Вы тут

Што змянілася ў Беларусі з 1 жніўня


«Звязда» сабрала асноўныя змены, якія набылі моц сёння.


Вырасце бюджэт пражытачнага мінімуму

Фота: pixabay.com

Новы БПМ у сярэднім на душу насельніцтва з 1 жніўня будзе роўны 256,1 рубля.

Гэта на 9,32 рубля (3,78%) больш, чым стары нарматыў, які дзейнічаў з 1 мая 2020 года.

БПМ таксама ўстанаўліваецца па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах.

Для працаздольнага насельніцтва ён зацверджаны ў памеры 285,04 рубля (рост на 9,56 рубля), для пенсіянераў — 193,92 рубля (рост на 6,7 рубля), студэнтаў — 246,72 рубля (рост на 9,42 рубля).

Для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў БПМ складзе 160,79 рубля (рост на 1,85 рубля), ад 3 да 6 гадоў — 224,7 рубля (рост на 6,86 рубля), ад 6 да 18 гадоў — 274,48 рубля (рост на 9,28 рубля).

Новыя памеры БПМ будуць дзейнічаць па 31 кастрычніка 2020 года.

Павялічацца мінімальныя спажывецкія бюджэты

З 1 жніўня МСБ на аднаго члена сям’і з чатырох чалавек у разліку на адзін месяц складзе 413,1 рубля.

Гэта на 7,06 рубля (1,74%) больш, чым стары нарматыў, які дзейнічаў з 1 мая 2020 года.

Акрамя таго, устаноўлены сярэднедушавыя МСБ маладой сям’і з трох чалавек — 446,97 рубля (рост на 9,13 рубля), працаздольнага насельніцтва — 522,13 рубля (рост на 8,36 рубля), пенсіянераў — 404,52 рубля (рост на 6,12 рубля).

Для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў МСБ складзе 344,25 рубля (рост на 4,24 рубля), ад 3 да 6 гадоў — 447,3 рубля (рост на 12,66 рубля), ад 6 да 18 гадоў — 449,28 рубля (рост на 7,49 рубля).

Новыя памеры МСБ таксама будуць дзейнічаць па 31 кастрычніка.

Павышаюцца надбаўкі і даплаты пенсіянерам

Фота: pixabay.com

З 1 ліпеня ў Беларусі выраслі пенсіі , а з 1 жніўня будуць пералічаныя сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні, даплаты пенсіянерам, старэйшым за 75 гадоў.

Нагадаем, надбаўкі, павышэнні і даплаты да пенсій, а таксама сацыяльныя пенсіі раслі ў гэтым годзе двойчы: у лютым (рост на 3,5%) і маі (на 2,9%).

У жніўні іх рост склаў 3,78% у параўнанні з маем.

Пераразлік зроблены ў сувязі са змяненнем БПМ.

Павялічваюцца дзіцячыя дапамогі

Памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, таксама вырастуць у сувязі з павелічэннем БПМ.

Так, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складае 10 БПМ, або 2561 рубель (рост на 93,2 рубля), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 3585,4 рубля (рост на 130,48 рубля).

Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржарганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складае 100% БПМ, або 256,1 рубля (рост на 9,32 рубля).

Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей, старэйшых за тры гады, з асобных катэгорый сем’яў, якiя вызначаюцца заканадаўствам: на дзіця-інваліда — 70% БПМ, або 179,27 рубля (рост на 6,52 рубля), на іншых дзяцей у сям’і — 50% БПМ, або 128,05 рубля (рост на 4,66 рубля).

Новыя памеры выплат будуць дзейнічаць да 31 кастрычніка.

Фота: pixabay.com

Таксама выраслі штомесячныя дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

Гэтыя дапамогі ў Беларусі пералічваюць двойчы ў год (з 1 лютага і з 1 жніўня) у сувязі з ростам сярэднямесячнай заработнай платы за папярэдні квартал.

Так, на першае дзіця выплата складзе 427,84 рубля (35% СЗП, рост на 22,36 рубля), на другое і наступных дзяцей — 488,96 рубля (40% СЗП, рост на 25,56 рубля), на дзіцяці- інваліда — 550,08 рубля (45% СЗП, рост на 28,75 рубля).

Гэтыя сумы дапамог будуць дзейнічаць да 1 лютага 2021 года.

Уводзіцца градацыя «абмежаваная дзеяздольнасць»

З 1 жніўня набудуць моц папраўкі ў Грамадзянскі кодэкс, якія ўводзяць паняцце «абмежаваная дзеяздольнасць».

Да гэтага часу існавала крайнасць — грамадзяніна прызнавалі альбо дзеяздольным, альбо недзеяздольным.

І, як вядома, калі чалавека па законе пазбаўляюць дзеяздольнасці, яго правы сур’ёзна абмяжоўваюцца.

Пры гэтым дыягназ «псіхічнае засмучэнне», які чалавеку ставіць судовы эксперт, не з’яўляецца адзіным крытэрыем для пазбаўлення дзеяздольнасці. Гэта толькі адзін з крыніц доказаў для суда.

«Белавія» змяняе ўмовы аплаты багажу і пачынае аднаўляць рэйсы за мяжу

З 1 жніўня кошт дадатковага багажу на рэгулярных рэйсах авіякампаніі «Белавія» будзе залежаць ад часу і спосабу набыцця гэтай паслугі.

Пры куплі першага месца багажу (тарыфы «Лайт» і «Прома») на сайце авіякампаніі адначасова з купляй квітка кошт стандартнага месца багажу складзе 25 еўра.

Фота: pixabay,com

Кошт багажу пасля куплі квітка, а таксама кожнага наступнага месца багажу па-за залежнасці ад тарыфу пры куплі анлайн будзе роўны 40 еўра.

Паслугу можна аформіць на сайце «Белавія» не пазней за дзве гадзіны да вылету.

Ранейшая цана багажу (50 еўра) будзе дзейнічаць пры куплі дадатковага месца багажу афлайн — у касах, у агентаў ці на стойках рэгістрацыі авіякампаніі па-за залежнасці ад тарыфу.

Разам з тым сёння аднавіліся палёты ў Эстонію. У сярэдзіне месяца плануецца вяртанне рэйсаў у Расію.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.