Вы тут

Чаму перад вачамi мiльгаюць «мушкi»? Тлумачыць урач-афтальмолаг


Многiя з нас заўважалi дзiўны рух ва ўласных вачах — плаваючыя памутненнi рознай шчыльнасцi, якiя нiбыта ўцякаюць ад нашага позiрку. Аб прыродзе гэтай з'явы мы пагаварылi з урачом-афтальмолагам 3-й цэнтральнай раённай клiнiчнай палiклiнiкi Мiнска Мiкiтам Гукам.


— Мiкiта Сяргеевiч, што гэта за з'ява, вядомая многiм як «мушкi» перад вачыма?

— Гэта дэструкцыя шклопадобнага цела. Каб зразумець, чаму яна ўзнiкае, патрэбны невялiкi экскурс у анатомiю. Шклопадобнае цела — гэта ўтварэнне гелепадобнай структуры, яно запаўняе вочны яблык знутры, надаючы яму форму. Другая яго важная функцыя — жывiльная. Шклопадобнае цела больш чым на 90 % складаецца з вады, астатняе — калагенавыя валокны i гiалуронавая кiслата. Калагенавыя валокны знаходзяцца адно ад аднаго на пэўнай адлегласцi. Пры дэструкцыi адбываецца працэс, якi носiць назву сiнерэзiс. Гэта выдзяленне вадкасцi — у нашым выпадку малекуламi гiалуронавай кiслаты. У паўсядзённым жыццi з гэтым працэсам сустракаўся кожны: калi мы пакiдаем у халадзiльнiку ёгурт на некалькi дзён, то пасля, адкрыўшы яго, можна ўбачыць тонкi слой вады.

Пры выдзяленнi вадкасцi калагенавыя валокны пачынаюць трацiць свае папярочныя сувязi, адлегласць памiж iмi таксама парушаецца. Яны пераплятаюцца, утвараюць шчыльны клубок, якi i кiдае цень на сятчатку. А мы яе пачынаем вiзуалiзаваць.

— На што скардзяцца пацыенты ў такiх выпадках?

— Ва ўсiх гэта праяўляецца па-рознаму: у кагосьцi гарызантальныя цi вертыкальныя лiнii, у некага кропка цi коска, якая, адпаведна, рухаецца за нашым поглядам управа-ўлева. Звычайна пацыенты кажуць, што паглядзелi на светлы фон i з'явiлася нейкая кропка — здаецца, што гэта нейкая нiтачка, павуцiнка, якую хочацца прыбраць з вейкаў.

— Гэтая паталогiя застаецца на ўсё жыццё?

— Так. Але ёсць два фактары, якiя дазваляюць нам заўважаць тую «мушку» радзей. Па-першае, калагенавыя валокны асядаюць на вочнае дно, i з гэтай прычыны мы пачынаем бачыць iх не так часта. Па-другое, наш мозг мае ўласцiвасць iгнараваць адлюстраваннi, якiя яго раздражняюць. Наша зрокавая кара робiць усё так, каб на некаторыя выявы мы не звярталi ўвагi. Таму людзi, якiя доўгi час маюць дэструкцыю шклопадобнага цела, могуць заўважаць яе, толькi калi перастаюць канцэнтравацца на нейкiм заданнi, расслабляюцца i згадваюць пра сваю «мушку».

Гэта тлумачыцца яшчэ i тым, што ва ўсiх у нас ёсць сляпая пляма проста пасярэдзiне поля зроку. У цэнтры нашай сятчаткi знаходзiцца зрокавы нерв, таму там няма рэцэптараў. Наш мозг у гэтай зоне сам дабудоўвае карцiнку. Мы не бачым сляпой плямы, але калi зрабiць даследаванне — статычную камп'ютарную перыметрыю, — у кожнага чалавека яна ёсць.

— Цi можна пазбавiцца ад «мушак» перад вачыма пры дапамозе лекаў?

— Метады лячэння дэструкцыi iснуюць, але ўсе яны хiрургiчныя. I гэта мiф, што ёсць кроплi цi капсулы (яны так i называюцца — ад «мушак» у вачах), якiя нiбыта могуць дапамагчы. Калi разумець, у чым сутнасць гэтага працэсу, то становiцца вiдавочна, што з iм немагчыма справiцца з дапамогай кропель: незразумела, як кропля можа пранiкнуць у шклопадобнае цела i як яна можа растварыць менавiта тыя калагенавыя валокны, якiя сплялiся. Таму ўсё гэта не мае нiякiх абгрунтаваных падстаў.

— Цi магчыма неяк прадухiлiць гэтую хваробу?

— Прафiлактыкi дэструкцыi шклопадобнага цела таксама не iснуе.

— А хто звычайна сутыкаецца з гэтай з'явай?

— Чаму ўзнiкае дэструкцыя шклопадобнага цела, дагэтуль цалкам не высветлена. Можна вылучыць групу асоб, у якiх яна сустракаецца найчасцей. Гэта людзi пасля 50-55 гадоў, таксама тыя, хто пакутуе на мiяпiю, меў аперацыi на вачах, у тым лiку катарактальныя, пасля траўмаў вока. Таксама ў сваёй практыцы заўважаў, што некаторыя пачынаюць бачыць «мушку» пасля гiпертанiчнага крызу. Дэструкцыя шклопадобнага цела — як катаракта: рана цi позна ўзнiкне ва ўсiх, гэта толькi пытанне часу.

