ЮНЕСКА правяла глабальную анлайн-кансультацыю па этычных аспектах штучнага iнтэлекту. У кожнага жыхара планеты была магчымасць далучыцца да работы мiжнароднай спецыяльнай групы экспертаў. «Вельмi важна, каб у гэтай кансультацыi ўзяла ўдзел як мага большая колькасць людзей, былi ўлiчаны меркаваннi з усяго свету», — падкрэслiла генеральны дырэктар ЮНЕСКА Одры Азулай. Спецыяльнай групе экспертаў, у якую ўваходзяць 24 вядомыя спецыялiсты, даручана падрыхтаваць першапачатковы варыянт праекта рэкамендацый. Ён будзе прадстаўлены на разгляд дзяржавам-членам падчас 41-й сесii генеральнай канферэнцыi ЮНЕСКА ў лiстападзе 2021 года. У выпадку прыняцця гэты праект стане першым глабальным нарматыўным дакументам, прысвечаным развiццю i выкарыстанню штучнага iнтэлекту. Чаму наспела такая неабходнасць?
Рэсурс на 16 трыльёнаў долараў
Пасля Другой сусветнай вайны некалькi чалавек пачалi незалежна працаваць над iнтэлектуальнымi машынамi. Англiйскi матэматык Алан Цьюрынг, магчыма, быў найбольш вядомым прадвеснiкам. Ён прачытаў сваю тэматычную лекцыю ў 1947 годзе. Цьюрынг адзiн з першых вырашыў, што штучны iнтэлект (artificial intelligence — AI) лепш за ўсё даследаваць шляхам праграмавання камп'ютараў, а не канструявання машын.
AI як галiна навукi вядзе адлiк з 1956 года. Гэты кiрунак быў агучаны на летнiм семiнары ў Дартмут-каледжы (Хановер, ЗША), якi арганiзавалi чацвёра амерыканскiх навукоўцаў: Джон Мак-Карцi, Марвiн Мiнскi, Натанiэль Рочэстэр i Клод Шэнан. З тых часоў тэрмiн «штучны iнтэлект», прыдуманы, хутчэй за ўсё, з мэтай прыцягнення ўсеагульнай увагi, стаў настолькi папулярны, што сёння наўрад цi можна сустрэць чалавека, якi пра яго не чуў. З цягам часу гэты раздзел iнфарматыкi развiваўся ўсё больш актыўна, а iнтэлектуальныя тэхналогii ў апошнiя шэсцьдзясят гадоў адыгрывалi важную ролю ў змене аблiчча свету, адзначыў у сваiм артыкуле на сайце unesco.org выкладчык iнфарматыкi ва ўнiверсiтэце Сарбона Жан-Габрыэль Ганасiя.
Укараненне тэхналогiй штучнага iнтэлекту ва ўсе сферы жыцця ў найблiжэйшыя 20 гадоў, паводле прагнозу глабальнага iнстытута McKinsey, створыць новую рэчаiснасць. Разумная аўтаматызацыя можа быць супастаўная з маштабамi апошняй прамысловай рэвалюцыi. Цяперашнюю сiтуацыю ў стратэгiчнай галiне акрэслiлi на Сусветнай канферэнцыi па штучным iнтэлекце (WAIC — World Artificial Intelligence Conference), якая ў лiпенi адбылася ў Шанхаi. Каля трох тысяч чалавек узялi ўдзел у глабальным мерапрыемстве ў анлайн-рэжыме, пры гэтым амаль 200 гасцей асабiста прысутнiчалi на месцы яго правядзення. Сёлета WAIC быў арганiзаваны з выкарыстаннем «воблачных канферэнцый», прычым галаграфiчныя праекцыi ўпершыню былi ўжытыя на канферэнцыi такога маштабу.
На шанхайскiм самiце прагучаў шэраг адметных заяў. Як адзначыў дырэктар па iнфармацыйных тэхналогiях Huawei Таа Цзiнвэнь, даныя становяцца ўсё больш важнымi ў наш час. Ён заявiў, што гэта чацвёрты па значнасцi рэсурс пасля мора, сушы i паветра. Huawei лiчыць, што развiццё штучнага iнтэлекту павiнна яго значна ўзмацнiць. Аб'ёмы проста ўражваюць — штучны iнтэлект здольны да 2030 года зрабiць унёсак у глабальную эканомiку ў памеры 16 трыльёнаў долараў. Пра гэта заявiў падчас сусветнай канфэрэнцыi генеральны дырэктар кампанii GSMA Ltd (мiжнародная асацыяцыя аператараў мабiльнай сувязi) Джон Хофман. Ён адзначыў, што да 2030 года AI, па прагнозах, можа стымуляваць рост лакальных эканомiк да 26 працэнтаў.
