Вы тут

Рабочы дзень — ненармаваны. Улетку работнiкам сельскай гаспадаркi не хапае яшчэ адной гадзiны ў сутках


Па вынiках перапiсу насельнiцтва мiнулага года, каля 77,5 % беларусаў жывуць у гарадах. Адпаведна, у сельскай мясцовасцi пражывае ўсяго 22,5 % нашых суграмадзян. Такiм чынам, прафесiя хлебароба становiцца ўсё больш рэдкай i «эксклюзiўнай». Жнiво — добрая нагода паглядзець, як жывуць людзi, чыя праца ў прамым сэнсе кормiць краiну.


Калi ў горадзе дзяўчаты хочуць замуж за айцiшнiка, то ў вёсцы кажуць, што спадарожнiка жыцця варта шукаць сярод камбайнераў — яны не баяцца работы i ўмеюць зарабляць грошы. У аграгарадку Жодзiшкi Смаргонскага раёна моладзi не надта шмат, але не ўсе з'ехалi ў горад у пошуках лепшай долi. Самаму маладому камбайнеру ў Жодзiшках яшчэ няма 25. Ён летась скончыў унiверсiтэт, працуе ў гаспадарцы аграномам па ахове раслiн, а падчас жнiва садзiцца ў кабiну камбайна.

— У нас моладзь, якая прыйшла пасля ВНУ або каледжаў у аграномiю, у заатэхнiку, — усе яны працуюць. У асноўным па размеркаваннi, але ёсць i тыя, хто застаюцца, — расказвае дырэктар фiлiяла «Жодзiшкi» УВП «Смаргонскi камбiнат хлебапрадуктаў» Андрэй Янюк. — У самага маладога нашага ветурача ўжо скончылася адпрацоўка, але яна засталася працаваць. Спецыялiст па корманарыхтоўцы два гады адпрацаваў i таксама застаўся...

У штатным рэжыме

Работа камбайнера — сезонная. Асноўны заробак — з мая да верасня-кастрычнiка. Потым — зацiшша, заробак сцiплы. У снежнi-студзенi ў трактарыстаў — час працоўных адпачынкаў. Затое ў сезон можна зарабiць некалькi тысяч долараў. Праўда, працаваць часам даводзiцца па 13-15 гадзiн у суткi — i нават больш.

— Ад чаго залежыць заробак камбайнера?

— Ад колькасцi намалочаных тон i, зразумела, ад якасцi — тлумачыць дырэктар. — Няякасны намалот сведчыць пра непрафесiяналiзм камбайнера, якi дрэнна адрэгуляваў свой камбайн.

Розныя культуры ў рознае надвор'е патрабуюць розных налад абсталявання. Гэтаму, зразумела, вучаць у каледжах, дзе рыхтуюць трактарыстаў. Але прафесiяналiзм, як i ў любой справе, прыходзiць толькi з вопытам. Дарэчы, абслугоўваннем i рамонтам даручанай яму машыны камбайнер займаецца сам — СТА для камбайнаў не прадугледжана.

— Амаль тысячу тон ужо намалацiў, — расказвае камбайнер Станiслаў Плоскi. — Сёлета ўраджай добры. Я ячмень малацiў усю дарогу. Пшанiцы было б болей, там збожжа цяжэйшае. Вядома, i на жыце хутчэй «набiў» бы тысячу.

Але тут, як у войску — на якi ўчастак паставiў галоўны аграном, там i «змагайся». Зрэшты, як растлумачыў суразмоўнiк, асаблiвасцi ўбраных культур таксама ўлiчваюцца пры налiчэннi зарплаты.

— А адкуль пайшла гэтая традыцыя — камбайнеры-«тысячнiкi»?

— Яшчэ з трыццатых гадоў мiнулага стагоддзя, — адказвае дырэктар. — Тады на камбайны за кожную тысячу зорачкi клеiлi. З таго часу гэта традыцыя i засталася — «тысячнiкi».

— Як i паняцце «бiтва за ўраджай»?

