Вы тут

Прэзідэнт сабраў нараду па забеспячэнні бяспекі падчас выбарчай кампаніі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў сёння нараду па забеспячэнні бяспекі падчас выбарчай кампаніі. Сярод удзельнікаў — кіраўнікі ўрада, палат парламента, сілавых ведамстваў, Адміністрацыі Прэзідэнта, Вярхоўнага суда. 


Прэзідэнт даручыў запрасіць у Беларусь генпракурораў Украіны і Расіі для разгляду сітуацыі з затрыманымі баевікамі

Каб зняць размовы пра «33 волатаў» (так Прэзідэнт назваў затрыманых прадстаўнікоў прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнера»), ён даў даручэнне запрасіць у Беларусь генеральных пракурораў Украіны і Расіі для вырашэння сітуацыі.

«Усе ж заклапочаныя гэтай праблемай, сур’ёзная праблема. Пакладзіце ўтраіх (генеральныя пракуроры — Зв.) перад сабой міжнародныя дамовы і пагадненні, якія ў нас з Расійскай Федэрацыяй і Украінай, якія мы падпісалі ў шматбаковым плане (мы ж абавязкі ўзялі на сябе і ў гэтай сітуацыі таксама), нашы законы. Старшыня Следчага камітэта вам даложыць разам з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі і аператыўную інфармацыю, і інфармацыю следчых аб расследванні. Вось дакументы, вось інфармацыя — на стол. Не прыедуць, пытанне вырашым мы без іх», — сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што трэба праблему вырашаць выключна з пункту гледжання законаў, а не па прынцыпе, «хто грамчэй скажа па тэлевізары». Аляксандр Лукашэнка дадаў, што яшчэ адзін важны нюанс — гэта чалавечнасць, «бо законы не ўсё прадугледжваюць, неабходна зыходзіць з чалавечага фактару».

«І мы вырашым гэту праблему. Ніякай палітызацыі быць не павінна. Нам не трэба спектаклі ні палітычныя, ні эканамічныя. І пужаць нас таксама не трэба наступствамі. Мы ведаем пра ўсе наступствы. Не трэба нас пужаць амерыканцамі, натаўцамі. Не амерыканцы і не натаўцы сюды даслалі 33 чалавекі, калі ж на тое пайшло, — канстатаваў кіраўнік краіны. — Сядзьце ўтраіх, рабіце, як лічыце магчымым, на падставе нашых законаў, міжнародна-прававых актаў. Прыміце рашэнне па гэтых хлопцах».


«Ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу кіраўніцтва МУС: праваахоўныя органы для недапушчэння дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне і выяўлення падазроных асоб павінны актыўна ўзаемадзейнічаць з насельніцтвам. Прэзідэнт праінфармаваў, што «ў краіне затрымана шмат іншых людзей, якія ставілі мэтай дэстабілізацыю абстаноўкі ў Беларусі і што многіх правакатараў удалося затрымаць толькі дзякуючы пільнасці грамадзян».

«Шчыра прызнаюся, і, напэўна, вы мне новага не скажаце: мы не ведаем, на што яны здольныя. Мы нават не ведаем, хто яны. Ці гэта амерыканцы з натаўцамі, ці з Украіны нас хтосьці падціскае, ці нас усходнія браты так моцна „любяць“ — мы нават не ведаем. Ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі, і мы павінны чакаць поскудзі з любога боку. Што мы, дарэчы, і робім», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка

На яго думку, усё вырашаюць грошы і прыналежнасць да той ці іншай краіны ці партыі не мае значэння. «Не важна, амерыканец, дзярждэпавец, прыналежнасць у цябе да дэмакратычнай партыі... Удзельнічалі ў перадвыбарчай кампаніі ў Расіі, атрымалі за гэта добрыя грошы. Сёння хайпуюцца (хайпаваліся) на тэрыторыі Беларусі. Думаў: амерыканцы пачнуць іх зараз абараняць. Нічога падобнага, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Грошы засцілаюць вочы, пазелянелі ад гэтых грошай: хто плаціць, за таго і спяваю. Вось адзіная разгадка. І ў нас такіх людзей нямала. Няважна, дзе і што. Хто плаціць, за таго і пяюць».

Прэзідэнт пахваліў не толькі органы дзяржаўнай бяспекі, міліцыю, мясцовую ўладу за хуткую рэакцыю, але і звычайных грамадзян.

«Малайцы беларусы. Па інфармацыі людзей, пазатрымлівалі ўсіх. Людзі паглядзелі вакол сябе. Убачылі — ба, іх жа ўчора не было, але яны з’явіліся. Інфармацыю — у МУС, КДБ. Знайшлі, каго ў лесе, каго пад плінтусам, павыцягвалі. Толькі з падачы людзей», — заўважыў Прэзідэнт і даў задачу МУС актывізаваць работу з людзьмі.


«У дзяржавы дастаткова рэсурсаў для абароны людзей»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што выбарчыя камісіі будуць абараняць ад абраз і пераследаў. Паводле яго слоў, у дзяржавы дастаткова рэсурсаў для абароны людзей, «якія амаль бясплатна працуюць на краіну».

«Паўтараю задачу МУС і Генеральнай пракуратуры: усе, хто абражаў і працягвае гэта рабіць, запалохваў і працягвае гэта рабіць дзяржаўных служачых, ваеннаслужачых, членаў выбарчых камісій (асабліва падкрэсліваю), работнікаў вертыкалі ўлады, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, як таго патрабуюць нашы законы і Канстытуцыя», — сказаў Прэзідэнт.


Прэзідэнт расказаў, што ўважліва сочыць за ходам выбарчай кампаніі. На яго думку, вельмі шмат людзей пайшло на датэрміновае галасаванне, таму што яны насцярожыліся і зразумелі, што могуць страціць краіну.

«Тут некаторыя працягваюць заклікаць людзей на майдан 9-га і 10-га. Не дай бог мы расшуруем вогнішча ў цэнтры Мінска і будзем раскідваць галавешкі па ўсім Мінску. Гэтага мы дапусціць не можам і не дапусцім», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт даручыў даць прававую ацэнку законнасці альтэрнатыўнаму падліку галасоў у дзень выбараў

Яшчэ адна тэма нарады, якую агучыў лідар краіны, — гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. Ён даручыў Генеральнай пракуратуры, судам даць ацэнку законнасці падобных ініцыятыў. У судах, калі такія звароты туды паступяць, сказаў кіраўнік дзяржавы

Ён падкрэсліў, што ў любым выпадку ўсім, хто будзе галасаваць, неабходна даць магчымасць зрабіць гэта «спакойна, святочна, не асцерагаючыся нападак і ўмяшання ў асабісты выбар чалавека». «Я вельмі сур’ёзна манітору сітуацыю па галасаванні — годна, прыгожа, ідуць людзі. Нікому не перашкаджаюць. Хтосьці на дачу хоча паехаць у выхадны, хтосьці туды-сюды. Мы ж не па пошце галасуем, як у некаторых дзяржавах», — адзначыў Прэзідэнт.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.