Вы тут

Пераможца Кубка свету Ганна Карасева: Конь і я — адзін спартсмен з двума сэрцамі


Шматразовая чэмпіёнка Беларусі, пераможца Кубка свету, наезніца, якая заваявала для краіны чатыры залатыя медалі на турніры ўзроўню складанасці 4* з максімальных 5* у Расіі, Ганна Карасева расказала нам пра тонкасці работы з коньмі, прыход у гэты від спорту і цяжкасці, якія ёй давялося пераадольваць на шляху да поспеху.


— Любоў да коней была ў мяне з самага дзяцінства. Усе летнія канікулы я праводзіла ў вёсцы, там была ферма з гэтымі жывёламі. Мне падабалася хадзіць туды, карміць і гладзіць іх і, напэўна, пасля першага таго знаёмства прыйшло ўсведамленне, што я хачу трапіць у конны спорт. На жаль, мне давялося чакаць некаторы час да спаўнення мары, бо ў групы набіралі дзяцей з дзесяці гадоў, але я ўпарта верыла, і як толькі дасягнула падыходзячага ўзросту, адразу ж пайшла на заняткі, — прыгадвае суразмоўніца.

Нягледзячы на тое, што конны спорт дастаткова траўманебяспечны, бацькі заўсёды падтрымлівалі нашу гераіню і дапамагалі ва ўсіх яе пачынаннях.

— Тата — былы прафесійны спартсмен, таму ён вельмі добра паставіўся да майго імкнення. Мама таксама была за спорт. На яе думку, дзецям лепш хадзіць у якія-небудзь секцыі, чым тусавацца ў дварах і незразумела чым займацца. Бацькі ніколі не шантажавалі захапленнем, як гэта любяць рабіць некаторыя дарослыя. А яшчэ яны ніколі не назіралі за працэсам трэніровак, за што ім вялікі дзякуй. Я проста не пераношу, калі бацькі прыязджаюць на іх (смяецца). Затое люблю паказваць ім гатовы вынік і бачыць, як тата з мамай ганарацца маімі дасягненнямі.

Наша гераіня расказала, што конны спорт — вельмі цяжкі. Чаго толькі каштавала наладзіць кантакт са сваім чатырохкапытным сябрам. Вага гэтай жывёлы можа дасягаць пяцісот кілаграмаў, з-за гэтага ім не лёгка кіраваць. А выконваць самастойна многія элементы на трэніроўках ён не заўсёды хоча, таму што жывёле гэта фізічна цяжка. І даводзіцца дамаўляцца: дзесьці праз сілу, недзе, наадварот, праз нейкія заахвочванні — цукар, яблычкі. Да таго ж коні — статкавыя жывёлы, і ў іх адпаведныя інстынкты: калі адзін бяжыць, другі таксама можа рвануць, пабегчы. Калі нават пакецік які-небудзь у манежы зашамаціць, конь ужо баіцца, і спыніць або супакоіць яго на хаду бывае часам проста нерэальна, што часта прыводзіць да сур'ёзных траўмаў. Напрыклад, можна прыгадаць выпадак з Інгрыд Клімке, нямецкай наезніцай, двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай, чэмпіёнкай свету і Еўропы, якая выступала ў конным трохбор'і, прымала ўдзел у пяці Алімпійскіх гульнях з 2000 да 2016 года. Сёлета яна зламала сабе пазваночнік на спаборніцтвах...

— Як ні дзіўна, нягледзячы на ўсю небяспеку, у дзіцячым узросце я зусім не баялася коней. Ездзіла, скакала праз бар'еры на маладых жывёлах. Каталіся ў полі, насіліся там навыперадкі, у нейкіх казакоў-разбойнікаў гулялі, падалі і зноў садзіліся. А вось пасля нараджэння дзяцей пачала трошкі пабойвацца, і цяпер задумваюся, перш чым паехаць, напрыклад, у поле, паганяю каня на корце перад тым, як на яго сесці. Магчыма, гэта ўплыў таго, што цяпер я мама і адчуваю адказнасць не толькі за сябе, але і за сваіх дзяцей, — працягвае Ганна.

Падчас гутаркі яна ўспамінае і свайго першага партнёра па скачках, расказвае пра яго з асаблівым хваляваннем.

— У першую чаргу конь для мяне — гэта сябар. Скакун і я — адзін спартсмен з двума сэрцамі. Коней у мяне было вельмі шмат. Нават не палічу, напэўна, цяпер, колькі дакладна. На цяперашні момант у мяне 23 уласныя кані. Але, вядома ж, першага гадаванца я запомню назаўжды. Гэта выдатны партнёр Арлекін, мы разам з ім ужо 12 гадоў, прайшлі розныя этапы майго жыцця і кар'еры. Каб вы разумелі — ён сапраўдны член сям'і.

