Вы тут

Свята нашай годнасці


Завяршаем агляд святочнай рэдакцыйнай пошты: віншаванняў, што паступілі ад беларусаў свету з нагоды Дня Незалежнасці


У мінулым нумары мы ўзгадалі віншаванні, атрыманыя ў рэдакцыі ад беларусаў Іркуцка, з Тальяці й Новасібірска. Пісалі пра святочны анлайн-канцэрт “Гучы, гоман беларускі!”. Яго зладзілі ў гонар свята гістарычнай Бацькаўшчыны супляменнікі з Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

Кіраўніца суполкі Алёна Сіпакова яшчэ паведаміла: кавід-сітуацыя падштурхнула беларусаў Прыбайкалля актыўней скарыстоўваць ІТ-тэхналогіі. Гурт “Белорусы Прибайкалья”, прывяла прыклад, паўдзельнічаў у штотыднёвым міжнародным спеўным інтэрнэт-праекце “Спяваем Годна!”. Яго ладзяць грамадская кампанія “Годна” разам з музыкам Сержуком Доўгушавым: ён — лідар гурта Vuraj, стваральнік ініцыятывы “Спеўны сход”. Сэнс праекта — збіраць у анлайн-фармаце беларусаў з розных куткоў свету і спяваць вядомыя й знакавыя беларускія песні разам з іх аўтарамі ды вядомымі выканаўцамі. А беларускі з Іркуцка паўдзельнічалі ў чарговым яго этапе: спявалі беларускую карагодную песню “Што й па мору”. Спецыялісты кажуць, што нашы народныя песні — адны з самых старажытных у Еўропе! Карагод жа, як вядома, — містычная дзея: усіх паядноўвае. І песні такія ў нашым часе, калі трэба трымацца ўсім за рукі, быць разам, — надзвычай патрэбныя. Паглядзіце відэа ў нэце: атрымалася вельмі прыгожа ды ўзвышана! Паўдзельнічала ў запісе больш за 20 фальклорных гуртоў, сольных выканаўцаў. Сярод іх, акрамя згаданага, гурты “Варган”, “Рада”, Gudа, Volіa (ЗША), “Яваровы людзі” (Канада), “Мярэжа”, H. S.P, Антон Бельскі (дуда), “Гаманіна”, гурт з вёскі Дзятлавічы, Сяржук Доўгушаў (колавая ліра), Маша Яр, Вераніка Круглова, маладыя выканаўцы Улада й Соф’я, Патрыцыя Свіціна, Лізавета Рэўт ды іншыя. І хораша, гарманічна скампанавана ўсё. Сяржук Доўгушаў расказваў на тэлеканале “Беларусь 3” пра сам праект “Спяваем Годна!”: https://www.youtube.com/watch?v=KMgj0zuJjіk. Дарэчы, у запісе новых песень можа паўдзельнічаць кожны ахвотнік.

Цёплае віншаванне з Украіны ў рэдакцыю ад імя сяброў Мікалаеўскага абласнога нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы” даслала яго кіраўніца Таццяна Дзяменнікава. Жадае нам (а значыць і ўсім беларусам) моцнага здароўя, шчасця, аптымізму й дабрабыту. І каб панавалі заўсёды ў нашых сем’ях мір і згода! А напрыканцы віншавальнай паштоўкі такія радкі: “Мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары Мікалаеўшчыны, ганарымся дасягненнямі, прыгажосцю нашай Бацькаўшчыны. Яна для нас заўсёды — прыклад гасціннасці, добрасуседства. Мы жадаем далейшага росквіту нашай любай Беларусі!”. Запусцілі беларусы-мікалаеўцы і ў інтэрнэт святочнае відэавіншаванне да Дня Незалежнасці Беларусі: https://www.youtube.com/watch?v=AWxSs7WF5CU. Падаем здымак, які сведчыць: прыгожа ўсё зрабілі, з добрым густам. Дзякуем, сябры! Заўсёды радуемся весткам ад вас. Бачым, як вашы чуйныя сэрцы, добрыя справы дапамаглі “Голасу Радзімы” разгарнуцца ў горадзе Мікалаеве, замацавацца ў ліку самых актыўных беларускіх суполак ва Украіне.

