Вы тут

На тым беразе Буга


Беларуская Амбасада ў Польшы ўшанавала памяць воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне Варшавы, правяла цікавыя імпрэзы ў гонар Дня Незалежнасці


Добраўпарадкаванне на Брудноўскіх могілках у Варшаве

Пра шэраг цікавых спраў, акцый Амбасады Беларусі ў Польшчы, што адбыліся за апошні месяц, нам напісаў яе Першы сакратар Яўген Рабцаў. Да таго ж у тэкставым файле й нямала здымкаў: праўда, не ўсе яны з‑за такой перасылкі тэхнічна прыдатныя для газеты. Мы рады, што з боку Амбасады ёсць інтарэс да супрацы з нашым выданнем. І гатовы ў чарговы раз пазнаёміць чытачоў з беларускімі навінамі з‑за Буга.

Заслугоўвае павагі, што супрацоўнікі Амбасады на чале з Амбасадарам Уладзімірам Чушавым 26 чэрвеня паўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, архітэктурных элементаў на могілках савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне Варшавы. Гэта, удакладняе Яўген Рабцаў, было зроблена ў плыні акцыі “Беларусь памятае!”, святкавання 75‑й гадавіны Перамогі й 76‑й гадавіны Вызвалення Беларусі. На здымках бачна, як прадстаўнікі беларускай дыпмісіі падразаюць зялёнае покрыва пры магільных плітах, высаджваюць кветкі, падбельваюць некаторыя дэталі мемарыяла. І ўжо 2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці й 76‑й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Уладзімір Чушаў, супрацоўнікі Амбасады ўсклалі вянок на Брудноўскіх могілках польскай сталіцы — да помніка воінам, якія загінулі ў баях за вызваленне Варшавы.

Таксама ў Катавіцах прайшла акцыя з нагоды Дня Незалежнасці, Дня Вызвалення Беларусі, а таксама ў памяць пра 75‑ю гадавіны Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Там Ганаровы консул Беларусі ў Катавіцах Марэк Расіньскі й яго жонка ўсклалі кветкі да мемарыяла на могілках салдат Чырвонай Арміі — у гарадскім парку імя Тадэвуша Касцюшкі.

І тым жа днём, 2 ліпеня, святочныя імпрэзы з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі й 75‑годдзя Вялікай Перамогі ў Другой сусветнай вайне правялі беларуская Амбасада супольна з Культурным цэнтрам Беларусі ў Польшчы. Тое адбывалася ў Музеі Незалежнасці ў Варшаве. Гэта, нагадаем, адзін з галоўных музеяў Польшчы. Сама імпрэза ўключала ўрачыстае адкрыццё дзвюх выстаў (“Вайна. Халакост. Памяць без тэрміну даўнасці” і “Беларусь: цудоўныя імгненні”), а таксама паказ вядомага кароткаметражнага фільма “Туфлікі”, створанага ў Белвідэацэнтры. Нагадаем, што ў 2013‑м кінагісторыя пра ахвяры Халакосту 30‑х‑40‑х гадоў атрымала ўсе галоўныя прызы фестывалю ў Манака, была ў спісе прэтэндэнтаў на Оскар. Беларускім кінематаграфістам, калі стваралі кранальны й жорскі фільм, дазволілі весці здымкі ў Асвенцыме. Гэта аповед без твараў і слоў. Запомніць персанажаў можна… па нагах. Камера не паднімаецца вышэй за калена. Бо галоўная гераіня дакументальна-мастацкай кінакарціны — пара жаночых чырвоных туфляў. Дарэчы, у яе ёсць прататып: у экспазіцыі канцлагера. Першы кадр фільма зняты ў вітрыне магазіна, фінальны — у брацкай магіле абутку Асвенцыма… Нашы калегі паведамлялі ўжо, што на пробах рэжысёр Канстанцім Фам адглядзеў сотні акцёрскіх ног, да здымак дапусціў самыя пластычныя. Усяго ў фільме зняліся каля 400 туфляў. А ў здымках 20‑мінутнай кінакарціны паўдзельнічалі кінематаграфісты Польшчы, Чэхіі, ЗША, Расіі, Францыі ды Ізраіля.

Выставу “Вайна. Халакост. Памяць без тэрміну даўнасці” прадаставіў Беларускі дзяржмузей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а выставу “Беларусь: цудоўныя імгненні” — Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Адкрываючы імпрэзу, да гасцей звярнуліся Амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў і дырэктар Музея Незалежнасці ў Варшаве Тадэвуш Скочак. Сярод удзельнікаў імпрэзы былі амбасадары Расійскай Федэрацыі, Дзяржавы Ізраіль, старшыня аб’яднання “Польшча — Усход”, прадстаўнікі шэрагу іншых грамадскіх арганізацый, СМІ, культурных і дзелавых колаў.

Фотавыстава ля Амбасады

А яшчэ ў сувязі з нацыянальным святам Беларусі ў беларускай Амбасадзе ў Польшчы 1 ліпеня адкрылася фотавыстава “Мая Беларусь”. На ёй можна пабачыць аб’екты нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны. У імпрэзе з польскага боку паўдзельнічалі Віцэ-маршал Сейма Рышард Тэрлецкі, намеснік Міністра замежных спраў Мацей Лянг, намеснік Міністра спорту й дэпутат Сейма Яцэк Осух, старшыня Польска-беларускай парламенцкай групы Мечыслаў Башко, прадстаўнікі МЗС, Міністэрства развіцця, Міністэрства нацыянальнай абароны, дзелавых колаў, у тым ліку Польска-Беларускай гандлёва-прамысловай палаты й беларускіх прадпрыемстваў у Польшчы, беларускай дыяспары.

У ходзе імпрэзы ганаровую грамату Мінадукацыі, падзяку Міністра інфармацыі Беларусі атрымала загадчыца секцыі беларусістыкі Універсітэта Беластока Галіна Тварановіч. Ганаровая грамата Мінкультуры Беларусі ўручана Старшыні беларускага літаб’яднання “Белавежа” Яну Чыквіну. Абодва — вядомыя прадстаўнікі беларускай нацменшасці ў Польшчы.

Іван Ждановіч

Фотаздымкі прадастаўлены Амбасадай Беларусі ў Польшчы

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.

Рэгіёны

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.