Вы тут

Дзяўчына выступае ў аматарскай хакейнай лiзе супраць мужчын i адкрывае свае асаблiвыя трэнажорныя залы


Наталля Аляксеенка — дзяўчына нетыповая: у дзяцiнстве яна не марыла стаць балерынай або гiмнасткай, хоць яе i цiкавiў спорт. Спачатку Наташа стала займацца каратэ i дасягнула там значнага поспеху, неаднаразова стаўшы чэмпiёнкай Беларусi. Потым яе зацiкавiў хакей, i яна трапiла ў адзiную ў краiне жаночую хакейную каманду «Пантэры». Разам з дзяўчатамi гэтай лядовай дружыны Наталля паспела выйграць некалькi мiжнародных тытулаў, але з часам каманда распалася. Дзяўчына не разгубiлася, перайшоўшы на аматарскi ўзровень, але цяпер яна гуляе ў адзiн з самых жорсткiх вiдаў спорту з мужчынамi. А наступным неардынарным крокам Наталлi стала адкрыццё эксклюзiўнай студыi для персанальных трэнiровак Vip Gym, дзе клiенты могуць займацца ў трэнажорнай зале па адным, без староннiх вачэй i дакучлiвых дарадчыкаў. Пра свае нежаночыя захапленнi i ўнiкальную трэнажорную залу расказала ў iнтэрв'ю.


«Не заўважаючы хвосцiк, якi тырчыць з-пад шлема, маглi ўдарыць»

«Я на здзiўленне была спакойным дзiцём, але калi мне чагосьцi хацелася, то пераканаць у адваротным было вельмi складана», — успамiнае сваё дзяцiнства Наташа. Спачатку ёй захацелася займацца каратэ. Каб уламаць на гэта бацькоў, сышло два гады. «Але мне здавалася, што гэта суперспорт, таму вельмi хацелася туды трапiць», — кажа дзяўчына. А потым яна «захварэла» на хакей.

— У гадоў 9-10 мы з татам трапiлi на аматарскi прэзiдэнцкi турнiр, i мне так спадабалася ўсё, што адбывалася на лёдзе, што захацелася навучыцца катацца на каньках. Вучыцца давялося самой, таму што ўзрост для дзiцячых секцый быў ужо непрыдатны. Хадзiлi з татам на масавыя катаннi, я заставалася на 2-3 сеансы запар. А потым даведалася пра тое, што ў нас у краiне стварылi жаночую каманду, i вырашыла туды трапiць.

Жаночая хакейная каманда «Пантэры» праiснавала ў Беларусi нядоўга, з 2011 да 2013 года, але за гэты час дзяўчаты паспелi стаць пераможнiцамi некалькiх мiжнародных еўрапейскiх турнiраў, абыграўшы ў тым лiку i прызнаныя хакейныя дзяржавы.

— У параўнаннi з мужчынскiм хакеем у нас былi вельмi добрыя дасягненнi. Але каманда распалася ад таго, што мы не знайшлi для яе спонсараў, — тлумачыць Наталля. — А наогул жаночы хакей — гэта цiкава, вiдовiшчна, эмоцыi зашкальваюць. Камандны дух, атрыманы там, мне вельмi спатрэбiўся ў жыццi: пабываўшы ў такiм калектыве i ў такой гульнi, ты пачынаеш цанiць сапраўдную дружбу i падтрымку, якiя паводле стэрэатыпа не ўласцiвыя жанчынам.

Пасля таго як каманда распалася, хтосьцi з дзяўчат з'ехаў гуляць за мяжу, хтосьцi адправiўся на сваю малую радзiму, а Наталля занялася хакеем для душы, але ўжо ў мужчынскiм калектыве.

— Вядома, хацелася б большага, але застаецца толькi бегаць з мужыкамi па вечарах. За медалькi змагацца мне ўжо не вельмi цiкава, а вось выказаць на лёдзе эмоцыi — люблю.

