Вы тут

Амаль 600 аб'ектаў архiтэктуры адрэстаўраваны за чвэрць стагоддзя


Захаванне гiсторыка-культурных каштоўнасцяў краiны — працэс сiстэмны i няспынны, якi доўжыцца не адзiн год. Затое i плён мае вiдавочны. За чвэрць стагоддзя незалежнасцi Беларусi амаль 600 аб'ектаў архiтэктуры былi адрэстаўраваныя, адноўленыя i вернутыя ў сучасны культурны i турыстычны кантэкст, шмат у чым дзякуючы дзяржпраграме «Замкi Беларусi», якая ажыццяўлялася ў 2012—2016 гадах, а ў 2016—2020-м прадоўжылася як частка праграмы «Культура Беларусi».


У чэрвенi бягучага года кiраўнiк дзяржавы падпiсаў распараджэнне, паводле якога Мiнiстэрства культуры атрымала больш за 3 мiльёны рублёў са сродкаў фонду Прэзiдэнта Беларусi па падтрымцы культуры i мастацтва. Гэтая дапамога ў захаваннi i вяртаннi культурнай спадчыны адрасная — для рэстаўрацыi сядзiбна-паркавага ансамблю ў вёсцы Закозель Драгiчынскага раёна, Гальшанскага i Крэўскага палацаў, касцёла ў Мсцiславе, што ўваходзiць у склад былога калегiума езуiтаў (касцёл i манастырскi корпус сярэдзiны XVIII стагоддзя).

Так, сёлета спецыялiсты прадпрыемства «Белрэстаўрацыя» працягваюць кансервацыю i частковае аднаўленне захаваных фрагментаў Крэўскага палаца. Дзякуючы фiнансаванню з прэзiдэнцкага фонду — а гэта амаль мiльён рублёў — цяпер па сакрэтных рэцэптах i правераных часам тэхналогiях аднаўляецца кладка на 85-метровым паўночна-ўсходнiм участку сцяны, прылеглай да адзiнай захаванай вежы — Вялiкай Княжацкай. Работа няпростая, навукова абгрунтаваная i вывераная да дробязяў, у вынiку шэрагу прычын выконваецца ўручную — практычна як i пры ўзвядзеннi палаца 700 гадоў таму. У далейшай перспектыве, адзначаюць у Смаргонскiм райвыканкаме, плануецца аднавiць баявыя галерэi, наноў пабудаваць уязную браму ў палац, а тады ўжо гаварыць пра падрыхтоўку i адкрыццё музейнай экспазiцыi.

Не спыняюцца работы i ў Гальшанскiм палацы, на адраджэнне якога ў 2020 годзе са сродкаў згаданага фонду выдзелена амаль 500 тысяч беларускiх рублёў. Паводле праекта, у якiм дэталёва распiсаная канцэпцыя кожнага паверха, у паўночнай вежы — адзiнай захаванай з чатырох — вонкавыя работы ўжо завершаны. Цяпер iдзе музеефiкацыя: рэстаўратары ўзнаўляюць дакладна па колiшнiх узорах столь, падлогу i камiн. У экспазiцыi будуць прадстаўлены славутая гальшанская кафля i iншыя арыгiнальныя дэталi iнтэр'еру, што захавалiся ад былых уладароў замка — княжацкага роду Сапег. З падвала, як мяркуецца, можна будзе праз шкляную падлогу ўбачыць гальшанскi скарб, а з агляднай пляцоўкi на верхнiм ярусе — агледзець рэшткi ўсяго архiтэктурнага шэдэўра XVII стагоддзя i маляўнiчыя краявiды наваколля, дзе шмат гадоў праходзiць вядомы фестываль сярэдневяковай культуры «Гальшанскi замак».

Ужо гэтай восенню, кажа намеснiк старшынi Ашмянскага райвыканкама Наталля Станкевiч, плануецца адкрыццё адноўленай вежы Гальшанскага палаца для турыстаў — завяршаецца мантаж падсветкi вежы i сiстэмы вiдэаназiрання, выконваюцца iншыя неабходныя работы, распрацоўваецца праграма адкрыцця. У перспектыве не сапсаваць гiстарычны ландшафт, а стаць часткай турыстычнага комплексу мусяць вiзiт-цэнтр з сувенiрнай крамай, аўтастаянка i санiтарныя памяшканнi для наведвальнiкаў — гэта наступны этап работы.

