Вы тут

Услаўляем народную творчасць


На старажытнай тураўскай зямлі адкрыты Памятны Крыж — як згадка пра ўсіх самадзейных артыстаў Бацькаўшчыны


Іван Матох і Мікола Котаў на ўрачыстасці. Фота - Васіль Кулікоў

Погляд з рэдакцыі.

Кожны народ, абжываючы Богам дадзены яму кавалак зямлі, змагаючыся за месца пад сонцам, стварае сваю адметную культуру. Хоць і ўсе мы з часам сыдзем у нябыт, але ж нешта й пакінем у спадчыну нашчадкам. Гадамі, вякамі, нібы невялічкія кольцы ў ствале Дрэва Народа, прырастае-назапашваецца каштоўны досвед вядзення гаспадаркі: калектыўнай, хатняй, дамашняй. Досвед вайсковай справы. Досвед розных рамёстваў, выхавання дзяцей. Выпрацоўваецца культура зносін у соцыуме, шліфуецца мова, звычаі, складваюцца разнастайныя культурныя традыцыі. Так спрадвеку было і ў беларусаў. А сёння ўжо нашы народныя песні, мова гучаць у розных кутках свету, нашы танцы разышліся па многіх краінах. Падаліся ў свет беларусы — і свае культурныя традыцыі з сабой узялі. Бо як жа без іх? Як без душы жыць? Народнае мастацтва й сёння нас паядноўвае, паказвае іншым хто мы ёсць.

Кожнаму з нас уласціва імкнуцца заглянуць за небасхіл: а што там? А як там людзі жывуць? Якія ў іх традыцыі, танцы, песні, думкі? Адны шукалі ў далёкіх далях лепшага жыцця: бывала, беднасць і беззямелле прымушалі пакідаць бацькоўскі край. Некага клікала з дома рамантыка, кагосьці — вайсковая служба, ці то каханне, ці то проста “покліч іншых берагоў”. У кожнага — сваё. Аднак большасць беларусаў заўсёды, дзе б ні былі, памятаюць пра свае родавыя карані. Таму сведчаннем — шматлікія публікацыі ў “Голасе Радзімы”, што расказваюць пра беларускія спеўныя, танцавальныя гурты ў замежжы, фэсты беларускай культуры. І на Беларусі таксама, хоць і эра інтэрнэту на двары, ёсць нямала самадзейных гуртоў: фальклорных, танцавальных. У нашай краіне шануюць тых таленавітых энтузіястаў, хто пасля працы ідзе займацца творчасцю — сабе й людзям на радасць.

 

Нарадзілася на Палессі такая ініцыятыва: самадзейных артыстаў памятным знакам ушанаваць. Бо ўжо многіх, напрыклад, і з тых, хто танцаваў разам з намі ў народным ансамблі “Прыпяць”, няма на гэтым свеце. А яны ж усе вартыя памяці: артысты з народа, якія з любоўю, ад старэйшых да малодшых неслі-зберагалі Традыцыю, любоў да народнай творчасці. Як на маю думку, то і ў сталіцы такім людзям варта было б велічны помнік усталяваць. Як зберагальнікам Душы Народнай.

А пакуль што іх памяць ушанавалі на старажытнай Тураўскай зямлі: ля хутара Заяцелле, пры дарозе, што злучае Гомельшчыну з Брэстчынай, вядзе з Турава ў Запясочча. Там непадалёк, дарэчы, і знакамітыя Глеба-Барысавы могілкі, дзе з зямлі растуць каменныя крыжы. Усталяваны Памятны Крыж у гонар тых, хто ўкладваў свае сілы ў развіццё народнага самадзейнага мастацтва. Зрабіў крыж майстар Фёдар Рыгоравіч Хмялёўскі з Турава — і сам ужо адышоў у іншы свет. Крыж асвяцілі зусім нядаўна мясцовыя святары Васілій ды Сергій. На ўрачыстасць да Памятнага Крыжа прыйшлі-прыехалі з розных месцаў (нават з Масквы была грамада) людзі з кветкамі, былі й малыя дзеці. Сабраліся былыя артысты народных ансамбляў танца “Прыпяць” з Турава, “Верасок” з вёскі Верасніца Жыткавіцкага раёна, “Ніва” з вёскі Рэмель Столінскага раёна. Усю працу, ці, дакладней будзе сказаць, пачэсную духоўную місію па ўстаноўцы Памятнага Крыжа ўзялі на сябе ветэраны гурту “Прыпяць”: тыя, хто 55 гадоў таму рабілі першыя крокі ў народнай харэаграфіі. Узначаліў наш рух, каардынаваў намаганні былы артыст гурту Іван Міхайлавіч Матох — цяпер ён пенсіянер Расійскай арміі. А “камандны досвед” прыйшоўся дарэчы!

На Памятным Крыжы ў гонар усіх самадзейных артыстаў Беларусі ўверсе ўладкавана ікона Божай Маці. Ніжэй вісіць званочак, які пры подыхах ветра пяшчотна пазвоньвае. І гук яго нагадвае й народныя найгрышы, і ціхае водгулле родных песень — можа й тых, што спявалі калісьці ў жніўную пару нашы сёстры, матулі, бабулі, прабабулі. Сімвалічна, што й Памятны Крыж асвечаны ў гарачую пару Жніва. Бо, як вядома, гэта на Беларусі пара нялёгкай працы, ад якой залежыць само жыццё — беднае ці заможнае. Нездарма ж казалі раней: будзе хлеб — затанцуе й дзед. А Зажынкі ў многіх вёсках, аграгарадках і па гэты час не абыходзяцца без песняў, абрадаў самадзейных артыстаў.

