Вы тут

Лукашэнка разлічвае, што ўраджай у гэтым годзе складзе 10,5 млн т збожжа


Сёння падчас наведвання ААТ «Гастэлаўскае» Мінскага раёна Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам уборачнай проста на палетку азімай пшаніцы. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко далажыў аб актыўнай працы па ўборцы зерневых каласавых у краіне. Па стане на раніцу ў Беларусі ўбраны 61 працэнт плошчаў (у дзень апрацоўваецца каля пяці працэнтаў). Атрымана амаль шэсць мільёнаў тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 38,2 ц/га (на 6,1 працэнта больш, чым летась).


Пры захаванні гэтай ураджайнасці аграрыі разлічваюць атрымаць па краіне больш за восем мільёнаў тон зерня.

«8,2 — 8,3 млн тон мы можам атрымаць зерня каласавых. На полі хлеб гэты ёсць, яго трэба проста ўзяць. Далей, ужо атрымалі 800 тысяч тон рапсу — гэта ўжо дзевяць мільёнаў тон у суме. І мы плануем атрымаць паўтара мільёны тон кукурузы. Агулам выходзіць дзесяць з паловай мільёнаў тон — гэта тое, што я ад вас заўсёды патрабую. Калі мы выйдзем на дзесяць з паловай мільёнаў тон (гэта больш за тону на чалавека ў нас атрымаецца) — больш у будучыні не трэба. Столькі на гэтым этапе дастаткова для краіны, каб накарміць скаціну і часткова забяспечыць Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю», — абазначыў задачы Прэзідэнт. Ніжэй за гэты ўзровень апускацца нельга пры любых умовах надвор’я, дадаў ён.

«Зернеўборачны камбайн павінны працаваць не менш за 12 год»

Прэзідэнт лічыць: для спакойнага завяршэння ўборкі зерневых каласавых дастаткова трох дзён. Тэхнікі хапае, камбайнавы парк папаўняецца.

«Трэба проста да гэтай тэхнікі ставіцца ашчадна. Не можа камбайн эксплуатавацца менш за 11-12 год. Вельмі дарагая тэхніка, трэба зрабіць усё, каб яна адпрацавала гэты тэрмін. Натуральна, добрыя гаспадары захаваюць яго і на большы час, як было за межамі нашай краіны», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка магутным камбайнам «Гомсельмаша» GS2124, які два гады таму выпрабоўваў на палях у Александрыі. Прэзідэнту далажылі, што тры ўзоры праходзяць дадатковыя выпрабаванні.

«У Гродзенскай вобласці ў нас хлопец з’явіўся, пяцітысячнік. Але ён на «Джон Дзіры». Але мы ж павінны пяць тысяч і на сваім камбайне выдаць. Таму мне трэба паглядзець апошні варыянт нашага камбайна», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, з якімі праблемамі сутыкаюцца аграрыі ў цяперашнюю ўборачную кампанію. Па словах міністра, галоўная складанасць заключаецца ў забеспячэнні гаспадарак палівам.

Звярнуліся да Прэзідэнта і з просьбай — аб адтэрміноўцы выплат па паліве. Пэўная схема, як гэта зрабіць, у Адміністрацыі Прэзідэнта ёсць.

«Калі мы ўжо вырашылі дапамагчы, то трэба своечасова дапамагчы. Каб мы не зацягвалі. Калі ёсць магчымасць, давайце дапаможам», — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

«Больш праблем няма. Усе з настроем працуюць, ёсць ураджай. Да 200 рублёў можна ў суткі зарабляць», — далажыў Іван Крупко.

«Трэба купляць сваё, калі мы хочам быць здаровымі»

Асобна спыніўся Іван Крупко на ўборцы крыжакветных. Самую высокую ўраджайнасць па рапсе дэманструе Гродзенская вобласць — дзве гаспадаркі выйшлі на паказчык 61 ц/га.

«Неабходна скараціць выдаткі на вырошчванне рапсу. І нам трэба хаця на два-тры працэнты дадаць ураджайнасць», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Па перакананні кіраўніка дзяржавы, сяляне ўжо зразумелі, што рапс — гэта грошы. Яго выгадна вырошчваць, таму што рапсавы алей купляюць па ўсім свеце.

«Таму што зразумелі, што рапс — гэта лек, асабліва ў нас. А мы маем алей рапсу, прадаём па ўсім свеце, а самі сядзім на сланечнікавым. Я не хачу сказаць, што сланечнікавы алей дрэнны, але рапсавы не горшы. І яшчэ алей насення льну — гэта вялікая каштоўнасць, проста мы пра гэта забылі. Трэба купляць сваё, калі мы хочам быць здаровымі», — адзначыў ён.

