Вы тут

Краіна тысячы дробязей


Кастусь Лісецкі — басіст гурта RECHA, фронтмэнам якой з’яўляецца вядомы мастак і музыкант Андрусь Такінданг. Гэты калектыў у 2019 годзе выпусціў альбом «Żyvak» — адну з найлепшых пласцінак мінулага музычнага сезона. Менавіта Кастусь Лісецкі стварыў праект BelaČorna, што зусім нядаўна прэзентаваў альбом «Kraj». Цікава, што гэтая пласцінка не становіцца ахвярай шмат каму знаёмай тэндэнцыі: музыканты, што іграюць у вядомых гуртах, вельмі часта ў сваіх сайд-праектах не могуць прапанаваць слухачам нічога новага. У выпадку «Kraj» такая гісторыя не паўтарылася, бо RECHA — фолк-рок гурт, а BelaČorna — прог-рок (з некаторымі агаворкамі), але тым цікавей прааналізаваць новы альбом праекта Кастуся Лісецкага, бо сёння на беларускай сцэне гэты жанр не вельмі папулярны.


Увогуле прог-рок або прагрэсіўны рок  — напрамак вельмі цікавы хоць бы таму, што звычайна ён функцыянуе ў андэграўндзе, не выходзячы ў мэйнстрым. Каб сёння ствараць прог-рок у Беларусі, дзе музычная індустрыя да гэтага часу знаходзіцца ў зародкавым стане, трэба ці прагнуць заўжды заставацца культавым ў вузкіх колах, ці вельмі любіць канцэпцыю гэтага музычнага напрамку. Што за канцэпцыя? Яна заключаецца ў тым, што прог-рок выступае апазіцыяй мэйнстрымнаму року і металу, асабліва супрацьпастаўляе сябе AOR, радыйнаму року. Для гэтага прог-рок гурты выкарыстоўваюць цэлы набор прыёмаў, якія адрозніваюць жанр як ад папулярнага электра-року ці пост-року, так і ад розных больш «класічных» разнавіднасцей, напрыклад, рок-н-ролу, поп-року, панка або хэві-металу. Па-першае, прог-рок гэта часцей за ўсё інструментальная музыка, што ўжо адштурхоўвае ад яе значную колькасць слухачоў. Па-другое, уласна музычныя сродкі жанру робяць яго эксперыментальным, складаным для ўспрымання людзьмі, якія слухаюць музыку з папулярнага сегмента індустрыі.

Умоўна гэтыя прыёмы можна падзяліць на тры катэгорыі. Першая  — ўскладненне структуры кампазіцый, напрыклад, выкарыстанне не тыповай куплетна-прыпеўнай схемы, а мелодый, якія паступова развіваюцца на працягу ўсяго трэка. Другая — змешванне жывых інструментаў і электроннай музыкі, што асабліва распаўсюджана ў краінах-суседзях Беларусі. Напрыклад, польскі прог-рок гурт Riverside папулярным ва ўсім свеце зрабілі менавіта эксперыменты з гітарнымі эфектамі і электроннымі сінтамі. Трэцяя група агульная для любых эксперыментальных музычных кірункаў  — выкарыстанне самых розных прыёмаў з іншых жанраў. Так, прог-рокеры часта пазычаюць асобныя элементы гучання з построку, эмбіенту, мат-року, шугейзу або гаражнага року, а таксама фолку.

Альбом «Kraj» цікавы дзякуючы таму, што Кастусь Лісецкі вырашыў не выбіраць з названых стратэгій, хоць і сканцэнтраваўся шмат у чым на другой. Такі падыход звычайна абарочваецца тым, што пласцінка перастае выглядаць як цэльны і скончаны праект, становячыся больш падобнай на мікстэйп — выпадковы набор самых розных песень, запісаных выканаўцам. Але ў вельмі невялікім працэнце выпадкаў гэты метад дае свой плён. Тады слухач сутыкаецца з унікальным альбомам, які нават можа прыўнесці нешта новае ў жанр. Найлепшы альбом прог-року, на думку крытыкаў, выйшаў яшчэ ў 1969-м годзе (гаворка пра «In the Court of the Crimson King» гурта King Crimson). Які з варыянтаў мы маем у выпадку з новым альбомам BelaČorna? Сказаць адназначна цяжка, таму прапаную практычна патрэкава прааналізаваць рэліз, каб зрабіць для сябе хоць колькінебудзь адназначную выснову.