Помнiк архiтэктуры ХIХ стагоддзя, неагатычная каплiца ў аграгарадку Закозель, што на Драгiчыншчыне, — не самая «раскручаная» сёння славутасць, але, упэўненыя спецыялiсты, беларускi Нотр-Дам можа стаць сапраўднай перлiнай i культурным брэндам не толькi брэсцкага Палесся, але i краiны ў цэлым. Хоць, безумоўна, гэта задача вымагае нямала сiл, часу i фiнансавай падтрымкi — 180-гадовая каплiца-пахавальня роду Ажэшкаў, якая з'яўляецца часткай сядзiбна-паркавага ансамбля, шмат гадоў знаходзiцца ў крытычным стане — не захавалiся нi маляўнiчыя вiтражы, нi статуi гаргулiй, разбураецца i асыпаецца дах... Актыўныя аднаўленчыя работы тут пачалiся летась, калi за 50 тысяч рублёў, заробленых рэгiёнам падчас рэспублiканскага суботнiка, а таксама за сродкi з абласнога бюджэту i прэзiдэнцкага фонду па падтрымцы культуры i мастацтва ўдалося правесцi першачарговыя супрацьаварыйныя мерапрыемствы — расчысцiць звод, дэманцiраваць крыжы, зняць каваныя i ляпныя элементы, каб спынiць далейшае разбурэнне ўнiкальнага помнiка архiтэктуры. Сёлета, расказала «МС» метадыст па гiсторыка-культурнай спадчыне Драгiчынскага райвыканкама Людмiла Верамейчык, работы працягваюцца за сродкi з прэзiдэнцкага фонду (348,5 тысячы рублёў) i мясцовага бюджэту (200 тысяч рублёў) — у прыватнасцi, рэстаўратары аднаўляюць звод i франтоны каплiцы. Дарэчы, далучыцца да выратавання архiтэктурнага помнiка можа кожны нераўнадушны беларус — аддзел культуры Драгiчынскага райвыканкама працягвае адпаведную краўдфандынгавую кампанiю, пералiчыць грошы на спонсарскi рахунак можна ў тым лiку праз АРIП.

Акрамя таго, за кошт сродкаў з фонду Прэзiдэнта Беларусi па падтрымцы культуры i мастацтва ў сховiшчы Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi вернецца цэлы шэраг беларускiх рукапiсных i друкаваных кнiжных помнiкаў. Намеснiк дырэктара Нацыянальнай бiблiятэкi Алесь Суша адзначыў: «Гаворка iдзе пра вельмi дарагiя i асаблiва каштоўныя асобнiкi. Гэта, напрыклад, адно з прыжыццёвых выданняў Мялецiя Сматрыцкага. Наколькi нам вядома, яго аўтарскiх i прыжыццёвых выданняў у краiне не захавалася, хоць ён быў аўтарам шэрагу лiтаратурных i багаслоўскiх прац. Сярод рарытэтаў, якiя набываюцца, надзвычай каштоўны рукапiс татараў Беларусi — хамаiл, напiсаны на беларуска-польскай мове арабскiмi лiтарамi. Таксама бiблiятэка атрымае комплекс архiўных дакументаў з розных рэгiёнаў Беларусi. Абсалютна ўнiкальнымi з'яўляюцца прывiлей i грамата каралёў польскiх i вялiкiх князёў лiтоўскiх — Жыгiмонта Вазы i Уладзiслава IV, якiя кiравалi дзяржавай у канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя (адзiн з названых дакументаў — на паперы, другi — на пергаменце, адзiн — на лацiнскай мове, другi — на беларускай). З улiкам таго, што дакументаў за подпiсам караля i з яго пячаткай у нас захавалася вельмi мала, гэта матэрыялы сапраўды выключнага значэння». Зрэшты, не варта забывацца i на сацыяльную значнасць гэтай работы — унiкальныя дакументы i кнiжныя рарытэты будуць дэманстравацца ў Музеi кнiгi Нацыянальнай бiблiятэкi самай шырокай аўдыторыi i паспрыяюць шанаванню сваiх каранёў, развiццю патрыятызму.

Вiкторыя ЗАХАРАВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.