«Нельга згубіць ураджай дзеля палітыкі»

Прэзідэнт падрабязна пацікавіўся становішчам сельскагаспадарчых спраў у раёне і гаспадарцы ў прыватнасці. Напрыканцы паездкі Аляксандр Лукашэнка запытаўся і пра палітычную сітуацыю.

«Выбары ж ідуць. Але не адцягвай увагу, — звярнуўся ён да старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына. — На выбары людзей не тузай. Ёсць магчымасць — хай падыдуць, датэрмінова прагаласуюць. Але згубіць такі ўраджай дзеля нейкай палітыкі — гэта будзе ідыятызм поўны», — упэўнены Прэзідэнт.

Ён усведамляе, што працоўныя людзі менш надаюць увагі выбарчай кампаніі.

«Гэта ў нас там у Мінску некаторыя піўко пасмоктваюць, сядзяць на лаўцы, потым узбудзіліся, пабегалі, зноў селі-выпілі. Гэта, вядома, не для сялян», — зрабіў вывад Аляксандр Лукашэнка.

«Сялян крыўдзіць нельга»

Падчас імправізаванай нарады была абмеркавана розніца паміж коштамі на дзяржзаказ і экспарт, на зерне рознага прызначэння, магчымае змяненне рознічных цэн.

«Сялян крыўдзіць нельга», - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Як праінфармаваў Іван Крупко, вытворчасць малака і мяса прадэманстравала 106 працэнтаў росту. Для стабілізацыі росту і падтрымкі развіцця сёлета неабходна нарыхтаваць 9,3 мільёна тон кармавых адзінак. Па выніках двух першых укосаў нарыхтавана 3,9 мільёна. Але Прэзідэнт больш занепакоены якасцю, каб потым не згубіць нарыхтаванае.

Міністр запэўніў, што кармленне скаціны дазволіла прырасці на 200 тысяч тон малака, рэалізацыя на экспарт у першым паўгоддзі склала 106,4 працэнта. І кошты на малочную прадукцыю растуць.

«Тое, што я вам казаў: пандэмія пройдзе — трэба нешта прадаць. Людзі есці хочуць, мы ім прапануем. Перш за ўсё — унутры краіны. Усё астатняе трэба прадаць на экспарт і атрымаць валюту», — зрабіў рэмарку Аляксандр Лукашэнка.

Іван Крупко паведаміў, што ў цэлым за паўгода сельгаспрадпрыемствы АПК прыраслі на 104,2 працэнты. Выручкі атрымана 5240 мільёнаў (113 працэнтаў), прыбыль склала 282,7 мільёна (117 працэнта).


ААТ «Гастэлаўскае» размешчана на паўднёвым захадзе ад Мінска. 

Асноўны напрамак дзейнасці — вытворчасць малака і вырошчванне буйной рагатай жывёлы, на мяса, вырошчванне збожжавых культур, рапсу, цукровых буракоў, бульбы. 

Дойны статак размешчаны на чатырох жывёлагадоўчых аб’ектах: МТК «Канюцічы», МТК «Скарынічы», МТФ «Канюцічы», ПМТФ " Канюцічы». 

Агульная зямельная плошча складае 4001 гектар, у тым ліку сельскагаспадарчых угоддзяў — 3455 гектараў, з іх раллі — 3075 гектараў. Бал урадлівасці сельскагаспадарчых угоддзяў — 40,2, раллі — 40,8.

У ААТ «Гастэлаўскае» ўзводзіцца цялятнік на МТФ «Канюцічы». За студзень-чэрвень 2020 года тэмп росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах склаў 110,4 працэнта да студзеня-чэрвеня 2019 года. Колькасць буйной рагатай жывёлы на 1 ліпеня склала 4755 галоў, у тым ліку 1735 кароў. 

Выраблена 9262,5 тоны малака (112,8 працэнта да 2019 года). Надой на 1 карову склаў 4994 кг (на 599 кг вышэй за ўзровень 2019 года). Вырашчана буйной рагатай жывёлы 451,2 тоны. Сярэднясутачнае прыбаўленне вагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме склала 731 грам. 

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг за студзень-чэрвень склала 11,2 мільёна рублёў, атрымана чыстага прыбытку ў суме двух мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць у цэлым па прадпрыемстве склала 25,7 працэнта. Колькасць работнікаў арганізацыі складае 225 чалавек. 

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.