Гродзенскi занальны iнстытут раслiнаводства НАН Беларусi закупiў тэхнiку на ўсе чатыры аддзелы — па адным квадрацыкле на кожны. Тут вырашылi, што гэта дасць магчымасць весцi нагляд за пасевамi больш аператыўна. Раней навукоўцы ажыццяўлялi яго на роварах, што патрабавала шмат часу.
Новая тэхнiка прыбыла ў навуковую гаспадарку нядаўна. Праўда, напачатку купiлi толькi адзiн квадрацыкл, каб пратэсцiраваць яго ў палявых умовах. Некалькiх соцень кiламетраў было дастаткова, каб упэўнiцца, што тэхнiка высокапраходная, надзейная i развiвае нядрэнную хуткасць — да 60 кiламетраў у гадзiну. Таму закупiлi яшчэ тры адзiнкi. Па словах дырэктара занальнага iнстытута Сяргея Шэўчыка, цана прымальная — 4200 рублёў за штуку. Гэта значна танней, чым аўтамабiль, а кiраваць iм нашмат лягчэй, бо замест каробкi перадач усталяваны пераключальнiк «уперад — назад»: дастаткова нацiснуць на газ, i машына будзе рухацца ў патрэбным напрамку. Расход бензiна на 100 кiламетраў складае сем лiтраў.
— Квадрацыклы ёсць у кожным аддзеле — каму трэба, той садзiцца i едзе. У чым тут плюс? Напрыклад, не кожная жанчына сядзе за руль матацыкла. А вось з апаратам на чатырох колах яна справiцца без праблем. Тэхнiка выдатна пераадольвае гравiйныя дарогi нават пасля дажджу, а шырокiя колы не прымiнаюць пасевы на палях. Да таго ж на ёй можна везцi двух чалавек i нейкi груз, — растлумачыў кiраўнiк установы.
Яшчэ значны плюс — для квадрацыклаў не патрабуецца нi тэхагляд, нi атрыманне правоў на кiраванне. Амаль што ровар, толькi больш магутны i мае больш колаў. Дарэчы, да гэтага навукоўцы аб'язджалi свае палеткi менавiта такiм чынам, i на такiя паездкi трацiлася нямала часу. Цяпер аператыўнасць манiторынгу палеткаў павялiчылася ў разы.
— Кожны дзень трэба бываць на полi, нават пад'ехаць да таго ж камбайна, калi iдзе ўборка. У нас 23 культуры i 226 сартоў, i за iмi патрэбны кантроль. На ровары складана адсочваць дынамiку, стан, развiццё раслiн на аддаленых участках. Цяпер iншыя тэмпы, да таго ж спецыялiст трацiць больш часу на навуку, а не на дарогу, — канстатуе суразмоўца.
Неабходнасць мабiльнай тэхнiкi абумоўлена i новымi плошчамi. За апошнiя некалькi гадоў яны значна выраслi. Сёння тут 1300 гектараў, з якiх тысяча — гэта непасрэдна вопытныя ўчасткi i дэманстрацыйныя пасевы. Займаюцца навукоўцы вырошчваннем збожжавых, зернебабовых культур, шматгадовых траў. Яшчэ два аддзелы працуюць над паляпшэннем насення бульбы i яблыкаў. I пад кожную культуру плошчы выраслi. Напрыклад, колькасць зямлi, адведзенай пад шматгадовыя травы, павялiчылася амаль у дзесяць разоў — з 26 да 250 гектараў.
Трэба сказаць, што навукоўцы шчыльна занялiся кармавой базай. Тут вывучаюць кармы, якiя маглi б даць дадатковы рэзерв для павышэння вытворчасцi дойнага статку. Спрабуюць культываваць вiды, якiя не мелi шырокага распаўсюджання, — нядаўна, напрыклад, закладзены плантацыi эспарцэту i доннiку, дарэчы, вядомых як меданосы. Пасеялi ўчастак пад чыну лугавую — гэтая раслiна з жоўтымi кветкамi з сямейства бабовых мае i лекавыя ўласцiвасцi, выкарыстоўваецца пры лячэннi бранхiтаў i запаленняў лёгкiх.
— Апошнiм часам працуем са шматгадовымi травамi, каб адаптаваць iх да засухi. Праводзiм навуковыя вопыты з такой культурай, як амарант. Гэтая раслiна — рэкардсмен па ўтрыманнi бялкоў, таму варта прыстасаваць яе да нашага клiмату. Вывучаем, як яна будзе сябе паводзiць у гарачае надвор'е, бо ў мiнулыя гады назiралася засуха, i мы недабiралi ўраджай нашых традыцыйных культур, — расказвае Сяргей Шэўчык.
Напрацовак нямала. Напрыклад, вядуцца сумесныя даследваннi па селекцыi кармавых бабовых з расiйскiм навуковым цэнтрам збожжавых i зернебабовых культур. Iнстытут працуе разам з аўстрыйскай фiрмай па селекцыi гароху i з'яўляецца прадстаўнiком фiрмы ў Беларусi па некаторых яго сартах.
Вядуцца работы па ўдасканальваннi бульбы. Традыцыйная беларуская культура цiкавiць i замежнiкаў: iнстытут актыўна супрацоўнiчае з Расiяй i Украiнай, таксама праяўляюць iнтарэс партнёры з Малдовы i Сербii. Каб задаволiць попыт, плошчы пад бульбяныя палеткi значна павялiчылi. Гэта дае магчымасць атрымаць больш насення i пасадачнага матэрыялу. Такая ж работа вядзецца i па збожжавых культурах.
— Сеем насенне, працуем з фiрмамi розных краiн — у iх купляем цi нашы прадаем. Калi насенне дае добры ўраджай, прапаноўваем нашым вытворцам, каб яны прыехалi, убачылi, параўналi, — расказвае суразмоўца. — Цяпер многiя гаспадаркi займаюцца садамi. У нас таксама ёсць добрыя напрацоўкi. Сад залажылi па iнтэнсiўнай тэхналогii, кожнае дрэва падвязана да бамбуку, якi яго трымае, каб не зламалася. Ураджай атрымлiваецца ўжо на другi год.
У iнстытуце лiчаць, што новая тэхнiка будзе спрыяць лепшаму нагляду за пасевамi, своечасоваму рэагаванню на негатыўныя фактары. Дарэчы, кантроль за палеткамi ажыццяўляюць не толькi на квадрацыклах, але i з дапамогай квадракоптара: з вышынi птушынага палёту можна ахапiць значную плошчу ды ацанiць якасць пасеваў i апрацоўкi. З боку ж не заўсёды можна ўбачыць, што робiцца ўсярэдзiне. Па словах кiраўнiка ўстановы, квадракоптар выяўляе, як працуе тэхнiка — цi не прастойвае. Таксама ён i добры ахоўнiк: дапамагае заўважыць, цi няма зладзеяў, якiя забралiся ў сад цi на пасевы.
Маргарыта УШКЕВIЧ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.