22 верасня, аўторак

Вы тут

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе


Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне. Гэта толькi частка пакаранняў, якiя вынесены сёлета несумленным рыэлтарскiм арганiзацыям, супрацоўнiкi якiх працягваюць пераступаць цераз закон. Сярод найбольш тыповых парушэнняў, як i раней, застаюцца неналежнае размяшчэнне рэкламы аб'ектаў перад або ўвогуле без заключэння дагавора на аказанне рыэлтарскiх паслуг, а таксама патрабаванне аплаты адначасова ад пакупнiка i прадаўца. Як i чаму трэба абараняцца ад няякасных паслуг, растлумачылi ў Мiнiстэрстве юстыцыi.


Двайная аплата i неналежная рэклама

Несвоечасовая рэгiстрацыя дагавораў на паслугi ў кнiзе рэгiстрацыi i адсутнасць поўнай iнфармацыi. Парушэнне парадку заключэння або прадаўжэння дагавораў абавязковага страхавання адказнасцi рыэлтарскiх арганiзацый. Несвоечасовае прадстаўленне ў Мiнюст анкет для ўключэння звестак у Рэестр рыэлтараў Беларусi. Такiя парушэннi ў дзейнасцi беларускiх агенцтваў нерухомасцi таксама не рэдкасць, падкрэслiлi ў Мiнiстэрстве юстыцыi.

— Летась Мiнiстэрства юстыцыi атрымала ад грамадзян i юрыдычных асоб 100 зваротаў, якiя датычылiся аказання рыэлтарскiх паслуг. У асноўным скаргi былi на аказанне паслуг, у тым лiку на размяшчэнне неналежнай рэкламы. Разглядаючы звароты, спецыялiсты мiнiстэрства арыентавалiся не толькi на абарону правоў i iнтарэсаў спажыўцоў рыэлтарскiх паслуг, але i на папярэджанне аналагiчных парушэнняў, — расказала Вольга ШЫБКО, прэс-сакратар Мiнiстэрства юстыцыi. — Дзякуючы гэтай рабоце, а таксама «гарачай лiнii», дзе грамадзянам даюць неабходныя тлумачэннi, колькасць зваротаў з цягам часу пакрысе змяншаецца. Так, у 2017 годзе ў Мiнюст паступiла 130 зваротаў, у 2018-м — 102 i летась — 100.

21 зварот датычыўся прымусу патэнцыйных пакупнiкоў да заключэння дагавораў на аказанне рыэлтарскiх паслуг i аплаты iх кошту. Гэта недапушчальнае парушэнне, якое мае на мэце атрыманне двайной аплаты паслуг: з прадаўца i пакупнiка, што забаронена. Паколькi агенцтва заключае дагавор з прадаўцом, яно абавязана арганiзоўваць прагляды аб'екта пакупнiкам, не патрабуючы ад iх дадатковых дзеянняў, накшталт аплаты цi заключэння дагавораў.

Столькi ж скаргаў паступiла летась на размяшчэнне неналежнай, у тым лiку недакладнай рэкламы аб'ектаў нерухомасцi. Прынамсi, рэкламаванне без заключэння дагавора паслуг, аб'явы аб арэндзе неiснуючай нерухомасцi з мэтай прыцягнення клiентаў у агенцтва, а таксама размяшчэнне рэкламных прапаноў ад iмя ўласнiка, а не агента.

— 20 зваротаў датычылiся аплаты рыэлтарскiх паслуг i парадку iх аказання, у прыватнасцi завышанага памеру кошту, аказання паслуг без заключэння пiсьмовага дагавора, неправамоцнасцi некаторых супрацоўнiкаў аказваць пэўныя паслугi, — удакладнiла прэс-сакратар. — У вынiку разгляду асобных зваротаў пасведчаннi аб атэстацыi некаторых рыэлтараў былi ануляваныя.