— Ды якая там бiтва!.. Мы не змагаемся, а працуем у штатным рэжыме. Ёсць гады, калi бываюць пытаннi па надвор'i, па-рознаму спее адна культура на розных палях, трэба шукаць, куды паехаць убiраць сёння i заўтра. Сёлета з надвор'ем пашанцавала, можна ўбiраць усё запар — любую культуру, акрамя яравой пшанiцы, якая яшчэ не саспела. Што такое сёння ўборка? Прыехаў на поле ў 80 гектараў — i ўбiрай сабе. Галоўнае, каб нiчога не ламалася i каб былi машыны вывозiць збожжа.

Чалавечы фактар

Камбайн уражвае сваiмi памерамi — у кабiну высачэзнай машыны трэба падымацца па даволi доўгай лесвiчцы. Кiруецца гэтая махiна джойсцiкам. Ёсць дзве педалi — счапленне i тормаз — i каля дзясятка тумблераў справа.

— Тут ўключаем малацiлку, тут — жатку, гэта — выгрузка збожжа, — праводзiць для мяне лiкбез Станiслаў.

Сёння ранiцай iшоў дождж, i на поле камбайны выйдуць крыху пазней — мокрае збожжа добра не вымалацiцца, трэба, каб трохi прасохла. Вопытны камбайнер бачыць поле i адразу ж разумее, якiя рэжымы патрэбныя для ўборкi. Часта гэтая прафесiя пераходзiць у спадчыну. А яшчэ нярэдка экiпаж камбайна — гэта бацька i сын. У фiлiяле «Жодзiшкi» такiх два.

— Падчас жнiва (i збожжаўборкi, i асаблiва корманарыхтоўкi) вельмi важны чалавечы фактар, — кажа дырэктар. — Бо гэта працэс творчы, тут патрэбны i талент, i вопыт. Ёсць трактарысты, якiм наканавана толькi прычэп за сабой цягаць. Нi ўборку збожжа, нi нарыхтоўку кармоў iм не даверыш. Не тое каб яны п'юць цi не стараюцца — проста не атрымлiваецца. А тыя механiзатары, якiх можна пасадзiць i на камбайн падчас жнiва, i на ўборку кармоў адправiць, i на ворыва, i на жывёлагадоўчыя аб'екты, у любой гаспадарцы — «залаты запас».

Фiлiял «Жодзiшкi» — сыравiнная база Смаргонскага камбiната хлебапрадуктаў. Сюды (i на шэраг iншых прадпрыемстваў) па дзяржзаказе паступае збожжа, што вырасла на палях гаспадаркi. Акрамя таго, часткова з сабранай тут пшанiцы робiцца вядомая «Лiдская мука». Амаль 80 % ураджаю накiроўваецца на вытворчасць камбiкармоў (у гаспадарцы — амаль 9 тысяч галоў жывёлы).

Пра­цяг­ласць фi­лi­яла «Жо­дзiш­кi» — ка­ля 45 кi­ла­мет­раў з ад­на­го кан­ца гас­па­дар­кi ў дру­гi.

Хатняя гаспадарка — на жаночыя плечы

У аграгарадку Жодзiшкi каля тысячы дамоў, сярэднi ўзрост насельнiцтва — 45 гадоў. Калi летам мужчыны ад цямна да цямна ў полi, хатняя гаспадарка цалкам перакладваецца на жаночыя плечы.

— Ды якая там гаспадарка! — кажуць мясцовыя жыхары. — Гэта раней па дзве-тры каровы мелi, а цяпер мала дзе трымаюць нават адну. Куры, гусi, iндыкi, дзе-нiдзе свiння цi авечка. Ну, агарод, зразумела, цяплiцы...

Васьмiгадзiнны рабочы дзень — на ферме або ў сельвыканкаме — таксама нiхто не адмяняў. Як i мыццё, прыборку, гатаванне ежы.

— Проста мы так прывыклi, тлумачаць мне. Як гэта — жыць у вёсцы i не паставiць каля дома цяплiцу?

