Вы тут

Больш за сотню медыкаў ушанаваны ў Мінску за ўнёсак у барацьбу з COVІD-19


Больш за сотню медыкаў ушанаваны ў Мінску за ўнёсак у барацьбу з COVІD-19. Урачыстае ўзнагароджанне сталічных медработнікаў адбылося ў гарадской ратушы.


Медыкі актыўна ўключыліся ў барацьбу за жыцці і здароўе беларусаў ва ўмовах COVІD-19. Многіх з іх за самаадданую працу ўжо ўшаноўвалі на ўзроўні адміністрацый раёнаў Мінска. А ў гарадской ратушы яшчэ 105 герояў нашага часу атрымалі заслужаныя ўзнагароды: падзякі Прэзідэнта і кіраўнікоў абедзвюх палат парламента, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў, Адміністрацыі Прэзідэнта, камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, нагрудныя знакі, у тым ліку такі важны для прадстаўнікоў прафесіі, як «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».

Падчас віншавання старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА папрасіла медыкаў перш за ўсё берагчы сябе, таму што ўрача, медсястру замяніць няма каму. Ад іх здароўя залежыць здароўе ўсіх грамадзян. Таксама яна пажадала, каб паважлівае і ўдзячнае стаўленне грамадства да медыкаў, якое ёсць сёння, заставалася такім і надалей. «Гэта не проста работа, гэта служэнне людзям», — адзначыла спікер верхняй палаты парламента. Яна звярнула ўвагу на ўнёсак усіх, хто меў дачыненне да барацьбы з каранавірусам, бо гэта комплекс мер: і каардынацыя на месцах, на рэспубліканскім узроўні, і дзейнасць санэпідслужбы, і навуковыя распрацоўкі, і многае іншае.

Загадчык рэанімацыі 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Андрэй Мельнік у юнацтве вучыўся добра, але выдатнікам не быў. Затое шматгадовы вопыт і талент не засталіся незаўважаныя — у падзяку за работу ва ўмовах COVІD-19 ён атрымаў знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь». «Псіхалагічна было цяжка: іншыя пацыенты, іншыя ўмовы працы. Рэанімацыя падзелена на мноства частак: 32 ложкі замест звычайных 24, з іх 18 — у «ковідным» корпусе, 8 — чыстая рэанімацыя ў кардыялогіі і 6 — у радзільным доме», — згадвае ён. А яшчэ прызнаўся, што пасля вяртання да звычайнага рэжыму ў яго застаецца адчуванне, што не ўсё яшчэ зроблена. І атрыманую ўзнагароду ён успрымае хутчэй як крэдыт даверу для будучых спраў.

Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі № 2 2-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Алена Гарбачова ўспрымае атрыманую ўзнагароду як заслугу ўсяго калектыву. «З надыходам «ковіда» нагрузкі стала больш, хоць у нас заўсёды інтэнсіўная работа. Таму ўсе хутка сарыентаваліся, хто і за што адказвае. Усе справіліся — і прыемна, што гэта цэніцца», — сказала яна. Пры гэтым урач падкрэслівае, што расслабляцца рана: інфекцыя яшчэ не сышла, усе меры прафілактыкі па-ранейшаму актуальныя.

Словы падзякі гучалі і ад старшыні Мінгарвыканкама Анатоля Сівака. Ён асабліва адзначыў, як якасна была наладжана каардынацыя паміж Міністэрствам аховы здароўя і ўладамі на месцах, як аператыўна прымаліся жыццёва важныя кіраўнічыя рашэнні.

Каардынаваць дзейнасць на сваім узроўні давялося ў тым ліку асістэнту кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БДМУ, галоўнаму пазаштатнаму анестэзіёлагу-рэаніматолагу камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ігару Яланецкаму. Экстранная дапамога прыцягвала яго яшчэ з часоў вучобы. «Анестэзіёлагі — асаблівыя людзі, звыклыя да экстрэмальных сітуацый. Таму наша служба, калектывы аддзяленняў, дзе працавалі з каранавіруснай інфекцыяй, адаптаваліся хутка. Не было панікі, толькі пэўнае здаровае хваляванне. Дзесьці гумар дапамагаў, але больш — захаванне супрацьэпідэмічных норм і патрабаванняў. Тады можна працаваць спакойна. Рызыка інфіцыравацца ў краме крокавай дасягальнасці, калі прыйсці без маскі, вышэйшая, чым ва ўмовах рэанімацыйнага аддзялення, дзе людзі разумеюць, з чым маюць справу», — упэўнены ўрач.

Андрэю Мельніку вельмі дапамагала сям'я, якая не адпусціла яго на час эпідэміі жыць у гасцініцы, калі многія калегі скарысталіся такой магчымасцю, каб не рызыкаваць. «Не дазволілі мне дамашнія. Сказалі не хвалявацца і быць разам», — растлумачыў ён.

