Вы тут

Купалле пад Аманам


Беларускі, што ўтварылі Культурна-асветніцкае аб’яднанне беларусаў у Іарданіі (КААБІ), упершыню зладзілі Купалле ў гэтай арабскай краіне


Актывісткі КААБІ (злева направа): Кацярына Грудзінка, Надзея Аль-Алімат і Аксана Чамеза ў Купальскіх строях

Вось і адгарэла наша Купальскае вогнішча. Спадзяюся, згарэлі ў ім ды сплылі з гаючай вадою ўсе клопаты й турботы, намі ў будзённасці назбіраныя. А з іскрамі ўзнесліся ў вышыню, у чорнае паўднёвае неба нашы светлыя думкі-жаданні. Ды, як і бывае спрадвеку на Купаллі, у душы кожнага з купальцаў адрадзілася надзея на лепшае, на светлую й шчаслівую будучыню. І хораша было ў думках перабіраць дзівосныя кветачкі-моманты чароўнага свята, калі аўтобус ужо імчаў нас у звычны гарадскі камфорт.

Пышнае свята “Купальскія гулянні” ўпершыню прайшло на іарданскай зямлі, а зладзілі яго мы ўсе разам. Ёсць што ўспамінаць! Шум і гоман дзяцей: ім жа ўсё такое вельмі падабаецца… Дзяўчынкі красуюцца ў нацыянальных касцюмах… Святочны стол ад ветлівай гаспадыні… Гукі народных песень, што кранаюць тонкія душэўныя струны… Усё змяшалася ў радасную атмасферу свята. І што галоўнае: усім і кожнаму было цікава й весела! Мы расказалі крыху пра вытокі Купалля ды яго абрады, пра звычаі Купальскіх варожбаў, пошукі чароўнай Папараць-кветкі ў начным лесе. Эх, шкада, што ў Іарданіі няма такіх лясоў: многія былі гатовыя пашукаць і тут сваё шчасце!.. Ну а калі загучалі карагодныя песні, то ўседзець на месцы ўжо нікому не ўдалося. Скакалі, вадзілі Купальскія карагоды ўсе! І гэта было такое дзівоснае, незвычайнае пачуццё, калі сярод маляўнічых гор, пад небам Іарданіі гучалі песні: родныя, беларускія! І нашы дзеці ў абдымках Купалля разам з намі на светлай хвалі высокіх пачуццяў паядналіся з нашай далёкай Бацькаўшчынай. У гарах Іарданіі цяжка знайсці рэчку, каб зладзіць водныя Купальскія абрады — але ж нічога не перашкодзіла нам апусціць вяночкі ў ваду басейна. Пры тым дзяўчаты, як і ў Беларусі, загадвалі жаданні ды заклікалі мілага да сябе.

Дзяўчаты з Купальскімі вянкамі пры іарданскім басейне

А як прыгожа ўзвілося ўверх полымя Купальскага вогнішча! Усе сталі ў карагод, загучалі песні… Але ж так не бывае, каб столькі шчасця адразу — аж не панесці. Вось і з’явілася аднекуль Ведзьма, у якой у Купальскую пару свае турботы. Ды мы не адступілі, не прынялі яе ў карагод. Пад дружныя загаворы, смех і жарты яна, вядома ж, уцякла прэч (пэўна, у нейкую бязводную мясцовую пустыню…), як і ўсё дрэннае й пустое з жыцця нашага. Так змаглі мы прыўнесці ў сваё жыццё часцінку роднай Беларусі.

Вось якая прыгожая грамада сабралася на беларускае Купалле ў Іарданіі

Актывісткі КААБІ вельмі ўдзячны доктару Алі Аль-Алімату за гасціннасць. Ад усёй душы дзякуем усім, хто прыняў запрашэнне далучыцца да “Купальскіх гулянняў”. Асобная наша падзяка — спеваку, музыку, этнографу Сержуку Доўгушаву за кансультаванне й прадастаўлены фальклорны матэрыял.

Таццяна Мішчанка, г. Аман, Іарданія.

Фота: Раміз Ханжы.

Ад рэдакцыі. Аксана Чамеза, праз якую мы атрымалі тэкст і здымкі, удакладніла: Купалле прайшло на прыгожай узгорыстай мясцовасці ў гадзіне язды ад Амана, пад Мафракам, у летняй рэзідэнцыі сям’і Аль-Алімат: доктара Алі Аль-Алімата й яго жонкі Надзеі (родам з Беларусі, адной з заснавальніц КААБІ). Ладзілі свята беларускі, што ўваходзяць у аргкамітэт суполкі: Надзея Аль-Алімат, Аксана Чамеза, Таццяна Мішчанка й Ала Філіповіч. Дапамагала ім Кацярына Грудзінка (яна, як і Аксана, з Жодзіна родам, зямлячкі пазнаёміліся ўжо ў Іарданіі). Купалле вялі Таццяна з Надзеяй. “Кветак жывых няма тут у гэтую пару, таму купілі штучныя й звілі вянкі, — згадвае “арганізацыйную дэталь” Аксана Чамеза. — І частку вянкоў пазычылі: каб усім хапіла”. Спачатку на Купаллі “крыху горача было, а пасля заходу сонца надвор’е стаяла — як у раі. Сэрца маё ў тую пару, сярод дрэў і пагоркаў, адчувала сябе амаль што як дома, у Беларусі”.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.