Вы тут

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная


Перанос Алімпійскіх гульняў на наступны год — не прычына паслабляцца і губляць каштоўны спартыўны час. Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні — Беларускія лёгкаатлетычныя. З 31 ліпеня да 2 жніўня нашы лёгкаатлеты планавалі выступаць у Токіа, але галоўным стартам сезона стаў чэмпіянат краіны. Спаборніцтвы, якія замянілі Алімпіяду, прайшлі з беларускім каларытам. «Акцэнтам на нацыянальнай беларускай культуры хацелі паказаць, што мы моцная, незалежная краіна, дзе жывуць дужыя целам і духам людзі», — адзначыў старшыня БФЛА Вадзім Дзевятоўскі. Спалучэнне беларускай культуры, мовы і яркага спартыўнага відовішча стварыла на нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» сапраўднае свята каралевы спорту. На ім пабывалі і карэспандэнты «Звязды».


Як і Алімпіяда, беларускія лёгкаатлетычныя гульні распаўсюдзіліся на ўвесь горад. 28 ліпеня спаборніцтвы па штурханні ядра ўпершыню прайшлі не на стадыёне, а на пляцоўцы каля Палаца спорту. «Мне падабаецца такі фармат. Кожны можа падысці і паглядзець на спаборніцтвы, адкрыць для сябе новы від спорту. Такія мерапрыемствы паказваюць людзям, што лёгкая атлетыка — гэта цікава і прыгожа», — адзначыла пераможніца спаборніцтваў Алена Дубіцкая. У нязвыклых умовах яна штурхнула ядро на 19,19 метра. Трыумфатар сярод мужчын Аляксей Нічыпар паказаў вынік 20,42 метра. Спартыўнае шоу дапоўнілі воднае прадстаўленне ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і фаер-шоу. 30 ліпеня на стадыёне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі прайшлі спаборніцтвы ў бегу на 10 000 метраў, дзе перамаглі Ніна Савіна і Сяргей Краўчэня.

«Мы ўсе засумавалі па спартыўных спаборніцтвах», — прызнаўся міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця. Пацвердзілі гэта і спартсмены, якія пасля доўгага перапынку адчулі азарт барацьбы. Доказ — новыя нацыянальныя рэкорды. Яны пераўзышлі вынікі, паказаныя на Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа.

Спачатку лёгкаатлеты балюча прынялі навіну пра перанос Алімпіяды. Губляць год працы нікому не хацелася. Але гэта дазволіла паказаць выдатныя вынікі на Беларускіх лёгкаатлетычных гульнях. Таццяна Халадовіч кінула кап'ё на 66,85 метра і перасягнула «залаты» вынік Алімпійскіх гульняў 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра. Аднак для медаля ў Токіа ў наступным годзе такога кідка можа і не хапіць. Таму Таццяна не плануе спыняцца і настроеная на яшчэ адзін год плённай працы.

Зоркай у сектары для кідання кап'я стаў і Аляксей Каткавец. 86 метраў 5 сантыметраў — не толькі новы нацыянальны рэкорд Беларусі сярод моладзі, але і паляпшэнне «бронзавага» выніку, паказанага ў Рыа. Дваццацідвухгадовы спартсмен на «Дынама» атрымаў трэці вынік сезона ў свеце.

Як і звычайна, сенсацыю зрабіў скакун у вышыню Максім Недасекаў. Скарыўшы вышыню 2,30 метра, ён паўтарыў найлепшы вынік сезона ў свеце. Скокнуць на 2,33 і 2,36 не атрымалася, але ў Максіма яшчэ ёсць час для адпрацоўкі. «Гэта першыя спаборніцтвы ў сезоне, і мне яшчэ трэба набраць форму. Калі буду выступаць кожны тыдзень, думаю, змагу і 2,35 паказаць. Насамрэч я здзівіўся свайму выніку. 2,25 і 2,30 скокнуў пры дапамозе публікі. Мне ў гэтым сезоне такія высокія вынікі не патрэбныя, а людзей хацелася парадаваць», — прызнаўся Максім.

Нацыянальны рэкорд Беларусі ў скачках з шастом абнавіла Ірына Жук. Узятыя ёю 4,72 метра сталі сапраўднай сенсацыяй, асабліва, калі мець на ўвазе, што гэта першы старт Ірыны ў сезоне: у красавіку ў спартсменкі здарылася траўма. Пасля рэкордных 4,72 яна заказала 4,80, аднак не атрымалася — пакуль не атрымалася.

Палепшыць свой і так добры вынік у 6,81 метра плануе Настасся Мірончык-Іванова, пераможніца ў скачках у даўжыню: «Я чакала 7 метраў — на жаль, не ўсё атрымалася. Але я не сумую, буду працаваць далей». У Мінску спартсменка палепшыла свой вынік, паказаны на чэмпіянаце свету, — 6,71 метра. Акрамя спартыўнай кар'еры, Настасся пачала кар'еру спявачкі і расказала, што плануе выпусціць лінію адзення. Аднак галоўная мэта не мяняецца — Алімпійскія гульні 2021 года. Далёка паляцеў і яе калега па скачках у даўжыню Уладзіслаў Булахоў: яго пераможны вынік 8,10 метра — паўтарэнне нацыянальнага рэкорду Беларусі сярод моладзі.