Сярод парушэнняў сустракаюцца зусiм ганебныя факты. Спажывец замест адраса кватэры атрымлiваў адрас офiснага будынка або даведваўся, што прапануемыя ў наём кватэры ўжо занятыя цi нават не планавалiся да здачы. Такiя ж адказы можна было пачуць i па нумарах, якiя давалi клiентам несумленныя рыэлтары. Былi i скаргi на тое, што спецыялiсты агенцтва, якiя суправаджалi здзелку, не абаранялi iнтарэсы свайго клiента, нават калi было вiдавочна, што нерухомасць мела яўныя недахопы. А некаторыя «рыэлтары» ўвогуле не працавалi ў агенцтвах, аднак выконвалi абавязкi спецыялiстаў па просьбе рыэлтарскiх арганiзацый.

За вымаганне грошай — у суд

Агенцтва «Гатовыя рашэннi» пазбавiлася лiцэнзii 29 чэрвеня. Яшчэ летась арганiзацыi выносiлася прадпiсанне аб устараненнi выяўленых парушэнняў заканадаўства i патрабаванняў да ажыццяўлення рыэлтарскай дзейнасцi. У арганiзацыi было прыпынена дзеянне пластыкавых картак двух спецыялiстаў па рыэлтарскай дзейнасцi. Двум рыэлтарам (Капусцiнскай i Матуцю) вынесены папярэджаннi. Сёлета арганiзацыi таксама двойчы выносiлiся прадпiсаннi аб устараненнi парушэнняў лiцэнзiйных патрабаванняў i ўмоў, якiя прад'яўляюцца да рыэлтарскай арганiзацыi падчас аказання паслуг. Аднак яны засталiся без увагi. Як вынiк — агенцтва засталося без работы.

Дзеянне лiцэнзii агенцтва «Iмперыя нерухомасцi» з-за работы пры неадпаведнасцi лiцэнзiйным патрабаванням i ўмовам пакуль прыпынена: з 30 чэрвеня да 30 жнiўня.

Не ўтрымалася ад спакусы i спадарыня Берташ — агент па аперацыях з нерухомасцю такога буйнога агенцтва, як «Твая сталiца». Спецыялiст парушыла правiлы прафесiйнай этыкi, i за гэта дзеянне яе iдэнтыфiкацыйнай пластыкавай карткi агента па аперацыях з нерухомасцю прыпынена на два гады. Аказваць рыэлтарскiя паслугi ў гэты час спецыялiсту забаронена. А «Твая сталiца» як арганiзацыя атрымала прадпiсанне на ўстараненне выяўленых парушэнняў.

Падставай для разгляду матэрыялаў у дачыненнi да агенцтва «Твая сталiца» стаў зварот пакупнiкоў кватэры са скаргай на прымусовае заключэнне дагавора на аказанне рыэлтарскiх паслуг. Пры гэтым свае правы пакупнiк адстаяла ў судзе, расказала Дзiяна ПАДЛЕСКАЯ, начальнiк упраўлення адвакатуры i лiцэнзавання юрыдычнай дзейнасцi Мiнiстэрства юстыцыi Беларусi:

— Памiж агенцтвам нерухомасцi «Твая сталiца» i ўласнiкам кватэры быў заключаны дагавор, у межах якога рыэлтарская арганiзацыя абавязвалася арганiзаваць рэкламную кампанiю кватэры для пошуку пакупнiкоў i агляд iмi аб'екта. У пералiк паслуг уваходзiла i папярэдняя работа з пакупнiком, дапамога прадаўцу ў вядзеннi перагавораў, арганiзацыя падпiсання бакамi дагавора аб намеры заключэння здзелкi куплi-продажу пры падборы варыянтаў, а таксама дапамога ў падрыхтоўцы дакументаў для выканання здзелкi. А вось пакупнiкi, якiя жадалi набыць гэтую кватэру, не былi абавязаны карыстацца паслугамi рыэлтарскай арганiзацыi i заключаць з ёю дагавор.

