Вы тут

Большасць маладых людзей далучаецца да алкаголю ў 13—16-гадовым узросце


Пра падлеткавы алкагалізм сталі шырока дыскутаваць толькі апошнім часам, калі падлетак з бутэлькай піва стаў ледзь не абавязковай часткай гарадскога пейзажу. За апошнія восем гадоў больш чым утрая павялічылася колькасць непаўналетніх, якія знаходзяцца на ўліку ў сувязі са злоўжываннем спіртным.


Фота Анатоля Клешчука.

Як расказала ўрач-педыятр падлеткавага кабінета 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Зоя Паляк, згодна са статыстыкай, большасць маладых людзей далучаецца да алкаголю ў 13—16-гадовым узросце. Толькі 15 % падлеткаў вядуць цвярозы спосаб жыцця, 43 % ужываюць алкагольныя напоі эпізадычна, у малых дозах, 31 % — эпізадычна, але вышэй за дапушчальную норму, а 11 % — сістэматычна і ў вялікай колькасці.

Алкагалізм, які фарміруецца ў падлеткавым і юнацкім узростах, называюць раннім. Арганізм падлетка прыкладна ў 10 разоў больш адчувальны да алкаголю, чым у дарослага, таму і алкагольная залежнасць у дарослага фарміруецца на працягу 3-5 гадоў, а ў падлеткаў — у 1,5-2 разы хутчэй.

— У маладым арганізме алкагалізм хутчэй праходзіць усе стадыі фарміравання. У дарослага перыяд знешняга дабрабыту працягваецца некалькі гадоў, у падлеткаў — некалькі месяцаў, — расказвае Зоя Паляк. — Такое злаякаснае цячэнне вядзе да хуткага разбурэння асобы, развіцця запойнага п'янства, для падлеткаў робіцца нормай піць з любой нагоды, пры гэтым у стане лёгкага ап'янення яны адчуваюць сябе няўпэўнена.

Урач тлумачыць, што лячыць такіх дзяцей цяжка і малаэфектыўна. Падлетка выводзяць з вострага стану, знімаюць «ломку», але яго амаль немагчыма пераарыентаваць асабова. Бо сістэма жыццёвых каштоўнасцяў, куды не ўключаны наркотыкі і алкаголь, ствараецца не тыднямі і не месяцамі.

— Многія задаюць пытанне: што рабіць? Забараніць выпіваць? Забаранілі, а што далей? Хто можа ўтрымаць ад спіртнога? Прычыны, якія прымусілі дзіця пакаштаваць алкаголь, розныя — цікаўнасць, самазацвярджэнне, складанасці ў кантактаванні з равеснікамі, сыход ад праблем. У цэлым для падлеткавага ўзросту характэрна эксперыментаваць, — разважае ўрач. — А як вядома, забаронены плод салодкі. Таму і атрымліваецца, што дзеці нібыта і ведаюць пра шкоду алкаголю і наркотыкаў, але ім цікава паспрабаваць на сабе. Адзін, паспрабаваўшы, спыніцца, а іншы пачне злоўжываць.

Шмат залежыць ад стаўлення да алкаголю ў сям'і. Калі сямейныя святочныя застоллі цягнуцца некалькі дзён з вялікай колькасцю спіртнога, то дзецям складана растлумачыць, чаму піць дрэнна і шкодна. Даказана, што сам алкагалізм генетычна не перадаецца, а перадаецца толькі схільнасць да яго. Таму ў якасці прафілактыкі неабходны хоць простыя веды пра тую небяспеку, якую ён тоіць.

Можа быць і іншы варыянт: у цалкам прыстойнай сям'і бацькі ўсе сілы аддаюць рабоце, а дзіця застаецца без увагі. Таму адно з правіл для такіх бацькоў — пастарацца максімальна загрузіць яго вольны час. Гурткі, секцыі, музычная ці мастацкая школа — усё падыдзе. Важна толькі, каб выбраны занятак падлетку быў даспадобы. І вельмі важна з дзецьмі размаўляць, вучыцца з імі разам добраму настрою без допінгу. Як ні дзіўна, у наш час гаджэтаў і розных забаў дзецям часта не хапае душэўнага цяпла блізкіх людзей.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Пакуль не позна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».