Вы тут

Комплекснае добраўпарадкаванне населеных пунктаў у Гомельскай вобласці дае новае жыццё раённым цэнтрам рэгіёна


Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў, якая рэалізуецца ў Гомельскай вобласці, фактычна дае новае жыццё раённым цэнтрам рэгіёна. Сродкі абласнога бюджэту штогод акумулююць для работ па пэўных раёнах. Мэта — максімальна добраўпарадкаваць тэрыторыю, рэканструяваць ці пабудаваць новыя сацыяльна значныя аб'екты, вывесці на новы ўзровень інфраструктуру райцэнтраў. Такія грунтоўныя абнаўленні за апошнія гады перажылі Петрыкаў, Брагін, Жыткавічы, Ветка. Сёлета чарга Мазыра.


Сацыяльна-значныя аб'екты

У раённым цэнтры цяпер — будаўнічы бум. Уведзены ў эксплуатацыю шэраг аб'ектаў, завяршэння рамонтных і аднаўленчых работ на якіх мазыране чакалі з нецярпеннем. Важнай культурнай падзеяй для ўсяго Прыпяцкага Палесся стала вяртанне Мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа на сваю гістарычную сцэну. Уваходзіны праз сем тэатральных сезонаў адсвяткавалі ў родным будынку, які перажыў маштабную рэканструкцыю.

— Сярод сацыяльна-значных аб'ектаў, уведзеных у эксплуатацыю ў першым паўгоддзі бягучага года, — завяршэнне рэканструкцыі брацкага пахавання на месцы спаленай вёскі Ала ў Светлагорскім раёне. Гэта сапраўды народны праект, — адзначае старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Гайкевіч.

Для жыхароў абласнога цэнтра падарункам да Дня Незалежнасці стала адкрыццё адноўленай СДЮШАР № 1 па вуліцы Партовай і рэканструкцыя гарадской дарожнай артэрыі — вуліцы Шаўчэнкі.

На тэрыторыі Гомельскага раёна завершана рэканструкцыя будынка спальнага корпуса аздараўленчага лагера «Чонкаўскі бор». Тут з'явіўся яслі-сад «Вясёлка-Град» на 65 месцаў.

Шэраг сацыяльна значных аб'ектаў адкрыты апошнім часам на Гомельшчыне з удзелам Прэзідэнта краіны.

— Уведзены ў эксплуатацыю 4-ы пускавы комплекс на ўчастку Жлобін-Падольскі — Светлагорск-на-Бярэзіне, — звяртае ўвагу суразмоўнік. — Гэта частка аб'екта «Электрыфікацыя ўчасткаў Гомель—Жлобін—Асіповічы і Жлобін—Калінкавічы, трэцяя чарга. Участак Жлобін—Калінкавічы» для адкрыцця руху з электрацягай.

З удзелам кіраўніка дзяржавы адкрыта таксама другая чарга маштабнага паліклінічнага комплексу па вуліцы Мазурава — гэта новая дарослая паліклініка, разлічаная на абслугоўванне 40 тысяч чалавек.

Адна з першачарговых сацыяльных задач дзяржаўнай палітыкі — забеспячэнне грамадзян даступным і камфортным жыллём.

— За студзень—чэрвень бягучага года ўвод у эксплуатацыю агульнай плошчы жылля за кошт усіх крыніц фінансавання склаў амаль 225 тысяч квадратных метраў, — паведамляе старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гомельскага аблвыканкама. — Такім чынам, гэты мэтавы паказчык, даведзены рэгіёну, выкананы за паўгода амаль на 50 %.

У вобласці за гэты ж перыяд пабудавана з дзяржаўнай падтрымкай 94 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў. Гэта жыллё для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў.

— За студзень—чэрвень 2020 года для шматдзетных сем'яў пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 1006 кватэр, — працягвае суразмоўца і адзначае, што за гэты ж перыяд увялі звыш 106 тысяч «квадратаў» індывідуальнай забудовы. Агульная плошча шматкватэрных энергаэфектыўных жылых дамоў за паўгода склала 118 тысяч квадратных метраў. Гэта 100 % ад усяго ўведзенага ў эксплуатацыю жылля.

Што датычыцца арэнднай жылплошчы, то за шэсць месяцаў бягучага года на Гомельшчыне яе пабудавана больш за 18 тысяч «квадратаў». Уведзена сем шматкватэрных дамоў, у якіх ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне і прыгатаванне ежы прадугледжана ад электрычнасці.

У камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Гомельскага аблвыканкама дадаюць: да канца бягучага года ў рэгіёне будзе ўведзена не менш за 485 тысяч квадратных метраў.

Сёлета завершацца работы па 1747 індывідуальных жылых дамах для шматдзетных сем'яў. Жыллё з дзяржпадтрымкай — гэта яшчэ амаль 170 тысяч «квадратаў». Не менш за 184 тысячы квадратных метраў — індывідуальная забудова для жыхароў вобласці.

— У цяперашні час у Гомельскай вобласці завяршаецца будаўніцтва па пэўных сацыяльна-значных аб'ектах, — працягвае Дзмітрый Гайкевіч. — Гэта сярэдняя агульнаадукацыйная школа ў мікрараёне № 21 Гомеля. У абласным цэнтры таксама на фінішнай прамой капітальны рамонт часткі будынка спарткомплексу з дзвюма заламі і басейнам па вуліцы Ленінградскай. Завершаны капітальны рамонт будынка ясляў-сада ў Петрыкаве. Завяршаецца будаўніцтва цэха па вытворчасці пелет у Мазыры. Падобны аб'ект, дарэчы, сёлета ўжо ўведзены ў эксплуатацыю ў Жыткавічах. Акрамя таго, цяпер ідуць работы па ўзвядзенні і рэканструкцыі 55 аб'ектаў сельскагаспадарчага прызначэння.

У цэлым узровень выканання мэтавых паказчыкаў, устаноўленых Гомельскай вобласці на 2020 год і пяцігодку Дзяржаўнай праграмай «Будаўніцтва жылля» на 2016—2020 гады, дае ўпэўненасць, што запланаваны аб'ём будаўніцтва будзе выкананы цалкам.

У тэму:

Будаўнічая галіна Гомельшчыны — гэта звыш 800 арганізацый усіх формаў уласнасці, якія адказваюць за будаўніцтва аб'ектаў жыллёвай, грамадзянскай, прамысловай і камунальнай гаспадаркі. Праектныя арганізацый рэгіёна — дастойныя канкурэнты на рынку праектавання аб'ектаў будаўніцтва. Домабудаўнічыя камбінаты Гомельскай вобласці ажыццяўляюць будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў, індывідуальных дамоў сядзібнага тыпу, выпуск элементаў інжынерных сетак і комплекснае добраўпарадкаванне. Больш за 100 прадпрыемстваў спецыялізуецца на вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і інжынерных канструкцый.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Каб людзям было зручна

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.