Тым не менш, калi пакупнiкi кватэры адмовiлiся ад паслуг арганiзацыi, агент заявiла, што адмяняе сустрэчу з прадаўцом, а на набыццё кватэры ёсць iншыя клiенты. На просьбу паведамiць нарматыўны акт, дзе быў бы прапiсаны абавязак пакупнiка карыстацца паслугай рыэлтарскай арганiзацыi, спецыялiст тлумачэння даць не змагла i спаслалася на тое, што проста iснуе такi парадак аплаты паслуг i прадаўцом, i пакупнiком.

— Такiм чынам агент «Тваёй сталiцы» парушыла правы i пакупнiка, i прадаўца, — падкрэслiла прадстаўнiца мiнiстэрства. — Пакупнiк вымушаны пагаджацца на ўмовы агента, каб набыць аб'ект, якiм ён зацiкавiўся, хоць рабiць гэта не абавязаны. А прадавец пазбаўляецца часткi патэнцыйных пакупнiкоў, бо агенцтва дае магчымасць сустрэчы з гаспадаром толькi тым, хто гатовы падпiсаць дагавор i заплацiць грошы за паслугу, якая ўжо была аплачана прадаўцом i ўваходзiць у дагавор памiж iм i агенцтвам.

У гэтай гiсторыi пакупнiкi былi вымушаны падпiсаць дагавор, каб набыць упадабаны аб'ект, аднак пазней узнiклi спрэчкi адносна аплаты паслуг, якiя былi ўключаны ў прадмет дагавора. У прыватнасцi, неабходнасць аддаць грошы за агляд кватэры; узгадненне ўмоў здзелкi; падрыхтоўка дакументаў, якiя звязаны з пакупкай кватэры; падрыхтоўка дакументаў, якiя звязаны з рэгiстрацыяй кватэры. Пакупнiкi сцвярджалi, што кватэру знайшлi самi ў iнтэрнэце i з'ездзiлi яе паглядзець. У вынiку яны вырашылi заплацiць толькi за паказ кватэры i кансультацыю агента. «Твая сталiца» падала скаргу ў суд i выйграла яго.

Аднак прайграўшы бок, упэўнены ў сваёй праваце, дайшоў да Вярхоўнага суда, якi i паставiў канчатковую кропку ў справе. Ён абвясцiў, што пастановы, якiя былi прынятыя раней, не могуць быць прызнаныя законнымi i падлягаюць адмене. Было ўстаноўлена, што пакупнiкi знайшлi кватэру самастойна, аглядалi яе да заключэння дагавора, а значыць, гэтыя паслугi ў дагавор уключацца не маглi. Тым больш што яны ўжо былi аплачаны прадаўцом. Гэтаксама як i паслугi, якiя звязаны з падрыхтоўкай дакументаў для здзелкi. Прынамсi, гэта першы выпадак, калi спажыўцу ўдалося даказаць у судзе сваю пазiцыю i выйграць спрэчку ў агенцтва.

Рэкамендацыi па стасунках з агенцтвамi

Паколькi ў Мiнюст працягваюць паступаць звароты ад грамадзян, дзе яны цiкавяцца сваёй магчымасцю набыць аб'ект, якi рэкламуецца агенцтвам, без заключэння дагаворных адносiн патэнцыйнага пакупнiка, у ведамстве раяць звяртаць увагу i ведаць наступныя рэчы.

Па-першае, згодна з п. 20 Правiлаў ажыццяўлення рыэлтарскай дзейнасцi (далей — Правiлаў), зацверджаных Указам Прэзiдэнта ад 9 студзеня 2006 г. № 15, рэкламаваць цi iншым спосабам размяшчаць iнфармацыю аб аб'екце нерухомасцi агенцтва можа толькi са згоды спажыўца i пасля заключэння з iм дагавора на аказанне рыэлтарскiх паслуг. Зыходзячы з гэтага мяркуецца, што рэкламаванне рыэлтарскай арганiзацыяй аб'екта нерухомасцi з мэтай продажу ажыццяўляецца пры наяўнасцi памiж агенцтвам i прадаўцом дагавора на аказанне паслуг рыэлтараў у садзейнiчаннi продажу.

