Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Сомiна — як першае каханне

...Могiлкi ў гэтай вёсцы — чысценькiя, прыбраныя — знаходзяцца ў цэнтры. На iх (клопат энтузiястаў) ужо выбрана месца i прывезены гравiй для будучай каплiцы. Там жа, на кладах, на адным з помнiкаў — шчыры кранальны надпiс: «Любiце Сомiна, як я любiў».

I сапраўды, у гэтай вёсцы жыве свайго роду дух спаборнiцтва: маўляў, я для свайго Сомiна ўсё зраблю... А я — дык i яшчэ болей! Прычым стараюцца вось так, адзiн перад адным, найперш тыя, хто нарадзiўся тут i вырас, хто, як кажуць, стаў на крыло. Летась, напрыклад, яны «вярнулiся», каб разам з мясцовымi жыхарамi раскарчаваць пляжную пляцоўку, злучыць яе з тэрыторыяй мясцовага сельскага клуба. Таму сёлета святу вёскi было вельмi раздольна — як, мусiць, нiдзе.

I фармат быў новы. Фэст «Сомiнская юшка» стаў прызнаннем у любовi найперш да возера, на берагах якога вырасла так шмат заўзятых рыбакоў. Яны — i людзi сталыя, i каманда, можна сказаць, малых, пачаткоўцаў — спаборнiчалi не толькi ў тым, хто больш наловiць рыбы, але i ў тым, хто найлепш «распарадзiцца» гэтым уловам — зварыць смачнейшай юшкi. Адшукае, напрыклад, старажытны рэцэпт, дадасць ёй «прыправы» ўдалай назвай, адпаведным афармленнем пляцоўкi з вогнiшчам, замовiць майкi з назвай каманды, пачастуе ў дадатак грачанай кашай…

Парадавала гледачоў i канцэртная праграма: выступленнi ансамбля «Сяброўкi», салiстаў Iвацэвiцкага ГДК, мясцовых знакамiтасцяў...

Сярод такiх быў i «хлопчык» Сашка (яго мацi адна гадавала шасцёра дзяцей — бацька рана памёр...), якi некалi не меў нават добрага абутку, а цяпер купiў сабе цi не самы круты матацыкл i на свяце разам з сябрамi правёў парад байкераў... Прычым не проста, каб пакрасавацца, а прадоўжыць збор сродкаў на лячэнне хворай дзяўчынкi Сафii.

Гэтую ж скарбонку хацелi папоўнiць i мясцовыя жанчыны, гаспадары аграсядзiбы «Мядовыя канiкулы». Iх клопатам на свяце прадавалася свежая выпечка, сокi, глазураваныя пернiкi з надпiсам «Сомiна». Для дзятвы тут можна было купiць цацкi i ўпрыгожаннi, зробленыя рукамi майстрых. А пакуль дарослыя ацэньвалi смак юшак, працаваў батут, анiматар праводзiў гульнi…

Быў на свяце i яшчэ адзiн парад — машын, якiя штогод удзельнiчаюць у «Трофi-рэйдзе» да Дня Перамогi. Дарэчы, у апошнiя гады ў пераможцы мiжнароднага спаборнiцтва выходзiлi менавiта сомiнцы, якiя па балотах умеюць не толькi гойсаць, але сканструяваць для гэтага сваё аўто, што i зрабiлi браты Салонкi...

У свят вёскi былi, ёсць i, дасць бог, будуць пастаянныя спонсары — выхадцы з Сомiна. Iх прозвiшчы — Капыцiчы, Куцкi, Абрамчукi, Кармановiчы... То-бок, самыя распаўсюджаныя, вясковыя, дзе носьбiты iх даводзяцца адзiн аднаму то дзядзькамі, то братамі, то сватамі, то блiзкiмі сябрамі... На Новы год i Каляды яны прывозяць усiм тутэйшым дзецям падарункi, частуюць адзiнокiх, шматдзетных i проста жыхароў сталага ўзросту. Яны шануюць гiсторыю вёскi, паклапацiлiся, каб з суседнiмi яе злучала добрая асфальтаваная дарога, каб тут быў газ. Адных аграсядзiб у Сомiне, вёсцы, дзе жыве сотнi паўтары чалавек, цэлых тры i кожная — у сваiм непаўторным стылi...