Бацькаўшчыну віншуюць са святам беларусы Мікалаева

Дарэчы, Таццяна Дзяменнікава клапацілася апошнім часам і пра тое, каб вядомы оперны спявак, народны артыст Украіны Мікола Коваль з жонкай Тамарай, таксама спявачкай, былі запрошаны ў Давыд-Гарадок на юбілейныя імпрэзы: там у жніўні будуць адзначаць 920‑годдзе горада. Мікола Аляксеевіч родам са Століншчыны, з вёскі Аздамічы. Стварыў на сцэне Украінскай оперы дзясяткі яркіх вобразаў, ёсць у ягоным рэпертуары й беларускія песні. Мы пісалі, што марыць уладальнік моцнага барытона не проста прыехаць на Бацькаўшчыну, а “Вярнуцца з песнямі” (ГР, 03.10.2013). Чакаем слыннага земляка на свяце ў Давыд-Гарадку!

Яшчэ адзін украінскі адрас у святочнай пошце: Чарнігаў. Кіраўніца тамтэйшага Беларускага нацыянальнага культурнага таварыства “Сябры” Галіна Варажбіт, віншуючы Беларусь са святам, даслала й фотаздымак з радыёстудыі. Дзве беларускі — Галіна з сяброўкай, намесніцай у суполцы Нінай Камінскай — удзельнічалі 3 ліпеня ў перадачы “Раннія пташкі” на абласным радыё. Па-ўкраінску тое гучыць так: “Ранкове шоу “Ранні пташки” на Чернігівській хвилі”. Расказвалі, як святкуюць у Беларусі Дзень Незалежнасці — у сталіцы і ў рэгіёнах. І як адзначаюць свята самі чарнігаўскія “Сябры”. “Гаварылі пра тое, як сёння жывуць людзі ў Беларусі, як сустракаюць свята, — дзеліцца спадарыня Галіна. — Казалі пра нацыянальныя святочныя стравы беларусаў. Прачыталі верш, а таксама віншаванні на беларускай мове. Перадача ішла больш за 20 мінут. Прычым на стале ў час эфіру, як бачна й на фотаздымку, ляжыць газета “Голас Радзімы”. І журналістам падарылі мы на памяць дзве газеты”. Дарэчы, цёплыя словы напісала Галіна Варажбіт і пра само наша выданне — пададзім іх пазней у падборцы віншаванняў з 65‑гадовым юбілеем.

І ад “Сяброў” чарнігаўскіх звернемся да “Сяброў” з Нарвы, з Эстоніі. Павіншавала ўсіх землякоў з 76‑й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і з нацыянальным святам — Днём Рэспублікі — кіраўніца нарвскай суполкі Людміла Аннус. Яна жадае ўсім здароўя, поспехаў і дабрабыту. Калі ўжо рыхтуецца да друку гэты агляд, мы атрымалі вестку: у ансамблі суполкі поўным ходам ідуць рэпетыцыі. “Сябры” 25 ліпеня запланавалі правесці імпрэзу да 76‑годдзя вызвалення Нарвы — і ўжо ведаем: так і сталася. А яшчэ Людміла паведаміла, што яе запрасілі паўдзельнічаць у выставе “СМІ ў Беларусі”  25–26 верасня. “Калі ўсё будзе нармальна, то абавязкова прыедзем ды пабачымся з Вамі”. Сапраўды, сустракацца штогод з нашымі актыўнымі няштатнымі аўтарамі на гэтай выставе — ужо традыцыя. Спадзяемся, што яна не парушыцца.