Хай-тэк супраць вiруса
Пандэмiя COVID-19 не змянiла тэндэнцыю тэхналагiчных пераўтварэнняў, а, наадварот, паскорыла тэмпы змен у лiчбавых тэхналогiях, адзначыў заснавальнiк кiтайскай кампанii Alibaba, сустаршыня Групы высокага ўзроўню ААН па лiчбавым супрацоўнiцтве Джэк Ма, паведамiла iнфармагенцтва «Сiньхуа». Легендарны бiзнесмен зрабiў гэтую заяву, выступаючы ў выглядзе галаграмы на WAIC-2020. Ён нагадаў, што падчас леташняй канферэнцыi ўдзельнiкi спрачалiся пра тое, што будзе з працаўладкаваннем, калi машыны заменяць людзей. Аднак цяпер работнiкi iмкнуцца чым хутчэй перакласцi як мага больш сваiх абавязкаў на робатаў.
«Напрыклад, у сферы барацьбы з распаўсюджваннем вiруса мы павiнны прыкласцi ўсе намаганнi, каб праблемы вырашалiся з дапамогай машын, а не людзей», — адзначыў Джэк Ма. Паводле яго слоў, выкарыстанне адпаведнага алгарытму павысiла эфектыўнасць дыягностыкi каранавiруса. «Урачу звычайна патрабуецца ад 15 да 20 хвiлiн, каб вывучыць вынiкi камп'ютарнай тамаграфii пацыента з падазрэннем на заражэнне COVID-19. Машыне ж неабходна ўсяго 20 секунд для аналiзу гэтых КТ-малюнкаў, што ў 60 разоў больш эфектыўна», — падкрэслiў Ма.
Стваральнiк Alibaba адзначыў, што трэба хутка i загадзя рыхтавацца да тэхналагiчных пераўтварэнняў, бо яны абапiралiся на лiчбавыя тэхналогii, каб выжыць падчас эпiдэмii. Яны знайшлi прымяненне ў самых розных паўсядзённых справах — ад правядзення канферэнцый да наведвання ўрача. «Вiрусу не патрэбна вiза, ён не адрознiвае нацыянальных меж, таму i тэхналогii павiнны быць бязмежнымi», — заявiў Джэк Ма.
Падчас WAIC стала вядома, што Паднябесная запусцiла глабальную платформу для медыцынскiх даследаванняў з выкарыстаннем тэхналогiй AI. Iнiцыятарамi стварэння MedNet выступiлi Кiтайская акадэмiя iнфармацыйных i камунiкацыйных тэхналогiй i Шанхайскi ўнiверсiтэт Цзяатун. Праект засяродзiцца на даследаваннях па ўжываннi хай-тэку як у клiнiчнай медыцыне, так i ў грамадскай ахове здароўя, паведамiла дырэктар Кiтайскай акадэмii iнфармацыйных i камунiкацыйных тэхналогiй Лю До.
Аўтапiлот без абмежаванняў
Генеральны дырэктар Tesla Inc Iлан Маск на WAIC-2020 заявiў, што амерыканскi вытворца электрамабiляў «вельмi блiзкi» да дасягнення тэхналогii аўтаномнага кiравання пятага ўзроўню, якi прадугледжвае магчымасць руху па дарогах без удзелу кiроўцы.
Пра гэта паведамiла Reuters. «Я па-ранейшаму ўпэўнены, што сёлета ў нас будзе базавая функцыянальнасць для пятага ўзроўню аўтаномнасцi», — сказаў Маск.
Усяго iснуе пяць узроўняў, устаноўленых арганiзацыяй SAE International. Зараз электрамабiлi, якiя выпускае Tesla, адносяцца да трэцяга — кiроўца можа цалкам перадаць кiраванне аўтапiлоту, але пры гэтым павiнен знаходзiцца на вадзiцельскiм крэсле i трымаць рукi на рулi. Да чацвёртага ўзроўню адносяцца беспiлотнiкi, якiя могуць ездзiць без кiроўцы, але толькi па размечанай трасе. Пяты ўзровень — гэта аўтапiлот без якiх-небудзь абмежаванняў, якому, па сутнасцi, не патрабуюцца нi кiроўца, нi органы кiравання, такiя як руль i педалi.
Як вядома, аўтавытворцы i тэхналагiчныя кампанii, у тым лiку Alphabet Inc, Waymo i Uber Technologies, iнвестуюць мiльярды ў iндустрыю аўтаномнага кiравання. Tesla наперадзе, i гэта прыносiць вынiк — у лiпенi кампанiя стала самым дарагiм аўтавытворцам: яе акцыi выраслi да рэкордных значэнняў, а рыначная капiталiзацыя пераўзышла паказчык былога лiдара Toyota Motors Corp.
