Вы тут

Васіль Слапчук. Спаталяючы смагу святла


Нядаўна айчынны чытач займеў унікальную магчымасць пазнаёміцца з творчасцю аднаго з самых яскравых сучасных літаратараў Украіны — Васіля Слапчука. У выдавецтве «Колорград» за апошні час выйшлі дзве кнігі пісьменніка — «Каранацыя палявога рамонка» і «Кветкі на мінным полі», якія пераклаў на беларускую мову Мікола Адам


Васіль Слапчук  — вядомы ўкраінскі паэт, празаік, літаратурны крытык. Чалавек пакручастага лёсу, ён  — спраўдны прыклад нязломнасці і велічы духу. Нарадзіўся ў 1961 годзе на Валыні, служыў у Афганістане, дзе атрымаў сур’ёзнае раненне, пасля якога застаўся інвалідам-вазочнікам. Скончыў факультэт украінскай філалогіі Луцкага педагагічнага інстытута імя Лесі Украінкі, даследаваў творчасць паэтаў-шасцідзясятнікаў, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Але найперш — займаўся літаратурай, адзін за другім выдаваў паэтычныя зборнікі: «Як доўга тая вайна трывала», «Нямая зязюля», «Маўчанне адрасавана мне», «Укол гадзіннікавай стрэлкай», «Трыкніжжа Явіна», «Кропка ўнутры». Не менш ярка праявіў сябе Васіль Слапчук і ў якасці арыгінальнага празаіка, сведчаннем таму — аповесці «Праклён», «Клетка для неба», «Глобус Украіны», «Кенгуру памерам з цвыркуна», раманы «Сляпы дождж», «Дзікія кветкі», «Восень за шчакой», «Жанчына са снегу». Пісьменнік з’яўляецца старшынёй Камітэту Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Рыгора Скаварады «Сад боскіх песень», сябрам Камітэту Міжнароднай літаратурнамастацкай прэміі імя Панцеляймона Куліша.

Паэзія Слапчука  — вобразная і інтэлектуальная, асноўнае месца ў ёй займае парадокс як квінтэсенцыя быцця, простага і ў той жа час супярэчлівага. Мастацкаму асэнсаванню творцы падуладныя самыя разнастайныя тэмы: гэта вайна і каханне, ўзаемаадносіны людзей, прырода… Нездарма менавіта кветкі аздабляюць вокладкі абедзвюх кніг і фігуруюць у назвах і ў вершах. На першы погляд — зусім не мужчынская справа  — апяваць рамонкі, тым больш для чалавека, які зазнаў жудасць вайны. Але ўспомнім знакамітыя радкі папярэдніка Слапчука, класіка ўкраінскай літаратуры Івана Драча з яго хрэстаматыйнага верша «Сланечнік»: «…Поезіє, сонце моє оранжеве! // Щомиті якийсь хлопчисько // Відкриває тебе для себе, // Щоб стати навіки соняшником». Глыбокі сімвалізм, пранікненне ў сутнасць жыцця і творчасці ўласцівыя пошукам Васіля Слапчука, які з’яўляецца годным прадаўжальнікам найлепшых традыцый украінскай літаратуры і ў той жа час плённа распрацоўвае наватарскую дзялянку.

Творчая супраца-дуэт з беларускім пісьменнікам і перакладчыкам Міколам Адамам падаецца ў гэтай сітуацыі цалкам заканамернай і натуральнай. Абодвух творцаў яднае падобнае рамантычна-філасофскае ўспрыманне рэчаіснасці, здольнасць адгукацца на праявы быцця, абвостранае адчуванне сучаснасці. Перакладчык здолеў перадаць сэнсавыя і эмацыйныя адценні паэзіі Васіля Слапчука. А ў адным з бліжэйшых нумароў часопіса «Маладосць» Мікола Адам прапануе беларускаму чытачу пазнаёміцца і з прозай гэтага адметнага ўкраінскага літаратара.

Янка ЛАЙКОЎ

Васіль СЛАПЧУК

З трохкніжжа «Насупраць плыні травы»

***

Мне сумна,

бо ў маёй крыніцы

няма вокнаў.

Але вокнаў не мае

ніводная крыніца!

Божа, калі ж скончыцца

гэтая вайна

і я спатолю смагу

святла?

 

***

Дакараюць мяне, што з мноствам

дзяўчат сплю, а калі

з вінтоўкай спаў,

ніхто і слова не сказаў.

Вінтоўка — невядома ад каго —

дзяржавай цяжарная,

нашэптвае мне ля скроні штоноч:

«Я яшчэ снайперская,

я яшчэ снайперская».

І толькі маці, як плакала,

так і плача, — нічым ёй не дагодзіш.

 

***

Даў патрымаць

жанчыне сэрца,

пакуль страляць буду,

а яна падкінула ўверх.

Пацэліў.

 

 

Вайна вабіць,

як спакуслівая жанчына.

Такая лёгкадаступная,

але як дорага каштуе!

 

***

Пішу пра вайну.

І вы лічыце,

што я пішу пра вайну.

Насамрэч

я пішу зусім пра іншае.

Пераклад з украінскай Міколы АДАМА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.