Вы тут

Папулярызацыя гістарычнай навукі


Адразу дзве тэматычныя канферэнцыі зладзілі апошнім часам прадстаўнікі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», прэзентаваўшы гэткім чынам свае выданні. Першая з  іх прайшла пад назвай «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці» ў прэс-цэнтры Дома прэсы. Кніга, якая выйшла ў аднайменнай серыі зусім нядаўна, — «Асіповічы: трагічныя старонкі».


Выданні гэтай серыі, распачатай у 2018 годзе кнігай «Хатынь. Трагедыя беларускага народа», распявадаюць пра месцы масавага знішчэння нацыстамі ваеннапалонных і  мірных жыхароў, партызан і падпольшчыкаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры падрыхтоўцы кожнага з іх выдавецтва супрацоўнічае з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальным архівам, Нацыянальным гістарычным архівам, Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам абароны, Дзяржаўным архівам Мінскай вобласці, абласнымі і раённымі гісторыка-краязнаўчымі музеямі ды іншымі арганізацыямі.

— Кожная кніга — гэта грунтоўная даследчая праца, — звярнула ўвагу дырэктар выдавецтва Вольга Ваніна. — Спрычыніліся ўсе гэтыя ўстановы, прадаставілі патрэбную інфармацыю. Штосьці з гэтага ўжо вядома, аднак для некаторых кніг звесткі збіраліся па крупінках, з нуля. Але і на месцах ёсць энтузіясты, краязнаўцы, неабыякавыя, якія ідуць у архівы, апытваюць яшчэ жывых відавочцаў, шукаюць сляды і знаходзяць новыя імёны загінулых.

Шосты том — «Асіповічы: трагічныя старонкі» — расказвае пра знішчэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі мірнага яўрэйскага насельніцтва Асіповіцкага раёна. Аўтар Неаніла Львоўна Цыганок — гісторык, педагог, краязнаўца Магілёўскай вобласці — займаецца гісторыяй Халакосту ў Асіповіцкім раёне з 2006 года. Дзякуючы яе дзейнасці сталі вядомы дзясяткі імёнаў ахвяр генацыду. У кнізе змешчаны спіс са 176 прозвішчаў, які раней нідзе не публікаваўся. Многія старонкі прысвечаны гісторыі Асіповіч і былых мястэчак на тэрыторыі раёна, дзе традыцыйна жылі яўрэі, якія сталі ахвярамі генацыду. Адзначаецца, што жывых сведкаў амаль не засталося.

Міхаіл Нікіцін, рэдактар серыі «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці», зазначыў, што вартасць кнігі «Асіповічы: трагічныя старонкі» — у вывераных навуковых тэкстах і нагляднасці:

— Кніга створана дасведчанымі людзьмі — навуковымі работнікамі з вялікім стажам. Некаторыя з іх працавалі над гэтай тэмай дзесяцігоддзямі. Але эмацыянальна гэта вельмі цяжкая справа, бо ўкладальнікі ўсё прапускалі праз сябе. У  кнізе шмат фатаграфій, якіх мы пастараліся размясціць як мага больш. Мэта  — захаваць памяць пра трагедыі мільёнаў людзей у часы Вялікай Айчыннай вайны.

Выданне са 128 старонак, праілюстраванае гістарычнымі і сучаснымі фатаграфіямі, фотакопіямі архіўных дакументаў, выдадзена на рускай і англійскай мовах і прызначана ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.

Серыя будзе працягнута, і зараз збіраецца матэрыял па Магілёўскай і Віцебскай абласцях, Брэсцкім гета. Вольга Ваніна таксама праанансавала выхад кнігі з рабочай назвай «Мінск: адроджаны з пекла, накіраваны ў будучыню». У гэтым выданні будуць змешчаны фатаграфіі пасляваенных і сучасных відаў Мінска для таго, каб паказаць, як сталіца адраджалася пасля вайны.

— Акрамя вывучэння невядомых старонак нашай гісторыі, не менш важна не выпускаць з-пад увагі пытанне папулярызацыі ведаў пра Вялікую Айчынную вайну,  — адзначыў дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артур Зельскі.  — Менавіта даступнай мовай трэба даносіць да абывацеля факты нашай гісторыі. Відавочна, што сёння агульны ўзровень кніжнасці ў  грамадстве панізіўся. А гістарычны пошук бясконцы.

Другую прэзентацыю ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры арганізатары прысвяцілі музычна-культурнай спадчыне беларусаў. Падчас размовы былі прадстаўлены кнігі «Кампазітары Беларусі» (серыя «Вялікія і знакамітыя людзі беларускай зямлі») пра творцаў ХХ стагоддзя Мікалая Аладава, Яўгена Глебава і Сяргея Картэса, «Арганы Беларусі» пра шматвяковую арганную культуру і 123 арганы, што захаваліся ў краіне, а таксама «Лiбрэта опер Станiслава Манюшкi». У выданні сабраны сем перакладаў лiбрэта опер Манюшкi на беларускую мову: «Ідылія» В.  Дуніна-Марцінкевіча, «Галька» У. Вольскага (двухі чатырохактовыя рэдакцыі), «Латарэя», «Карманьёл, альбо Французы любяць жартаваць» А. Корвіна-Мілеўскага, «Слова гонару» («Verbum nobile») і «Страшны двор» («Зачараваны замак») Я.  Хянцінскага. Кнiга знаёмiць з кароткiмi нарысамi жыцця чатырох лiбрэтыстаў, расказвае падрабязнасцi з гiсторыi беларускiх пастановак опер, змяшчае афiшы iх прэм’ер i ўнiкальныя фотаздымкi. Аўтарамi сталі прафесар Вiктар Скорабагатаў i кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай.

З’яўляюцца ў «БелЭН» кнігі пра музыку і для дзяцей. Так, у серыі «Гісторыя для школьнікаў» пабачыла свет выданне «Міхал Клеафас Агінскі». Другая кніга для школьнікаў — «На чым іграе музыка» (серыя «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя»).

— Прыемна, што выдавецтва звяртаецца да акадэмічнай музычнай навукі і да кірунку папулярызацыі імёнаў, з’яў музычнай культуры, — адзначыла Святлена Немагай. — Доўгі час яна ўвогуле не была даследавана, асабліва што тычыцца XIX і папярэдніх стагоддзяў. Гэта вялікае поле для даследчыцкай дзейнасці, і існуе яшчэ шмат звестак, не вядомых шырокаму чытачу. У будучыні наша музычная культура зайграе ўсімі фарбамі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».