Вы тут

Тут расла, а зараз працуе колішняя гадаванка. Гісторыя маладой выхавальніцы


Вялікая частка маіх успамінаў з маленства звязана са смалявіцкім дзіцячым садком № 3. Вельмі добра памятаю сваю выхавальніцу — Наталлю Валер'еўну Шановіч, якая вучыла ўсіх нас працаваць у камандзе, быць уважлівымі... Як і дзяўчынку, з якой вельмі сябравала, — яе дачку Машу. І нават цяпер, калі праходжу ўздоўж знаёмага будынка, уяўленне малюе карцінкі з дзяцінства, у якіх усміхаюцца знаёмыя твары. Аднойчы, каторы раз шпацыруючы міма, я сапраўды ўбачыла такі. Прыгледзелася — тая самая Маша Шановіч, але ўжо не маленькае дзіця, а сур'ёзная дзяўчына — даглядае за маленькімі гарэзамі, сочыць за дысцыплінай...


Марыя была размеркаваная на работу ў дзіцячы садок пасля заканчэння філіяла МДЛУ «Лінгвагуманітарны каледж» на пасаду падменнай выхавальніцы і выкладчыцы гуртка англійскай мовы. Цікава тое, што, акрамя мамы, яшчэ і бабуля дзяўчыны раней таксама працавала тут жа на пасадзе намесніка па выхаваўчай рабоце, але яна цяпер ужо на пенсіі. Кажучы пра гэта, суразмоўніца з гонарам жартуе: «Можна сказаць, што я патомная выхавальніца».

Але рашэнне размеркавацца ў дзіцячы садок прыйшло не толькі з-за такой «спадчыны». Марыя кажа, што яна заўсёды лічыла дашкольны ўзрост самым камфортным і прыемным для работы, бо, як паказвала практыка ў каледжы, знайсці агульную мову са старэйшымі школьнікамі (9—11 клас) значна больш складана.

На пытанне аб адрозненні работы з дашкольнікамі і вучнямі, Марыя адказвае з пункту гледжання вывучэння англійскай мовы:

— У школе наведвальнасць абавязковая, і яна фіксуецца, таму там можна ўпэўнена рухацца па праграме, не вяртаючыся да паўтарэння адной тэмы некалькі разоў. Таксама ў вучняў звычайна ўжо ёсць базавыя веды замежнай мовы, з імі не ўзнікае некаторых нязручных момантаў. Напрыклад, калі я толькі прыйшла ў дзіцячы садок і пачала заняткі з прывітання на англійскай, дзеці глядзелі на мяне як на іншапланецяніна. Было складана не разгубіцца... Зараз мы з маімі выхаванцамі добра разумеем адно аднаго, і гэта вельмі радуе. Ну і яшчэ адно важнае адрозненне: са школьнікамі амаль не можа здарыцца сітуацыя, калі іх рэпутацыя бывае падмочана ў натуральным сэнсе гэтага слова! (Усміхаецца.) З малымі такія і ім падобныя казусы адбываюцца, і вельмі важна дапамагчы ім вырашыць праблему, каб працягваць займацца далей з новымі сіламі.

Смешны выпадак

— Аднойчы дала дзецям заданне: намаляваць што-небудзь, што заўгодна. Усе зрабілі вельмі абстрактныя рэчы, якія без тлумачэння нельга было пазнаць і зразумець. Але, калі прыйшоў час расказваць пра свой малюнак, кожны нешта апісваў: аблокі, рака, лес і іншае. Адзін хлопчык выйшаў, і я спытала яго: «Паша, а што намаляваў ты?» Той уважліва паглядзеў на ўласны твор і сказаў: «А... Гэта калякі-малякі!» Уразіла яго шчырасць!

З гэтага адказу вынікае пытанне: ці не рана вывучаць замежныя мовы ў дзіцячым садку? Марыя лічыць, што ўводзіць малых у іншамоўную культуру стасункаў лепш за ўсё пачынаць менавіта ў такім узросце, каб у далейшым, у школе, ім было прасцей засвойваць праграму. Таксама дзяўчына кажа, што выхаванцы садка вельмі шчырыя, вельмі зацікаўленыя, таму іх лягчэй заматываваць на далейшае сур'ёзнае вывучэнне мовы. А чым раней пачнеш так займацца — тым большага поспеху дасягнеш.

— Калі выходзіць добра — хочацца рухацца далей, — кажа дзяўчына.

Самым прыемным момантам у сваёй рабоце выхавальніца лічыць паказальныя выступленні для бацькоў, дзе яны з дзецьмі дэманструюць, чаму навучыліся.

Таксама Марыя кажа, што ціхая гадзіна — вельмі зручны час распарадку дня, бо можна не толькі адпачыць, але і пазаймацца пытаннямі вучобы, паколькі яна з'яўляецца студэнткай завочнага аддзялення Інстытута бізнесу БДУ.

Марыя адзначае, што калегі ставяцца да яе добра. Немалаважную ролю ў гэтым, зразумела, адыгрывае тая самая пераемнасць... Яе бабулю і матулю, якая, дарэчы, і зараз тут працуе, вельмі цэняць і паважаюць. А яшчэ дзяўчына лічыць маму выдатным прыкладам для пераймання.

— Працуецца лягчэй, калі ў любы момант можна звярнуцца па параду і табе не адмовяць у дапамозе, — прызнаецца маладая выхавальніца.

Дзяўчына кажа, што ў калектыве хутка знайшла з усімі агульную мову, бо з таго часу, як яна сама была тут выхаванкай, педагагічны склад амаль не змяніўся. Марыя прызнаецца, што яе цёплыя ўспаміны звязаны з гэтым месцам і гэтымі людзьмі, таму працаваць у садку дзяўчыне падабаецца.

Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка ІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота з архіва суразмоўніцы

Загаловак у газеце: Садок, родны з дзяцінства

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».