Вы тут

Спявак Валерый Прыгун: Каб шчаслiва жыць у шлюбе, аднаго кахання недастаткова


Прыгожае мужчынскае шматгалоссе, якасны рэпертуар, якi пастаянна абнаўляецца, высокая сцэнiчная культура — усё гэта вакальны гурт «Чысты голас», якiм кiруе Валерый Прыгун. Жыццё артыста — канцэрты, гастролi, апладысменты, прыхiльнiцы...

I гэта зусiм не перашкаджае стабiльнаму, а галоўнае, шчаслiваму шлюбу. Жонка Валерыя Iна «адпрасiлася» з iнтэрв'ю, але сказала, што ёй будзе вельмi цiкава яго пачытаць. А Валерый пажартаваў: маўляў, шмат цiкавага даведаешся.


Ва­каль­ны гурт «Чыс­ты го­лас».

— Пачнём з нашага традыцыйнага пытання: як вы пазнаёмiлiся з будучай жонкай?

— Мабыць, сам лёс нас звёў. Iна родам з горада Наварасiйска, што на Чорным моры. У той год з сябрамi адпачываў у выдатным курортным месцы Шырокая Балка, што за 10 кiламетраў ад горада. Вось там мы i пазнаёмiлiся. Цiкава, што Iна вучылася ў Мiнску i прыехала дадому на канiкулы. Прыгожая дзяўчына, амаль «зямлячка», адразу знайшлiся тэмы для размоў i абмеркаванняў, ну, i мы былi з гiтарай i песнямi пад яе... Мора, лета i ўзаемная сiмпатыя. Потым — сустрэчы ў Мiнску, кветкi, камплiменты, заляцаннi два гады — i вось мы ўжо 28 гадоў разам.

— Хвалявалiся перад знаёмствам з бацькамi нявесты?

— Упершыню з бацькамi Iны я ўбачыўся праз год. Напачатку была лёгкая насцярожанасць з iх боку: музыкант, з гiтарай, доўгiя валасы, не мясцовы. Але неяк лёгка ўсё наладзiлася, мы знайшлi агульную мову з цесцем, а цешча ў мяне — самая лепшая ў свеце! У нас выдатныя адносiны.

З маiмi бацькамi Iна пазнаёмiлася крыху пазней, яе прынялi ў сям'ю, i яна адразу стала «дачкой». Першы час мы жылi разам з маiмi бацькамi, але кухня павiнна быць у кожнай гаспадынi свая. Чаго i жадаю ўсiм маладым. Не сакрэт, што многiя канфлiкты адбываюцца i пачынаюцца менавiта там.

— Вы спраўлялi вяселле? Што больш за ўсё запомнiлася?

— Вяселле была традыцыйнае: жанiх у касцюме, нявеста ў вэлюме i прыгожай белай сукенцы. Запрасiлi сваякоў, сяброў. Распiсвалiся мы ў ЗАГСе, што ў Траецкiм прадмесцi, а вянчалiся ў Кафедральным саборы. Вясельных агенцтваў у наш час не было, таму ўсё рабiлася сваiмi сiламi. Музыка, танцы, забавы, балазе, усе мае сябры творчыя людзi. Выкуплялi нявесту, выкрадалi i г. д. Вяселле прайшло хораша, з добрай музыкай, гулялi два днi. На мой погляд, гэта добрая традыцыя. Хтосьцi яшчэ дадае розныя абрады i сцэнкi з фальклору. Усё гэта ўпрыгожвае i ўносiць разнастайнасць у цырымонiю шлюбу. У правiнцыi гэтага больш, у горадзе менш. Сённяшняй моладзi ўсё гэта не вельмi падабаецца, яна i на шлюб глядзiць сёння па-iншаму.

— Так, раней укладвалi душу ў падрыхтоўку вяселля, крэатывiлi самi, цяпер усё аддаюць на водкуп агенцтвам.