Першыя два трэкі  — Autumn Invaders і Kraj  — уводзяць слухача ў зман. Гэта ні ў якім разе нельга назваць мінусам, бо ад таго, што іх чаканні наўмысна ашукваюцца, людзі часцяком атрымліваюць нават больш эстэтычнага задавальнення, чым у выпадках, калі яны ўсё могуць прадказаць ад першай да апошняй ноты. Абедзве кампазіцыі дэманструюць нам адну з самых яркіх адметных рыс альбома: паколькі Кастусь Лісецкі з’яўляецца басістам, то менавіта бас-гітара становіцца асноўным жывым інструментам «Kraj», што выгадна вылучае пласцінку на фоне іншых падобных работ адразу па некалькіх прычынах. Па-першае, альбомаў басістаў выходзіць настолькі мала, што лёгка казаць пра незанятасць гэтай нішы ў музычным асяроддзі, асабліва ў Беларусі. Стабільна стварае сольнікі толькі Thundercat, але нават Флі, удзельнік фанк-рок гурта Red Hot Chili Peppers, цешыў фанатаў дзвюма сольнымі работамі, адна з якіх — саўндтрэк да фільма, а другая  — міні-альбом. Таму BelaČorna выпусціў альбом унікальны не толькі для беларускай музыкі, але і ў больш шырокім маштабе. Па-другое, акцэнт на басовых лініях надае «Kraj» характэрнага груву, які добра знаёмы аматарам джаза і фанка, дзе бас таксама іграе вельмі важную ролю ў стварэнні асаблівасцей гучання. Гэта дазваляе рытмічным малюнкам быць больш аформленымі і часам нават выводзіць іх на першы план, што важна для прог-року, які часта «гуляе» са структурай і рытмікай. Часам гэта прыводзіць да таго, што мелодыі становяцца невыразнымі і папросту «з’ядаюцца» рытмічнымі малюнкамі, але Кастусь Лісецкі знаходзіць хупавыя рашэнні, каб гэтага пазбегнуць. У Autumn Invaders ён прывязвае мелодыю да рытмічнага малюнка, з-за чаго яны развіваюцца разам i не канфліктуюць  — той самы перабор, што паступова мяняецца на працягу ўсёй песні і чымсьці нагадвае ціканне гадзінніка. У кампазіцыі Kraj, наадварот, ён робіць так, што рытміка кантрастуе з мелодыяй, сыгранай на сінтэзатары, за кошт таго, што бас мае характэрны нізкі і глыбокі тэмбр, у той час як сінтэзатар гучыць вельмі высока. Пры гэтым у другой палове трэка ўжо сінтэзатар задае рытм, а гітара праводзіць цалкам самастойную мелодыю ў духу старога псіхадэлічнага року.

У першых дзвюх кампазіцыях таксама вельмі прыкметна, што Кастусь Лісецкі імкнецца да выкарыстання электронікі. Так, у Autumn Invaders пры дапамозе яе зроблены кульмінацыйны «прыпеў», дзе гучанне жывых інструментаў змяняецца пры дапамозе эфектаў і да іх дадаюцца сінты, а ў Kraj электроніка тонка ўплецена ў структуру кампазіцыі на ўсім яе працягу. Трэці трэк, Unarmed, пацвярджае гэтае назіранне і літаральна абрынаецца на слухача электроннымі ўдарнымі і мелодыяй ў стылі клубнай танцавальнай музыкі, якая з’яўляецца практычна поўнай супрацьлегласцю таго, што мы чулі дагэтуль. Аднак неўзабаве ў электроніку зноў пранікаюць жывыя гітары, сінтэзатар пачынае запаўняць прастору трэка эфектамі «мігцення» больш гарманічна, і Unarmed зноў становіцца падобнай на прагрэсіўны рок. Шкада, што двойчы гэтым прыёмам здзівіць не атрымліваецца, але непрыемны смак паўторнасці згладжваецца добрым фіналам, які нібы пранік у «Kraj» са спэйс-року.

