Вы тут

«Тканнё ваўняных шкарпэтак». Не пра выбары, але дзесьці і пра іх


Нядаўна давялося пачуць размову дзвюх кабет, што ехалі на Мінск у прыгараднай маршрутцы. Адна, як стала зразумела, прадаўшчыца аўтакрамы, скардзілася прыяцельцы на жыццё. Маўляў, цэлымі днямі ў машыне трасешся, за тавар хвалюешся, каб не сапсаваўся такой гарачынёй, а тут яшчэ і пакупнікі пайшлі такія, што ўсю недатрэсеную па вясковых дарогах душу выцягнуць. «Ты ўяўляеш, якія нахабныя сталі, — абуралася яна, — на кожным пакеце тэрмін прадатнасці паглядзяць, і тое ім не так, і гэта не гэтак, і батоны ім ва ўпакоўцы падавай, і рэшту два разы пералічаць! Раней з бабкамі было прасцей. А цяпер бабкі, на гэтых гарадскіх гледзячы, таксама правы качаць пачынаюць...» Спадарожніца спачувальна ёй падтаквала, уздыхаючы, праўда, не вельмі шчыра. Можа, сама была з «гэтых гарадскіх»?


news.21.by

Адраджэнне вёскі на Беларусі адбываецца апошнім часам з таго боку, з якога не чакалі, які ў адпаведнай праграме не прапісаны. Пасталела, выгадавала дзяцей і паспяхова выйшла на пенсію пакаленне, народжанае ў канцы пяцідзясятых-сярэдзіне шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Тыя, чые бацькі не маглі выехаць з вёскі ў горад акрамя як для вучобы ў ВНУ, бо ў іншых выпадках не аддавалі пашпарт. Або чые бацькі вярнуліся пасля інстытута працаваць у вясковую школу і бальніцу. Карацей, вясковыя дзеці бацькоў, для якіх горад быў нечым недасягальна далёкім і прыўкрасным, бо асацыяваўся найперш з элементарнымі бытавымі выгодамі — гарачай вадой з крана ды цёплай прыбіральняй проста ў хаце. І гэтыя дзеці амаль усе з вёскі імкнуліся пасля школы ўцячы — няважна, куды — у інстытут або вучнямі майстра на які завод. Проста каб займець тое, аб чым недасяжна марылі і чаго не мелі тата з мамай. У вёсках, асабліва «неперспектыўных» разам з бацькамі, якія з кожным годам не маладзелі, заставаліся ў большасці толькі дзівакі і недарэкі (прынамсі, так лічылася і дзесьці, пэўна, і было праўдай. Інакш ці спатрэбілася б вёску адраджаць?).

Дык вось, гэта самая першая хваля вялікага сыходу ў горад пачала вяртацца на радзіму, у родныя хаты, якія пасля смерці бацькоў апусцелі. Пакінуўшы кватэры ў спальных раёнах дзецям з унукамі, яны атабарыліся на родных сядзібах. Маладыя пенсіянеры, яшчэ поўныя сіл, спачатку па паўгода, а то і больш, «завісаюць» на дачы, а потым урэшце застаюцца зімаваць. І ўжо ніякая гэта не дача, а дыхтоўны дом, як было калісьці пры бацьках. Усё рамантуецца, падпраўляецца, стаяць у садзе вуллі, па двары паважна ходзяць куры ці якія індакачкі, дзе-нідзе ўжо можна заўважыць і казу... Напрыклад, у маёй роднай вёсцы гадоў дзесяць таму заставалася зімаваць васямнаццаць чалавек, а сёлета ўжо налічыла пад трыццаць. І гэта пры тым, што за гэты час, на жаль, ніхто не нарадзіўся, а без некалькіх пахаванняў ні адзін год не абышоўся. Абмяркоўвалі гэтую тэму з калегамі, — аказваецца, і ў іншых мясцінах Беларусі так. А калі дадаць яшчэ маладых гараджан, якія па ўласнай волі перабіраюцца сем'ямі ў вёскі, прычым нярэдка невялікія і ад цывілізацыі аддаленыя — увогуле аптымістычная карціна атрымліваецца.