Небяспека i шанц
Работа над штучным iнтэлектам для аўтамабiляў Tesla паказала Маску, што чалавецтва ўжо наблiжаецца да сiтуацыi, калi штучны iнтэлект будзе iстотна разумнейшы, чым людзi. «Я думаю, што да гэтага менш за пяць гадоў», — прагназуе адзiн з топ-пяцёркi Forbes. Выступаючы на WAIC-2019, ён абвясцiў, што камп'ютары «перасягнуць людзей ва ўсiх адносiнах», прадракаючы нават з'яўленне новай расы AI, якая можа прывесцi чалавецтва да трэцяй сусветнай вайны. Маск выказвае думкi аб небяспецы штучнага iнтэлекту як мiнiмум з 2014 года. Тады ён напiсаў у Twitter, што чалавецтву трэба быць вельмi асцярожным з тэхналогiяй, якая «патэнцыйна больш небяспечная, чым ядзерная зброя». Выступаючы ў Масачусецкiм тэхналагiчным iнстытуце, Маск казаў, што гэта можа быць самай iстотнай пагрозай чалавецтву. У 2018-м ён адзначаў, што цяпер штучны iнтэлект шмат у чым засяроджаны ў руках найбуйнейшых кампанiй.
Машынны розум у будучынi можа стаць прычынай гiбелi чалавечай цывiлiзацыi. Пра гэта ў 2017-м заявiў вядомы брытанскi навуковец Стывен Хокiнг падчас вiдэаканферэнцыi ў Пекiне. «Развiццё штучнага iнтэлекту можа стаць як найбольш пазiтыўным, так i самым страшным фактарам для чалавецтва. Мы павiнны ўсведамляць небяспеку, якую ён уяўляе», — падкрэслiў той.
Каб не ўвасобiць у жыццё самыя смелыя чаканнi песiмiстаў ды не ператварыць свет у антыўтопiю, у якой машыны кантралююць людзей, распрацоўшчыкi займаюцца пытаннямi этыкi штучнага iнтэлекту. Свае правiлы рэгулявання прапанавалi i ў Ватыкане. Папа Рымскi Францыск неаднаразова звяртаў увагу кампанiй Крамянёвай далiны на тое, што тэхналогii могуць прывесцi да «новага варварства», пры якiм закон наймацнейшага будзе пераважаць над прынцыпам агульнай дабрынi. У этычным кодэксе, якi Ватыкан сiмвалiчна прадставiў у пачатку 2020-га, сцвярджаецца, што штучны iнтэлект павiнен паважаць прыватнае жыццё, выключаць магчымасць прадузятасцi, а таксама гарантаваць выкананне правоў усiх людзей. Ватыканскi кодэкс падпiсалi Microsoft i IBM — адны з лiдараў у распрацоўцы такiх тэхналогiй. Савет Еўропы па штучным iнтэлекце (CAHAI) таксама займаецца пытаннем рэгулявання тэхналогii. Яго прадстаўнiкi падкрэслiваюць, што гэтая работа звязаная не з запаволеннем цi абмежаваннем прагрэсу, а з захаваннем усiх правоў чалавека ў эпоху ўсё большай i большай лiчбавiзацыi.
Тым часам у Фiнляндыi запускаюць праект AuroraAI (Паўночнае ззянне) па стварэннi штучнага iнтэлекту, якi будзе дапамагаць прымаць рашэннi ў дзяржаўным кiраваннi i грамадскiм жыццi. Работы над AuroraAI стартавалi сёлета ў лютым, завяршыць iх плануецца ў 2022-м. «Паўночнае ззянне» будзе ўлiчваць патрэбы як арганiзацый, так i асобных грамадзян, аб'ядноўваючы iх у адзiную базу, i дапамагаць дзяржаўным чыноўнiкам прымаць аптымальныя i найбольш аператыўныя рашэннi. Пры гэтым кожны грамадзянiн будзе сам вырашаць, якую iнфармацыю пра сябе ён даверыць клапатлiвым камп'ютарам, а якiя палiчыць за лепшае ад iх схаваць. Вядома, чым больш даных будуць адкрытымi, тым больш эфектыўнае i хуткае будзе абслугоўванне. Па словах распрацоўшчыкаў, AuroraAI навучаюць на канкрэтных рэальных сiтуацыях. Па сутнасцi, у iдэале будзе створана гнуткая сетка сувязяў памiж грамадзянамi, камерцыйнымi арганiзацыямi i дзяржаўнымi сацыяльнымi службамi. Што атрымаецца ў рэальнасцi — пабачым. Чакаць засталося нядоўга.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
На прасторах яе вялікасці кнігі.