Вось i гэтым разам спонсары падумалi пра сюрпрыз: свята завяршыў двуххвiлiнны салют i дыскатэка пад зорным небам. Бо як жа яшчэ, калi Сомiна, кажуць — як першае каханне: адно i ўжо назаўсёды.

Валянцiна БОБРЫК

Фота Валерыя МIСКЕВIЧА


Жывуць такія хлопцы...

Дэсантнікі Смаргонскага раёна ў дзень паветрана-дэсантных войскаў (гэта ўжо традыцыя) наведаліся ў дзіцячы прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Выхаванцы яго, ну вядома ж, чакалі гасцей, загадзя разам з выхавацелямі падрыхтавалі віншаванні і паштоўкі.

З падарункамі, салодкім пачастункам і клоўнам Клёпам прыйшлі і «блакітныя берэты», адбылося сапраўднае свята, пасля якога дзецям, зразумела ж, не трэба казаць (бо яны ўжо ведаюць), што дэсантнік — гэта чалавек, які заўсёды знаходзіцца ў патрэбны час у патрэбным месцы, які дапаможа...

А таму — шчырая ўдзячнасць усім, хто прычыніўся да гэтага мерапрыемства.

Ларыса Татарынава, дырэктар Смаргонскага СПЦ


Чытальны дворык пад месяцам падчас пандэмii адкрылi для маладых гараджан супрацоўнiкi нашай бiблiятэкi

Размясцiўся ён на пляцоўцы раённага цэнтра рамёстваў, дзе роставыя драўляныя скульптуры суседнiчалi з яркiмi кнiжнымi стэлажамi, каляровымi лавачкамi i столiкамi з перыёдыкай. Пад лёгкае шамаценне кнiжных i часопiсных старонак, за кубачкам кавы цi гарбаты, пад гукi жывой музыкi там можна было шмат чаго пачуць i ўбачыць — змястоўна адпачыць... У аўтарскай апрацоўцы мясцовага фалькларыста Рамана Яраша гучалi кампазiцыi на словы Уладзiмiра Караткевiча, Янкi Купалы, Максiма Багдановiча, у добрыя рукi прасiлiся добрыя кнiгi, прэзентавалiся найлепшыя апавяданнi беларускiх аўтараў пра каханне, дзе зменлiвасць яго, самага першага (паводле апавядання Леанiда Маракова) «iлюстраваў» тэатр «Жывая кнiга».

У сатырычным ракурсе тэму кахання прадставiў тэатр iнтэрмедыi «Паралонавае сэрца», а ўсю вечарыну разнастаiлi конкурсы, гульнявыя экспромты, танцавальная размiнка i сумеснае выкананне маладзёжных хiтоў.

Тамара Круталевiч, г. Беразiно


«Прыкладам нястомнасцi ў працы для мяне заўсёды была мама»

У аграгарадку Крынкi, што ў Лёзненскiм раёне, мне пашчасцiла пазнаёмiцца з жанчынай, якая, жывучы ў шматкватэрным доме, захапляецца…

Зрэшты, па парадку.

Па адукацыi Галiна Леанiдаўна Папова — бухгалтар, больш за 30 гадоў адпрацавала ў гандлi. Яна маладжавая, стыльная, сочыць за сабой. А яшчэ даглядае... свiнак-парасят, козачак, курэй. У гэтым ёй дапамагае сям'я, iнтэрнэт i набыты з дзяцiнства вопыт.

Справа ў тым, што яе мацi — Марыя Якаўлеўна Iгнатава — Герой Сацыялiстычнай Працы, знакамiтая свiнарка саўгаса «Крынкi».

— Мы з сястрой — успамiнае Галiна Леанiдаўна, — дапамагалi ёй па гаспадарцы столькi, колькi помнiм сябе, любiлi ўсякую жывёлу... Я з сямi гадоў ездзiла конна, кiравала падводай... Аднойчы, помню, пачула, што ў вёсцы захварэла жанчына, i самавольна паехала па фельчарку, па «хуткую дапамогу»... I такi ж прывезла яе, хоць па дарозе мы перакулiлiся... Атрымала тады ад бацькi. Але шчасце, што ўсё было не дарэмна... А потым, калi падрасла, спакойна адпускала маму куды-небудзь схадзiць цi з'ездзiць, — з гаспадаркай спраўлялася сама.