У студыі абласнога радыё — чарнігаўскія беларускі

Наступнае віншаванне — з Цюмені. Спасылку на анлайн-паштоўку, прысвечаную Дню Незалежнасці Беларусі, нам пераслаў зямляк, актывіст беларускай грамадскасці Цюмені Сяргей Яфімчык. (https://cloud.maіl.ru/stock/іhg25tEhp5Vx8ZXX3rpeBZXp) Паглядзіце: цікавы эксперымент! Паштоўку падрыхтавала беларуская супольнасць Цюменьскага краю, рассылала Любоў Малініна — памочніца Ганаровага Генконсула Беларусі ў горадзе Цюмені Уладзіміра Шуглі. У паштоўцы ёсць невялічкі аповед пра гісторыю свята, Вызвалення Беларусі. Добрыя словы супляменнікам адрасуюць памочнік Ганаровага Генконсула Уладзіслаў Шугля, кіраўніца Нацыянальна-культурнай арганізацыі “Автономия Беларусь” Марыя Піскун. Далей са святам нас віншуюць беларускія творчыя гурты Цюменьскай вобласці. Народны самадзейны вакальны ансамбль “Лянок” спявае песні “Носите ордена” і “Яшчэ жыве бацькоўскі зруб…”. Фальклорны маладзёжны ансамбль “Сузор’е” праспяваў “Когда мы былі на войне” ды “Шел казак на побывку домой”. Фальклорны ансамбль “Березка” (з вёскі Новабярозаўка, Арамашаўскага раёна) спявае чамусьці песню “Матушка-Россия” — як па мне, трошкі не ў тэму нашага Дня Незалежнасці. Далей Ангеліна Падкарытава (унучка Марыі Піскун, дачка Надзеі Падкарытавай) чытае кранальны верш пра вайну “Девушка, совсем еще девчонка…”. Сямейны вакальны ансамбль Піскуноў-Падкарытавах “Спадчына” спявае дзве песні па-беларуску (“Там, у лесе…” ды “Цячэ рэчка каламутна”) і рускамоўную “Деревенька”. Уключаны ў анлайн-паштоўку таксама й архіўны запіс Веры Грушкі (тады, пэўна, яшчэ Веры Піскун, — яна спявае, прыгожа інсцэнуе, здаецца, песню “Вальс фронтовой медсестры”.

Сяргей і Святлана Яфімчыкі на Купаллі ў Цюменьскай вобласці

Пра гурты “Лянок”, “Спадчына” мы пісалі ў нашай газеце, а вось пра “Сузор’е”, здаецца, не. “Гурт утварыўся гадоў пяць таму, а ў рэпертуары яго — славянскі фальклор, у тым ліку й беларускі, — патлумачыў Сяргей Яфімчык. — Гуртом кіруе Алёна Перыкава, з ёй спяваюць Вольга Кустава й Таццяна Агібалава, сын Ягор. Асноўны рэпертуар выконваецца акапэльна, і патрохі пачалі выкарыстоўваць баян. Алёна, дарэчы, выкладчыца ў Школе мастацтваў па класе баяна, ёсць у яе й дзіцячы інструментальны ансамбль”. Поспехаў, “Сузор’е”! Прыемна бачыць папаўненне ў шэрагах творчых сіл беларусаў Цюмені.

Са святам Рэспублікі нас павіншавала і Жанна Раманоўская з Даўгаўпілса — кіраўніца Цэнтра беларускай культуры й суполкі “Уздым”. Піша ў дадатак: “Радзіму мы павіншавалі сёлета незвычайна: у новых абставінах. Пра тое дасылаю тэкст Марыі Памецькі, фотаздымкі Ірыны Апейнанэ”. Жанна падзякавала нам за ідэю інтэрнэт-Купалля — яе нашы сябры з Даўгаўпілса творча ўвасобілі ў жыццё. Пра тое, дарэчы, мы крыху пісалі: “Агонь творчасці не стрымаць” (ГР, 17.07.2020). А ў дасланым тэксце паведамляецца пра флэшмоб “Vіvat Беларусь!”, які прайшоў у Даўгаўпілсе.

Агляд падрыхтаваў Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.