Вы тут

Sex-балясы. Сексу — быць?..


Сумная навіна, спадарства... Прыйшла, адкуль і не чакалі… У гэта цяжка паверыць, але... Навукоўцы даказалі, што людзі ўсё менш займаюцца сексам. («У СССР сексу не было, але ў кожнай сям'і было па два—чатыры дзіцяці. Цяпер секс ёсць, але практычна ў кожнай сям'і па адным дзіцяці. Выснова: дзеці з'яўляюцца не ад сексу. Усё-ткі буслы...») Больш за траціну амерыканцаў ад 18 да 24 гадоў сцвярджаюць, што за апошні год не займаліся любоўнымі ўцехамі. («Усе гавораць, што добры каханак — гэта той, пасля сексу з якім знясіленая жанчына адразу ж засынае. На самай справе яны — слабакі. У мяне жанчына засынае яшчэ падчас сексу!»)


 

Так, усё менш маладых амерыканцаў цікавяцца сексам, і псіхолагі адносяць гэта да глабальных трэндаў ХХІ стагоддзя, які адводзіць чалавецтва ў віртуальнасці. («Не, секс у машыне — гэта вельмі некамфортна. Тут сядзенне, тут акно, нагу не выцягнуць. Яшчэ гэта «Перадайце за праезд» увогуле з панталыку збіла».) Асабліва гэта датычыцца мужчын. («— Я сваю меру ведаю. Упаў, значыць, хопіць! — Ты пра алкаголь? — Пра секс».) У 2002 годзе аналагічнае апытанне паказала, што такіх было 19 працэнтаў, а, значыць, за апошнія гады колькасць амерыканцаў, якія не займаюцца сексам, істотна павялічылася. («— Навошта ты ўвесь час пытаешся, калі я з табой ажанюся? — Мне падабаецца бачыць страх у тваіх вачах».)

Далей — болей. Даследчыкі адзначаюць, што ў перыяд з 2000 да 2018 года недахоп сексуальнай актыўнасці вырас сярод жанчын і мужчын ад 25 да 34 гадоў. («Мая дзяўчына гэтага не ведае, але я адкладваю ў канверт па долары кожны раз, калі ў нас з ёй секс. Усё гэта я патрачу на яе на Каляды. Пакуль што ёй свеціць чызбургер».) Даследаванні праводзілі навукоўцы Каралінскага інстытута ў Стакгольме. («Калі вы нацягваеце адну шкарпэтку на левую нагу, другая аўтаматычна становіцца правай. Прычым, імгненна, незалежна ад адлегласці паміж вашымі нагамі. Гэта і ёсць сутнасць квантавай звязнасці».) Яны назвалі і магчымыя прычыны зніжэння сексуальнай актыўнасці. («Ён гаварыў ёй, што кахае яе. Устаўце слова «толькі» ў любое месца гэтага сказа і паглядзіце, як яно змяняе сэнс...») Сярод іх стрэс з-за вучобы і работы, а таксама вялікая разнастайнасць іншых формаў «сольных забаў», напрыклад, тыя ж відэагульні. («Набыццё прэзерватываў, кнігі і шпаталя сведчыць аб нявызначанасці планаў на вечар».) Даследчыкі з 2000 да 2018 года рэгулярна апытвалі адвольна адабраных 10 тысяч мужчын і жанчын ва ўзросце ад 18 да 44 гадоў. («У Адэсе: — Паслухай, Ізя, ты ўжо дарослы самастойны чалавек. Табе 30 гадоў. За цябе такі ўжо даўно ўсё павінна вырашаць твая жонка, а не маці!») Ва ўсіх цікавіліся пра колькасць сексуальных кантактаў за мінулы год і аб колькасці палавых партнёраў. («— Колькі ў цябе дзяўчат было ў плане сексу? — У плане сексу было 150. Але я вельмі-вельмі моцна адстаю ад плана».)

Навукоўцы таксама даведаліся, чаму жанчыны не хочуць займацца сексам. («А вы таксама заўважылі, што з узростам у дзяўчат зніжаюцца патрабаванні да хлопцаў? 10 гадоў: прынц з замкам, 15 гадоў: рок-зорка, 20 гадоў: прыгожы разумны заможны хлопец, 25 гадоў: разумны багаты мужчына, 30 гадоў: гаспадарлівы мужык, 35 гадоў: мужык, 40 гадоў: кот».)

Усё гэта ўстанавілі даследчыкі з універсітэтаў у Глазга і Саўтгемптане ў Вялікабрытаніі: яны знайшлі прычыны, па якіх жанчыны часцей за мужчын аказваюцца незацікаўленыя ў сексе. («Аднойчы я купіла сабе вялікі букет кветак. Прыйдуць, думаю, сяброўкі, спытаюць, маўляў, адкуль, а я толькі загадкава ўсміхнуся... Прыйшла сяброўка: «О! Кветак сабе купіла?») Навукоўцы правялі эксперымент з удзелам 6669 жанчын і 4839 мужчын. У іх даведаліся, як часта яны назіраюць працяглыя перыяды нізкай цікавасці да любоўных уцех (больш за тры месяцы). («Ён завёў сабе за правіла выкурваць пасля кожнага сексу па цыгарэце. Так пакрысе і кінуў...») Аказалася, што гэта назіралі ў сябе 33 працэнты жанчын за апошні год. («— Я разумею, што гэта глупства, што мы знаёмыя ўсяго толькі тыдзень, што я занадта рамантычная і прыспешваю падзеі... Але, можа, расстанемся?») Сярод мужчын гэты паказчык аказаўся ў два разы меншы — 15 працэнтаў. («Прыязджай, — казала яна. — Будзе прыемны паўзмрок, свечкі, віно». Вось так мяне развялі на вянчанне».) Характэрна, што ў мужчын і жанчын былі аднолькавыя прычыны для зніжэння цікавасці да палавых зносін: сексуальны прымус, дэпрэсія, інфекцыйныя захворванні і ўзроставыя змены, паведамляе mеdіkfоrum. («Учора быў у яе дома. Усе сцены абвешаны стрэльбамі для палявання. І што мяне напружвае больш за іншае, гэта тое, што яна мяне пастаянна называе «зайчык»...») Таксама ў жанчын былі і свае індывідуальныя асаблівасці, якія зніжалі іх цікавасць да сексу. Гэта наяўнасць малых дзяцей, цяжарнасць і розны ўзровень сексуальнай актыўнасці ў партнёраў. («Дзяўчына папярэджвае хлопца: — Будзеш сябе дрэнна паводзіць, я за цябе замуж выйду і жыць у цябе застануся».)

Такія яны, навіны... («Думаеце, вы ведаеце, што такое стрэс? У маім дзяцінстве, калі вы прапускалі серыю мульціка па тэлебачанні, вы прапускалі яе назаўсёды. Вось гэта стрэс».) Як думаеце, можа, не спраўдзіцца ўсё гэта?..

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы

Рэгіёны

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…