Як і ўсе важныя спартыўныя спаборніцтвы, беларускія лёгкаатлетычныя гульні прымусілі спартсменаў кінуць выклік самім сабе. З гэтым удала справілася Хрысціна Ціманоўская. Спачатку яна перамагла ў бегу на 100 метраў, а потым на дыстанцыі 200 метраў. Другой перамогі магло б і не быць: у першы дзень Хрысціна прастудзілася, але знайшла ў сабе сілы выйсці на дарожку. «Мне была прынцыпова важная гэтая перамога. У мяне была тэмпература, усе мяне адгаворвалі. Але я вырашыла, што павінна выйсці і выступіць», — прызналася яна. Дзякуючы сіле духу спартсменка стала двухразовай чэмпіёнкай Беларускіх лёгкаатлетычных гульняў.

Гульні адкрылі імёны спартсменаў, якія яшчэ праявяць сябе ва ўсёй красе. Дзіяна Рабкава перамагла ў сямібор'і. Дагэтуль спартсменка ніколі не набірала больш за 5372 балы, а на «Дынама» заваявала 5937. У свае 22 гады яна займае трэцюю пазіцыю ў еўрапейскім рэйтынгу. Выдатны вынік 52,15 секунды паказала Аліна Лучшава, пераможніца ў бегу на 400 метраў. Не адстаюць ад яе і канкурэнткі: Хрысціна Мулярчык абнавіла свой рэкорд — 53,27 секунды. Два разы падымаўся на першую ступень п'едэстала Ілья Карнавухаў. Спачатку ён прыйшоў першы на дыстанцыі 1500 метраў з вынікам 3 хвіліны 44,06 секунды. Дарэчы, гэта яго першы тытул чэмпіёна Беларусі. Другое золата Ілья ўзяў на дыстанцыі 800 метраў, якую адолеў за 1 хвіліну 48,79 секунды. «Залаты дубль на дыстанцыях, дзе заўсёды моцная канкурэнцыя — для мяне неверагодны поспех», — не ўтойваў эмоцый атлет.

Перамога з адценнем суму атрымалася ў Эльвіры Герман. 100 метраў з бар'ерамі яна прабегла за 12,87 секунды: «Я сваім выступленнем незадаволеная. Ведаю, што магу лепш. На кантрольнай трэніроўцы прабегла за 12,70, хоць стан быў жахлівы. І думала, што калі буду добра сябе адчуваць, атрымаецца хутчэй. Не атрымалася. Я не ведаю, у чым прычына, — будзем шукаць адказ», — перажывае спартсменка. Падобныя эмоцыі пасля выступлення засталіся і ў Паўла Барэйшы, пераможцы ў штурханні молата. Ён закінуў молат на 76,23 метра. «Я мог бы паказаць і 78,79 метра, таму перамогай задаволены, а вынікам — не. Але ў мяне ёсць яшчэ год, каб папрацаваць над тэхнікай», — падзяліўся атлет.

Беларускія лёгкаатлетычныя гульні сталі экзаменам для спартсменаў, трэнераў, федэрацыі. Яго паспяхова здалі. «Наша лёгкая атлетыка зрабіла вялікі крок наперад. Мы ўбачылі, што спартсмены ўмеюць сябе падводзіць да важных стартаў і не губляюць дарма час. Вельмі прыемна бачыць амаль алімпійскія вынікі. Спадзяюся, за год хлопцы і дзяўчаты выправяць усе памылкі і выдатна выступяць на Гульнях у Токіа. Прыемна, што рэспубліканскія спаборніцтвы прайшлі на такім высокім арганізацыйным узроўні, на галоўным стадыёне краіны. Мы сталі сведкамі выдатнага свята», — адзначыў першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў.

Чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы ўжо трэці год праходзіць на «Дынама». Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі прызнаўся, што сёлета атрымаўся найлепшы турнір па напале, відовішчнасці і атмасферы: «Мне цяжка словамі перадаць свае эмоцыі, сваё захапленне нашымі спартсменамі. Нават не магу вылучыць кагосьці аднаго. Усім прыйшлося цяжка ў гэтым сезоне, пандэмія нікога не пашкадавала. Але ніхто не страціў настрою і кожны працягваў трэніравацца. Яшчэ ёсць час, каб удасканаліць форму і паказаць выдатныя вынікі ўжо не ў Мінску, а ў Токіа. Вялікі дзякуй хачу сказаць гледачам: раней на чэмпіянаце краіны, акрамя трэнераў і спартсменаў, нікога не было, а ў гэтыя дні я бачыў шмат незнаёмых абліччаў. Мы пакуль не сабралі стадыён, але пяць-шэсць тысяч гледачоў — для нас ужо добра. Гэта значыць, што лёд крануўся, і мы ўсё робім правільна».

Спартыўнае шоу дапоўнілі забаўляльная праграма, выступленні артыстаў. Кожны аматар лёгкай атлетыкі мог пазнаёміцца са сваім кумірам на аўтограф-сесіі славутых лёгкаатлетаў. Каралева спорту зноў падарыла сталіцы спартыўнае свята.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.