Наташа адзначае, што спачатку сутыкалася з рознымi рэакцыямi ад гульцоў мужчынскага полу, але цяпер да яе ўсе ўжо прывыклi.

— Зараз ставяцца да мяне паважлiва, без якiх-небудзь наездаў. Калi нейкiя пытаннi з раздзявальняй, лiшнi раз падыдуць, даведаюцца, цi патрэбны мне асобны пакой, а калi такой магчымасцi няма, то спакойна дадуць пераадзецца спачатку мне, потым робяць гэта самi. А ў пачатку здаралася па-рознаму, — былi мужчыны, якiх рэальна закранала мая гульня. Напэўна, яны не маглi зразумець, што дзяўчына таксама можа нядрэнна гуляць у хакей i нават рабiць гэта лепш за iх. Я лiчу, што ў такiх мужчынах гуляе нешта нездаровае i яны спрабавалi неяк адпомсцiць, спагнаць сваю злосць. Нiбыта не заўважаючы хвосцiк, якi тырчыць з-пад шлема, маглi моцна ўдарыць, як бы па правiлах, але можна было абысцiся i без гэтага. З часам я зразумела, што такiя людзi будуць заўсёды, але не варта звяртаць на iх увагу. Трэба сказаць, што за мяне заступалiся iншыя хлопцы з каманды i тлумачылi не цалкам адэкватным, што трэба было б мякчэй.

Наталля Аляксеенка спадзяецца, што жаночы хакей рана цi позна вернецца ў Беларусь, i кажа, што не супраць дапамагчы ў яго развiццi сваiм вопытам i работай.

— З моманту распаду каманды прайшло ўжо шмат часу. Напэўна, складана будзе вярнуцца ў тую ж форму, але ўсё залежыць ад абставiн. Думаю, калi такая каманда з'явiцца, нейкiм чынам я змагу паўдзельнiчаць у яе развiццi, можа быць, дапамагу ў фiзпадрыхтоўцы хакеiстак, стану трэнерам, але як гулец, напэўна, ужо наўрад цi рэалiзую сябе. На самай справе дзяўчат, якiя жадаюць гуляць у хакей, шмат. Галоўнае, каб жаночы хакей быў падтрыманы дзяржавай, стваралiся школы, у якiх дзяўчынкi маглi б навучацца з нуля. I толькi пасля гэтага варта збiраць нармальную дарослую каманду.

«Першымi клiентамi былi людзi, якiя любяць камфорт»

Цяпер Наталля працягвае вучыцца ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце фiзiчнай культуры, яе спецыяльнасць — трэнер па хакеi. Акрамя ўнiверсiтэцкай адукацыi яна прайшла мноства курсаў i стала сертыфiкаваным трэнерам трэнажорнай залы, а таксама iнструктарам TRX. Пасля таго як дзяўчына папрацавала ў буйных фiтнес-цэнтрах i залах, убачыла там пэўныя недахопы, яна вырашыла сама адкрыць трэнажорную залу, але незвычайную.

— Па маiх назiраннях, у трэнажорную залу звычайна прыходзяць людзi, незадаволеныя сабой. Часта яны камплексуюць з нагоды таго, што падчас заняткаў на iх хтосьцi глядзiць, i на самай справе такое бывае. Да таго ж у вялiкiх залах патрэбныя трэнажоры часта занятыя, i гэта таксама шмат каму дастаўляе дыскамфорт. Я села i падумала, што трэба звычайнаму чалавеку, якi проста хоча трымаць сябе ў форме? Па сутнасцi, усяго пару шматфункцыянальных трэна-
жораў i добры трэнер. Гэта ўжо для тых, хто выступае прафесiйна, патрэбныя вялiзныя вагi, спецыяльныя трэнажоры, якiя мацуюць глыбокiя мышцы, але большасцi гэта нi да чаго.