— Там фантазii абмяжоўваюцца толькi бюджэтам. Паслугi прапануюць на любы густ i колер, i гэта добра, калi ёсць выбар. Але я таксама абсалютна нармальна стаўлюся да таго, што маладыя ўсе выдаткi скарачаюць, збiраюцца вузкiм колам i абмяжоўваюцца хатняй вячэрай у коле блiзкiх i сяброў. Сёння сапраўды не ўсе могуць дазволiць сабе зрабiць вяселле ў рэстаране на 50-100 чалавек. Ну i нiчога. Ёсць на што выдаткаваць грошы маладым. У iх усё жыццё наперадзе. Але будзе шкада, калi ўся гэта нацыянальная разнастайнасць абрадаў i традыцый знiкне з часам, а ўзамен мы атрымаем анлайн-рэгiстрацыю, вiншаваннi ў месенджары i сэлфi-гасцей.

— Вы да рэгiстрацыi шлюбу дамаўлялiся, як падзелiце хатнiя абавязкi, як будзеце распараджацца фiнансамi, цi ўсё гэта неяк само сабой усталявалася?

— Я за раўнапраўе ў сям'i i разумнае размеркаванне абавязкаў. Жанчына ў большай ступенi адказвае за побыт i ўтульнасць у доме, а мужчына — за забеспячэнне гэтага побыту i дабрабыт сям'i. Але нiчога дрэннага не бачу ў тым, што ролi раптам па нейкiх прычынах памянялiся. Галоўнае, у сям'i павiнны быць паразуменне, любоў i павага адно да аднаго. I тады можна прайсцi праз любыя цяжкасцi.

— А да дачкi ў школу на бацькоўскi сход хто хадзiў?

— Часцей школу наведвала Iна, хоць i я там бываў, калi дазваляў час. Я памятаю, што татаў i мам на сходах было амаль пароўну... Цi гэта толькi калi я там быў?

— Нядаўна прачытала артыкул замежнага псiхолага, дык ён сцвярджае, што ў сямейным жыццi адбываецца аж сем крызiсаў. А вы колькi налiчылi? Або шчаслiва iх пазбеглi?

— Не ведаю, можа, яны i ёсць у некага, але нам удалося пазбегнуць гэтага. Калi крызiсы i былi, то яны прайшлi незаўважна для нас, не засталiся ў памяцi. Часам трэба проста кубак кавы ў ложак або букет любiмых кветак прынесцi — i табе даравалi. Трэба навучыцца або прымусiць сябе чуць i разумець другую палову. Мы ўсе людзi розныя, кожны са сваiмi «прыбамбасамi». Да вяселля я рабiў так: шкарпэткi кiнуў, кубак не памыў цi не так паставiў, а цяпер трэба па-iншаму. Думаю, што аднаго кахання недастаткова, каб шчаслiва жыць у шлюбе. Сям'я — гэта вялiкая праца двух людзей, i калi да гэтага яшчэ ёсць любоў, вось тады гэтую сям'ю можна лiчыць шчаслiвай. I такiх прыкладаў вельмi шмат. Жыццё — яно як «зебра»: то белая паласа — узлёт, то чорная — падзенне. У сям'i ўсё тое ж самае: лаюцца, мiрацца, саступаюць, згаджаюцца... А яшчэ павiнна быць павага, без гэтага нiяк.

— «Чысты голас» — адзiн з самых папулярных калектываў, у якога шмат прыхiльнiц. Цi былi ў вашым жыццi сцэны рэўнасцi з боку Iны?

З жон­кай Iнай.

— Я стараюся не даваць падстаў для гэтага. Вядома, да нас, артыстаў, больш увагi з боку супрацьлеглага полу. I шмат прыхiльнiц, i кветкi, i розныя падарункi робяць, i паветраныя пацалункi шлюць, i фота на памяць з любiмым артыстам хочуць мець. Я думаю, усё гэта ёсць у кожнага вядомага чалавека, галоўнае — як ты да гэтага ставiшся. Гэта частка нашай работы: дарыць людзям цяпло, настрой, усмешкi i, вядома, нашы песнi. Ты павiнен быць адкрытым i шчырым, камусьцi падмiргнуць, камусьцi ўсмiхнуцца, а людзi дораць табе ў адказ сваю любоў. Але думаю, што ўсё-ткi жонка крыху раўнуе.

