Вы тут

У Магілёве ўзялі курс на будаўніцтва электрыфікаванага жылля


Услед за электрамабілямі, якія сёння вельмі шырока папулярызуюцца, краіна паступова павялічвае аб'ёмы будаўніцтва электрадамоў. Яно і зразумела: хутка пачне дзейнічаць беларуская атамная электрастанцыя і з'явіцца магчымасць скарыстацца таннейшым палівам. Вучоныя НАН Беларусі ўпэўнены, што будаўніцтва цалкам электрыфікаваных дамоў дазволіць сэканоміць на ўзвядзенні інжынерных камунікацый і знізіць кошт такога жылля на 15 %. Электрычных дамоў у краіне пакуль адзінкі, але мы толькі на пачатку гэтага шляху. Нядаўна першы электрадом з'явіўся і ў Магілёве.


Ён месціцца ў адным з самых маляўнічых раёнаў горада — непадалёк ад цэнтра на вуліцы Вароўскага. Глядзіш на яго і разумееш, што калі б будаўнікам давялося цягнуць сюды цеплатрасу і газаправод, метр быў бы залатым. Мясцовасць даволі ўзгорыстая, вакол у асноўным прыватнае жыллё. У цагляным трохпавярховіку 24 адна- і двухпакаё-
выя кватэры, але яны пакуль не заселеныя. Дом будзе арэндны, і кватэры тут змогуць зняць грамадзяне льготных катэгорый або работнікі сацсферы.

Электрадом — эксперыментальная распрацоўка ААТ «Магілёўграмадзянпраект». Дарэчы, гэта не адзіны прагрэсіўны праект арганізацыі. Сярод іншых — інавацыйныя школа і паліклініка ў Казіміраўцы, аб'язная траса-дублёр, якая будуецца ў Магілёве. Нездарма таварыства па выніках работы за мінулы год занесена на абласную Дошку гонару.

— Электрычны дом — наогул першы вопыт і для нас, і для ўсёй Магілёўскай вобласці, — паведаміў галоўны інжынер ААТ Кірыл Гаршкоў. — Калі мы пачыналі яго праектаваць, не было яшчэ развітай нарматыўнай базы, якой можна было б скарыстацца. Гэта цяпер становіцца больш прапаноў і магчымасцяў — база пашыраецца, з'яўляюцца дадатковыя нарматывы, і ёсць магчымасць выбіраць тыя ці іншыя рашэнні.

Электрадом прынцыпова адрозніваецца ад тых, што падключаны да цэнтралізаванай сістэмы. Да яго падведзена толькі халодная вада. Ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне прадугледжаныя пакватэрна, у пакоях замест батарэй стаяць сучасныя кварцава-алівінавыя электраабагравальнікі беларускай вытворчасці, зробленыя з інавацыйных матэрыялаў і па перадавых тэхналогіях, а ў санвузле або на кухні — электраводанагравальнікі. Кожны жыхар можа рэгуляваць градус пад сябе. Улік электраэнергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння вядзецца па асобным лічыльніку. Яшчэ адзін прадугледжаны для таго, каб улічваць спажыванне электрычнасці бытавымі электрапрыборамі. Кантроль і ўлік ажыццяўляюцца аўтаматычна, адразу з вывадам інфармацыі ў арганізацыі энергазабеспячэння.

На выпадак форс-мажорнай сітуацыі дом падключаны да дзвюх розных трансфарматарных падстанцый. Калі адна перастае працаваць, аўтаматычна падключаецца другая. Спецыялісты гарантуюць, што электрадом цалкам бяспечны для пражывання.

— Усё выканана з зазямленнем, — кажа галоўны інжынер. — Акрамя таго, стаяць спецыяльныя аўтаматычныя прылады на выпадак кароткага замыкання — яны спрацуюць і адключаць усю электрычнасць.

У месцах агульнага карыстання ўстаноўлены аўтаматычныя энергазберагальныя свяцільні, ёсць сістэма відэаназірання за прыдамавой тэрыторыяй. Побач з домам — некалькі гульнявых пляцовак з дзіцячым абсталяваннем і трэнажорамі для заняткаў спортам.

— Паколькі ў нас уводзіцца АЭС, будаваць электрычныя дамы перспектыўна, — лічыць суразмоўца. — Мы будзем выкарыстоўваць энерганосьбіт беларускай вытворчасці, а значыць, перастанем залежаць ад знешніх фактараў — цэн на тыя ж газ і нафту.

Яшчэ адзін электрадом закладзены ў Магілёве на праспекце Шміта. Яго будаўніцтвам, які і першага, займаецца будтрэст № 12.

— Гэтыя дамы ўзводзіць нават крыху прасцей за кошт таго, што для іх ацяплення не трэба рабіць разводку з труб. Радыятары працуюць ад правадоў. Гэта спрашчае і патанняе працэс, — адзначае намеснік галоўнага інжынера будтрэста № 12 Юрый Міхатулін.

Налета будаўніцтва электрадамоў у рэгіёне працягнецца.

— З улікам уводу ў эксплуатацыю БелАЭС актуальнасць электражылля вельмі вялікая, — перакананы начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Аляксандр Баргацін. — Для нас такія дамы пакуль навінка, таму мы нейкі час будзем маніторыць, як у іх жывецца людзям. Цікава, якім будзе фактычнае спажыванне электраэнергіі на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне, колькі гэта будзе каштаваць у параўнанні з традыцыйнымі дамамі — тымі, што на цэнтральным ацяпленні. Калі ад жыхароў паступяць нейкія слушныя заўвагі, іх можна будзе ўнесці ў праектную дакументацыю, каб удасканаліць яе. Будаўніцтва электрычных дамоў дапаможа знізіць газавы складнік у вытворчасці цяпла. Сёння яго доля складае больш чым 80 %. Адмовіцца ад газу на ўсе 100 % не атрымаецца, таму што ёсць тэхналогіі, дзе без яго не абысціся. Але у нас з'явіўся выбар. Магчыма, жыць у доме з электраацяпленнем будзе не нашмат танней, чым з цэнтралізаваным, але плюс ужо ў тым, што можна рэгуляваць тэмпературу пад сябе. А на гэтым таксама можна сур'ёзна сэканоміць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дом ад разеткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.