— А ў дзяцей яна сустракаецца?

— Так, яна бывае i ў дзяцей.

— Раскажыце пра хiрургiчныя метады лячэння.

— Першы з iх, дастаткова радыкальны, — вiтэрэктамiя, або выдаленне шклопадобнага цела. Але гэта дастаткова траўматычная аперацыя, пасля якой можа ўзнiкаць шмат ускладненняў. Пасля яе ў некалькi разоў павялiчваецца рызыка развiцця глаўкомы, катаракты, адслаення сятчаткi. Такую аперацыю выконваюць толькi па строгiх паказаннях, i гэта зусiм не дэструкцыя шклопадобнага цела, а найперш пралiфератыўныя захворваннi вочнага дна. I другi метад — гэта лазерны вiтрэалiзiс, дастаткова паспяховая тэхналогiя. Ёсць пэўныя паказаннi да такой аперацыi — «мушка» павiнна быць дастаткова вялiкага памеру i знаходзiцца на адлегласцi не больш чым за 2 мм ад сятчаткi, i не блiжэй чым за 2 мм ад хрусталiка. Калi яна будзе занадта блiзка да хрусталiка цi сятчаткi, ёсць iмавернасць, што падчас аперацыi лазер iх закране.

— «Мушку» бачыць толькi пацыент цi яна заўважная i ўрачу?

— Няўзброеным вокам урачу яна, як правiла, не вiдаць, яе можна заўважыць толькi на УГД. Праўда, бываюць «мушкi» дастаткова вялiкiх памераў, i iх урач бачыць падчас непрамой афтальмаскапii вочнага дна. I вось калi «мушка» менавiта такая i размяшчаецца адпаведным чынам, яе можна растварыць лазерным вiтрэалiзiсам. Сутнасць аперацыi ў тым, што згустак калагенавых валокнаў расшчапляюць на драбнейшыя, i яны зноў становяцца незаўважнымi. Ёсць даныя даследаванняў, што у пацыентаў пасля лазернага вiтрэалiзiсу сапраўды добрыя вынiкi, i паколькi аперацыя малаiнвазiўная, ускладненняў амаль няма. Мяркую, у будучынi гэты метад будзе ўдасканальвацца i стане больш распаўсюджаным.

— У нашай краiне ён сёння даступны?

— У бюджэтных установах пакуль такiх аперацый не робяць, яны даступныя ў прыватнай клiнiцы «Аптымед».

— Здаецца, што дэструкцыя шклопадобнага цела — даволi бяспечная з'ява, з якой можна жыць, не звяртаючы на яе ўвагi...

— Калi прычына «мушак» у дэструкцыi шклопадобнага цела, то сапраўды гэта не так страшна. Але прычынай iх узнiкнення, акрамя сiнерэзiсу, можа быць адслойванне шклопадобнага цела, якое адбываецца з узростам.

Шклопадобнае цела шчыльна прылягае да сятчаткi сваёй задняй гiялоiднай мембранай. I калi яно адслойваецца ад сятчаткi, у прыватнасцi, у тых пунктах, дзе шчыльная сувязь, адбываецца авульсiя (адрыў нейкай часткi ад цэлай структуры. — «Зв.») сасудаў або разрыў сятчаткi. Часта дэструкцыя шклопадобнага цела сведчыць пра тое, што пачаўся працэс адслойвання шклопадобнага цела, бо гэта ўзаемазвязаныя рэчы. Таму калi ў вас з'явiлiся «мушкi», варта неадкладна звярнуцца да ўрача, якi павiнен зрабiць агляд з фундус-лiнзай i выключыць утварэнне разрываў, авульсiю сасуда.

Нават калi няма гэтых прычын, працягвайце сачыць за сваiм станам. Калi з'явiлiся новыя «мушкi», пачалi непакоiць успышкi святла цi маланкi, раптам узнiкла памутненне перад вачамi, варта зноў звярнуцца да доктара. Гэта можа сведчыць пра тое, што адбылiся разрыў сятчаткi, авульсiя сасуда або гемафтальм (кровазлiццё ў шклопадобнае цела). Гемафтальм бывае частковы — калi з'явiлася невялiкая колькасць новых мушак, але яны з часам рассмоктваюцца. А здараецца субтатальны гемафтальм, калi вока цалкам залiта крывёй знутры i вы iмгненна трацiце зрок. Як правiла, за тры месяцы кроў таксама рассмоктваецца, i зрок аднаўляецца. Тым не менш з'яўленне «мушак» — сур'ёзны сiгнал для таго, каб звярнуцца да афтальмолага, якi павiнен рэкамендаваць вам агляд з фундус-лiнзай для абследавання перыферыi вочнага дна. У некаторых палiклiнiках, у прыватнасцi ў нашай, фундус-лiнза ёсць, i гэтае даследаванне робiцца на месцы — пацыенту нават не трэба звяртацца ў бальнiцу.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.