Наступныя дзве кампазіцыі  — Last Agreement і Times of Famine  — знаходзяцца ў звыклых рамках прог-року, калі наогул можна казаць пра звыкласць у эксперыментальным жанры, які ставіць сваёй задачай пастаянны пошук новых і незвычайных шляхоў развіцця рок-музыкі. Але і ў гэтых трэкаў таксама ёсць свае асаблівасці. Last Agreement, напрыклад, дзякуючы павольнаму рытму і відавочнаму акцэнту на лініі басу, а таксама скрэтчам (гукавы эфект, які атрымліваецца ручным прагортваннем гукавой дарожкі, запісанай на вінілавую грампласцінку, падчас прайгравання) і сэмпла голасу, які прагаворвае адну і тую ж фразу «А ты мой друг», пачынае ў нейкі момант нагадваць эксперыментальны інструментальны хіп-хоп, якому магло б знайсціся месца на незалежным амерыканскім лэйбле Rhymesayers Entertainment. Times of Famine спачатку гучыць як самы тыповы прог-рок трэк, але гэта зноў гульня са слухачом — неўзабаве ўступаюць сінтэтычныя ўдарныя, мелодыя аказваецца дзіўна прыдатнай для EDM, а пасля трэк увогуле становіцца падобным на ўрывак дыджэйскага сэта Skrillex.

Metro  — самы спрэчны трэк альбома. З аднаго боку, гэта нядрэнная электроніка, у якой вельмі добрая кульмінацыя, што з’яўляецца ледзь не самым яркім момантам ўсёй пласцінкі дзякуючы першакласнай працы з сінтэзатарнымі эфектамі і гукавымі падкладкамі. З другога ж боку, гэтая кампазіцыя занадта моцна адрозніваецца ад іншых, а ўступленне гучыць як абсалютна банальны трэк з любога выпадковага электроннага альбома, з-за чаго вялікі шанц, што звычайны слухач прапусціць яго і не пачуе кульмінацыю. Магчыма, калі б Metro знаходзіўся сярод настолькі ж экспрэсіўных трэкаў, як ён сам, адчуванне ад яго праслухоўвання не было б настолькі супярэчлівым. Але справа ў тым, што Times of Famine, нягледзячы на сваю электронную частку, усё яшчэ з’яўляецца вельмі спакойнай, а наступная пасля Metro песня Morning — ледзь не самы банальны і сумны трэк усяго альбома. Атрымліваецца, што цікавы электронны эксперымент, якому хапае энергіі і арыгінальнасці, каб запомніцца слухачу, аказваецца не настолькі яркім, наколькі мог бы быць, бо акружаны спакойнымі і прадказальнымі кампазіцыямі.

На жаль, Scary Trip, наступны за трэкам Morning, спрабуе паўтарыць поспех Metro ў плане незвычайнай электронікі, але робіць гэта няўдала. З прычыны таго, што гэта не прог-рок, змяшаны з электронікай, не EDM і не IDM, Scary Trip нагадвае першыя інструментальныя кампазіцыі маладога прадзюсара, які толькі-толькі збіраецца пачаць заваёўваць SoundCloud і здзіўляецца, чаму да яго ўсё ніяк не прыходзіць папулярнасць.

Тым больш здзіўляе, што астатнія пяць трэкаў дэманструюць нам тое, што Кастусь Лісецкі умее лепш за ўсё  — змешванне нетанцавальнай электронікі і мяккага прог-року ў духу Riverside. I’ll Never Smile Again  — гіпнатычна заспакаяльная кампазіцыя, якая настолькі ўдала перадае пачуццё меланхоліі, што яе лёгка можна ўявіць у плэйлісце інтэрнэтрадыёстанцыі з лоў-фай хіп-хопам. Stop Panic  — класічны прог-рок, канцэнтрацыя ўсяго таго, што людзі ўяўляюць, калі чуюць назву гэтага жанру, а Far Away — самая рокавая кампазіцыя альбома, дзе ўпершыню з’яўляюцца перагружаныя электрагітары. Stolen Heart пачынаецца як балада, але пасля разганяецца пры дапамозе гітарных і электронных эфектаў, ператвараючыся пры гэтым у олдскульны псіхадэлічны рок. Фінальная кампазіцыя альбома My Old Road нечакана аказваецца хэві-металам без прэтэнзіі, але з нядрэнным сола і сапраўдным духам року.

Атрымліваецца, што альбом «Kraj» праекта BelaČorna — цікавая, але даволі няроўная пласцінка ў жанры прог-рок, у якой Кастусь Лісецкі імкнецца пашырыць рамкі гэтага кірунку, дадаўшы ў яго электроніку розныя фарматы. Дзесьці ў яго атрымліваецца добра, дзесьці падобныя эксперыменты гучаць недарэчна або папросту сумна. Але гэта не адмяняе факту, што тая частка альбома, дзе ў музыканта атрымліваецца балансаваць паміж электронікай і прог-рокам, зроблена выдатна і можа паспаборнічаць з некаторымі заходнімі альбомамі таго ж жанру.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».