Мяняецца ў лепшы бок аблічча вёскі — мяняецца і яе характар. І правільна скардзілася тая прадаўшчыца — новаму вяскоўцу ўжо не падсунеш зеленаватую каўбасу і чэрствы хлеб. Не толькі таму, што ён у горадзе прывык да іншага і адвыкаць не захоча ні ў якім разе. Яшчэ і таму, што яго так выхавалі ў яго вясковым дзяцінстве, калі ў кожнай хаце было поўна людзей, калі людзі сябе паважалі і не давалі ў крыўду, жывучы па сваім кодэксе гонару. Час заняпаду, калі вёску называлі дурной і п'яной, а тыя, хто там жылі, ледзь у гэта самі не паверылі, новы вясковец прапусціў, бо быў гараджанінам. Ён памятае, як было ў дзяцінстве, і прымушае ўспомніць пра ўласную годнасць (ці пра маладосць) вясковых бабуль, якія пачалі пералічваць рэшту і круціць носам, адмаўляючыся купляць чэрствы хлеб...

Такая вось замалёўка з жыцця. А вось яшчэ адна, прачытаная нядаўна ў блогу аднаго нашага вядомага пісьменніка, які лічыцца вялікім знаўцам сучаснай беларускай рэчаіснасці. «Гэтыя людзі яшчэ не скончылі змаганне з прыродай, якое ў Еўропе скончылася 150 гадоў таму: іх драўляныя хаты парахнеюць, іх платы трухлеюць і валяцца кожныя два гады. Заімшэлы шыфер з іх дахаў увесь час зносіць вецер, а падчас залеваў ці ўраганаў цэлыя вёскі тыднямі могуць заставацца без святла... Яны жывуць натуральнай гаспадаркай, ядуць толькі той хлеб, які пякуць самі (калі наогул пякуць, іначай хлеб замяняюць блінкі ці зацірка. Гэтыя людзі зусім іншыя... Тут няма спагады ці знаёмай нам «любові»: мужык тут патрэбны, каб рабіць жылавываротную працу (як казала мая бабуля, навошта ў горадзе мужык?), баба — каб дбаць пра гаспадарку, і яе праца цяжэйшая за мужчынскую, бо ў мужыкоў хаця б стае часу і сілаў прыкладацца да «горкай», у жанчыны з «разлячэнняў» — толькі кросны і тканнё ваўняных шкарпэтак...»

Людцы, гэта — не чарговы мастацкі шэдэўр, а «дакументальная публіцыстыка». Так шаноўны творца бачыць сённяшнюю беларускую вёску. Гэта ж якой трэба наесціся заціркі (хіба з каноплямі?), каб уявіць, як на кроснах (падазраю, што многія вяскоўцы бачылі іх толькі ў музеі ды на фота) ткуць ваўняныя шкарпэткі! І ўсё б было нічога, можна было б спаслацца на творчую багатую фантазію аўтара, калі б у працытаваным опусе, які паспяшаліся перадрукаваць некаторыя парталы, размова не вялася... пра выбары. Маўляў, не чакайце ад вяскоўцаў прагрэсіўнага мыслення, бо «гэтыя людзі зусім іншыя» — сядзяць за трухлявым плотам, ядуць праснакі і забіваюць бедных галодных катоў камянямі...

Якалісьці моцна, да слёз, раззлавалася на аднаго таксама вядомага пісьменніка, які надумаў стаць бізнесменам. Ён, адкрыўшы ў вёсцы сваё прадпрыемства, з мясцовымі людзьмі паспрабаваў абыходзіцца, як пан з прыгоннымі. А журналістцы, якая прыехала разбірацца ў сутнасці канфлікту, ён пагардліва сказаў: «Вы што, гэта быдла бараніць прыехалі?»

Сёння, прачытаўшы падобную рыторыку ад нашай новай «этуалі», я не абразілася і не пакрыўдзілася. Бо з досведу той, мінулай гісторыі ведаю: «этуаль» з такімі адносінамі да людзей абавязкова калі-небудзь атрымае па справах і словах сваіх. «Не плюй у карытца, прыдасца напіцца», — пісаў адзін спадар, народжаны калісьці ў вёсцы Вязынка, у хаце, дзе, напэўна, стаялі кросны, на якіх, пэўна, многае ткалі. За выключэннем хіба што ваўняных шкарпэтак.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.