Можна, вядома, i па-iншаму. У апошнiя гады ў Жодзiшках i наваколлi актыўна скупляюць дамы мiнчане — як дачы на лета. Маляўнiчая Вiлiя, чыстыя азёры, хваёвыя лясы... Вялiкi горад напружвае, «усё ўключана» — надакучыла, райскiя астравы — далёка не кожнаму па кiшэнi. А тут — чым не востраў? Асаблiва калi забрацца далей у лес, дзе нават мабiльная сувязь не працуе.

— Iншы раз у такой глушы хаты купляюць! Iм чым далей ад населеных пунктаў, тым цiкавей! — расказваюць тут пра прыезджых.

Робяць у старэнькiм домiку рамонт, а больш заможныя — набываюць зямлю i ставяць новы дом. Травiчкi пасеялi, арэлькi паставiлi i высокiм плотам усё гэта абнеслi. У карэнных жыхароў агароджы даволi ўмоўныя, нiзенькiя, каб суседкам зручна было перагаворвацца за работай у агародзе. Так што мода на высокiя платы выклiкае пэўнае незадавальненне. У мясцовых жыхароў усё яшчэ прынята добрасуседства. Вяселлi, праўда, усёй вёскай ўжо не святкуюць, i сустракацца людзi сталi радзей у сувязi з пандэмiяй. Хоць асаблiвай панiкi тут не было. Дырэктар расказвае, што i маскi, i дэзынфiцыруючыя сродкi былi закупленыя i раздавалiся работнiкам, але людзi карысталiся ўсiм гэтым толькi, калi ехалi ў горад.

Лета ў вёсцы — пара, калi ў сутках не хапае яшчэ адной гадзiны.

— Бывае, прыляцiш па цемры з работы, а яшчэ дома трэба шмат чаго зрабiць. I робiш дапазна, — дзелiцца Станiслаў. — А назаўтра так спаць хочацца! З iншага боку, жыў бы ў горадзе — што там рабiць? Добра, калi яшчэ свой дом, агародзiк, гараж. А калi не? Пасля работы лёг на канапу i пiва п'еш? Сумна.

Гендарная роўнасць сюды пакуль не дабралася. Жанчын-«камбайнершаў» няма, i нават такая здагадка выклiкае ўсмешку.

— Калi б дзяўчына адвучылася на трактарыста i была талковым спецыялiстам — узялi б на работу, чаму б не, — кажа дырэктар.

Але, нягледзячы на магчымасць зарабiць грошы, жанчыны пакуль у гэтую сферу не iдуць.

Выхадных летам у сельскай гаспадарцы не бывае. Адпачынак будзе зiмой.

— Зараз пасля камбайна на ворыва пойдзем i амаль да «белых мух», як кажуць, — гаворыць Станiслаў. — А зiмой на работу iдзеш гадзiн у 9, i ў тры-чатыры гадзiны дня ўжо вольны. Узiмку на рамонце ў асноўным стаiш. Зарабляеш з канца вясны да кастрычнiка, а потым жывеш на гэтыя грошы.

Ра­бо­чы дзень кам­бай­не­ра  па­чы­на­ец­ца ў сем га­дзiн ра­нi­цы. А па­ло­ве вось­май кам­бай­ны  ад­праў­ля­юц­ца на по­ле.

Ад расы да расы

Рабочы дзень камбайнера пачынаецца ў 7 гадзiн ранiцы. Вечарам звычайна людзi стомленыя, неабходныя тэхнiчныя работы па штодзённым абслугоўваннi камбайна i запраўку палiвам пераносяць на ранiцу. У восем, калi няма дажджу, тэхнiка ўжо ў полi.

Па полi камбайн рухаецца з хуткасцю 3–5 кiламетраў у гадзiну. Калi пасевы рэдкiя — хутчэй. Работа на камбайне патрабуе пастаяннай ўвагi — трэба слухаць матор i глядзець у жатку, каб каласы зразалiся акуратна. Сачыць, каб за камбайнам не заставалася «грыва» (нязжатая паласа), — задача памочнiка камбайнера. Калi «грыва» ёсць, у залежнасцi ад яе шырынi машына або вяртаецца i зжынае яе, або памочнiк робiць гэта ўручную. За дзень адзiн прафесiйны экiпаж можа ўбраць каля 20 гектараў поля. Можна i 30 гектараў, кажуць камбайнеры, але гэта калi працаваць i ноччу. Аднак па начах убiраюць толькi некаторыя культуры. Часцей камбайны працуюць на палях «ад расы да расы».

