Вы тут

НАН абвясціла творчую акцыю «За што я люблю родную зямлю»


Нацыянальная акадэмiя навук Беларусi дае старт агульнарэспублiканскай творчай акцыi «За што я люблю родную зямлю». Яна прымеркавана да Дня беларускага пiсьменства (свята адбудзецца ў вераснi, сёлета — у горадзе Бялынiчы Магiлёўскай вобласцi).


У рамках праекта кожны беларус зможа прадставiць сваю творчую работу (сачыненне, верш, апавяданне, эсэ, нарыс цi нешта iншае на беларускай мове), у якiх распавядзе пра галоўныя дасягненнi ў развiццi сваёй мясцовасцi, а таксама падзелiцца тым, што выклiкае пачуццё гонару i любовi да сваёй малой радзiмы, яе гераiчнага мiнулага i славутага цяперашняга. Як вядома, 2020 год завяршае перыяд, якi па рашэннi Прэзiдэнта Беларусi быў абвешчаны ў нашай краiне Годам малой радзiмы. За тры гады акцыi былi праведзены тысячы мерапрыемстваў па развiццi i добраўпарадкаваннi населеных пунктаў у розных рэгiёнах краiны, па павышэннi ўзроўню культуры i духоўнасцi беларускага народа, захаваннi мясцовых традыцый, адметных рыс побыту народа, яго этнаграфiчнай культуры i мовы.

— Iдэя акцыi, можна сказаць, належала кiраўнiку нашай дзяржавы, калi аб'яўлялi Год малой радзiмы з мэтай стымулявання сацыяльна-эканамiчнага развiцця рэгiёнаў, фармiравання грамадзянскай пазiцыi i захавання гiсторыка-культурнай спадчыны рэгiёнаў. А мэтай нашай акцыi з'яўляецца працяг гэтай агульнай задачы. Вышэй акрэсленая iдэя за тры гады ўвасобiлася ў шматлiкiх праектах, конкурсах, творчых работах.

А наш конкурс — гэта своеасаблiвы творчы акорд, як падвядзенне вынiкаў, прымеркаванае да Дня беларускага пiсьменства. Тым больш што напярэдаднi ў нас будзе праводзiцца Тыдзень мастацкага слова, дзе плануюцца розныя мерапрыемствы.

I будзе лагiчна, калi мы падвядзём вынiкi нашага творчага конкурсу i запросiм яго пераможцаў на мерапрыемства ў Бялынiчы. Разам з тым хочацца абудзiць грамадскую думку, каб людзi яшчэ раз задумалiся, наколькi ўнiкальная i самабытная зямля, на якой мы жывём. Бо кожны рэгiён па-свойму непаўторны i ў гiстарычным, i ў культурным плане, i за кожным стаiць праца самаадданых людзей. Нашай акцыяй мы жадаем актывiзаваць творчасць беларусаў, каб яны падзялiлiся сваiмi аповедамi з гэтай нагоды, — адзначае дырэктар Iнстытута мовазнаўства iмя Якуба Коласа НАН Iгар Капылоў.

Свае работы ў рамках акцыi «За што я люблю родную зямлю» трэба прадставiць да 23 жнiўня. Твор можа быць напiсаны як адным чалавекам, так i ў суаўтарстве, але важна, каб раней ваша праца нiдзе да гэтага не публiкавалася. Ваша грамадзянства i месца пражывання не абмяжоўваюць магчымасць падзялiцца сваiмi роздумамi i высновамi. Для разважанняў прапаноўваюцца наступныя тэмы: «За што я люблю свой край», «Мова маёй малой радзiмы», «Родная зямля — крынiца натхнення», «Квiтней, мая радзiма!». Ацэнку прадстаўленых твораў будуць праводзiць супрацоўнiкi Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы
i лiтаратуры НАН Беларусi. Найважнейшымi крытэрыямi ацэнкi заяўленых конкурсных работ будуць адпаведнасць заяўленай тэме, грамадская актуальнасць, арыгiнальнасць, мастацкi ўзровень i дасканаласць мовы. Аб'ём аўтарскiх разважанняў — да 10 друкаваных старонак. Пазначаюцца  ўзрост, месца працы (альбо вучобы) аўтара. Найлепшыя творы будуць у далейшым апублiкаваны асобным зборнiкам.

А ўзнагароды знойдуць сваiх герояў падчас мерапрыемстваў Тыдня мастацкага слова, якi будзе праводзiцца на базе НАН Беларусi з 31 жнiўня да 6 верасня бягучага года, а таксама ў рамках Дня беларускага пiсьменства.

Даслаць свае думкi па абранай тэме, аформленыя ў тым альбо iншым жанры, трэба да 20 жнiўня на адрас: Iнстытут мовазнаўства iмя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 1/2, г. Мiнск, 220072; альбо на электронную пошту inlinasbel@tut.by з паметкай «Конкурс».

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: minsk.edu.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.