— У межах дагавора арганiзацыя выконвае свае абавязацельствы перад прадаўцом па пошуку патэнцыйных пакупнiкоў, стварэннi iм умоў па аглядзе аб'екта, арганiзацыi перамоў памiж прадаўцом i пакупнiком, узгадненнi ўмоў мяркуемай здзелкi, — падкрэслiла Дзiяна Падлеская. — Агенцтва павiнна прымаць усе меры да якаснага выканання сваiх абавязкаў, а не шукаць толькi тых пакупнiкоў, якiя гатовы заключыць дагавор з арганiзацыяй.

Вядомыя выпадкi, калi агент у адказ на адмову патэнцыйнага пакупнiка на заключэнне дагавора паведамляе, што набыць маёмасць немагчыма, або здзелка проста наўмысна зрываецца. Каб абгрунтаваць сваю адмову ў паказе аб'екта цi сустрэчы з прадаўцом, агенты, здараецца, спасылаюцца на нiбыта ўласнае рашэнне прадаўца. Па факце праверкi пасля высвятляецца, што прадавец i не ведаў пра iснаванне пакупнiка.

Па-другое, калi рыэлтарскiя арганiзацыi прапануюць пакупнiкам маёмасць, якая змешчана ва ўласнай базе даных аб'ектаў нерухомасцi або ў сецiве, яны тым самым прымаюць меры да выканання ўжо ўзятых на сябе абавязацельстваў па садзейнiчаннi продажу гэтых аб'ектаў.

— Работнiкi рыэлтарскiх арганiзацый абавязаны памятаць, што пры наяўнасцi дагавора на аказанне паслуг прадаўцу па садзейнiчаннi ў продажы, яны прымаюць на сябе i адказнасць за здзелку куплi-продажу, якая ажыццяўляецца. На гэта мае права прадавец, калi заказвае ў агенцтве паслугi па продажы. Нiякiя тлумачэннi пра тое, што аб'ект не будзе прададзены цi не будзе правярацца, калi дагавор на аказанне паслуг не заключыць i пакупнiк, неправамерныя, — нагадала Дзiяна Падлеская.

Па-трэцяе, згодна з Грамадзянскiм кодэксам, грамадзяне i юрыдычныя асобы вольныя ў заключэннi дагавора i прымус да гэтага недапушчальны. Такiм чынам спажывец самастойна вырашае пытанне аб неабходнасцi заключэння дагавора з рыэлтарскай арганiзацыяй. А яна ў сваю чаргу можа патрабаваць аплату толькi на падставе заключанага дагавора.

Па-чацвёртае, спажыўцам рэкамендуецца ўважлiва азнаёмiцца са зместам дагавора на аказанне рыэлтарскiх паслуг, а таксама тарыфамi на iх.

У адпаведнасцi з ч. 2 п. 27 Правiлаў дагавор на аказанне паслуг па садзейнiчаннi падчас заключэння, выканання, спынення дагавораў куплi-продажу аб'ектаў нерухомасцi павiнен утрымлiваць умову аплаты паслуг у працэнтных адносiнах ад кошту аб'екта з уключэннем у такую аплату затрат па рыэлтарскiх паслугах, якiя ўказаны ў абзацах 2-6 пп. 1.3 п. 1 Указа Прэзiдэнта № 15. Аплачваюцца гэтыя паслугi прадаўцом маёмасцi ў адпаведнасцi з дагаворам на аказанне рыэлтарскiх паслуг.

Мiнiстэрства юстыцыi заклiкае спажыўцоў уважлiва ставiцца да заключэння дагавораў на аказанне рыэлтарскiх паслуг, а ў выпадку няўпэўненасцi — звяртацца да кiраўнiкоў рыэлтарскiх арганiзацый або на «гарачую лiнiю».

Iрына СIДАРОК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Плацiць нельга адмовiцца

Выбар рэдакцыі

Культура

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

Пра калег — настаўнiкаў, старэйшых таварышаў, паплечнiкаў распавядае доктар педагагiчных навук, прафесар матэматыкi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь.

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.