Хораша на Тураўшчыне ўшанаваныя тыя, каму ў выслоўі “будзе хлеб — будзе й песня” адводзіцца хоць і не першая, але ж, пагадзіцеся, надзвычай важная жыццёвая роля ў вялізным народным арганізме. Без народнай песні, танца жыццё нашае будзе няпоўным, нярадасным. А ці ж гэта жыццё?.. Таму я ўпэўнены: варта і ў іншых мясцінах Бацькаўшчыны разам з працаўнікамі “палёў і ферм”, а таксама фабрык і заводаў ушаноўваць і таленавітых самадзейных артыстаў. Мемарыяльнымі знакамі, дошкамі, а можа й сціплымі каплічкамі, крыжамі аддаваць даніну павагі тых, хто ўжо адышоў, пакінуўшы нам сваю музыку, песні, танцы. А гуртоў самадзейных па Беларусі — сотні, ёсць і беларускія гурты ў замежжы. Гэтыя людзі — самадзейныя артысты — і працавалі, і з песняй народнай ды музыкай, танцамі былі ў згодзе. Самі цягнуліся да прыгажосці, не паддаваліся песімізму ды іншых вялі за сабой. Выступалі як на палявых станах, у вясковых клубах, так і на вялікіх сцэнах: наша “Прыпяць” у былыя часы дык і ў Мінску, і ў Маскве, і ў іншых рэспубліках Савецкага Саюза зрывала бурныя апладысменты гледачоў.

Асвячэнне Памятнага Крыжа. Фота - Васіль Кулікоў

Шаноўныя беларусы! Дзе б вы ні жылі — памятайце хаты, дамы бацькоўскія, родныя беларускія краявіды. Памятайце мову нашу, песні, танцы. І лясы, і крыніцы. І нават, як помніцца мне з часу жыцця ў Тураве, кваканне жаб ды іх зладжаны спеў у вясновую пару. Бо гэта ўсё — частка нашай з вамі беларускай душы. Якую нам ні ў якім разе не варта згубіць, зацерці, развеяць, спустошыць. Без памяці няма нас — няма й Беларусі. А таму — зямны паклон усім, хто зберагае й пашырае народную культуру.

Адзін з такіх людзей з вялікім сэрцам — мой даўні мінскі сябар Валеры Іларыёнавіч Сарока. Ён прадпрымальнік, пісьменнік, сын франтавіка. З вясковага свайго дзяцінства (родам з Бешанковіцкага раёна Віцебшчыны) неабыякавы да народнай творчасці. Валеры Іларыёнавіч ужо не раз дапамагаў нашаму Тэатру фальклору “Матуліна хата” ладзіць дабрачынныя выступленні, канцэрты. Выступалі ж мы ў дамах састарэлых у Жыткавіцкім раёне і ў Мінску, у выхаваўчай установе для цяжкіх падлеткаў у Магілёве, у вясковых клубах і Дамах культуры. Дзякуючы фінансавай падтрымцы гэтага дабрадзея стала магчымай калектыўная наша паездка з Мінска на Тураўшчыну й на гэты раз. Хай заўсёды Усявышні спрыяе вам, шаноўны Валеры Іларыёнавіч! Мне было вельмі прыемна бачыць, з якой удзячнасцю прымалі ў падарунак вашы кнігі ўдзельнікі ўрачыстасці ля Памятнага Крыжа. Жадаем вам моцы, поспехаў у вашых справах!

Мікола Котаў, ганаровы грамадзянін Турава, заснавальнік народных танцавальных калектываў “Прыпяць”, “Верасок”, “Ніва”

 

 

...Але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком

Радкі з “Апокрыфа” Максіма Багдановіча

…8. І сказаў яму (музыку. — Рэд.) Хрыстос: не смуціся ў сэрцы сваім. Ці ж не твае песні спяваюць яны цяпер, у часе жніва! Таму не схіляй нізка галавы твае, і не хавай аблічча сваё ад вачэй людскіх.

9. Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты — лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: надыдзе яму гадзіна горычы — і чым ён разважыць тугу сваю, апроч песні тваёй? Як у дзень смутку, таксама і ў дзень радасці ён прызавець цябе.

10. І, навучаючы яго, казаў: пад песні кладуць чалавека ў калыску, і з спевамі ж апушчаюць у магілу яго.

11. Штодзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское. Але калі зварухнецца душа чалавека — толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае!

12. Бо спяваюць нават і жабы ў багне, а ці ж не лепшымі будзеце вы за іх?

19. Тады ізноў сказаў Пётра: але няхай жа ў песнях будзе страва для душы, няхай будуць думкі добрыя і павучальныя, каб, апроч красы, быў у іх і спажытак чалавеку.

20. І адказаў яму Хрыстос: няма красы без спажытку, бо сама краса й ёсць той спажытак для душы.

21. І навучаючы іх, мовіў: агляніцеся навокал! Ці ж не ніва калыхаецца каля нас?

22. Цяжка працаваў гаспадар каля яе і, вось бачыць: паміж збожжа ўзраслі васількі.

23. І сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі, бо паўнаважкія каласы маглі б узрасці тут заміж васількоў.

24. Але, яшчэ з маляцця краса іх прыйшлася мне да душы. І таму я не вырву з каранём іх і не выпляню, як усякае благое зелле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё.

25. Так казаў сабе гаспадар у сэрцы сваім! І не падняў ён рукі на васількі.

26. Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».