Пасля таго як Наташа зразумела, што iдэя так званых вiп-залаў цiкавая не толькi ёй, дзяўчына пачала дзейнiчаць. Яна вырашыла стварыць невялiкую трэнажорную залу з некалькiмi шматфункцыянальнымi трэнажорамi i iншымi прыстасаваннямi, якiя патрабуюцца для трэнiровак. Плошча першай «трэнажоркi» склала ўсяго 35 квадратных метраў, а «фiшка» заключалася ў тым, што тут людзi змаглi займацца сам-насам з трэнерам або зусiм у поўнай адзiноце, не адцягваючыся на староннiх. Ствараць «асаблiвую» залу Наташы дапамагаў тата.

— Для першай залы нам спатрэбiлася лiтаральна некалькi шматфункцыянальных трэнажораў, але яны павiнны быць падабраныя правiльна, каб iх функцыi не паўтаралiся. I самае галоўнае — добры, адукаваны трэнер, якi падбярэ правiльную нагрузку, зможа знайсцi падыход да сарамлiвага чалавека, дасць яму зразумець, што тут будзе камфортна. Што датычыцца папяровых пытанняў — бухгалтэрыi i падатковай, — паволi разабралася сама, бо калi ёсць жаданне, абавязкова ўсё атрымаецца. Я адкрыла першую залу, калi мне быў усяго 21 год. Было страшна? Не! Калi гэта робiш з душой i амбiцыямi, яно не можа не спрацаваць. Я нават думак не дапускала, што нешта можа не атрымацца, хоць многiя глядзелi на гэта скептычна i я была гатовая да такой рэакцыi. Калi выходзiлi першыя навiны пра маю справу, было шмат негатыўных каментарыяў. Я не думала, што ў нас людзi настолькi не ўмеюць радавацца за iншых i iм так складана прыняць нешта новае. Разам з тым паступалi i добрыя пажаданнi, клiенты пачалi тэлефанаваць, тэлефанаваць, тэлефанаваць, такая iндывiдуальная трэнажорная зала аказалася вельмi запатрабаваная.

Наталля расказвае, што першымi яе клiентамi сталi людзi, якiя саромелiся сваёй знешнасцi i любiлi камфорт.

— Камусьцi хочацца ўключыць менавiта сваю музыку i не адцягвацца на iншых людзей, бо ў звычайнай зале тыя, хто працуе з вялiкiмi вагамi, могуць пакрычаць, пагыркаць, не ўсякi чалавек выконвае гiгiену, а галоўнае — людзям заўсёды падабаецца iндывiдуальны падыход, каб на занятку было не два, тры i больш чалавек, а толькi ён адзiн. Да таго ж вельмi важная ўвага трэнера — трэба сачыць за тэхнiкай, каб пазбегнуць траўмаў.

З часам попыт на такi варыянт залы стаў толькi павялiчвацца. Цяпер у Наталлi Аляксеенка iх ужо дзве. Сёння яе клiенты — гэта i мужчыны, i жанчыны самых розных узростаў.

— Я вельмi рада пашырэнню, але, вядома, гэта дадало i галаўнога болю. Цяпер адна я ўжо не спраўляюся, таму давялося шукаць iншых трэнераў, а гэта аказалася нялёгка. Я праглядала шмат людзей, былi вопытныя трэнеры, але яны б не змаглi доўга працаваць у такiм фармаце, таму што гэта дзеючыя спартсмены, якiм больш падыходзiць работа з прафесiяналамi. Былi людзi, якiя толькi-толькi скончылi двухдзённыя курсы, але i гэта таксама не выйсце.

На трэнажорных залах арыгiнальныя iдэi Наталлi не вычарпалiся: сёння яна абдумвае ўжо новы праект, якi датычыцца спорту i IT-тэхналогiй, але пакуль трымае сваю задумку ў тайне.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ i з асабiстага архiва гераiнi

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.