Вы тут

Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю вядомаму ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю ўкраінскаму журналісту і заснавальніку грамадска-палітычнага інтэрнэт-выдання «ГОРДОН» Дзмітрыю Гардону.


У інтэрв’ю Прэзідэнт распавёў пра сутнасць сваёй палітыкі — як унутранай, так і знешняй. «Калі гэта тычыцца краіны, калі я бачу, што гэта несправядліва, для мяне гэта непрымальна. Справядлівасць — гэта аснова таго, што я спрабую рабіць, або правядзення любой палітыкі. У аснове — справядлівасць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што законы — гэта добра, але ў іх часам усё не прапішаш. «Справядлівасць — гэта галоўнае. Калі я бачу, што спрабуюць нахіліць маіх людзей, мой народ, Беларусь — гэта ўсё», — падкрэсліў беларускі лідар.

Па дадзеных Украінскай інтэрнэт-асацыяцыі праект «ГОРДОН» уваходзіць у топ-15 навінных СМІ Украіны. Акрамя таго, агульная колькасць падпісчыкаў YouTube-каналаў яго заснавальніка («Дмитрий Гордон», «В гостях у Дмитрия Гордона») перавышае 2,2 мільёна.

Па некаторых ацэнках Дзмітрый Гардон запісаў каля тысячы інтэрв’ю з вядомымі палітыкамі, артыстамі, паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі, рэжысёрамі, грамадскімі дзеячамі, спартсменамі. У ліку апошніх — інтэрв’ю з расійскім дэпутатам Наталляй Паклонскай і ўдзельнікам баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны Ігарам Гіркіным, якія выклікалі шырокі рэзананс.

Тэмы інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі ахапілі ранні перыяд яго жыцця, узаемаадносіны з былымі і дзеючымі кіраўнікамі дзяржаў, знешнюю палітыку, вопыт Беларусі ў барацьбе з COVID-19, выбары і асабістае жыццё.

Тэлеверсію інтэрв’ю можна будзе ўбачыць заўтра на беларускім тэлебачанні.


Дзмітрый Гардон: Тое, што адбываецца ў Беларусі, вельмі важна для Украіны

У размове з беларускімі калегамі Дзмітрый Гардон заўважыў, што з Прэзідэнтам Беларусі атрымалася «чалавечае» інтэрв’ю — абсалютна нефармальная, шчырая гутарка аб лёсах Беларусі, Украіны і ўвогуле чалавецтва.

«І мне здалося, што размова незвычайна цікавая, прыцягальная. Я ўбачыў „жывога“ чалавека перад сабой, з якім вельмі цікава размаўляць. Чалавека, які застаў многіх выбітных сусветных лідараў, вёў з імі перамовы, размаўляў з імі, быў сведкам шматлікіх геапалітычных падзей і які мае свой погляд на шэраг пытанняў сучаснасці», — сказаў журналіст.

Аўтарскі стыль Дзмітрыя Гардона — правакуючыя, вострыя пытанні. Сваю тактыку ён апрабаваў і на Аляксандру Лукашэнку. Журналісты пула пацікавіліся, наколькі гэта ўдалося.

«Лакіровачныя» размовы — гэта не мая гісторыя. Мне цікавая з чалавекам шчырая гутарка. Я зрабіў больш за тысячу відэаразмоў з людзьмі, якія сталі сімваламі часу і сімваламі эпохі — палітыкамі, артыстамі, касманаўтамі і гэтак далей. Мне была цікавая размова вочы ў вочы, і я вельмі рады, што так адбылося. Я задаволены вынікам«, — адзначыў Дзмітрый Гардон.

Ён лічыць, «тое, што адбываецца ў Беларусі, вельмі важна для Украіны». «Украіна знаходзіцца ў тым стане, калі ў нас няма дагэтуль тэрытарыяльнай цэласнасці, яна не адноўлена. У нас працягваецца вайна на Данбасе. У нас аднялі Крым, нашу тэрыторыю, і гэтыя пытанні мы таксама закраналі з Аляксандрам Рыгоравічам. І мне было цікава, што ён думае аб факце агрэсіі Расіі ў адносінах да Украіны. І ён вельмі шчыра, паслядоўна адказваў на гэтыя пытанні — я б сказаў, сенсацыйна адказваў, таму што такога ад яго я яшчэ не чуў», — запэўніў рэпарцёр.

«Гэта мастадонт, — сказаў пра суразмоўніка журналіст. — Гэта чалавек, які 26 гадоў кіруе дзяржавай у цэнтры Еўропы. Няма ніводнага чалавека сёння ў Еўропе, хто кіраваў бы дзяржавай больш за яго. Гэта ўжо красамоўна кажа пра тое, што гэта палітык сусветнага маштабу. Я меў зносіны са многімі прэзідэнтамі ад Гарбачова да Зяленскага, гэта абсалютна супастаўныя, маштабныя асобы, якім ёсць што сказаць, і якія вельмі шмат бачаць».

Ён дадаў, што ўпэўнены: тое, што адбылося ва Украіне, тэарэтычна можа адбыцца ў Беларусі.

«Тое, што тут нядаўна затрымалі прадстаўнікоў ПВК „Вагнер“, гаворыць лішні раз пра тое, што Расія спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю падчас выбараў альбо адразу пасля іх, — лічыць ён. — Таму тут вельмі шмат залежыць ад лідара.... Аляксандр Лукашэнка сёння сказаў, што ён бы ваяваў, змагаўся да апошняга, але не аддаў бы ні пядзі беларускай зямлі».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.