з развіццём грамадства. Каб не імкненне людзей папярэдніх пакаленняў даць лепшае жыццё сваім наступнікам, дзецям і ўнукам, краіна б не дасягнула таго, што мае сёння. Вядома, пасля вайны людзям і не трэба было многа. Але гэтае не такое ўжо далёкае мінулае выглядае архаічным. Калі я раскажу ўнукам, што ў свой час у маёй сям’і не было нават хлеба, яны не павераць, маўляў, «дзед, ты прывык казкі пісаць, вось і выдумляеш». І, на маю думку, у тых людзей было больш дабрыні і спагады адно да аднаго. Можа, і нездарма гавораць, што часам ад добрага жыцця чалавек змяняецца, пачынае некага не разумець… Але ўсё-такі і мы, хто многа чаго пабачыў на сваім вяку, таксама нечага не разумеем і не можам даць пэўнага і дакладнага адказу, чаму так змяніліся.

— Ці можа сітуацыя ў свеце станоўча паўплываць на чалавека?

— Час пакажа. Але ўсе няшчасці, адмоўныя, здаецца, перамены ў грамадстве, своеасаблівыя землятрусы гуртуюць. Напрыклад, у нашай краіне да ўрачоў, да ўсіх медыцынскіх работнікаў пачалі ставіцца з большай павагай. Ці часта мы чулі, каб раней між сабой пра іх гаварылі столькі добрага? Я думаю, у нас увогуле сітуацыя не з горшых. Хто павінен быў пазбягаць людных месцаў, той, як і я, сядзеў дома. А хто адчуваў, што зможа пратрымацца, працаваць без шкоды для здароўя, той стараўся рабіць усё для дабрабыту сям’і, для ўсяго грамадства. Хто працуе, той заўсёды нешта мае. Не будзе нічога прасіць у суседзяў. Магчыма, як усё скончыцца, нам нават будуць зайздросціць.

— «Хто працуе, той заўсёды нешта мае» — гэта тычыцца і літаратурнай дзейнасці? Усё ж з ганарарамі ў творцаў не ўсё проста…

— Пісьменнікам, якія заспелі савецкі час, часта хочацца, каб у літаратурным жыцці многае было, як тады. Але ж было адно выдавецтва, і каб выдаць твор, трэба было на пяць гадоў наперад падаваць хаця б заяўку. І чакаць. Зараз жа ўсё прасцей, тым больш што адчуваецца дзяржаўная падтрымка. Далей усё залежыць ад цікавасці і магчымасцей чытача, бо не адным словам жывы чалавек… Але, зразумела, кожны пісьменнік, які выдаў кнігу, хоча, каб яе чыталі. І ганарар прыстойны атрымліваць хоча. Спадзяюся, з часам усё зменіцца ў лепшы бок.

— Шмат кажуць пра тое, што людзі чытаюць мала, ды і не тое, што быццам варта. Якое ў вас меркаванне на гэты конт?

— Самыя актыўныя чытачы — людзі сярэдняга ўзросту і старэйшае пакаленне. Моладзь, па асабістым вопыце, чытае менш, пераважна ў інтэрнэце, а  часам увогуле ў скарочаным варыянце. Магчыма, тут уплывае і вялікая нагрузка ў школах і ўніверсітэтах. Я прытрымліваюся меркавання, што калі ў хаце ёсць вялікая бібліятэка, то дзіця рана ці позна пацягнецца да кнігі, у тым ліку да савецкіх пісьменнікаў. Многіх з іх сёння папракаюць, што гэтыя творы цяпер ненадзённыя, маўляў, у іх адсутнічае праўда жыцця. Але ўсё вырашае талент, які можна не ацаніць з першага прачытання.

Аднак і мы, старэйшае пакаленне, нечага не разумеем, напрыклад, таго, чаму маладыя паэты зараз кінуліся пісаць верлібрам, часта ігнаруючы нават знакі прыпынку, што нагадвае лес пасля ўрагану. Магчыма, так можна згубіць чытача, бо часам незразумела, для каго вершы напісаны: для сябе, для тых, хто стварае ў такім жа кірунку?

Кожны пісьменнік павінен мець асабісты погляд на сваю прафесійную дзейнасць, на сваё прызванне. А прызванне адно — пісаць так, каб гэта разумелі і  любілі, каб пазнавалі ўсё прыгожае, што ёсць на свеце. Усё ж літаратура — рэч эстэтычная, а творчая разняволенасць — гэта не свабода безгустоўшчыны і нярэдкага пустаслоўя. Некалі вычытаў у Тэадора Драйзера: «Жыццё пазнаецца з кніг і твораў мастацтва, можа быць, яшчэ ў большай ступені, чым з самога жыцця».

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.