— Iснуе даволi распаўсюджаны стэрэатып, што артысты — людзi легкадумныя, i 2-3, а часам i больш шлюбаў — гэта норма. А як у артыстаў «Чыстага голасу» складваецца сямейнае жыццё?

— У нашым калектыве i ў маiх блiзкiх сяброў стабiльныя сем'i. У нас любiмыя жонкi i дзецi, i кожны даражыць гэтым. Калi ў чалавека ў сям'i ўсё добра, то навошта яму шукаць нешта iншае?

У сiлу нашай работы мы часта выязджаем з дому. Канцэрты, гастролi... Сумуем па нашых родных i блiзкiх, i заўсёды прыемна вярнуцца дадому, дзе цябе любяць i чакаюць. Так што мы не трапляем пад гэтыя стэрэатыпы.

Не ва ўсiх так атрымлiваецца, як у нас. Вядома, творчыя людзi — сапраўды асаблiвыя, трошкi вар'яты ў добрым сэнсе слова. Яны па-iншаму глядзяць на свет i адчуваюць яго па-iншаму, часам не заўважаючы самых простых рэчаў. У iх больш тонкае i маляўнiчае ўспрыманне ўсяго, што навокал. Другiм палавiнкам трэба ох як пастарацца, каб прывыкнуць i ўжыцца з такiмi людзьмi.

А два-тры i больш шлюбаў бывае не толькi ў творчых людзей, i гэтаму таксама шмат прыкладаў. Але артысты навiдавоку, пра iх пiшуць i расказваюць. Вельмi часта нават жорстка ўмешваюцца ў асабiстае жыццё ў пагонi за фактам або рэдкiм фота... Гэта выдаткi прафесii. Кожны ставiцца да гэтага па-рознаму. Хтосьцi выстаўляе сваё асабiстае напаказ, хтосьцi хавае…

З дач­кой Ка­ця­ры­най.

Дзе мы сустракаем свайго чалавека i потым улюбляемся ў яго? У «арэоле пражывання», калi так можна сказаць. А калi ты ў сваёй рабоце кожны дзень сустракаешся цi бачыш тысячы людзей, прыхiльнiц, робiш сумесныя праекты з такiмi ж таленавiтымi i творчымi людзьмi, ты ўлюбляешся ў iх, ты з iмi на адной хвалi, у адной тэме. Потым з'яўляюцца iншыя iдэi i планы, новыя выступленнi — i ўсё па новай... Улюблiвасць уласцiвая творчым асобам — можа, адсюль i столькi шлюбаў у розных вядомых людзей. Напэўна, гэта пытанне больш да псiхолагаў. А наогул наш свет розны, i людзi ў iм розныя, у гэтай разнастайнасцi ўвесь кайф жыцця. I наўрад цi можна да ўсяго ўжыць нейкае адно правiла або сiстэму.

— Якiм уяўляеце дзень свайго залатога вяселля?

— Мы толькi 28 гадоў разам, залатое яшчэ не хутка. Хацелася б, каб сабралiся ўсе сябры, сваякi, дзецi i ўнукi. Пасядзець за сталом, успомнiць пра былое i добра адзначыць. Галоўнае, каб хапiла здароўя. Хацелася б, гуляючы па вулiцы, як i цяпер, трымацца за рукi, з любоўю жартаваць адно над адным. Разам паглядзець серыял, а потым футбол. Зазiрнуць у вочы жонцы i сказаць: «Як жа я цябе кахаю!»

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з сямейнага архiва Валерыя Прыгуна i сайта вакальнага гурта «Чысты голас»

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.