Набыццё каня для суразмоўніцы з'яўляецца адказным момантам. Да нядаўняга часу Ганна купляла ўсіх жывёл у Латвіі на конезаводзе «Буртніекі». Старалася ўсіх браць у аднаго і таго ж заводчыка. Апошнія два гады наша гераіня ездзіла на аўкцыён у Германію і купляла коней там. Пры выбары будучага чатырохкапытнага партнёра яна не звяртае ўвагі на яго «маму» і «тату», бо ўпэўнена, што кожны скакун — індывідуальны. Затое надае значэнне рухомасці каня, гэтак жа правярае цалкам ветчэк — поўнае медыцынскае абследаванне, якое праводзіцца перад продажам. Пасля ўсіх гэтых момантаў Ганна набывае двухгадовых з неаб'езджаных жывёл, а потым з дапамогай намаганняў, любові і руплівасці рыхтуе «навабранцаў» да трэніровак і спаборніцтваў.

— У мяне было мноства турніраў, але ўсё пачыналася, канешне ж, з юнацкіх заездаў на конях. Першае прафесійнае выступленне прайшло ў Англіі. Мне тады было чатырнаццаць гадоў, мы паехалі ў Вялікабрытанію, нам там давалі арандаваных жывёл. І я на адным з іх, дакладней на адным з заездаў, выйграла, набраўшы, па-мойму, 72 або 73 ачкі. Гэта было для мяне тады чымсьці неверагодным: першае сур'ёзнае спаборніцтва і з такім вынікам. Ну і, вядома ж, вельмі значным для мяне стаў удзел у фінале Кубка свету. Цяпер за плячыма ўжо два фіналы Кубка свету, чэмпіянат Еўропы, а сёлета я выступала на вельмі крутым пяцізоркавым турніры ў Досе, сталіцы Катара, у якім заняла другое месца, — расказала Ганна.

У любым відзе дзейнасці наступаюць такія моманты, калі хочацца перадыхнуць, аднак наша гераіня не прывыкла скардзіцца на стомленасць і заўсёды гатовая да трэніровак.

— Я імкнуся дабівацца сваёй мэты, нягледзячы ні на што. З-за спецыфікі спорту часта ўзнікаюць праблемы з каленямі і спінай, але і тады праз боль саджуся на каня, п'ю абязбольвальныя таблеткі і езджу ў спецыяльным поясе, які здымаю толькі на ноч. А яшчэ бывалі сур'ёзныя падзенні, многія пасля такіх спынілі б сваю дзейнасць, але толькі не я. Памятаю, на другім месяцы маёй цяжарнасці конь зачапіўся і я не змагла яго спыніць. У выніку мы разам з ім паваліліся на павароце... І нічога страшнага, села і паехала далей. А наогул, да чатырох месяцаў цяжарнасці ездзіла верхам. І праз месяц пасля родаў ізноў — у сядло. А яшчэ праз два месяцы паехала выступаць ва Украіну і выйграла там турнір. Таму здавацца на паўдарозе — дакладна не пра мяне, — зноў вяртаецца да цяжкасцяў і матывацыі ў конным спорце суразмоўніца.

Цяпер Ганна не толькі прафесійная наезніца з сусветнымі дасягненнямі, але і мама дзвюх выдатных дачок. Па словах спартсменкі, старэйшая пайшла па яе слядах і ўжо займаецца конным спортам, выступала на спаборніцтвах па выездцы і канкуры і нават мае ўласнага поні. А вось малодшая не моцна рвецца развівацца ў гэтай стыхіі, ад чаго знакамітая мама не засмучаная, бо лічыць, што адной спартсменкі ў сям'і дастаткова, і што дзіця само павінна выбіраць, чым хоча займацца ў жыцці.

— Я б не стала той, кім з'яўляюся, калі б не дапамога і падтрымка блізкіх людзей. Мне многім хацелася б сказаць дзякуй. У першую чаргу сваёй сям'і, якая заўсёды побач, хварэе за мяне і паважае мае рашэнні. Таксама трэнеру Святлане Еўшчык, якая давяла мяне да звання майстра спорту. Я выступала на яе конях, яна мяне садзіла, як у нас кажуць, у цёплае сядло пасля сябе, я праходзіла заезды і шмат выйгравала. Потым трэнер аддала мне свайго агульнапрызнанага скакуна Пахвала, і мы разам давялі яго да перамогі. Гэта быў першы конь, на якім я пачала выступаць на міжнародным турніры на вялікіх заездах. Ну і, канешне ж, словы ўдзячнасці хацелася б сказаць майму дзеючаму трэнеру Ірыне Карачовай. Гэта прафесіянал з вялікай літары. Яна давяла мяне да звання майстра спорту міжнароднага класа. Мы з ёй падрыхтавалі двух коней узроўню гран-пры. Цяпер у нас на падыходзе ўжо трэці. Ірына са мной кожны дзень на трэніроўках з раніцы да абеду, падказвае і трывае ўсе мае капрызы.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».