Таму, вiдаць, не дзiва, што ў 18, толькi скончыўшы школу бухгалтараў ды ўладкаваўшыся на работу, дзяўчына выйшла замуж за мясцовага хлопца Васiля Галцеева — сама стала гаспадыняй, а ў хуткiм часе i мацi. У сям'i ўсё добра было — гадавалiся дзве дачушкi Святлана i Таццяна...

Гора, як лiчыць жанчына, iм прынёс Чарнобыль. Муж, саўгасны кіроўца, быў камандзiраваны ў небяспечную зону, перавозiў адтуль людзей у суседнiя Паловiкi, пасля чаго захварэў на лейкоз i памёр. Яго жонка ў 27 гадоў засталася ўдавой, дзецi — сiротамi. I добра яшчэ, што побач жылi бацькi — без iх падтрымкi куды цяжэй было б перажыць непапраўнае, выгадаваць дачок.

А потым лёс падарыў гэтай жанчыне сустрэчу з Аляксандрам Паповым, якi стаў для яе надзейнай апорай, а дзецям i наогул — замянiў бацьку. Клапатлiвы i працавiты, Аляксандр Аляксандравiч падтрымлiвае ўсе iдэi жонкi, адна з якiх ператварылася ў сапраўднае хобi: развядзенне свiней.

— Мне вельмi хацелася б атрымаць новыя пароды, — дзелiцца Галiна Леанiдаўна. — Я маю сувязi з племянным прадпрыемствам, бяру там бiялагiчны матэрыял, сама (так, як вучыла мама), раблю асемяненне, прымаю апаросы... I ведаеце, так прыемна трымаць на руцэ новае жыццё! Парасяткi нараджаюцца i меншанькiя, i большанькiя... Затым, пры добрым доглядзе, выраўноўваюцца, хутка растуць, набiраюць вагу. Вельмi важна «пракалоць» iх вiтамiнамi i жалезам, тады яны будуць здаровенькiя. У хляве ў нас ёсць спецыяльныя месцы з лямпамi для абагрэву — малыя спяць там... На дзясяты дзень даю iм прыкорм — смажанае зерне....

Усе свае назiраннi гаспадыня заносiць у спецыяльны сшытак, потым зазiрае ў яго, каб не пераблытаць, каму, што i калi, бо на падворку — тры свiнаматкi, а было i больш — такiх парод, як ландрас, вялiкая беларуская белая, п'етрэн, iаркшырская, кантор, дзюрок.

Сёлета гаспадары чакаюць прыплоду ад ландрасаў, пакрытых iаркшырскай i п'етрэнам. Галiна Леанiдаўна кажа, што такiя iм найбольш спадабалiся.

Кармы для свiней (камбiкорм для рознага ўзросту, муку) разводчыкi купляюць звычайна ў вiцебскiх крамах, бульбу, моркву, буракi ды гарбузы — у аднавяскоўцаў. З iмi, бывае, i разлiчваюцца не грашыма, а па так званым бартары — свiнiнай.

А вось малачко для парасят ёсць сваё — казiнае.

— Як жа, — пытаюся ў гаспадынi, — вам удаецца сумяшчаць клопат пра сям'ю і дом з клопатам пра такую колькасць жывёлы?

На гэта Галiна Леанiдаўна толькi ўсмiхаецца. Кажа, што прыкладам нястомнасцi ў працы ёй заўсёды служыла матуля... Да таго ж — ва ўсiм дапамагае муж, дзецi, неўпрыкмет падраслi ўнукi i таксама ўжо нешта робяць.

— Iлья i Наста цяпер штодзень у мяне, — гаворыць бабуля. — Так склалася, што дачка пасля разводу з мужам выхоўвае iх адна, жыве ў Крынках — шукае работу. Яна скончыла ўнiверсiтэт iмя Машэрава... А Святлана — медык, жыве ў Вiцебску, гадуе двух хлопчыкаў. Старэйшаму ўжо 20, працуе поварам, малодшаму — 9. Яны не часта прыязджаюць, але мы з мужам усiм бязмежна рады i, вядома ж, кожнаму хацелi б дапамагчы, зрабiць падарунак.

Таццяна Iгнаценка, Лёзненскi раён

Пошту чытала Валянцiна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?