Пра нармаваны рабочы дзень у сельскай гаспадарцы ў цёплы сезон гаворка не iдзе. Праца i заробак вымяраюцца не гадзiнамi, а тонамi намалоту — колькi заробiш, столькi i атрымаеш. Абед i вячэру камбайнерам прывозяць непасрэдна ў поле са сталоўкi камбiната хлебапрадуктаў. Першае, другое, кампот, булачкi. Гаспадарка аплачвае 80 % кошту харчавання, 20 % вылiчваецца з заробку. Па грашах гэта  дзесьцi ад 60 капеек да рубля. Плацiць за харчаванне камбайнераў падчас жнiва цалкам або часткова, кожная гаспадарка вырашае сама: недзе кормяць бясплатна, недзе ўтрымлiваюць i 50 % кошту страў.

Калi на полi палеглiца, работа iдзе павольней, бо каласы трэба спачатку падняць. Але сёлета моцнай палеглiцы няма. У ваколiцах Жодзiшак было толькi адно такое поле, i яго ўжо ўбралi.

Працягласць фiлiяла «Жодзiшкi» — каля 45 кiламетраў з аднаго канца гаспадаркi ў другi. Збожжавых да ўборкi — каля 2900 гектараў i яшчэ 400 гектараў рапсу, якi ўжо ўбралi. А камбайнаў тут дзесяць. Два новыя, айчыннай вытворчасцi, былi набыты летась.

— Не мала машын?

— Спраўляемся. Яшчэ i суседзям дапамагаем.

Ёсць у гаспадарцы i нямецкiя камбайны, i амерыканскi John Deere. Але, як растлумачыў суразмоўнiк, тое, што больш дасведчаным камбайнерам дастаецца замежная тэхнiка, — не больш чым стэрэатып. Механiзатар атрымлiвае камбайн i гадоў 10-15 на iм працуе кожны сезон: за гэтыя гады прывыкаеш да сваёй машыны, вывучаеш яе «нораў».

— Калi б прапанавалi перасесцi на «амерыканца», я б, напэўна, адмовiўся. Шосты сезон майму камбайну i — цьфу-цьфу, не прагаварыцца — сур'ёзных паломак не было. Па дробязях — зразумела. Выпраўляю сам. Сам рамантуеш — сам беражэш.

— Цiкава працаваць на камбайне?

— Цiкава. А можа быць, проста звычка. Працаваць жа дзесьцi трэба. I мая работа мне, у прынцыпе, падабаецца, — пацiскае плячыма Станiслаў.

Амаль тое ж пытанне — за што любiце сваю работу? — задаю i дырэктару фiлiяла «Жодзiшкi».

— Напэўна, за тое, што ў сельскай гаспадарцы можна ўбачыць вынiк сваёй працы, — кажа Андрэй Янюк. — Сёння пасеяў — неўзабаве ўзышло. Калi ўсё зроблена правiльна ды надвор'е не падвяло — будзе ўраджай. Тое ж самае i ў жывёлагадоўлi: хтосьцi доiць па 7 лiтраў на карову, а хтосьцi — 22 лiтры, як наша гаспадарка. Колькi працы ўклаў, такi вынiк i атрымаў. Мне здаецца, магчымасць убачыць рэальны вынiк сваёй працы — гэта вельмi важна для кожнага. Гэта матывуе i надае жыццю сэнс.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Чым жыве баранавіцкі хакей на траве і чаго яму не хапае для поўнага шчасця

Баранавічы славяцца не толькі чыгункай, авіязаводам і шматлікімі прадпрыемствамі, але і хакеем на траве.

Грамадства

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Чаму ў гэтым эпідсезоне варта абавязкова прышчапіцца?

Масавая кампанія па вакцынацыі ад грыпу распачата сёлета ў краіне з сярэдзіны верасня.