Дарэчы, менавіта на гэтую кансалідацыю грамадства ва ўмовах пандэміі звярнуў увагу ў віншавальным слове намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй КУНЦЭВІЧ. «Мы ўбачылі, як важна мець развітую і даступную сістэму аховы здароўя, як патрэбная ўласная школа падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў. Убачылі, хто выпадкова трапіў у медыцыну, а хто, наадварот, зразумеў, што гэтаму ён гатовы прысвяціць усё сваё жыццё. Убачылі, колькі неабыякавых людзей, мецэнатаў, валанцёраў праявілі салідарнасць з медыкамі, дапамагалі. А таксама зразумелі, як моцна любім нашых блізкіх, якая каштоўная кожная хвіліна побач з імі», — рэзюмаваў ён.


Медработнікі Віцебскай вобласці годна вытрымалі ўдар каранавіруснай інфекцыі. Дзякуючы іх прафесіяналізму сітуацыя застаецца кіраванай.

Такую думку выказаў на ўрачыстай цырымоніі ўшанавання медыцынскіх работнікаў, якая адбылася ў Віцебскай абласной філармоніі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА. Дзяржаўнымі ўзнагародамі, падзякамі, ганаровымі граматамі былі адзначаны больш за сотню медработнікаў вобласці.

«На жаль, каранавірус не абмінуў і Беларусь. Гэты выклік і першы ўдар прыняла Віцебская вобласць. І зрабіла гэта годна. Дзякуючы той увазе, якая пастаянна ўдзяляецца з боку кіраўніка дзяржавы, разумным дзеянням, прынятым на ўзроўні аблвыканкама, дапамозе з боку Міністэрства аховы здароўя і, вядома ж, самаахвярнасці ўсяго медперсаналу вобласці гэтая няпростая сітуацыя была ўзятая пад кантроль і дасюль застаецца кіраванай. У гэтым заслуга перш за ўсё медработнікаў», — падкрэсліў спікер ніжняй палаты парламента.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што ўрачы ўвесь час знаходзіліся на пярэднім краі барацьбы. «Нягледзячы на велізарную рызыку, вы самааддана і прафесійна выконвалі сваю работу, змагаліся за здароўе і жыццё нашых людзей, за што вам вялікі дзякуй. І нізкі паклон вашым калегам, пажаданні добрага здароўя ўсім вашым родным і блізкім», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.


У тэму

Медыцынскіх работнікаў, якія былі занятыя ў барацьбе з COVІD-19, урачыста ўшаноўваюць па ўсёй краіне.

23–25 ліпеня заслужаныя ўзнагароды ад Міністэрства аховы здароўя, упраўленняў аховы здароўя, прафсаюзных арганізацый, райвыканкамаў і сельсаветаў атрымалі больш за дзве тысячы медработнікаў: медыцынскія сёстры, санітаркі, урачы, загадчыкі аддзяленняў. На гэтым тыдні ўрачыстыя мерапрыемствы адбыліся на абласным узроўні. Узнагароды атрымалі як вопытныя спецыялісты, так і маладыя, якіх пандэмія прафесійна загартавала.

Так, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль ІСАЧАНКА адзначыў медыкаў прысталічнага рэгіёна на ўрачыстай цырымоніі, якая адбылася ў Доме культуры прафсаюзаў.

Уручаючы граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, віцэ-спікер шчыра падзякаваў медработнікам за іх тытанічную працу і самааддачу, праяўленую ў перыяд пандэміі каранавіруса. Ён падкрэсліў, што беларуская сістэма аховы здароўя паказала свае найлепшыя магчымасці ў барацьбе з COVІD-19, а гераізм медыцынскіх работнікаў дазволіў паглядзець па-новаму на іх дзейнасць і ролю ў нашым жыцці.

«Доктар — гэта не пасада і не спецыяльнасць, а стан душы і покліч сэрца. І апошнія падзеі паказалі: каб быць сапраўдным урачом, трэба нешта мець у душы і быць перш за ўсё чалавекам», — адзначыў ён.

Старшыня Пастаннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл РУСЫ таксама перакананы, што прафесія медыцынскага работніка асабліва важная, калі ўвесь свет змагаецца з пандэміяй каранавіруса.

Сенатар уручыў ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і падзякі старшыні Савета Рэспублікі. Ён шчыра падзякаваў медыцынскім работнікам Брэстчыны за прафесіяналізм, сардэчную цеплыню, добразычлівае і чулае стаўленне да сваіх пацыентаў, актыўную барацьбу за жыцці і здароўе беларусаў ва ўмовах COVІD-19.

«Урачы, рызыкуючы сваім здароўем кожны дзень, з гонарам пераадольваючы ўсе цяжкасці і нягоды, дораць людзям надзею на выздараўленне, ратуюць жыццё. Дзякуй вам ад усяго сэрца, ад усёй душы», — падкрэсліў Міхаіл Русы, выступаючы на ганаровай цырымоніі ўзнагароджання медыцынскіх работнікаў Брэсцкай вобласці, якая адбылася ў Баранавіцкім гарвыканкаме.

Паводле БелТА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Дзякуй за здароўе!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».